Эфектыўнае кіраванне — агульны поспех

- 15:21Навіны рэгіёнаў

Любая ўстанова адукацыі трымаецца на педагогах, але пачынаецца з кіраўніка. Менавіта ад яго напрамую залежаць усе аспекты функцыянавання навучальнай установы, яе развіццё, паспяховасць педагогаў і выхаванцаў.

Як ажыццяўляць кіраўніцкую дзейнасць, каб прывесці ўстанову да эфектыўнасці па розных напрамках? У сучасных сацыяльна-эканамічных рэаліях гэта няпростае пытанне, але ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Магілёва знайшлі на яго адказ і вывелі сваю формулу эфектыўнасці.

Ва ўстанове створаны ўсе ўмовы для якаснага навучання і выхавання.

— Сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні ў грамадстве, змены ў сферы адукацыі сёння вызначаюць асаблівасці кіраўніцкай дзейнасці загадчыка дашкольнай установы. Сучаснаму дырэктару для аптымальнага кіравання неабходна стаць менеджарам — прафесійным лідарам, задача якога — забяспечыць эфектыўную дзейнасць як усёй установы, так і кожнага асобнага работніка. Аўтарытэт лідара — важны фактар надзейнасці кіравання. У нас склалася шматгадовая ўласная паспяховая сістэма кіравання, якая нацэлена на адукацыйны працэс і яго ўдзельнікаў, — расказала загадчыца ўстановы Таццяна Швяцова.

Распрацоўку мадэлі эфектыўнага кіравання Таццяна Юр’еўна пачала са складання пераліку асноўных праблем, з якімі сутыкаецца сучасны кіраўнік у сферы адукацыі. Іх аказалася нямала. Напрыклад, кіраўніку важна ўмець прыцягваць шырокае кола розных рэсурсаў, без якіх немагчыма арганізаваць якасную работу. Развіццё адукацыі як празрыстай, адкрытай дзяржаўна-грамадскай сістэмы патрабуе далейшай дэмакратызацыі кіравання. Паток інфармацыі, які пастаянна ўзрастае, абавязвае сучаснага кіраўніка да рацыянальнай арганізацыі дакументацыйнага забеспячэння, павышэння прававой культуры, прафесійнай кампетэнтнасці, умення дэлегаваць паўнамоцтвы. Старэнне педагагічных кадраў вымушае шукаць эфектыўныя спосабы працоўнай матывацыі для прыцягнення маладых спецыялістаў.

— Аналіз сучасных тэндэнцый дыктуе стратэгію і тактыку кіравання. Кіраўніцкую дамінанту зараз, на маю думку, складае сітуацыйны падыход. Галоўны яго тэзіс — уся арганізацыя ўнутры ўстановы ёсць не што іншае, як адказ на розныя ўздзеянні звонку, — упэўнена Таццяна Швяцова.

Каб прывесці калектыў і ўстанову да поспеху, Таццяна Юр’еўна вырашыла адмовіцца ад камандна-адміністрацыйнага кіравання, зрабіўшы стаўку на прафесійнае супрацоўніцтва. Яна выбрала дэмакратычны стыль кіравання. Калі дакладней, аб’яднала калектыў у адзіную каманду, дзе кожны скіраваны на якасную працу.

— У нашай установе выкарыстоўваюцца тры віды аналізу. Аператыўны накіраваны на збор і апрацоўку інфармацыі пра стан спраў за пэўны прамежак часу. Тэматычны — вывучэнне пэўнай тэмы адукацыйнага працэсу. А таксама выніковы, які праводзіцца для агульнай ацэнкі дзейнасці ўстановы і выпрацоўкі на гэтай аснове далейшых шляхоў развіцця, — патлумачыла загадчыца. — Перш чым прыняць якое-небудзь рашэнне, я збіраю поўную інфармацыю аб стане спраў, аналізую яе і толькі пасля вызначаю, у якім кірунку дзейнічаць, — дадала Таццяна Юр’еўна.

На думку Таццяны Швяцовай, быць кіраўніком — значыць умець прадбачыць, бо прагназаванне дазваляе выпрацаваць станоўчую стратэгію функцыянавання ўстановы. Калектыў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 заўсёды старанна аналізуе знешнія і ўнутраныя фактары, якія будуць уплываць на развіццё ўстановы ў найбліжэйшы час. Тут улічваюць і стан спраў у эканоміцы, тэндэнцыі і інавацыі ў сферы адукацыі, і сацыяльны заказ насельніцтва. Гэта дазваляе своечасова карэкціраваць бягучыя дзеянні, дакладна планаваць напрамкі, сродкі і мерапрыемствы па рэалізацыі мэт установы.

— Для паспяховага планавання неабходна ўлічваць унутраныя рэсурсы ўстановы і знешнія ўмовы, выбіраць аптымальныя шляхі і сродкі, якія дазваляюць дасягнуць запланаваных вынікаў. Не трэба перагружаць планы вялікай колькасцю мерапрыемстваў у абмежаваныя тэрміны. Для эфектыўнай работы ўстановы важна арганізаваць калектыў для рэалізацыі пастаўленых задач. У нас планаванне выступае як бесперапынны пошук новых шляхоў і ўдасканалення дзейнасці цэнтра. Любыя планы карэкціруюцца з улікам канкрэтных сітуацый, — адзначае Таццяна Юр’еўна.

Адным з асноўных рычагоў арганізацыі дзейнасці гэтай дашкольнай установы з’яўляецца размежаванне паўнамоцтваў у прыняцці рашэнняў. Педагогі ведаюць, якіх вынікаў ад іх чакаюць, ведаюць, што ўсе патрабаванні кіраўніцтва адпавядаюць рэальным умовам і іх прафесійным магчымасцям. Такі падыход пазітыўна ўплывае на агульную эфектыўнасць функцыянавання цэнтра развіцця дзіцяці.

