Феерыя знаходак і адкрыццяў

- 10:33"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

У Віцебску адбыўся гала-канцэрт абласнога этапу агляду-конкурсу мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “АРТ-вакацыі”.

Творчае адкрыццё складана апісаць словамі: пры ўсім жаданні нельга поўнасцю перадаць у тэксце эмацыянальнае ўзрушэнне, здзіўленне, захапленне і трапяткую радасць ад судакранання з сапраўдным дзівам. Менавіта таму праграму, прадстаўленую на сцэне КЗ “Віцебск”, не хочацца назваць выдатным гала-канцэртам, нават адкрыццём — гэта была на вышэйшым узроўні зрэжысіраваная і прафесійна пададзеная феерыя ўдалых творчых знаходак і адкрыццяў, якая, напэўна, зрабіла б гонар любой вялікай сцэне.

Арганізатарамі абласнога этапу агляду-конкурсу выступілі ўпраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама і Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі. Свята натхнення і крэатыву, майстэрства і творчасці стартавала ў снежні і аб’яднала больш за 2000 навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі паўночнага рэгіёна. “Пяткі гараць” — называлася гарэзлівая кампазіцыя танцавальнага калектыву Аршанскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя тэкстыльшчыкаў імя Г.В.Сямёнава. У тых, каму пашчасціла знаходзіцца ў зале, — журы не выключэнне — пасля завяршэння канцэрта гарэлі далоні ад апладысментаў.
— Кожнаму, хто выходзіў сёння на сцэну і ўдзельнічаў у падрыхтоўцы гала-канцэрта, гатовы ў знак павагі паціснуць руку, — лаканічна выказаў свае ўражанні начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашка. — Праграма да глыбіні душы ўзрушыла.

Толькі так і не іначай — яшчэ раз пацвердзілі прадстаўнікі Оршы. Цёплы прыём сустрэлі калектывы дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа — харызматычны “Джаз-банд”, дынамічныя і спрытныя “X-men”, “Next”, “Экстрым” (усе тры пад кіраўніцтвам Таццяны Мурашкі). Авацыямі гледачы віталі ансамбль баяністаў “Колас” каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава, Наталлю Яўціхееву з дзяржаўнага медыцынскага каледжа і Марыю Дзем’янчук з каледжа-філіяла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту: дзяўчаты выбралі розныя па жанрах, але блізкія па глыбокім філасофскім падтэксце творы і прымусілі задумацца. Навучэнцы згаданага вышэй ліцэя тэкстыльшчыкаў уразілі і харэаграфічнымі нумарамі, і эфектным дэфіле на тэму “Мінулае, сучаснасць, будучыня” тэатра прычоскі пад кіраўніцтвам Вольгі Вячаслававай і Алесі Маханенка.

Модныя дэфіле варта адзначыць асобна. Як заўсёды, на вышыні былі калекцыі вядомых віцебскіх тэатраў мод і прычосак. Бездакорная “Графіка” (аўтары Алена Капітонава, Алена Міронава) і загадкавыя “Знакі задыяка” (аўтары — навучэнцы групы ПМ- 42) пацвердзілі заяўку індустрыяльна-педагагічнага каледжа ВДТУ на лідарства.

Голас маладзёжнай сталіцы рэспублікі, полацкія матывы ў гала-канцэрце прагучалі як ніколі выразна і ўпэўнена. Запомніліся “Кадрыль” танцавальнага калектыву “Viva” Полацкага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа і асабліва — цэлая праграма Полацкага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава. Знакамітая народная “А ў гародзе ярыца” ў выкананні аркестра “Рэнесанс” і ў апрацоўцы Таццяны Шыбуняевай зайграла новымі фарбамі ў выкананні народнага вакальнага ансамбля “Вясна”. Харэаграфічны калектыў “Нон-стоп” паклікаў у “Дарогу”, а музычны тэатр “Фігара” даў падставу гаварыць аб зараджэнні новай намінацыі фестывалю. Будучыя педагогі, перакладчыкі і спецыялісты турыстычнай сферы ажыццявілі іскрамётную пастаноўку паводле “Шымі” Імрэ Кальмана. Здаецца, да аперэты “АРТ-вакацыі” дагэтуль не падступаліся, а пасля бліскучага поспеху не змагла ўтрымацца ад пытання: можа, і да оперы недалёка? Кіраўнік “Фігара” Ганна Стрэльчанка патлумачыла: калектыў самадзейны і пакуль такога не можа сабе дазволіць, а вось выпускнікі тэатра — цяперашнія студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — сапраўды спяваюць у оперных спектаклях.

“Моладзь і творчасць — гісторыя будучыні” — скразной ніццю прайшоў праз усе выступленні дэвіз сёлетніх “АРТ-вакацый”. Як падкрэсліў дырэктар абласнога Палаца дзяцей і моладзі Дзмітрый Андрэеў, маладое пакаленне Віцебшчыны шануе традыцыі продкаў і не проста піша старонкі гісторыі, а натхнёнай творчасцю, вялікай працай стварае свае парталы ў будучыню — прычым перспектывы “далёка”, якое перад намі прыадкрываецца, даюць падставы для аптымізму. Што да геаграфіі ўдзельнікаў, надзвычай важна, што поруч з буйнымі гарадамі ў гала-канцэрце была дастойна прадстаўлена сельская глыбінка. Так, нікога не пакінула раўнадушным майстэрская дэкламацыя навучэнца Коханаўскага дзяржпрафліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Максіма Краўцова паводле “Белай Русі” мясцовага аўтара Міхаіла Татарановіча, выступленні Дзмітрыя Латышава з Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа і аматарскага танцавальнага калектыву “Усмешка” Відзаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа.

І ўсё ж найбольш вострая творчая барацьба разгарнулася менавіта паміж калектывамі Віцебска, Полацка і Наваполацка. У выніку дыпломам I cтупені ў намінацыі “Лепшая канцэртная праграма” ўзнагароджаны філіял БДТУ “Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж”. Дыпломамі II cтупені адзначаны Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж і Полацкі каледж ВДУ імя П.М.Машэрава. Дыпломы III ступені — у Наваполацкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў, Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа і Віцебскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 прыборабудавання. Лепшыя нумары праграмы рэспубліканскае журы адабрала для ўдзелу ў заключным этапе “АРТ-вакацый”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.