Сёння на ўсіх ступенях адукацыі ў рамках выкладання фізкультуры паспяхова выкарыстоўваюцца тэхналогіі фітнесу. Выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры вывучаюць фітнес-тэхналогіі падчас заняткаў і могуць іх прапанаваць на новым месцы працы ў школах, установах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі і г.д. У сувязі з гэтым прэстыж маладых настаўнікаў фізічнай культуры ўзрастае.
Кандыдат педагагічных навук дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Вераніка Садоўнікава выкладае студэнтам педагогіку фізічнай культуры і спорту, менеджмент і маркетынг у спорце, кіраванне аздараўляльнай і спартыўнай дзейнасцю ў Рэспубліцы Беларусь. Акрамя гэтага, яна займаецца тэарэтыка-метадалагічным абгрунтаваннем фітнес-дзейнасці і распрацавала вучэбную праграму курса павышэння кваліфікацыі спецыялістаў галіны “Фізічная культура і спорт”. Разам з калегамі Вераніка Садоўнікава выдзеліла 11 андрагагічных умоў навучання дарослых фізічнай культуры. Сёння яна расказвае аб гэтым у “Настаўніцкай газеце”.
— Вераніка Уладзіміраўна, што гэта за 11 андрагагічных умоў, пры якіх дарослыя без цяжкасцей могуць засвоіць новыя тэхналогіі ў фізічнай культуры?
— Гэта правілы, якія сёння многія навукоўцы раяць захоўваць пры навучанні дарослых, студэнтаў і спецыялістаў па фізічнай культуры. Пакуль яны не адаптаваны і не ўкаранёны ў сістэму фізкультурнай дадатковай адукацыі. Гэта я і спрабую зрабіць як навуковец і выкладчык.
На мой погляд, прынцып сумеснай дзейнасці ў андрагогіцы, пры якім роўны вучыць роўнага пры дапамозе гульняў, трэнінгаў, майстар-класаў, вельмі зручны для фізічнай культуры. Справа ў тым, што фізічнай культуры звычайна вучацца людзі, якія з дзяцінства маюць спартыўны вопыт і прыйшлі ў прафесію з розных відаў спорту. У працэсе навучання яны ў стане абменьвацца вопытам і ведамі. Таму я і прапаноўваю пачынаць навучанне фізічнай культуры не праз сухія акадэмічныя веды, а праз вопыт. Я за тое, каб звыклыя лекцыі, там, дзе гэта магчыма, замяняліся на больш актыўныя, пры якіх слухачы змаглі б асэнсоўваць атрыманую інфармацыю на практыцы. Гэта, па сутнасці, і ёсць так званы цыкл Дэвіда Колбы, які мы разам з аднадумцамі абгрунтоўваем у сваіх даследаваннях.
Яшчэ адзін прынцып андрагогікі заклікае выкарыстоўваць пры навучанні індывідуальны падыход і электыўнасць, што дазваляе нам рэалізаваць так званыя вучэбныя кантракты. Такі вучэбны кантракт заключаецца паміж выкладчыкам і навучэнцам з мэтай актывізаваць уключанасць апошняга ў працэс пазнання, узяць на сябе адказнасць за вынікі сваёй вучобы і адначасова займець у рамках вучэбных планаў і праграм свабоду выбару мэт, форм, метадаў, сродкаў, тэрмінаў, месца навучання і г.д. Гэты прынцып андрагогікі вельмі добра ўспрымаецца студэнтамі і спецыялістамі фізічнай культуры. Кампетэнт-насны падыход, на аснове якога сёння вучацца і студэнты, і спецыялісты, дазваляе педагогам стаць памагатымі для навучэнцаў у іх асабістай траекторыі пазнання вучэбнага матэрыялу, прадугледжанага стандартамі.
Фітнес-тэхналогіі як сучасную з’яву нельга спасцігнуць хутка і якасна без уліку вышэйназваных прынцыпаў. Рынак працы патрабуе ад спецыялістаў па фітнесе не толькі высокага ўзроўню прафесіяналізму, але і ўменняў уступаць ва ўзаемаадносіны з кліентамі, прыносіць фітнес-арганізацыям, у якіх яны працуюць, прыбытак і гэтым самым забяспечваць сябе работай. Таму фітнес-тэхналогіям сёння мы вучым толькі праз вопыт і ў адпаведнасці з прынцыпамі андрагогікі.
— На якіх кафедрах у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры сёння выкладаецца фітнес? Ці ўсе вашы выпускнікі пасля заканчэння ўніверсітэта валодаюць фітнес-тэхналогіямі?
