Фарміраванне эфектыўнай рэгіянальнай палітыкі — фактар устойлівага эканамічнага росту

- 10:21Інфармацыйная гадзіна

Савет Рэспублікі плануе ў найбліжэйшы год падрыхтаваць прапановы па ўдасканаленні рэгіянальнай палітыкі. Аб гэтым паведаміў старшыня верхняй палаты беларускага парламента Міхаіл Мясніковіч.

Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, створана рабочая група, якая займаецца пытаннямі вывучэння і выпрацоўкі магчымых прапаноў па адміністрацыйна-тэрытарыяльных пытаннях і пытаннях, звязаных з рэгіянальнай палітыкай. “Плануем, што Савет Рэспублікі ў найбліжэйшы год можа падрыхтаваць грунтоўны даклад з прапановамі аб удасканаленні рэгіянальнай палітыкі”, — сказаў кіраўнік верхняй палаты парламента.

У Ашмянскім і Астравецкім раёнах прайшло пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі. Абмяркоўваліся шляхі фарміравання эфектыўнай рэгіянальнай палітыкі, якая служыць фактарам устойлівага эканамічнага росту. У пасяджэнні прынялі ўдзел старшыні раённых Саветаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Мэта сустрэчы — абмяняцца вопытам работы па вырашэнні пытанняў, якія хвалююць людзей.

Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу, што павышаную цікавасць выклікаюць пытанні занятасці, стварэння высокапрадукцыйных рабочых месцаў. Ён нагадаў, што, згодна з дэкрэтам № 1, камісіі па садзейнічанні ў працаўладкаванні павінны ўзначаліць старшыні адпаведных мясцовых Саветаў. У Ашмянах удзельнікі пасяджэння падрабязна абмеркавалі, як лепш арганізаваць работу гэтых камісій.

У Астраўцы асноўная ўвага была ўдзелена комплекснаму развіццю рэгіёна. Удзельнікі пасяджэння пабывалі ў інфармацыйным цэнтры Беларускай атамнай электрастанцыі, азнаёміліся з жылой забудовай і сацыяльнай інфраструктурай мікрараёнаў № 1 і № 2 у Астраўцы.