Эмацыянальна-сэнсавае асваенне французскай мовы

- 11:11Якасць адукацыі

Выкладанне, арганізаванае на аснове заданняў камунікатыўнага характару, а таксама навучанне іншамоўнай камунікацыі з выкарыстаннем усіх неабходных для гэтага заданняў і прыёмаў з’яўляюцца характэрнай асаблівасцю ўрока замежнай мовы.

У сваёй рабоце я выкарыстоўваю элементы розных методык: Кітайгародскай (камунікатыўную), Мілашэвіча (апора на родную мову), Шэхцера і інш. Маёй работай па самаадукацыі з’яўляецца вывучэнне метаду Шэхцера. Сутнасць яго ў эмацыянальна-сэнсавым асваенні матэрыялу. Я лічу, што ў вывучэнні любой замежнай мовы на любым этапе эмацыянальны фактар адыгрывае адну з вядучых роляў.
У 1 класе, пачынаючы з першай тэмы “Знаёмства”, навучэнцы акунаюцца ў атмасферу іншамоўных зносін. Прывітанне, знаёмства з першай жа фразы адбываецца выключна на французскай мове. Кожная рэпліка абавязкова суправаджаецца жэстыкуляцыяй. На маю думку, невербальныя зносіны — гэта абавязковы элемент навучання любой замежнай мове асабліва на пачатковым этапе. Часам, калі дзіця забыла фразу, міміка, пазіраванне, жэстыкуляцыя аптымізуюць работу памяці.З першых урокаў пачынаецца знаёмства з французскай культурай і гісторыяй. Дзеці малодшага школьнага ўзросту з радасцю пераймаюць традыцыю пацалунка ў шчаку пры сустрэчы і развітанні, зварот да настаўніка “мадам” і “масье”. На пачатковым этапе асаблівая ўвага адводзіцца фанетыцы. Тут, канечне, можна абысціся без рускай мовы, падаючы гукі праз апазіцыю — насавы-ненасавы і г.д., але вучням часта цяжка зразумець і вымавіць многія гукі, якія адсутнічаюць у рускай мове. Таму я прапаноўваю гульню ў “хворы і здаровы гук”. Так, напрыклад, вучням лягчэй засвоіць тое, што Bonjour, напрыклад, трэба вымаўляць “па-асабліваму”, таму што першы склад зусім “захварэў” і ў яго “не дыхае нос”, а апошняе R “пайшло паласкаць горла”. Абавязкова пачынаю ўрок з фанетычнай размінкі: вершы пра пару года, лічэнне навучэнцаў у групе, песенька пра дні тыдня — усё, што з’яўляецца актуальным для гэтага ўзросту і этапу навучання.
Вывучэнне алфавіта, а таксама лексікі абавязкова суправаджаем жэстамі. З другой чвэрці за ўрок дзеці без асаблівых намаганняў засвойваюць 2—3 літары, а такім чынам і 2—3 словы, невялікія фразы, якія пачынаюцца на літару, што вывучаецца. Прычым завучваць літары неабавязкова ў алфавітным парадку. Пачынаем з найбольш простых: А — arbre (дрэва), рукамі паказваем літару А ў выглядзе дрэва, якое расце. S — serpent (змяя), паказваем змяю, якая паўзе ў выглядзе літары S. Т — tennis (тэніс), паварочваем галаву направа і налева і вымаўляем [Т], асацыіруючы яго з ударам мячыка аб корт. Спяваем алфавіт пад музыку, прычым навучэнцы — шэптам, каб чуць аўтэнтычнае вымаўленне.
Вывучаючы тэмы “Поры года” падчас урока, мы з навучэнцамі часта выходзім на вуліцу. Я цвёрда ўпэўнена ў тым, што не трэба даваць ім гатовыя фразы тыпу: Il fait mauvais — дрэннае надвор’е, Il fait froid — холадна, Le ciel est gris — неба шэрае. Назіраючы за змяненнямі прыродных з’яў, дзеці больш эфектыўна засвояць новую лексіку, апісваючы надвор’е сваімі словамі. Карэкціроўка патрэбна толькі на пачатковым этапе. І калі дзіця не лічыць, што дождж — il fait mauvais — гэта дрэннае надвор’е, то не трэба яму навязваць менавіта гэтае азначэнне. І колер неба часта, будучы шэрым для дарослага, для дзіцяці можа аказацца бледна-фіялетавым. Увядзенне назвы колераў, напрыклад, у нас праходзіць з апорай на родную мову, і вынік ёсць ужо ў канцы першага ўрока. Напрыклад, карычневы — marron, праводзім аналогію з марожаным, якое пакрыта карычневым шакаладам. Чырвоны — rouge, мы ўяўляем, як дакранаемся да распаленага чырвонага прадмета, які ад гэтага шыпіць “ужжж”. Такім чынам, да канца першага ўрока, прысвечанага колерам, навучэнцы запамінаюць 10 колераў.
З’яўляючыся кіраўніком тэатральнага гуртка, стараюся з 1 класа прывіць навучэнцам любоў і пазнавальны інтарэс да мастацтва. Мой тэатральны гурток сабраў навучэнцаў 4—6 класаў. Працуючы над вывучэннем літаратурных жанраў, пастаноўкай выразнага маўлення, сцэнічнымі рухамі, мімікай, дзеці раскрываюць свой творчы патэнцыял. Прымяраючы на сябе ролі адмоўных і станоўчых герояў, вучні вучацца вызначаць станоўчыя і адмоўныя якасці персанажаў, прасочваць, якімі шляхамі дабро перамагае зло, якія якасці асобы неабходна развіваць, а з якімі ў сабе змагацца. Асабліва каштоўная на гэтых занятках простая, свабодная, няўрочная атмасфера. Развіваюцца якасці ўзаемадапамогі, талерантнасці, узаемаразумення.
Напрыклад, у 2013/2014 навучальным годзе мы ставілі спектакль “Таблетка дабрыні”. Большую частку работы па распрацоўцы сцэнарыя ўзялі на сябе навучэнцы. Роля настаўніка заключалася толькі ў тым, каб правільна сарыентаваць іх дзейнасць. Асновай для стварэння спектакля паслужыла ідэя пра тое, каб памяняць месцамі станоўчых і адмоўных герояў. Навучэнцамі былі старанна прапрацаваны творы Ш.Перо “Кот у ботах”, “Чырвоная Шапачка”, “Папялушка”, “Сіняя Барада” і інш. Гэта ўдала супала з тэмай французскіх казак па пазакласным чытанні па рускай літаратуры. Больш за тое, у спектаклі навучэнцы развівалі і харэаграфічныя навыкі, выконвалі старажытныя і сучасныя танцы, змешвалі традыцыі мінулых стагоддзяў і сучаснай культуры, гулялі на кантрастах. А ў 2014/2015 навучальным годзе быў пастаўлены спектакль “12 месяцаў”, за які наша трупа атрымала дыплом ІІ ступені на адкрытым абласным конкурсе “Франкафонія”.

Дар’я МЯЛЕШКІНА,
настаўніца французскай мовы гімназіі № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля.