Эстафета добрых спраў і святочнага настрою

- 11:07Нашы дзеці

Важна, што ў ходзе рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” юныя жыхары Віцебшчыны не толькі атрымлі­ваюць падарункі, але і самі рыхтуюць прыемныя навагоднія і калядныя сюрпрызы, яркія віншаванні выхаванцам дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, сацыяльных прытулкаў, а таксама людзям, якія знаходзяцца ў інтэрнатных установах, аддзяленнях дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян саста­рэлага ўзросту. Прычым ініцыятарамі і “рухавікамі” тут высту­паюць самі дзеці — яны шчыра адчуваюць неабходнасць данесці свята да тых, хто сёння мае павышаную патрэбу ў клопаце і падтрымцы, ро­бяць гэта ахвотна і з радасцю. Такім меркаваннем падзялілася з нашым карэспандэнтам начальнік аддзела выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Вольга Дарожка.

Па яе словах, падобныя выпадкі ў рэгіёне не адзінкавыя, характэрна, што з кожным годам іх становіцца ўсё больш. Напрыклад, сёлета ўпершыню пад Новы год моладзь з Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці з Дзедам Марозам і Снягуркай, навагоднімі эльфамі (у іх ролі выступілі навучэнцы) наведалі дзіцячы сацыяльны прытулак СПЦ Віцебскага раёна.

— Нас аб’ядноўваюць трывалыя партнёрскія сувязі, — адзначыла намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ганна Аляхновіч. — Так, штогод 3—4 абітурыенты з ліку выхаванцаў прытулку пасту­паюць у каледж і паспяхова набы­ваюць прафесійную адукацыю. Але апошнім часам дзякуючы нашым навучэнцам і асабліва ініцыятывам валанцёрскага атрада “Добрае сэрца” пад кіраўніцтвам Юліі Будрэвіч супрацоўніцтва вельмі актывізавалася. На восеньскіх канікулах мы ездзілі ў прытулак з канцэртнай праграмай, тады і з’явілася думка павіншаваць малодшых сяброў з Новым годам і Калядамі. Ідэю падхапіў літаральна ўвесь каледж — і педагогі, і навучэнцы. Разам мы правялі дабрачынную акцыю па зборы сродкаў на падарункі, па ўзгадненні з кіраўніцтвам прытулку набылі садавіну, салодкія прысмакі, канцылярскія прылады, кнігі, настольныя гульні. Акрамя навагодняга канцэрта, падрыхтавалі інтэрактыўную праграму з цікавымі конкурсамі. Усіх вельмі крануў падарунак у адказ — выхаванцы прытулку парадавалі сваёй песняй. Будучы цырульнік і зборшчык абутку, а зараз другакурсніца каледжа Алеся Марозава прыехала з цырульніцкімі прыладамі, мы прапанавалі зрабіць стрыжку да свята ўсім выхаванцам, у каго ёсць такая патрэба ці жаданне. Дарэчы, яшчэ двое нашых навучэнцаў у складзе групы валанцёраў з вялізным мехам цукерак у той жа дзень адправіліся ў дзіцячы дом Віцебска. Што тычыцца прытулку, то цяпер вырашылі ўзяць над ім шэфства. Мы не можам прапанаваць вялікую матэрыяльную падтрымку, але сябраваць, праводзіць канцэрты і майстар-класы, спартыўныя спаборніцтвы, іншыя сумесныя мерапрыемствы абавязкова будзем і цяпер абмяркоўваем план. Такая канкрэтная — у сумесных справах — дапамога для дзяцей, якія трапілі ў цяжкае жыццёвае становішча, ці не больш значная за матэрыяльную.

Тым часам выхаванцы прытулку першы дзень года таксама вырашылі пачаць з добрых спраў. З пакункаў ад навагодніх падарункаў змайстравалі выдатныя кармушкі і павесілі на дрэвы каля альтанкі, куды заўсёды прылятаюць птушкі: “Няхай і птушачкам будзе свята. А падарункі мы будзем кожны дзень прыносіць!”

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжам лёгкай прамысловасці.