Дзяржузнагароды за плённую працу

- 11:05Інфармацыйная гадзіна

Дзяржаўных узнагарод Беларусі ўдастоены 143 прадстаўнікі розных сфер дзейнасці. Адпаведны ўказ падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Ордэны, медалі і ганаровыя званні прысуджаны за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, выключную адвагу і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе са злачыннасцю, пры ратаванні людзей у час пажару і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, значны асабісты ўклад у забеспячэнне законнасці і правапарадку, рэалізацыю бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі, развіццё машынабудавання, хімічнай прамысловасці, чыгуначнага транспарту і грамадзянскай авіяцыі, заслугі ў сферах будаўніцтва, гандлю, сацыяльнай абароны насельніцтва, аховы здароўя, навукі, адукацыі і культуры.

Так, заслугі генеральнага дырэктара дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання “Хімічны сінтэз і біятэхналогіі” — дырэктара Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі Эміліі Каламіец, мантажніка будаўнічага ўпраўлення № 256 ААТ “МАПІД” Анатоля Карпіцкага і начальніка вытворча-дыспетчарскага аддзела ААТ “Авіякампанія “Белавія” Сяргея Кацілы адзначаны ордэнам Пашаны. Такой жа ўзнагароды ўдастоены генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні Зянон Лоўкіс, намеснік дэкана па выхаваўчай работе факультэта права Акадэміі МУС Беларусі Васіль Неўмяржыцкі і дырэктар чацвёртага рудаўпраўлення ААТ “Беларуськалій” Сяргей Паціюк.

Ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджаны галоўны рэдактар часопіса “Новая Няміга літаратурная” Анатоль Аўруцін.

Старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам “Алмаз” МУС Беларусі Павел Шчарбакоў удастоены медаля “За адвагу”.

Заслугі вялікай групы ваеннаслужачых, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, а таксама органаў i падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях адзначаны медалямі “За адзнаку ў воінскай службе”, “За адзнаку ў ахове грамадскага парадку” і “За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый”.

Некалькі дзясяткаў чалавек удастоены медаля “За працоўныя заслугі”. Сярод іх і рэктар Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога Сяргей Цімошын.

Сярод узнагароджаных медалём Францыска Скарыны — ігумення Свята-Раства-Багародзічнага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ў Гродне Марыя Глухава, галоўны рэдактар часопіса “Навука і інавацыі” Жанна Камарова, акадэмік-сакратар Аддзялення хіміі і навук аб Зямлі НАН Беларусі Сяргей Усанаў.

Дзеячы розных сфер таксама ўдастоены ганаровых званняў у сферах культуры і мастацтваў, навукі, адукацыі, сацыяльнай абароны, лясной гаспадаркі, будаўніцтва, юрыспрудэнцыі.