— Сёння ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры існуе чатыры кафедры, на базе якіх можна атрымаць веды ў галіне фітнес-тэхналогій: кафедра фізічнай рэабілітацыі, кафедра лячэбнай фізічнай культуры, кафедра спартыўнай медыцыны, кафедра аздараўляльнай фізічнай культуры. Апошняя з’яўляецца спецыялізаванай па фітнес-тэхналогіях. Студэнты гэтай кафедры найлепшым чынам падрыхтаваны да фітнесу і з’яўляюцца спецыялістамі ў гэтай сферы. Тыя, хто калісьці скончыў наш універсітэт і не атрымаў веды ў гэтай новай галіне фізічнай культуры, могуць прайсці дадатковае навучанне на курсах у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму, дзе я таксама выкладаю. Спецыяльна для навучэнцаў гэтых курсаў я распрацавала праграмы па адзінаццаці найбольш папулярных кірунках фітнесу, такіх як аэробіка, функцыянальны трэнінг, сілавыя віды, пілатэс, фітнес-ёга, аквааэробіка і інш. На базе ІППК БДУФК мы вучым фітнес-тэхналогіям студэнтаў і спецыялістаў фізічнай культуры з 2006 года.
— Вераніка Уладзіміраўна, чаму вы захапіліся фітнесам? Як даўно гэта здарылася?
— У школьныя гады я захапілася рытмічнай гімнастыкай, якая была вельмі папулярнай на савецкіх тэлевізійных каналах і стала прадвесніцай аэробікі ў нашай краіне. У 11 класе пачала займацца спачатку рытмічнай гімнастыкай, а потым і аэробікай у групе такіх жа дзяўчынак, як сама. Гэта і паўплывала на мой прафесійны выбар. Я даведалася, што аэробіка выкладаецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры (тады — Акадэмія фізічнага выхавання і спорту), і вырашыла паступаць сюды. Калі вучылася на першых курсах, тут якраз пачалі выкладаць і фітнес-тэхналогіі.
— Слова “фітнес” увайшло ў лексіку беларусаў у 90-я гады. Наколькі прыжыўся гэты напрамак фізічнай культуры ў нашай краіне?
— Я сказала б, што фітнес не штосьці новае, а добра забытае старое з савецкага фізвыхавання. Аднак калі раней фізічныя практыкаванні мы рабілі, каб ста ць вынослівымі і выстаяць падчас цяжкіх выпрабаванняў, сёння мы павінны ўмець процістаяць стрэсу, высокай інфарматызацыі грамадства, сацыяльна-эканамічным рэаліям. Да таго ж нам хочацца быць больш здаровымі, развітымі, прыгожымі, разумнымі. Фітнес якраз і задавальняе запатрабаванні чалавека ў асабістым развіцці з пункту гледжання фізікі цела.
— Якія напрамкі фітнесу сталі моднымі ў апошні час?
— У 90-я гады лічыліся моднымі праграмы еўрапейскага характару: аэробіка, аквааэробіка, сілавы фітнес, для якіх характэрна рытмічнае паўтарэнне рухаў без іх асэнсавання. У апошнія гады людзей прыцягваюць усходнія псіхафізічныя віды фітнесу, такія як ёга і пілатэс. Сёння яны займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў фітнес-групах побач з аэробікай, аквааэробікай і атлетычнай гімнастыкай. Плюсы ад усходніх напрамкаў фітнесу заўважныя: гэта разуменне працэсаў арганізма і глыбокая рэфлексія самога сябе ў жыцці. Асэнсаванне сябе выражаецца праз рухі.
— На ваш погляд, што эфектыўней для аздараўлення чалавека — заходні напрамак фітнесу ці ўсходні?
— Максімальнага аздараўленчага эфекту можна дасягнуць, выкарыстоўваючы абедзве методыкі — і ўсходнюю, і заходнюю. Калі зацыкліцца на адной з іх, будзе назірацца крэн, як у крэсла з дзвюма ножкамі. У сродках масавай інфармацыі нярэдка кідаецца цень на ёгу, быццам чалавек, выкарыстоўвачы яе, настолькі паглыбляецца ў свой унутраны свет, што перастае весці сацыяльнае жыццё. Не лепшым чынам ідуць справы і тады, калі чалавек клапоціцца толькі пра свой знешні выгляд і з асаблівай настойлівасцю шліфуе сваё цела, выкарыстоўваючы небяскрыўдныя біялагічныя дабаўкі, як гэта часам назіраецца ў заходняй сістэме. Вопытны інструктар у стане прапанаваць кліенту для гарманічнага развіцця і заходнюю, і ўсходнюю методыкі, якія вядуць да гармоніі ўнутранага і знешняга свету.
