Эфектыўны ўрок Вольгі Салаўі

- 14:34Адукацыйная прастора

Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 6 Мінска Вольга Антонаўна Салаўі пашырыла магчымасці сваіх вучэбных заняткаў дзякуючы сімбіёзу мадэлі “Перавернуты ўрок” з сінгапурскай методыкай, што дазваляе рацыянальна размяркоўваць час, знаходзіць аптымальны тэмп і рытм урока, спрыяе развіццю ў навучэнцаў найважнейшых якасцей: крэатыўнасці, крытычнага мыслення, умення працаваць у камандзе, навыкаў камунікацыі, самастойнасці. Напярэдадні Новага года за абагульненне вопыту па гэтай тэме педагог была адзначана прэміяй Мінгарвыканкама.

З прыроджаным чуццём

Схільнасці да вывучэння моў у В.А.Салаўі праявіліся яшчэ ў дзяцінстве. Юнацкая мара — паездзіць па краінах свету, пазнаёміцца з іх культурай — прывяла дзяўчыну ў інстытут замежных моў (цяперашні МДЛУ). Закончыўшы вучобу, Вольга Антонаўна некаторы час працавала перакладчыкам, а пасля нараджэння дзіцяці прыйшла працаваць у школу і, як потым зразумела, не памылілася.

— Стаць настаўніцай, мабыць, было наканавана лёсам, — заўважае яна. — Я з педагагічнай сям’і, тата ў мяне гісторык, мама — матэматык і ўсе сваякі таксама выкладаюць у школе. Ёсць такія рэчы, якім нельга навучыцца. Гэта як у мастакоў, музыкантаў: ты можаш навучыцца маляваць, але не факт, што станеш мастаком, які сапраўды адбыўся. Калі няма прыроджанага чуцця, нічога не атрымаецца. Я, напрыклад, чытаю тэму ўрока і ў мяне адразу складваецца карцінка: чаго я хачу дабіцца і як. Наконт таго “як”, у многім залежыць ад самаадукацыі, бо чым больш ты ўнікаеш ва ўсялякія тэхналогіі, тым больш у цябе разгортваецца перспектыва іх прымяняць. Таму зразумела, што чым больш ведаеш, тым лягчэй рыхтавацца да ўрокаў. Што тычыцца юнацкай мары, то яна таксама ажыццявілася: разам з сям’ёй і вучнямі мы аб’ездзілі амаль усю Еўропу, пабывалі ў Вялікабрытаніі.

У шостай гімназіі Вольга Антонаўна працуе 13 гадоў і заваявала заслужаны аўтарытэт як у калег і вучняў, так і ў бацькоў. “Калі ў дзяцей штосьці адбываецца і яны звяртаюцца да цябе за парадай, за ацэнкай сітуацыі збоку, калі яны ўпэўнены, што ты заўсёды пойдзеш насустрач, — гэта дарагога каштуе. Гэта тыя рэчы, якія ніякія мінусы нашай прафесіі не пераважаць, калі ты знаходзішся на сваім месцы”, — заўважае настаўніца.

Сваіх выхаванцаў настаўніца найперш вучыць думаць і не саромецца выказвацца на англійскай мове. Прычым педагог заўсёды даслухае дзіця да канца, бо калі кожны раз пры памылках перапыняць вучня, то ў яго можа ўзнікнуць моўны бар’ер. На ўроках Вольгі Антонаўны дзеці вучацца працаваць у камандзе, чуць суседа, слухаць, не баяцца развіць чужую думку, прывучаны да таго, што няма невырашальных задач: яны могуць мець дзіўнае рашэнне, не заўсёды аптымальнае, але рашэнне абавязкова павінна быць, толькі яго трэба пашукаць. Вучні нават могуць выказаць пункт гледжання, які кардынальна адрозніваецца ад настаўніцкага. І гэта толькі вітаецца. Акцэнт робіцца на самастойную работу, бо ў жыцці не будзе настаўніка, які будзе стаяць побач і пастаянна накіроўваць.

Выхаванцы В.А.Салаўі навучыліся сур’ёзна і адказна ставіцца да ўрока. “Усе мы людзі, і ў кожнага можа быць свая прычына невыканання дамашняга задання: не было настрою, балела галава, не хапіла часу і г.д. Мае вучні ведаюць, што ім неабходна папярэдзіць пра гэта настаўніцу, а на наступны дзень да пачатку ўрокаў паказаць пра-працаваны матэрыял. Першым часам калегі-настаўнікі нават пасмейваліся з таго, што раніцай у кабінет да мяне стаяла чарга школьнікаў”, — расказвае Вольга Антонаўна.

