Фарміруем матывацыю да вывучэння гісторыі

- 14:18Навіны рэгіёнаў

Вялікую ролю ў арганізацыі выніковай адукацыйнай дзейнасці адыгрывае вучэбная матывацыя школьнікаў. Гэта адна з актуальных праблем псіхалагічнай і педагагічнай  навукі. Эфектыўнасць чалавечай дзейнасці залежыць на 20—30% ад інтэлекту і на 70—80% — ад матываў. Задача педагога — заахвоціць дзяцей так, каб навучанне для іх стала жаданай патрэбай, якая прыносіць задавальненне.

Вельмі важна ўжо з першых мінут стварыць спрыяльную атмасферу на ўроку і станоўчую матывацыю да інтэлектуальнай дзейнасці. Пачатак заняткаў павінен быць захапляльным, інтрыгуючым і запамінальным. Добры эмацыянальны настрой фарміруе станоўчыя адносіны да новых ведаў, стварае сітуацыю поспеху.

На ўроках гісторыі выкарыстоўваю розныя прыёмы актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў, фарміравання навыкаў самастойнай работы: “Даведайся, што тут зашыфравана” (у тэксце шыфруецца ключавое паняцце, якое тычыцца тэмы ўрока), “Бурымэ” (дзеці складаюць невялікае апавяданне пры дапамозе набору слоў ці словазлучэнняў), “Крок за крокам” (ідучы да дошкі, вучні на кожны крок называюць тэрмін, паняцце і азначэнне з вывучанага матэрыялу), “Знайдзі сябе” (клас дзеліцца на групы, якія атрымліваюць карткі з заданнямі і адказамі; вучні павінны супаставіць іх), “Сакрэтная дэпеша” (настаўнік дастае з канверта пісьмо з прапановай ажыццявіць падарожжа і вырашыць важную праблему), “Гульнявая мэта” (каманды ці групы вучняў выконваюць у гульнявой форме заданні на хуткасць), “Веру — не веру” (выкарыстоўваецца ў пачатку ўрока пры паўтарэнні пройдзенага матэрыялу і падрыхтоўцы да ўспрымання новай інфармацыі), “Інтрыга” (у пачатку ўрока задаецца цікавае, нечаканае пытанне, адказаць на якое можна толькі пасля заканчэння заняткаў), “Лаві памылку” (вучні папярэджваюцца, што ў прапанаваным тэксце прысутнічаюць памылкі; дзеці знаходзяць і выпраўляюць іх), “Свая апора” (настаўнік прапаноўвае адну частку апорнага канспекта, другую частку складаюць вучні) і інш. 

Існуе шмат спосабаў правесці арыгінальны пачатак урока на аснове міжвольнага інтарэсу, які ствараецца пры дапамозе праблемных сітуацый ці пастак пры выкананні пэўнай работы. Задача настаўніка — падабраць адпаведны дыдактычны матэрыял, вызначыць і дакладна сфармуляваць прадмет пошуку.

Кожны ўрок павінен змяшчаць штосьці такое, што выклікае здзіўленне і захапленне ў вучняў, тое, што яны запомняць, калі іншае забудуць: цікавы факт, нечаканае адкрыццё, прыгожы дослед, нестандартны падыход да ўжо вядомага. Так, можна па­чаць урок з цікавага пытання ці эпіграфа: “Як вы думаеце, што самае каштоўнае на Зямлі? Гэтае пытанне хвалявала чалавецтва не адну тысячу гадоў. “Веды — гэта сіла”, — пісаў Фрэнсіс Бэкан. Няхай гэтыя словы стануць дэвізам нашага ўрока”.

Каб хутка ўключыць дзяцей у работу, імкнуся зацікавіць іх, далучыўшы да актыўнай дзейнасці з самага пачатку ўрока. Дапамагаюць у гэтым розныя інтрыгуючыя ўстаноўкі. Так, пры вывучэнні тэмы “Заходнееўрапейская культура высокага сярэдневякоўя” пытаюся: “А ці ведаеце вы, што ва ўніверсітэтах мінулага адной з форм заняткаў былі слоўныя паядынкі? У іх выпрацоўвалася ўменне спрачацца. Напрыклад, прапаноўвалася адрозніць праўду ад ісціны. А якую тэму для спрэчкі прапанавалі б вы?”

Пры вывучэнні тэмы “Англія і краіны Скандынавіі ў X—XIII стагоддзях” паказваю слайд, які суправаджаю тэкстам: “Еўрапейцы пыталіся: “Хто гэтыя людзі? З якой яны краіны? За якія грахі Гасподзь наслаў іх на нас?” Хто гэтыя грозныя людзі на караблях?” (Вікінгі.)

Вялікую актыўнасць і зацікаўленасць вучні праяўляюць падчас праблемных сітуацый, створаных пры дапамозе гульнявой дзейнасці. Так, дзецям вельмі падабаецца гульня “Асоба ў гісторыі”. Пасля вывучэння раздзела “Славяне ў сярэдневякоўі” клас дзеліцца на 2 каманды. Прадстаўнікі кожнай з іх выходзяць да дошкі і па чарзе называ­юць прозвішча і дасягненні пэўнай гістарычнай асобы. Той, хто не называе чарговае імя, выбывае з гульні. Перамагае той, хто называе ўсіх гістарычных асоб пэўнага перыяду.

Гульнявая дзейнасць робіць навучанне цікавым і займальным, стварае добры эмацыянальны настрой, аблягчае засваенне матэрыялу. Нават самыя пасіўныя вучні ахвотна далучаюцца да гульні.

Засвоіць веды дапамагаюць урокі-казкі, урокі-падарожжы, урокі-дыспуты, урокі-спаборніцтвы і ўрокі-турніры. Так, пры вывучэнні тэмы “Заходняя Еўропа ў V—IX стагоддзях: пачатак новай цывілізацыі” дзеці адпраўляюцца ў завочнае падарожжа, вярнуцца з якога можна, толькі выканаўшы пэўныя заданні.

Можна прапанаваць вучням праблемнае заданне, а напрыканцы ўрока вярнуцца да яго. Вырашаючы праблему, школьнікі вучацца разважаць, шукаюць заканамернасці, пераконваюцца ў неабходнасці новых ведаў, якія набудуць на наступных занятках. Так, пры вывучэнні тэмы “Умацаванне Маскоўскага княства” прапаноўваю вызначыць, што абумовіла ўтварэнне цэнтралізаванай дзяржавы на Русі, чаму менавіта Масква стала цэнтрам аб’яднання рускіх земляў, якая роля ў гэтым працэсе належала маскоўскім князям і чаму невялікі горад Масква стаў сталіцай Расіі. Вучні фарміруюць вывады: перасячэнне гандлёвых шляхоў, абарона з Захаду і Усходу, добрыя адносіны з Ардой, падтрымка царквы, Масква стала палітычным цэнтрам Русі.

Марыя ПЯТРУШКА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства
Дараўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна.