Энергазберажэнне як спосаб жыцця

- 12:03Навіны рэгіёнаў

Ёсць правілы, бясконцае паўтарэнне якіх ніколі не бывае лішнім. Ёсць тэмы, узнімаць якія неабходна зноў і зноў, бо ад іх залежыць не проста жыццё чалавека, а існаванне ўсяго чалавецтва. І адна з такіх тэм — энергазберажэнне. Таму з году ў год не страчвае актуальнасці конкурс “Энергамарафон”. На Міншчыне падвялі вынікі абласнога этапу ХІ Рэспубліканскага конкурсу.

Па традыцыі, у конкурсе маглі паўдзельнічаць неабыякавыя да пытанняў энергазберажэння навучэнцы ўсіх устаноў адукацыі, а таксама іх бацькі і педагогі. Свае ідэі і прапановы яны выказвалі праз творчую, даследчую і прапагандысцкую дзейнасць і прадстаўлялі ў некалькіх намінацыях. На завочным этапе ў намінацыі “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” юныя творцы прэзентавалі тэматычныя відэаролікі, лістоўкі, плакаты, малюнкі. Пераможцамі сталі Дзіяна Коваль, навучэнка сярэдняй школы № 2 Дзяржынска, Аліна Кірпічнік, якая вучыцца ў пачатковай школе Беразіна, і Вікторыя Гаршунова, вучаніца сярэдняй школы № 1 Фаніпаля.

У намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыi” ацэньвалася цэласная сістэма ўзаемазвязаных мер навучальнай установы па выхаванні ў падрастаючага пакалення грамадзянскай пазіцыі і навыкаў рацыянальнага і эканомнага выкарыстання рэсурсаў. Лідарам у Мінскай вобласці быў прызнаны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі Салігорскага раёна. У цэнтры рэалізоўваюцца інавацыйныя і педагагічныя праекты, праводзяцца карысныя акцыі, цікавыя і змястоўныя мерапрыемствы па тэмах энергазберажэння і энергаэфектыўнасці.

Намінацыі конкурсу “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні” і “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” прадугледжвалі два этапы. На першым, завочным, былі вызначаны ўдзельнікі другога тура, якія і прадставілі свае работы на вочнай абароне, што прайшла ў Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі. Удзельнікі намінацыі “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні” расказалі пра свае ідэі і вопыт эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў ва ўстановах адукацыі, а таксама ў побыце. Канкурсанты вывучалі энергазберагальныя ўласцівасці гліны, розных відаў лямпачак, прапанавалі матэматычную мадэль аўтаматызаванага разліку эканамічнай і экалагічнай ацэнкі спажывання электрычнай энергіі і падлічылі эфектыўнасць сістэмы сонечнага энергазберажэння. Лідарамі намінацыі сталі два праекты. Навучэнцы Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Рыгор Алімаў і Даніла Шыман разам з навучэнцам гімназіі № 1 Дзяржынска Уладзіславам Светлаковым даследавалі пераўтварэнні сонечнай энергіі пры дапамозе фотаэлементаў на аснове прыроднага фотаадчувальнага фарбавальніка. А прадстаўнік Слуцкага дзяржаўнага каледжа Дзяніс Катляроў прапанаваў увазе журы сваю энергаэфектыўную ўніверсальную аперацыйную сістэму СluOS для ПК, ноўтбукаў і іншых прылад, якая дазваляе камп’ютарнай тэхніцы спажываць значна менш электраэнергіі, чым пры выкарыстанні традыцыйных аперацыйных сістэм.

Удзельнікі намінацыі “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” сваю дасведчанасць у пытаннях энергазберажэння дэманстравалі пры дапамозе песень, танцаў, тэатралізацый. На сцэне выступалі мімы, таксама прайшоў паказ тэатра энергазберагальнай моды і нават тэатра ценяў. Навучэнцы ўразілі журы крэатыўным падыходам. Пераможцай конкурсу ў гэтай намінацыі стала каманда абласнога аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя з паказам “Казка ці быль?”.

А тым часам “Энергамарафон” прадаўжаецца, каб энергазберажэнне стала ладам жыцця кожнага чалавека.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.