Галоўнае — імкненне перамагчы!

- 12:38Адукацыйная прастора

Падведзены вынікі ІІІ этапу Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, якая праходзіла з 9 па 12 студзеня ў Мінску на базе гімназіі № 41 імя В.Х.Сярэбранага і хімічнага факультэта БДУ. У спаборніцтвах прыняў удзел 91 чалавек — гэта навучэнцы 9—11 класаў, якія ўвайшлі ў склад 9 каманд Мінска.

Як расказала прадстаўнік аргкамітэта алімпіяды метадыст па хіміі МГІРА Галіна Мікалаеўна Ільіна, кожны раён Мінска ў ІІІ этапе спаборніцтваў прадстаўляе аднолькавая колькасць школьнікаў (па тры з кожнай паралелі). Права накіраваць на алімпіяду па пэўным прадмеце большую колькасць удзельнікаў атрымліваюць установы адукацыі тых раёнаў сталіцы, дзе ў папярэднія гады былі пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд па дадзеным прадмеце.

Навучэнцы шэрагу адукацыйных устаноў Мінска з году ў год атрымліваюць узнагароды падчас алімпіяды па хіміі. Гэта, напрыклад, гімназіі №№ 41, 29, 192, 37, 31, 7. Высокія веды па прадмеце дэманструюць вучні сярэдняй школы № 47 Ленінскага раёна, якія, між іншым, славяцца спартыўнымі дасягненнямі, і сярэдняй школы № 22 Партызанскага раёна, у якой дзейнічае круглагадовы міжшкольны факультатыў па хіміі.

Вядома, перамогі дзяцей — вынік прафесійнай дзейнасці іх педагогаў. Ні адзін выкладчык універсітэта, асабліва на пачатковым этапе падрыхтоўкі да спаборніцтваў, не зробіць для навучэнцаў столькі, колькі можа зрабіць школьны настаўнік, які мае час і магчымасць выслухаць кожнае дзіця, адказаць на яго пытанні, настроіць на поспех. Хімія пачынае вывучацца з 7 класа, а алімпіядныя выпрабаванні стартуюць з 9 класа. Тым не менш кожны год знаходзяцца дзеці, якія ўжо ў 7—8 класах з поспехам выступаюць на алімпіядах. Адзін з іх — цяперашні навучэнец 9 класа сярэдняй школы № 47 Даніла Казыркоў. У мінулым годзе ён стаў пераможцам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі.

Тэарэтычныя заданні на ІІІ этапе алімпіяды па хіміі для 9—11 класаў сёлета так ці інакш закраналі ўсе раздзелы гэтай навукі: арганіку, неарганіку, аналітыку і г.д. Прапаноўваліся і стандартныя разліковыя задачы. Заданні адрозніваліся толькі ступенню складанасці. На практычным туры ў 9 класе вучні праводзілі якасны аналіз неарганічных рэчываў. Неабходна было вызначыць тры растворы з нейтральным pH. Школьнікі павінны былі ўзяць па кропельцы кожнага раствору і выпарыць іх. Адзін раствор быў са звычайнай чыстай вадой, і пасля выпарвання ад яго нічога не засталося. Пасля выпарвання двух іншых выявіліся рэшткі белага колеру, па выглядзе якіх можна было вызначыць рэчывы. Работы дзевяцікласнікаў парадавалі журы, а вось вучні 10 класа справіліся горш, асабліва з практычнай часткай заданняў. Гэта можна патлумачыць тым, што заданні былі не зусім звычайнымі. Замест стандартнага набору арганічных рэчываў (гліцэрын, глюкоза, фруктоза) дзецям выдалі парашкі васьмі лекаў з аптэкі і рэактывы да іх і прапанавалі правесці якасны аналіз, а таксама вызначыць па тых або іншых асаблівасцях, што гэта за рэчывы. Вучні выконвалі стандартныя аперацыі: дабаўлялі рэактыў, глядзелі, ці раствараюцца рэчывы, ці страчваюць колер. Пры новых умовах прадэманстраваць веды і навыкі было складана. Адзінаццацікласнікі выконвалі класічнае практычнае заданне на цітраванне.

“Алімпіяда — гэта нібы рух па лесвіцы: адну прыступку пераадолеў, далей будзе новая, — адзначыў падчас уручэння ўзнагарод старшыня журы алімпіяды, кандыдат хімічных навук, загадчык кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі БДУ Віктар Мікалаевіч Хвалюк. — Сённяшні час нібыта спрасаваны, бясконцыя патокі інфармацыі, інтэнсіўнасць жыцця сучасных людзей настолькі вялікая, што вучням як мага раней трэба вызначыцца са сферай будучай дзейнасці. Недастаткова проста добра вучыцца ў школе. Каб у чымсьці сябе праявіць, дасягнуць адчувальных вынікаў і прызнання, неабходна прыкладаць дадатковыя самастойныя намаганні. Неверагодныя змены адбываюцца сёння на стыку хіміі і біялогіі ў спалучэнні з ІТ, штучным інтэлектам. Можна толькі пазайздросціць маладым людзям, якія будуць працаваць у названых кірунках”.

У складзе журы алімпіяды былі студэнты хімічнага факультэта БДУ, у мінулым таксама пераможцы алімпіяд. Сярод іх — Аляксей Гарахоўскі, студэнт 1 курса, уладальнік 4 залатых, 2 сярэбраных і 1 бронзавага медалёў міжнародных спаборніцтваў па хіміі. Ён адзначыў: “У 7—9 класах ты рыхтуешся да алімпіяды з настаўнікам, а далей, калі хочаш сур’ёзных вынікаў, павінен пераважна займацца сам, кансультавацца ў навукоўцаў, рашаць задачы рознага ўзроўню складанасці і, галоўнае, імкнуцца да перамогі”. Напрыклад, Максім Сысоенкаў, навучэнец 11 класа гімназіі № 50 Мінска, стаў абсалютным пераможцам ІІІ этапу алімпіяды сярод адзінаццацікласнікаў. У мінулым годзе ён быў уладальнікам залатога медаля на ІІІ Міжнароднай алімпіядзе мегаполісаў. З 7 класа юнак прымае ўдзел у алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях і лічыць, што сваім поспехам у многім абавязаны настаўніцы хіміі Юліі Валянцінаўне Акуліч, якая ўмее натхняць на перамогу. Максіма заўсёды падтрымлівалі бацькі. Юнак зараз заахвочвае малодшых навучэнцаў сваёй гімназіі да вывучэння хіміі, праводзіць для іх дадатковыя заняткі па прадмеце. У яго планах — паступленне на хімічны факультэт БДУ.

Па выніках ІІІ этапу алімпіяды па хіміі ўзнагароды (дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеней) атрымалі 45 працэнтаў яе ўдзельнікаў. Дыпломы І ступені заваявалі навучэнцы сталічных устаноў адукацыі: дзевяцікласнікі Мікіта Яромін з гімназіі № 33, Даніла Казыркоў з сярэдняй школы № 47, Уладзімір Кундэр з гімназіі № 29, дзесяцікласніца гімназіі № 39 Юлія Тулуп, а таксама адзінаццацікласнікі гімназіі № 29 Аляксандра Шчарбакова і гімназіі № 50 Максім Сысоенкаў.

25—29 сакавіка ў Гомелі адбудзецца заключны этап алімпіяды, у якім прымуць удзел 15 прадстаўнікоў устаноў адукацыі Мінска.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.