Экалогія: карысць для сябе і для навукі

- 11:15Выхаванне

Навучыць дзяцей бачыць прыгажосць прыроды, разнастайнасць флоры і фаўны, цаніць унікальнасць лясоў, рэк і азёр — гэта тое, што заўсёды было адным з галоўных складнікаў выхавання. Але апошнім часам назіраецца тэндэнцыя вучыць моладзь не проста вывучаць прыроду, а прыкладаць усе намаганні, каб яе захаваць. У многім гэтаму спрыяе развіццё навукова-даследчага кірунку ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Экалогія, біялогія, турызм і краязнаўства аб’ядналі больш за 62 тысячы навучэнцаў краіны, якія займаюцца ў амаль 5 тысячах аб’яднанняў па інтарэсах. З іх больш за 500 накіраваны на навуковую дзейнасць навучэнцаў па генетыцы, селекцыі, мікалогіі і г.д. Штогод сярод дзяцей вызначаюцца самыя паспяховыя даследчыкі. Ужо больш за 30 гадоў праходзіць рэспубліканскі конкурс навуковых біёлага-экалагічных работ і праектаў навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. За гэты час юныя эколагі распрацавалі і прадставілі больш за 2000 навуковых праектаў.

Пра ўзровень гэтых работ і захопленасць экалогіяй іх аўтараў гаворыць і тое, што 756 з іх узнагароджаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Лаўрэатамі фонду з’яўляюцца 38 вучняў і 17 педагогаў.

Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства стаў не толькі пляцоўкай для правядзення найбуйнейшых экалагічных конкурсаў, але і галоўнай кузняй, якая рыхтуе юных вучоных, займаецца падрыхтоўкай навучэнцаў да ўдзелу ў міжнародных канферэнцыях, алімпіядах, конкурсах па прырода-ахоўнай, экалагічнай, біялагічнай тэматыцы, энергазберажэнні. За апошніх некалькі гадоў беларускія школьнікі прывезлі з міжнародных алімпіяд і конкурсаў 72 медалі (24 залатыя, 23 сярэбраныя, 25 бронзавых, адно гран-пры).

Для паглыбленай навуковай работы навучэнцаў на базе РЦЭіК дзейнічае навукова-даследчы лабараторна-практычны комплекс, прадстаўлены чатырма сучасна абсталяванымі навукова-эксперыментальнымі лабараторыямі. Комплекс стаў пляцоўкай для выканання даследчай часткі навуковых работ навучэнцаў усёй краіны.

Часам дзіцячыя навуковыя адкрыцці знаходзяць практычны выхад. Напрыклад, грунтоўную падмогу селекцыйнай навуцы аказалі школьнікі, стварыўшы сваю калекцыю чорнанасенных бабовых культур: кукурузы, гароху, фасолі і інш., якія, дзякуючы ўтрыманню антацыянаў, могуць ўжывацца для прафілактыкі ракавых захворванняў. Плануецца, што пасля завяршэння селекцыйнага працэсу насенне гэтых культур можна будзе набыць у магазінах.

Штамы бактэрый з каштоўнымі ўласцівасцямі, якія юныя даследчыкі выдзяляюць, напрыклад, для ачысткі вады, перадаюцца ў калекцыі штамаў УВА, якія потым могуць выкарыстоўваюцца для больш шырокага, у тым ліку і прамысловага, укаранення. Так, па словах І.А.Рускіх, штамы, якія выдзелілі яго навучэнцы і 2 гады назад перадалі ў лабараторыю малекулярнай генетыкі і біятэхналогій БДУ, цяпер выкарыстоўваюцца ў межах дзяржпраграмы па стварэнні т.зв. элісітарнага прэпарату (у яго аснове — бактэрыі, якія могуць жыць унутры раслін і засцерагаць іх ад знешніх дрэнных умоў).

“Але самая галоўная задача дадатковай адукацыі — не столькі стварыць канчатковы прадукт, які можна будзе выкарыстоўвац­ь, колькі паказаць дзецям, наколькі навука і даследчая работа могуц­ь дапамагаць і сельскай гаспадарцы, і фармацэўтычнай прамысловасці, і іншым галінам, і што яны непарыўна звязаны з навуковым працэсам і навуковымі распрацоўкамі, — адзначыў Іван Анатоль­евіч. — Мы павінны развіць у дзецях цікавасць да даследчай дзейнасці, у тым ліку прыкладнога характару. Толькі ў такім выпадку, дзе і кім бы гэтыя дзеці ні працавалі ў будучыні, у іх заўсёды будзе імкненне думаць, адкрывац­ь штосьці новае, удасканальваць існуючае. Якраз закласці ў іх гэтую энергію — наша агульная мэта”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара і з архіва РЦЭіК.