— Сёння спажыўцам фітнесу прапаноўваецца такая вялікая колькасць праграм, што часта цяжка вызначыцца, якую менавіта выбраць…
— Трэба прыслухоўвацца да сябе. Фітнес-праграмы можна мяняць у залежнасці ад пор года, на якія рэагуе арганізм чалавека. Восенню, напрыклад, пасля доўгага перапынку можна заняцца хадзьбой, плаваннем ці аквааэробікай. Бліжэй да вясны будуць выніковымі нагрузкі на сілавую вынослівасць: пілатэс, каланетык, шэйпінг. Летам падыдуць спартыўныя гульні. У курортных зонах фітнес часта выкарыстоўваецца ў забаўляльных праграмах. Важна разумець, што самыя сур’ёзныя нагрузкі павінны прыходзіцца на сярэдзіну гадавога цыкла.
— Ці можа фітнес нашкодзіць?
— Смяротныя выпадкі пры занятках фітнесам нам не вядомы, але мы неаднаразова сутыкаліся з нараканнямі на тое, што пасля фізічных практыкаванняў узмацніліся болі ў каленных суставах ці спіне. Часта прычына недамаганняў хаваецца не ў фітнесе, дзе шкода выключана методыкамі, якія дазіруюць нагрузкі па проціпаказаннях. Рэкамендацыі для людзей з проціпаказаннямі ўключаны ў саму методыку фітнесу. Вядома, што сёння ў фітнес прыходзіць умоўна здаровае насельніцтва. І калі мы просім кліентаў прынесці даведку аб здароўі, у ёй можа быць указана часам адразу і два, і тры дыягназы. Спецыяльна навучаны трэнер сарыентуецца, якая методыка падыдзе ў тым або іншым выпадку.
Сёння інструктар па фітнесе ўзброены медыцынскай інфармацыяй і ведае аб працэсах, якія адбываюцца ў чалавечым арганізме падчас фізічнай нагрузкі. Азнаямленне з медыцынскай літаратурай аб захворваннях апорна-рухальнага апарату, мышачнай сістэмы, нервовай сістэмы і іншых жыццёва важных сістэм чалавека для інструктара па фітнесе з’яўляецца неабходным. Калі не ўлічваць паказанні або проціпаказанні людзей да фізічных нагрузак, то гэта будзе работа ўсляпую.
— Ці існуюць фітнес-праграмы для мужчын?
— Фітнесам для мужчын з’яўляюцца праграмы, звязаныя з атлетычнай гімнастыкай, з сілавымі нагрузкамі. Пры гэтым могуць выкарыстоўвацца два шляхі: доўгі і натуральны шлях нарошчвання мышачнай масы і павелічэння сілавых здольнасцей, і шлях набору мышачнай масы пры дапамозе анабалічных стэроідаў, біялагічных дабавак і спартыўнага харчавання. Апошні шлях можа прынесці шкоду здароўю. Гэта трэба ведаць усім бацькам, якія адпускаюць падлетка ў трэнажорную залу без трэнера.
— Чаму фітнес так хутка стаў папулярным сярод насельніцтва?
— Таму што ён арыентаваны на жаданне людзей мець прыгожае цела і здароўе. Фітнес — гэта не толькі добрая форма, але і павышаная працаздольнасць. Дзякуючы анкетаванню, якое пастаянна праводзіцца ў фітнес-групах, мы ведаем матывы тых, хто да нас прыходзіць. Жанчыны звычайна хочуць пахудзець ці скарэкціраваць свае формы. Хтосьці хоча ста ць дужэйшым, а хтосьці спрабуе вырашыць праблемы са спінай. Пры гэтым сярод прычын, па якіх чалавек прыйшоў на фітнес, абавязкова будзе названа патрэба ў зносінах. Нашы кліенты разумеюць, што карэкцыя вагі цела і аздараўленне патрабуюць часу, што вынік можна атрымаць не адразу. А вось зносіны можна атрымаць і ў першы дзень. Такім чынам, фітнес становіцца сацыяльнай з’явай. Статыстыка сведчыць, што фітнесам займаюцца людзі самага рознага ўзросту.
Ганна ЛАГУН.