Фізкультура — адзін са складнікаў паспяховага агульнага развіцця дашкольнікаў, лічаць у дзіцячым садзе №2 Століна

- 16:22Образование

У дзіцячым садзе № 2 Століна лічаць, што фізкультура — адзін з важных складнікаў паспяховага агульнага развіцця дашкольнікаў, бо ўсе бацькі хочуць бачыць сваіх дзяцей здаровымі, актыўнымі і жыццярадаснымі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Падчас вывучэння розных методык і тэхналогій фізічнага развіцця малышоў кіраўніка фізвыхавання Жанну Яснюк зацікавіў праект “Скачы, як чэмпіён, разам з Мішкам-Алімпішкам”, распрацаваны студэнткай Лізаветай Траццяк і загадчыцай кафедры гімнастыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Наталляй Мацюсь пры падтрымцы рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Беларуская алімпійская акадэмія”. Педагог разам з выхаванцамі старшай групы прыняла актыўны ўдзел у рэалізацыі гэтага праекта. 

— Яго мэта — выха­ваць здаровае і сацыяльна актыўнае насельніцтва, далучыць дзяцей да заняткаў скачкамі на батуце, папулярызаваць здаровы лад жыцця і алімпійскую тэматыку сярод дашкольнікаў, — гаворыць Жанна Яснюк. — Праект уключае планы-канспекты фізкультурных заняткаў і сцэнарый свята “Разам з Мішкам-Алімпішкам”.

Педагог вучыць дзяцей, як авалодаць базавымі навыкамі батутыста, расказвае пра гісторыю ўзнікнення і развіцця такога віду спорту, як скачкі на батуце, і пра беларускіх спартсменаў, якія не толькі займаюцца ім, але і заваёўваюць высокія ўзнагароды на Алімпійскіх гульнях.

— Дашкольнікам вельмі падабаюцца аповеды пра карысць трэніровак на батуце для касманаўтаў, — заўважае Жанна Яснюк. — Каб стаць моцнымі і вынослівымі, юныя батутысты старанна выконваюць усе заданні. Цяжэй за ўсё ім даюцца першыя заняткі, накіраваныя на развіццё здольнасці захоўваць раўнавагу. Утрымліваць цела ў нерухомым стане пэўны час, калі хочацца рухацца, даволі складана і фізічна, і псіхалагічна. 

Дзеці любяць спецыяльныя практыкаванні, якія дапамагаюць зразумець, як выконваецца сальта. З вялікім захапленнем дашкольнікі знаё­мяцца з разнавіднасцямі скачкоў. І гэта нядзіўна: у дзіцячым садзе ёсць міні-батут, дзе маленькія скакуны могуць выконваць некаторыя элементы.

— Асаблівая ўвага на занятках удзяляецца правільнай паставе, — працягвае Жанна Яснюк. — Сачыць за ёй лёгка, калі практыкаванні выконваюцца стоячы. А вось практыкаванні ў зыходным становішчы седзячы патрабуюць узмоцненага кант­ролю над сваім целам.

Для замацавання вывучанага матэрыялу аўтары праекта прапану­юць правесці спартыўнае свята. У госці да столінскіх выхаванцаў завітаў Мішка-Алімпішка з рознымі цікавы­мі заданнямі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікім энтузіязмам удзельнічалі ў эстафетах, паказвалі добрыя веды пра такі від спорту, як скачкі на батуце, і спартсменаў-батутыстаў. Пасля свята Мішка-Алімпішка падарыў яго ўдзельнікам тэматычныя буклеты і фотаздымкі беларускіх спартсменаў Івана Літвіновіча і Уладзіслава Ганчарова з аўтографамі.

Па словах педагога, удзел у праекце не толькі прыносіць дзецям станоўчыя эмоцыі, яркія ўражанні, новыя і цікавыя веды, але і добра паляпшае каардынацыйныя і скорасна-сілавыя здольнасці. Трэба адзначыць, што гульнявыя заданні можна падбіраць у адпаведнасці з падрыхтоўкай выхаванцаў і існуючай матэрыяльна-тэхнічнай базай, а значыць, наяўнасць батута зусім не абавязковая.

Для Жанны Яснюк удзел у праекце стаў карысным і пазнавальным вопытам, а таксама выдатнай матывацыяй да далейшага прафесійнага пошуку і самаразвіцця.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