Формула поспеху

- 10:33Людзі адукацыі

Працавітасць і адказнасць, жыццялюбства і нацэленасць на вынік, любоў да дзяцей, калектыву і сваёй справы, памножаныя на аптымізм, — вось складальнікі формулы поспеху настаўніцы матэматыкі гімназіі № 3 Віцебска Святланы Іванаўны Андрэевай.

На працягу многіх гадоў мне пашчасціла праца­ваць у адным гімназічным калектыве са Святланай Іванаўнай Андрэевай. Гляджу на яе і здзіў­ляюся, як яна ўсё паспявае: падрыхтаваць дыферэнцыраваныя заданні да ўрока матэматыкі, удзельнічаць у рэспубліканскім інавацыйным праекце, падтрымаць маладых настаўнікаў, даць добрую параду, выдатна правесці мерапрыемства на фестывалі ведаў, а яшчэ заўсёды прыгожа выглядаць і быць пазітыўным чалавекам. За ўсім гэтым стаіць мэтанакіраваная праца і шматграннасць яе характару.

Аб прафесіі педагога Святлана Іванаўна марыла з дзяцінства. Захапленне матэматыкай, фізікай прыйшло ў школе. Менавіта на ўроках матэматыкі яна навучылася пры выкананні заданняў дзейнічаць спакойна, лагічна, а калі не падыходзіць адзін варыянт рашэння, то не здавацца і шукаць іншы. Школа заўсёды вабіла яе сваім чароўным светам адкрыццяў, прафесіяналізмам настаўнікаў, якія змаглі яе зацікавіць, павесці за сабой, развіць яе матэматычныя здольнасці. Таму выбар прафесіі для Святланы Іванаўны быў невыпадковым. У 1985 годзе яна скончыла Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.М.Кірава па спецыяльнасцi “Матэматыка і фізіка”. І ўжо больш за 30 гадоў з’яўляецца метадычна дасведчаным настаўнікам матэматыкі.

З верасня 2005 года і па жнівень 2019 года Святлана Іванаўна працавала ў гімназіі № 3 Віцебска намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Яна вопытны, мэтанакіраваны, творчы, ініцыятыўны педагог; валодае выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, працавітая, добрасумленная.

Па яе ініцыятыве на базе гімназіі з 2012 года дзейнічае клуб маладых педагогаў Кастрычніцкага раёна Віцебска. Некалькі гадоў Святлана Іванаўна ўвахо­дзіла ў творчую групу па рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі цьютарскага цэнтра па падрыхтоўцы будучых настаўнікаў”. На канферэнцыях рознага ўзроўню прадстаўляла вопыт узаема­дзеяння нашай гімназіі з ВДУ імя П.М.Машэрава ў цьютарскім напрамку супрацоўніцтва.

Менавіта дзякуючы яе энергіі, прафесіяналізму, высокаму ўзроўню культуры кіраўніка, у гімназіі ажыццяўляецца рэалізацыя рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.

Святлана Іванаўна добра валодае сваім прадметам і методыкай яго выкладання, пастаянна працуе над павышэннем свайго педагагічнага майстэрства. Пры правядзенні ўрокаў матэматыкі выкарыстоўвае як сучасныя, так і традыцыйныя адукацыйныя методыкі. А каб кожны вучань  змог праявіць свае здольнасці, выкарыстоўвае дыферэнцыраваны падыход. Пры падборы заданняў аддае перавагу практыка-арыентаваным, выкананне якіх спрыяе прымяненню тэарэтычных ведаў на практыцы.

Высокая прафесійная кампетэнтнасць настаўніка садзейнічае дасягненню значных станоўчых вынікаў, забяспечвае павышаны ўзровень падрыхтоўкі вучняў, які адпавядае патрабаванням дзяржаўнага адукацыйнага стандарта і кожны год пацвярджаецца высокімі вынікамі выпускных экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання па матэматыцы. Так, вучань 11 класа Ігар Шапіра атрымаў 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы. Гэта прыемна і настаўніцы, і бацькам хлопца.

Вялікую ўвагу ў сваёй рабоце Святлана Іванаўна ўдзяляе арганізацыі работы з адоранымі дзецьмі, дзякуючы чаму на працягу апошніх гадоў многія вучні гімназіі становяцца пераможцамі інтэлектуальных конкурсаў, навукова-даследчых канферэнцый, рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

За высокія паказчыкі некалькі навучэнцаў Святланы Іванаўны станавіліся лаўрэатамі спе­цыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

Святлана Іванаўна не толькі паспяховы настаўнік. Яе аўта­рытэт, добразычлівасць, ураўнаважанасць ствараюць у калектыве атмасферу ўзаемападтрымкі, зацікаўленасці ў дасягненні пастаўленых мэт. Да яе заўсёды можна звярнуцца па дапамогу, яна знаходзіць час, каб выслухаць, зразумець, падтрымаць свайго калегу. А гэта вельмі важна для зладжанай работы калектыву.

Прафесіяналізм і асабовыя якасці здабылі Святлане Іванаўне аўтарытэт сярод настаўнікаў і вучняў. За 30 гадоў плённай працы яна неаднаразова была ўзнагароджана дыпломамі і граматамі раённых і гарадскіх улад. За высокія паказчыкі ў прафесійнай дзейнасці была  адзначана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У 2018 годзе  Святлана  Іванаўна атрымала ганаровую ўзнагароду на пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі з рук міністра Ігара Карпенкі. І калектыў з радасцю сустракаў Святлану Іванаўну ў гімназіі  пасля ўрачыстай цырымоніі. А яна, усхваляваная, прымала самыя шчырыя віншаванні ад калег.

“Гэта ганаровая ўзнагарода — не толькі мая асабістая адзнака, а адлюстраванне работы ўсяго нашага калектыву”, — менавіта так пракаменціравала сваё ўзнагароджанне нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі” Святлана Іванаўна Андрэева.

Адметнымі рысамі работы Святланы Іванаўны ў гімназічным калектыве з’яўляюцца працавітасць, добразычлівасць, уменне дзейнічаць у камандзе, павесці калектыў за сабой. Усе гэтыя грані яе характару, прафесіяналізму і складаюць асабістую формулу яе поспеху, якая вызначае яе як паспяховага, таленавітага настаўніка і добразычлівага чалавека.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота з архіва гімназіі.