З перамогай вярнулася дадому каманда Міншчыны з Ленінградскай вобласці, дзе прайшоў адкрыты Міжнародны конкурс прафесійнага майстэрства “Фермер-2016”.
Каманда прадстаўляла на конкурсе Рэспубліку Беларусь. У каманду ўвайшлі Яўген Лягуш, навучэнец 3 курса Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, Аляксандр Сергіеня, навучэнец 2 курса Капыльскага дзяржаўнага каледжа, і Раман Паляшчук, навучэнец 1 курса Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Да конкурсу хлопцаў рыхтавалі майстры вытворчага навучання Дзмітрый Мікалаевіч Вабішчэвіч, Аляксандр Васільевіч Кунцэвіч, Міхаіл Станіслававіч Лазюк. Навучэнцы дастойна выступілі на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства па прафесіі трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці ў 2015 годзе, таму менавіта яны сёлета атрымалі права выступаць на міжнародным конкурсе ў Расіі.
Конкурс “Фермер” штогод праводзіцца камітэтам агульнай і прафесійнай адукацыі Ленінградскай вобласці з мэтай развіцця прафесійнага майстэрства навучэнцаў, выяўлення таленавітай моладзі, павышэння ўзроўню прафесіяналізму педагагічных кадраў і майстроў вытворчага навучання. Традыцыйна да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца навучэнцы ўстаноў адукацыі Ленінградскай вобласці і Фінляндыі. Каманда Беларусі выступіла на конкурсе ўпершыню.
Канкурсантам было прапанавана выканаць тры практычныя заданні: ваджэнне трактара МТЗ-82 з паўпрычэпам РОУ-6, пагрузка паддонаў і ўзворванне. Кожнае заданне прадугледжвала розныя практыкаванні. Так, выконваючы заданне па ваджэнні трактара, неабходна было развярнуцца ў абмежаванай прасторы, выехаць з бокса з паваротам на 90 градусаў, праехаць па траекторыі “змейка”, паставіць машыну ў бокс заднім ходам. Другое заданне патрабавала ў абмежаванай сігнальнымі стужкамі прасторы перамясціць тры драўляныя паддоны з адной пляцоўкі на іншую, зрабіць гэта хутка і без памылак. Гэтак жа — хутка і якасна — неабходна было ўзараць участак ворным агрэгатам пры выкананні трэцяга задання. Для нашых хлопцаў задача ўскладнялася тым, што менавіта на такіх мадэлях тэхнікі, якія былі прапанаваны арганізатарамі конкурсу, яны раней не працавалі. І ўсё ж гэты факт не змог вывесці хлопцаў з раўнавагі. Майстэрства ўзяло верх над хваляваннем — і беларускае трыа заваявала першае каманднае месца.
Члены журы вельмі высока ацанілі прафесійную падрыхтоўку нашых юнакоў. Беларуская каманда атрымала запрашэнне на Міжнародны конкурс прафесійнага майстэрства “Фермер-2017”, які адбудзецца ў Фінляндыі. Адправіць на конкурс, безумоўна, будзе каго. У Мінскай вобласці 13 устаноў адукацыі рыхтуюць навучэнцаў па спецыяльнасці “Трактарыст-машыніст”. І рыхтуюць, як паказвае жыццё і конкурсы, на высокім узроўні. Віншуем хлопцаў і чакаем новых перамог!
Дар’я РЭВА.