— Я часта нагадваю пра давер, які аказваецца работніку, падкрэсліваю яго прафесійныя якасці, значнасць яго работы, звяртаюся з просьбай, калі даручаная работа не ўваходзіць у абавязкі падначаленага або ляжыць за межамі яго працоўнага часу, — гаворыць Таццяна Швяцова. — На мой погляд, галоўная прычына, чаму адсутнічае вынік эфектыўнага кіравання ва ўстанове адукацыі, у тым, што кіраўнікі не ўмеюць пазітыўна ўзаемадзейнічаць са сваімі супрацоўнікамі. І тут многае залежыць не толькі ад жыццёвага і практычнага вопыту, стажу работы кіраўніка, але і ад яго ўмення штодзённа кантактаваць з людзьмі. Індывідуальны падыход да кожнага работніка, уменне выслухаць чалавека, зразумець яго і дапамагчы — залог агульнага поспеху ў працы. Кіраўніку вельмі важна знайсці час для кантакту з усімі членамі калектыву, для вырашэння іх асабістых і службовых пытанняў. Напрыклад, каб у маладых спецыялістаў было жаданне застацца ва ўстанове, я праяўляю цікавасць да іх праблем і цяжкасцей, дэманструю перспектывы, аказваю ім асобасную і прафесійную падтрымку, — дадае Таццяна Юр’еўна.

Важным звяном эфектыўнага кіравання загадчыца таксама лічыць фарміраванне карпаратыўнай культуры і этыкі ўстановы. Згуртаванню калектыву тут спрыяюць сумесныя мерапрыемствы. Надзённыя праблемы, шляхі іх вырашэння ў цэнтры шукаюць разам, усім калектывам. Так у кожнага супрацоўніка фарміруецца пачуццё датычнасці да агульнай справы.

— Вельмі важны сёння і імідж установы адукацыі. Для яго фарміравання наш калектыў выкарыстоўвае адукацыйны піяр. Яго асноўная функцыя — паказаць мэты і задачы цэнтра, яго асаблівасці, дабіцца прызнання, разумення і адабрэння грамадства. Гэтаму спрыяюць нашы дасягненні, высокая якасць і вынікі адукацыйнага працэсу, публікацыі ў СМІ, распрацоўка рэкламных матэрыялаў. Станоўчы імідж умацоўвае грамадскую думку аб дзейнасці ўстановы і ў значнай ступені дапамагае ў пошуках і прыцягненні сродкаў на яе развіццё, — падкрэсліла Таццяна Юр’еўна.

Каб работнікі працавалі добрасумленна і якасна выконвалі службовыя абавязкі, у цэнтры развіцця дзіцяці распрацавана сістэма стымулявання. Тут імкнуцца да паляпшэння ўмоў працы, павелічэння заработнай платы педагогаў, павышэння іх прафесійнай кампетэнтнасці, публічнага ўхвалення высокіх вынікаў у дзейнасці.

Вядома, цалкам давяраючы калектыву, Таццяна Швяцова не забывае і пра кантроль. Аднак, ацэньваючы праведзеную работу, яна грунтуецца на справядлівасці і карэктнасці. Загадчыца адзначае як дасягненні, так і промахі ўсіх падначаленых.

— Адзначаю дасягненні супрацоўнікаў заўсёды публічна, а вось крытыкаваць стараюся ў прыватнай гутарцы. Але нават калі крытыка заслужаная, я ніколі не вінавачу за нязробленае, а разам з чалавекам дасканала разбіраю праблему, — падкрэслівае Таццяна Юр’еўна.

Эфектыўна выбудаваная кіраўніцкая дзейнасць прывяла за даволі кароткі тэрмін да істотнага павышэння якасці работы ўстановы. Розных дасягненняў, рэалізацыі інавацыйных ідэй на рахунку дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 нямала. Гэтая ўстанова неаднойчы станавілася пераможцам розных конкурсаў і спаборніцтваў. На працягу сямі гадоў запар яна заносіцца на Дошку гонару адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва, узнагароджваецца Ганаровым сцягам Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта за высокія паказчыкі ў развіцці адукацыі. На працягу некалькіх гадоў цэнтр з’яўляецца лепшай установай дашкольнай адукацыі ў вобласці, узнагароджваўся Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Педагагічныя работнікі ўстановы з’яўляюцца пераможцамі спаборніцтваў “Лепшы выхавальнік”, “Лепшы па прафесіі”, на працягу чатырох гадоў яны ў прызёрах Міжнароднага конкурсу сярод педагогаў краін СНД “Майстэрства без межаў”. Калектыў цэнтра па праве ганарыцца перамогамі ў рэспубліканскіх конкурсах “Лепшая дашкольная ўстанова”, “Бяспечнае дзяцінства”. Шматлікіх асабістых поспехаў тут заўсёды дасягаюць выхаванцы.

Адметна, што, нягледзячы на прэстыжныя ўзнагароды, калектыў дашкольнага цэнтра № 1 з тых, хто не прывык сядзець на месцы. Пачынаючы з загадчыка тут кожны супрацоўнік імкнецца да самаўдасканалення, асвойвання новага, перадавога. А калі ёсць імкненне, заўсёды будзе і адпаведны вынік.

— Мадэль майго кіраўніцкага вопыту не закамянелая. Жыццё ўносіць свае карэктывы, мяняюцца патрабаванні. Мы і далей будзем разам рухацца наперад, імкнуцца да таго, каб наш цэнтр быў для дзетак другім домам, домам утульнасці і цеплыні, — запэўніла Таццяна Швяцова.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.