Фарміраванне чытацкай пісьменнасці на ўроках рускай літаратуры

- 14:59Якасць адукацыі

Асаблівае месца сярод усіх вучэбных навыкаў займае чытанне і работа з атрыманай інфармацыяй. Узровень авалодання чытацкай пісьменнасцю з’яўляецца найважнейшай характарыстыкай сучаснага школьніка. Вынікі міжнароднага даследавання PISA сведчаць аб актуальнасці гэтай праблемы. Усвядомленае чытанне — гэта здольнасць вучня да асэнсавання зместу пісьмовых тэкстаў, рэфлексіі, развіцця ведаў і магчымасцей для актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства.

Не навучыўшыся добра чы­таць, дзіця не зможа дастаткова хутка і добра выканаць заданне па любым вучэбным прадмеце, яго пісьменнасць будзе не самай лепшай, вуснае маўленне будзе недастаткова развітым. Сучасныя школьнікі чакаюць новыя формы знаёмства з матэрыялам, якія дадуць ім магчымасць ­стаць актыўнымі ўдзельнікамі літаратурнага працэсу. Якія метадычныя прыёмы дапамагаюць фарміра­ваць чытацкую пісьменнасць?

Эфектыўным прыёмам з’яў­ляецца літаратурная размінка, якая мае на ўвазе хуткі адказ на пытанні. Гэта дапамагае развіць увагу, памяць, назіральнасць, уменне зразумець пытанне, гібкасць мыслення. Напрыклад, пытанні літаратурнай размінкі:

  • Якое прысвячэнне ў аповесці В.Распуціна “Урокі французскай”?
  • Прадоўжыце афарызм В.Ка­раленкі з нарыса “Парадокс” “Чалавек створаны…”.

У 7—9 класах эфектыўным з’яўляецца выкарыстанне метаду фанаграм — “фантастыка”, “фантазія”. Вучням прапануецца заданне скласці фанаграмы (фанаграма — гэта сачыненне, у якім рэальнасць выступае ў звышнатуральным выглядзе). Гэта дапамагае падтрымліваць пазнавальную цікавасць, развівае ўяўленне вучняў, узбагачае слоўнікавы запас, вучыць будаваць адказ аргументавана. Тэматыка такіх работ можа быць рознай: “Што было б, калі б сшытак умеў падказваць?”, “Што было б, калі б я ўбачыў(ла), што кніга плача?”, “Ах, ужо гэты шосты ўрок рускай літаратуры”, “Што б я папрасіў(ла) у Літаратурнай феі?” і іншыя.

Твор літаратуры — гэта мысленне ў вобразах. Задача настаўніка — паказаць вучню, а не дака­заць, абудзіць уяўленне, дапамагчы адчуць дыханне эпохі і жыцця ў тэксце, убачыць, пачуць і ад­чуць тую карціну, якую стварыў аўтар. Неабходна навучыць дзіця чытаць правільна, з алоўкам у руках, чы­таць рэгулярна.

Самае галоўнае — развіць уяўленне дзіцяці, што дасць яму магчымасць пачуць гукі і ўбачыць фарбы свету, адчуць цяжкасць або лёгкасць быцця, цеплыню або холад становішча, адчуць водары. На этапе чытання важна ўжыцца ў літаратурны тэкст, успрыманне якога адбываецца на ўзроўні інстынк­таў. Вучню неабходна паказаць складаную сістэму вобразаў літаратурнага твора (чалавек, жывёлы, пейзаж, інтэр’ер, сітуацыі, перажыванне або настрой, дэталі), моўныя прыёмы.

Эфектыўным прыёмам з’яў­ляецца чытанне з прыпынкамі. Важна, каб тэкст быў незнаёмым для вучняў, меў дынамічны сюжэт, невялікі аб’ём. Гэты прыём практыкую пры вывучэнні такіх твораў, як “Хлопчыкі”, “Кон­скае прозвішча”, “Хірургія”, “Пе­рапалох” А.Чэхава, ­“Тэ­­легра­­ма” К.Паўстоўскага, ­“Парадокс” В.Ка­раленкі, “Крыўда” В.Шукшына. Дзеці заўсёды з вялікім энтузіязмам уносяць свае прапановы аб далейшым развіцці падзей, аб учынках і пачуццях герояў, іх перажываннях. Гэта вучыць быць уважлівым слухачом і ўдумлівым чытачом.

