“Энергамарафон” працягнецца

- 12:51Навіны рэгіёнаў

У Гродзенскай вобласці падвялі вынікі абласнога этапу і выбралі тых, хто будзе прадстаўляць рэгіён у фінале рэспубліканскага конкурсу.

На абласны этап конкурсу было прадстаўлена 517 работ з усіх раёнаў вобласці, а таксама Гродна. З іх 446 работ — з устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, 71 работа — з устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Вынікі абласнога этапу VIII Рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон-2014” ва ўрачыстай атмасферы былі падведзены на базе Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.
Шэсць аддзелаў адукацыі, спорту і турызму прадставілі сістэму работы па арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі раёна ў бягучым навучальным годзе, 19 устаноў адукацыі — сістэму ўзаемазвязаных мер, дзеянняў і мерапрыемстваў у галіне энергазберажэння, 37 педагогаў — перадавы вопыт работы па выхаванні ў навучэнцаў адказных адносін да выкарыстання і эканоміі энергарэсурсаў. 5 матэрыялаў адлюстроўваюць работу практычных цэнтраў (музеяў) па энергазберажэнні, 38 вучнёўскіх праектаў — практычныя прапановы па больш эфектыўным выкарыстанні энергарэсурсаў у школе і дома. Было прадстаўлена 369 творчых работ навучэнцаў па прапагандзе эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў (агітбрыгады, відэаролікі, плакаты, лістоўкі, малюнкі).
Але не толькі колькасныя паказчыкі сведчаць аб эфектыўнасцi конкурсу. Кожны год на “Энергамарафоне” з’яўляюцца новыя “зорачкі” і новыя ідэі, нават у самых складаных напрамках.
Традыцыйна самай нешматлікай і працаёмкай застаецца намінацыя “Лепшая ўстанова адукацыі па стварэнні сістэмы работы ў галіне энергазберажэння”. У гэтым годзе журы было складана вызначыць лепшую ўстанову з 5 фіналістаў конкурсу. Усе матэрыялы адпавядалі крытэрыям і ўзроўню абласнога этапу: ад кіраўніцкай і гаспадарчай дзейнасці да інтэграцыі пытанняў энергазберажэння ў змест урокаў.
Вырашальную ролю ў вызначэнні пераможцы адыграў удзел Азёрскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната Гродзенскага раёна ў міжнародных праектах, а таксама прыцягненне фінансавых сродкаў на ўкараненне энергаэфектыўных тэхналогій. Вынікам работы школы-інтэрната стала прысваенне статусу дэманстрацыйнай пляцоўкі па ўкараненні аднаўляльных крыніц энергіі.
У намінацыi “Лепшы педагагічны работнік па арганізацыі работы па выхаванні культуры энергазберажэння ў навучэнцаў” навінкай з’явiлася ўкараненне ў выхаваўчую дзейнасць інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій: работа з інтэрнэт-сайтамі, выкарыстанне сэрвісаў Web 2.0, стварэнне віртуальных кабінетаў энергазберажэння, тэматычных блогаў педагогаў і інш. Так, педагог-арганізатар Азярніцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна Таццяна Жыліч арганізавала дэтэктыўнае агенцтва “Электронік”, а таксама з дапамогай навучэнцаў распрацавала блог, які напоўніла сучаснай інфармацыяй пра спосабы зберажэння энергіі дома і ў школе.
Пераможцам у гэтай намінацыі стала Ірына Дарафейчык, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы №1 Дзятлава, якая прапанавала цэласную сістэму работы педагога, што ўключае не толькі інтэграцыю пытанняў энергазберажэння ў вучэбны прадмет, але і праектна-даследчую работу, практычную дзейнасць з навучэнцамі па выкарыстанні ў Дзятлаўскім раёне альтэрнатыўных крыніц энергіі для атрымання святла і цяпла.
Павялічылася ў параўнанні з мінулым годам колькасць практыка-арыентаваных работ у намінацыі “Лепшы праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні сярод навучэнцаў устаноў адукацыі”. Вопыт навучэнцаў Ваўкавыскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя прыцягнуў увагу гледачоў і членаў журы за ідэю ўкаранення святлоадбівальнага абсталявання ў сістэму асвятлення вучэбных кабінетаў. Прадстаўлены праект малазатратны (сродкі навучэнцы сабралі за кошт здачы металалому) і мае магчымасць практычнага прымянення ва ўстанове адукацыі.
Яскравым момантам абласнога этапу конкурсу з’яўляецца выступленне агітбрыгад. Яркія, дынамiчныя, выразна выбудаваныя агітбрыгады вучняў у творчай форме агітавалі за эканомію, прапаноўваючы простыя спосабы энергазберажэння дома і ў школе. Па змястоўнасці, відовішчнасці, арыгінальнасці і сацыяльнай значнасці не было роўных агітбрыгадзе Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, і як вынік — першае месца на абласным этапе конкурсу.
Традыцыйна па выніках конкурсу лепшыя відэаролікі па прапагандзе энергаэфектыўнасці дэманструюцца на каналах абласнога тэлебачання, на інфармацыйных і выхаваўчых мерапрыемствах, пры арганізацыі сацыяльна значных акцый, у аздараўленчых прышкольных лагерах, у працоўных калектывах базавых арганізацый. У гэтым годзе прадстаўляць у фінале намінацыю “Лепшая творчая работа навучэнцаў устаноў адукацыі па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў (відэаролік)” даручана Гродзенскаму дзяржаўнаму каледжу тэхнікі, тэхналогій і дызайну.
Другі год запар творчая намінацыя папаўняецца такімі матэрыяламі, як плакат, малюнак, лістоўка. Варта адзначыць, што гэтая намінацыя самая шматлікая: у 2013 годзе было прадстаўлена 355 работ, а ў 2014 годзе — 369. Найбольш творчых работ прадэманстравалі ўстановы адукацыі Ваўкавыскага, Гродзенскага, Навагрудскага і Свіслацкага раёнаў.
Не першы год лідзіруючую пазіцыю па выніках удзелу ў “Энергамарафоне” займае Лідскі раён. У намінацыі “Лепшы рэгіён вобласці па арганізацыі работы ўстаноў адукацыі ў сферы энергазберажэння” на перамогу прэтэндавала 6 аддзелаў адукацыі, спорту і турызму. Пры фінансавай падтрымцы Гродзенскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў пераможцам уручаны сертыфікаты для ўкаранення энергаэфектыўных мерапрыемстваў у падведамасных арганізацыях: аддзелу адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама — на 300 млн рублёў, аддзелу адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама — на 200 млн рублёў, аддзелу адукацыі, спорту і турызму Свіслацкага райвыканкама — на 100 млн рублёў.
Работы пераможцаў, якія занялі першыя месцы ў намінацыях, будуць накіраваны для ўдзелу ў заключным этапе VIII Рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон-2014”.

Юлія МЫСЛІВЕЦ,
метадыст аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай работы
Гродзенскага абласнога інстытута развiцця адукацыi,
сакратар журы конкурсу.