EDU_FEST

- 10:47Адукацыйная прастора

Фестываль педагагічных спецыяльнасцей прайшоў у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі больш за 230 адзі­наццацікласнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Верхнядзвінскага, Віцебскага, Глыбоцкага, Мёрскага, Полацкага, Расонскага, Ушацкага, Шумілінскага раёнаў, Віцебска і Наваполацка. На адкрыцці фестывалю навучэнцаў і іх настаўнікаў віталі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, рэктар універсітэта Алег Раманаў.

— Вельмі важна, каб выпускнікі школ не з’язджалі ў сталічныя ўстановы вышэйшай адукацыі, у вялікія гарады, а заставаліся вучыцца і працаваць тут, на тэрыторыі нашай вобласці, — звяртаючыся да моладзі, падкрэсліў Уладзімір Цярэнцьеў. — Сёння вы ўбачыце, чым славіцца Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Створаныя для вас умовы, паверце, проста цудоўныя! Мерапрыемства было нацэлена на фарміраванне ў навучэнцаў профільных класаў (груп) педагагічнай накіраванасці матывацыі пры выбары педагагічнай прафесіі ў рамках рэалізацыі Канцэпцыі развіцця педагагічнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2021—2025 гады. У бягучым навучальным годзе ў класах (групах) педагагічнай накіраванасці вобласці займаюцца 678 юнакоў і дзяўчат.

— Гаворачы аб прэстыжы прафесіі педагога, прывяду прыклад: кожны з нас траіх пачынаў з работы ў школе, — расказаў будучым педагогам Дзмітрый Хома. — Сёння Алег Аляксандравіч — рэктар ПДУ, Уладзімір Уладзіміравіч — старшыня абласнога Савета дэпутатаў, я ўзначальваю галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама. Мы вельмі зацікаўлены, каб вы аддалі перавагу менавіта педагагічным спецыяльнасцям, каб пасля заканчэння ўніверсітэта засталіся на ўсё жыццё ў выбранай вамі прафесіі і ніколі аб гэтым не пашкадавалі. 

У адпаведнасці з праграмай фестывалю групы навучэнцаў наведалі тэматычныя пляцоўкі, дзе ў інтэрактыўнай форме ім прэзентавалі напрамкі педагагічнай падрыхтоўкі на гуманітарным факультэце: гісторыя, псіхалогія, тэхнічная праца і прадпрымальніцтва, беларуская мова, рамана-германская філалогія, фізічная культура і спорт, а таксама пляцоўкі Lets communicate Цэнтра стратэгічных камунікацый і Yesterday, today, tommorow музея ПДУ. Будучым абітурыентам расказалі пра стажыроўкі, стыпендыі, скідкі, свабодныя першыя пары для вывучэння замежнай мовы, удзел студэнтаў у археалагічных даследаваннях, магчымасць дадаткова асвоіць англійскую, нямецкую, кітайскую, польскую, французскую, шведскую або іспанскую мову, аўташколу пры ўніверсітэце і іншыя ўнікальныя фішкі, якія ёсць толькі ў ПДУ. Гасцей універсітэта запрасілі на флэш-моб са стэпамі для фітнесу, гістарычны квіт, псіхалагічныя трэнінгі, майстар-класы, конкурсы на беларускай мове. Самыя актыўныя атрымалі прызы.

EDU_FEST быў арганізаваны ПДУ і галоўным упраўленнем па адукацыі Віцебскага аблвыканкама. Каардынатарамі выступілі Цэнтр стратэгічных камунікацый і вучэбна-метадычны аддзел ПДУ.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Паліны КАСАРЭЎСКАЙ.