Дзявочая матэматыка

- 9:44Адукацыйная прастора

На Х Еўрапейскай матэматычнай алімпіядзе для дзяўчат (European Girls’ Mathematical Olympiad — 2021), якая праходзіла з 9 па 15 красавіка ў рэжыме анлайн, беларускія школьніцы заваявалі тры медалі рознай вартасці. Залатога медаля ўдастоена навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 21 Оршы Ксенія Шастакова. Сярэбраны медаль заваявала дзесяцікласніца гімназіі № 3 Гродна Мілана Пагасян (трэнеры — Наталля Лістапад, Яўген Разумаў), бронзавы — навучэнка 11 класа Ліцэя БДУ Марына Горбач (трэнеры — Сяргей Сташулёнак, Арцём Тоесцеў).

М.Горбач, К.Шастакова, М.Пагасян і Г.Блажко. 

— У алімпіядным руху я з 3 класа, — расказала пераможца EGMO — 2021 Ксенія Шастакова. — У мінулым годзе ўпершыню паспрабавала свае сілы ў матэматычнай алімпіядзе для дзяўчат і заваявала “серабро”. Сёлета прапанаваныя заданні былі хоць і складанымі, але рашаемымі. У кожны з двух алімпіядных дзён нам неабходна было рашыць па тры задачы за 4,5 гадзіны. Падрыхтоўка да алімпіяды — справа не аднаго месяца і нават года. Узмоцнена займацца матэматыкай я пачала з настаўніцай Таццянай Паўлаўнай Радзіеўскай, якая заклала трывалы падмурак маіх ведаў. Сёння большую частку свайго вольнага часу я прысвячаю рашэнню задач, самастойнай рабоце — па некалькі гадзін штодзённа. Узбагачэнню маіх ведаў паспрыялі спецкурсы ў Ліцэі БДУ, якія праводзіць Міхаіл Васільевіч Карпук. Пасля школы хачу звязаць сваё жыццё з матэматыкай і нават спецыяльнасць ужо выбрала — “Прыкладная матэматыка і інфарматыка”. Праўда, пакуль не вызначылася з УВА. 

Сёлета ў алімпіядзе прынялі ўдзел прадстаўнікі 55 краін свету, у тым ліку 37 еўрапейскіх. Беларуская каманда заняла 4-е месца сярод еўрапейскіх краін і 7-е — сярод усіх краін, якія прымалі ўд зел у гэтых спаборніцтвах. 

Міжнародныя матэматычныя алімпіяды праводзяцца з 1959 года. Як правіла, большасць удзельнікаў матэматычных спаборніцтваў — юнакі. Каб далучыць да ўдзелу дзяўчат, спецыяльна для іх у 2012 годзе ў Кембрыджы ўпершыню правялі Еўрапейскую матэматычную алімпіяду, у якой прынялі ўдзел каманды з 16 краін Еўропы і 3 краін-гасцей.

Мэта алімпіяды — прадастаўленне магчымасці большай колькасці дзяўчат прыняць удзел у матэматычных спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню і тым самым падтрымаць матэматычна адораных навучэнак ва ўсіх еўрапейскіх краінах. Як правіла, каманда кожнай краіны складаецца з чатырох дзяўчат. Удзельнічаць у алімпіядзе ў якасці гасцей могуць і нееўрапейскія краіны. Спаборніцтвы арганізуюцца па мадэлі міжнароднай матэматычнай алімпіяды. Яны праводзяцца ў два дні, прычым у кожны з дзён юным знаўцам матэматыкі неабходна рашыць пэўную колькасць задач. У 2015 годзе ІV Еўрапейская матэматычная алімпіяда для дзяўчат была паспяхова праведзена ў Рэспубліцы Беларусь на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Плануецца, што ў 2022 годзе Еўрапейская матэматычная алімпіяда для дзяўчат пройдзе ў Венгрыі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.