Калі 40 хвілін з 45 гавораць дзеці

На думку настаўніцы, абсалютная адарванасць тэорыі ад практыкі перашкаджае развіццю сучаснай сістэмы адукацыі. І таму жыццёвыя праблемы абавязкова разглядаюцца на ўроках, а не замоўчваюцца. Англійская мова — спрыяльная глеба, дзе вучні могуць абмеркаваць самыя розныя тэмы (падрыхтоўка да экзамену, напісанне рэзюмэ, правядзенне субяседавання і г.д.). Незалежна ад тэмы, В.А.Салаўі пачынае кожны ўрок з нейкай цікавай навіны ці абмеркавання падзеі ці здарэння, якое асабліва ўразіла, а вучні выказваюць сваю думку наконт пачутага. “Думаю, школу трэба развярнуць у бок практыкі. Ёсць рэчы, з якімі мы сутыкаемся практычна кожны дзень, і гэтым рэчам трэба вучыць. Не рабіць так, каб дзеці проста дарма праседжвалі свой час, марнавалі яго, а потым шукалі рэпетытараў, каб атрымаць веды, якія ім неабходны для паступлення”, — адзначае настаўніца.

— Эфектыўны ўрок англійскай мовы — гэта перш за ўсё урок з камунікатыўнай накіраванасцю, урок, дзе кожны навучэнец можа гаварыць на замежнай мове максімальна часта (калі з 45 хвілін 40 гавораць дзеці). Гэта не маналог завучанага гатовага матэрыялу, які напярэдадні быў трансліраваны настаўнікам, — гаворыць Вольга Антонаўна. — Эфектыўны ўрок — гэта супрацоўніцтва групы навучэнцаў, у працэсе якога на базе актуальнага матэрыялу здабываюцца новыя веды. Навучэнцы кааператыўна аналізуюць матэрыял, сінтэзуюць, прымяняючы крытычнае мысленне і творча, крэатыўна, нестандартна думаючы, падыходзяць да стварэння новага прадукту. Гэта ўрок, які дазваляе, тым не менш, рэалізоўваць індывідуальны падыход, ствараючы магчымасці для самастойнай дзейнасці (у індывідуальным тэмпе для зняцця трывожнасці), каб кожны член каманды не згубіўся, працаваў на максімуме сваіх магчымасцей, разумеючы, што менавіта ад яго залежыць якасць яго адукацыі і паспяховы вынік работы ўсёй яго каманды.

Для таго каб пазнавальная цікавасць устойліва павышалася, каб навучэнцы не адчувалі стомленасці, працавалі ў атмасферы захопленасці, на ўроку неабходна выкарыстоўваць розныя віды дзейнасці. Настаўнік не павінен трансліраваць гатовыя веды, яго задача скаардынаваць працэс, кансультаваць, знімаць цяжкасці, узяўшы ролю фасілітатара. На эфектыўным уроку настаўнік не крытык і не суддзя, бо менавіта навучэнцы павінны навучыцца даваць адэкватную крытычную ацэнку сабе, сваёй рабоце, паспяховасці групы ў цэлым і кожнаму таварышу па камандзе паасобку, фарміраваць навыкі самакантролю і ўзаемакантролю. Тое, што значная частка ўрока не траціцца на выкладанне вучэбнага матэрыялу настаўнікам, дае магчымасць больш рацыянальна арганізаваць час урока, пашырыўшы магчымасці ўрокаў для практычнага прымянення кожным навучэнцам сваіх ведаў. Ну, і, вядома, сучасны ўрок немагчыма ўявіць без інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, паколькі адна з жыццёва важных кампетэнцый сёння — медыяпісьменнасць.

Перавернуты ўрок

У працэсе пошуку тэхналогій, методык, форм вучэбных заняткаў, якія б дазволілі зрабіць урокі найбольш эфектыўнымі (а ў практыцы работы настаўніца выкарыстоўвала тэхналогію развіцця крытычнага мыслення, навучанне ў супрацоўніцтве, праектную методыку, даследчую дзейнасць і інш.), Вольга Антонаўна прыйшла да тэхналогіі “Перавернуты ўрок” у спалучэнні з сінгапурскай методыкай.