Дастаткова эфектыўным з’яў­ляецца на маіх уроках прыём “Карусель”. Яго я прымяніла на ўроках абагульнення па аповесці І.Тургенева “Ася” пры складанні кластара “Паэзія і драма кахання ў аповесці “Ася”. Клас быў па­дзелены на групы (па 4—6 чалавек). Кожнай групе былі раздадзены маркеры пэўнага колеру і аркушы фармату А1. Вучні абмяр­коўвалі і запісвалі ідэі па сваёй праблеме на працягу 5 хвілін. Так складалі кластар. Потым групы абменьваліся ідэямі, аформленымі на паперы. Кожная група, атрымаўшы іншыя ідэі, рабіла адзнакі насуп­раць кожнага пункта “+” (згодны) і “–” (не згодны). Адна група дапаўняла другую. Так аркуш з ідэямі прахо­дзіць усе групы ў класе, зрабіўшы поўнае кола, вяртаецца да каманды, якая знаёміцца з прапановамі і дапаўненнямі іншых груп. Потым кожная група праводзіць прэзентацыю сваёй пазіцыі ўдзельнікам каруселі. Таксама прапаноўвала такія тэмы: “Гонар і абавязак у разуменні герояў аповесці “Капітанская дачка”, “Яўген Анегін” — энцыклапедыя рускага жыцця”, “Трагедыя жанчыны на вайне” (па аповесці Б.Васільева “А золкі тут ціхія…”), “У чым сэнс чалавечага жыцця” (паводле апавядання М.Горкага “Старая Ізергіль”) і іншыя.

Эфектыўны і прыём “Я — ты — мы”. Так, падчас работы над тэмай “Трагічныя наступствы канфлікту памешчыкаў” (паводле аповесці А.Пушкіна “Дуброўскі”) вучням былі прапанаваны пытанні для абмеркавання на стадыі інтэрпрэтацыі. Напрыклад: “Што стала прычынай сваркі памешчыкаў?”, “Чаму А.Дуброўскі пакінуў маёнтак К.Траякурава?”, “Ці законныя метады выкарыстаў К.Траякураў, задумаўшы помсту?”, “Адобрываеце ці асуджаеце паводзіны судовага прыстава Шабашкіна?” і інш. Спачатку вучні самастойна абдумваюць і выконваюць заданні-пытанні, потым абменьваюцца ідэямі з партнёрамі ў пары. Пазней кожная пара абменьваецца ідэямі з іншай парай у групе. А пасля завяршэння абмеркавання напрацовак у групе пачынаецца прэзентацыя ідэй.

Выніковы прыём “Кошык ідэй”. На дошцы малюецца кошык, у які складваюць усе ідэі. Напрыканцы ўрока на стадыі рэфлексіі клас зноў вяртаецца да кошыка, закрэсліваючы тое, што было няправільна. На ўроку па апавяданні Максіма Горкага “Старая Ізергіль” дзеці складваюць у кошык ідэі на пытанне “У чым сэнс чалавечага жыцця?”, па аповесці А.Пушкіна “Капітанская дачка” — “Што такое гонар і абавязак?” , па аповесці А.Пушкіна “Станцыйны наглядчык” — “Хто вінаваты ў гібелі Самсона Вырына?”.

Добрай традыцыяй стала правядзенне ўрока “Кніжны эксперт ХХІ стагоддзя”. Яго можна праводзіць як напачатку, так і напрыканцы навучальнага года. Падрыхтоўка пачынаецца за 2—3 тыдні да ўрока. Усім вучням даецца заданне: сярод усіх самастойна прачытаных кніг знайсці такую, якую парэкамендуеш для чытання і дзецям, і дарослым. Важная ўмова: кнігі не павінны паўтарацца.

Кожны вучань прадастаўляе аднакласнікам сваю кнігу, выкарыстоўваючы 25 слоў для абароны. Мэта — пераканаць усіх, што гэтую кнігу цікава чытаць і падлеткам, і дарослым.

Пасля абмеркавання група выбірае 1 кнігу, якую хацелася б прачытаць усім. Кожная група робіць кароткую рэкламу (не больш як 25 слоў) кнігі ўсяму класу (прычым выступаць можа любы ўдзельнік групы, а не той, хто прапанаваў кнігу). Так кожная група выбірае свайго абаронцу кнігі. Абаронца робіць рэкламу кнізе, ставіць яе на паліцу ў кабінеце. Было выбрана 5 кніг (па колькасці груп):

Б.Палявы “Аповесць пра сапраўднага чалавека”;

М.Гогаль “Тарас Бульба”;

А.Сент-Экзюперы “Маленькі прынц”;

В.Жалезнікаў “Пудзіла”;

В.Катаеў “Сын палка”.

Гэта выбар шасцікласнікаў. Перад званком дзецям было прапанавана ўзяць тую кнігу, якую захацелася прачытаць. Парадавала, што першымі падышлі да кніжнай паліцы дзеці, якія мала чытаюць.

Такія ўрокі пабуджаюць дзяцей чытаць дадаткова, а не толькі па праграме. Звычайна дзеці прапануюць кнігі, якія сталі любімымі, якія адчулі, абмеркавалі ў сям’і, якія параілі ў бібліятэцы.

Таццяна  СЕРАДА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Мазыра.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.