Перавернуты ўрок забяспечвае неабходнае спалучэнне інфармацыйна-камунікацыйных (на дамашнім этапе) і сацыяльных (на практычным этапе ў межах урока) тэхналогій. Матэрыял, які даецца вучням на першым этапе для самастойнага вывучэння дома, незвычайна важны. “Відэа або аўдыялекцыя, падкаст, павінны быць зразумелымі, даступнымі і адназначнымі, — тлумачыць настаўніца. — Матэрыял не павінен мець двайной трактоўкі, каб пазбегнуць варыятыўнага разумення навучэнцамі альбо, што яшчэ горш, няправільнага ўспрымання. Бо калі разуменне адбудзецца няправільна, значна складаней спачатку “выцягнуць” засвоеную некарэктную інфармацыю, а затым замяніць на сапраўдную. Кожны навучэнец можа працаваць з імі ў сваім індывідуальным тэмпе, самастойна вызначаючы неабходную для сябе колькасць разоў для прагляду або праслухоўвання падкаста для грунтоўнага вывучэння дамашняга задання, што дазваляе яму зняць трывожнасць на самім уроку”.

Першая, дамашняя, частка ўрока — зыходная кропка для этапу больш важнага — узаемадзеяння непасрэдна на ўроку, дзе адбываецца адпрацоўка, вывучэнне, засвойванне інфармацыі.

Эфектыўнасць перавернутага класа павялічвае навучанне ў супрацоўніцтве. Атрыманая інфармацыя можа быць падзелена на часткі. У сваю чаргу кожная частка — на больш дробныя ўрыўкі, якія прапануюцца экспертным групам. Задача кожнага члена экспертнай групы, старанна адпрацаваўшы сваю долю, выкласці гэты матэрыял максімальна зразумела сагрупнікам, становячыся звяном аднаго ланцужка, якое немагчыма выкінуць, каб не парушыць цэласнасць выніку. Атрымаўшы агульную карціну пытання з улікам інфармацыі кожнага члена каманды, экспертныя групы распадаюцца, фарміруючы новыя мікрагрупы, якія складаюцца з прадстаўнікоў кожнай экспертнай групы. Падзяліўшыся вынікамі работы, прадстаўнікі ўсіх экспертных груп, навучыўшы адно аднаго, прыняўшы і апрацаваўшы свежую інфармацыю, вяртаюцца на зыходныя пазіцыі. І іх новая задача — з улікам усёй інфармацыі стварыць унутры групы пэўны прадукт.

Сінгапурская методыка ў дзеянні

Навучанне ў супрацоўніцтве пакладзена ў аснову і сінгапурскай методыкі. Гэта менеджмент і кіраванне вучэбным працэсам на аснове прымянення вучэбных структур. Усяго структур каля 250, аднак асноўных — 13. Структуры разнастайныя і выкарыстоўваюцца з рознымі мэтамі. Некаторыя, як ZoomIn, напрыклад, дазваляюць дэталёва прааналізаваць матэрыял тэксту, відэа або аўдзіравання; Inside-Outside Circle, Clock Buddies, Quiz-Quiz-Trade, Mix Pair Share, Mix Freeze Group ствараюць аптымальныя ўмовы для абмену думкамі, работы ў групе і пары; Frayer Model, Tic-Tac-Toe, Connect-Extend-Challenge садзейнічаюць развіццю крытычнага мыслення.

Звычайна навучэнцы дзеляцца на групы па чатыры чалавекі, дзе навучанне праходзіць па чатырох напрамках: навучэнец — матэрыял (фарміраванне навыкаў самастойнай работы), парная работа (або з партнёрам па плячы, або з партнёрам па твары), работа ў мікрагрупе (чацвёрцы) і работа ўсёй групай (камандай).

Тэхнікі і формы сінгапурскай методыкі такія разнастайныя, што нясуць на ўроку розную функцыянальную нагрузку, даючы магчымасць для арганізацыі любога этапу ўрока. Некаторыя Вольга Антонаўна выкарыстоўвае непасрэдна для пабудовы структуры ўрока. Яны не закліканы арганізоўваць здабыванне ведаў, але ствараюць асаблівы рытуальны характар урока, антураж, які матывуе і стымулюе навучэнцаў. Напрыклад, High Fiv выкарыстоўваецца, каб прыпыніць работу: настаўнік падымае руку — і абмеркаванне альбо выкананне задання заканчваецца, Team Cheer — кароткія крычалкі для ўзняцця каманднага духу, асабліва калі група зайшла ў тупік.

Для рэалізацыі актуалізацыйна-дыягнастычнага этапу, на якім настаўніца арганізоўвае гутарку на аснове пытанняў навучэнцаў, якія з’явіліся ў іх падчас прагляду лекцыі (франтальная работа); выканання бліцзаданняў (індывідуальнае выкананне), абмеркавання пытанняў, на якія навучэнцы не знайшлі адказаў у працэсе выканання дамашняй работы (групавая форма), выкарыстоўваючы розныя структуры. Для парнай работы, напрыклад, гэта можа быць Quiz-Quiz-Trade. Гэта вусная структура, дзе навучэнцы атрымліваюць картку з пытаннямі па змесце дамашняга рэсурсу на адным баку і адказамі на другім. Усе падымаюць правую руку і выбіраюць сабе партнёра, падышоўшы і пляснуўшы яго па паднятай руцэ.

Для групавога бліцапытання выкарыстоўваецца структура Take off — Touch down. Гэтая ж структура выдатна працуе пры рэфлексіі і выстаўленні адзнакі. Навучэнцы павінны ўстаць, калі яны лічаць, што сцвярджэнне, якое яны чуюць (на базе дамашняга задання), дакладнае.

На практычным этапе ўрока самы багаты выбар магчымых структур. Цімбілдынг (работа ў чацвёрцы) уяўляе набор структур, прызначаных для згуртавання каманды, узняцця каманднага духу. Навучэнцы ўсведамляюць на практыцы: ад таго, наколькі правільна арганізавана работа калектыву, будзе залежаць поспех выканання задачы. Работа ў групах прадастаўляе роўныя магчымасці яе ўдзельнікам, а зменны склад забяспечвае гнуткасць зносін, магчымасць пачуць розныя пункты гледжання. Такім чынам, добра развіваецца вусная мова, камунікацыя. Напрыклад, у межах урока “Праблемы выхавання дзяцей у сям’і” ў 11 класе пасля прагляду дома роліка Parentsand Children: New Family Problems і вылучэння згаданых там прычын канфліктаў навучэнцы працавалі ў камандзе, аналізуючы актуальнасць гэтых тэм у сваіх сем’ях. Агучваючы кожную пазіцыю ў рамках групы, кожны падымаў вялікі палец, калі такія праблемы ўласцівыя яго сям’і, і назва гэтай пазіцыі ўпісвалася ў акенца пад адпаведным нумарам. Калі гэтая праблема была ва ўсіх, то пазіцыя ўносілася ў графу everybody. Затым каманда прыдумляла фразу, якая, з аднаго боку, з’яўлялася слоганам каманды, з другога боку, была звязана з тэмай работы.

Шэраг структур дапамагаюць разнастаіць кантроль засваення матэрыялу. Напрыклад, Quiz-Quiz-Trade спрыяе навучанню і ўзаемакантролю. Гэта міні-бліцапытанне, якое дазваляе сэканоміць час урока і атрымаць дакладнае ўяўленне аб узроўні валодання навучэнцамі матэрыялам. Для ўзаемакантролю можа быць выкарыстаны і Rally Robin, дзе навучэнцы працуюць у пары, па чарзе абменьваюцца кароткімі адказамі ў выглядзе спіса.


Эфектыўнасць урокаў англійскай мовы Вольгі Салаўі пацвярджаецца рэйтынгам вучэбных дасягненняў навучэнцаў, які склаў больш за 9 балаў, павышэннем іх матывацыі да вывучэння англійскай мовы, выніковым удзелам гімназістаў у алімпіядным руху і конкурсе даследчых работ. Так, летась на гарадской алімпіядзе па англійскай мове дзесяцікласнік Расціслаў Юшкевіч заваяваў дыплом ІІІ ступені, дыплома ІІ ступені на гарадскім конкурсе даследчых работ удастоена Ганна Трыбуналава.

Сваю работу ў гэтым напрамку В.А.Салаўі плануе працягваць і далей, актыўна дзелячыся вопытам з калегамі горада і рэспублікі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.