Галоўнае пытанне — умацаванне гандлёва–эканамічных сувязей

- 11:15Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі і Узбекістана ёсць узаемнае імкненне да рознабаковага развіцця дыялогу, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым у пашыраным складзе.

“Беларусь і Узбекістан заўсёды звязвала нешта большае, чым проста дружалюбныя адносіны. Гэта сімпатыя, заснаваная на ўласцівых нашым народам працавітасці, любові да зямлі, імкненні да міру і стварэння, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У нас насычаны парадак дня, шмат спадарожных мерапрыемстваў, звязаных з цяперашнім візітам: першы ў гісторыі Форум рэгіёнаў па прапанове Прэзідэнта Узбекістана, Дні культуры Узбекістана, нацыянальная выстава вашай краіны. Такая разнапланавая пра­грама з’яўляецца яркім пацвярджэннем узаемнага імкнення да рознабаковага развіцця дыялогу”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што пашырэнне прамых эканамічных і гуманітарных кантактаў паміж абласцямі, прадпрыемствамі, грамадзянамі забяспечыць якаснае ўмацаванне міждзяржаўных сувязей. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што па выніках яго мінулагодняга візіту ў Ташкент была зацверджана дарожная карта па развіцці супрацоўніцтва паміж краінамі. У гэты дакумент увайшло больш за 150 мерапрыемстваў, якія закранаюць сферы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі, будаўніцтва, транспарту, адукацыі. Паводле яго слоў, падпісаныя тады ў час візіту пагадненні (усяго 19 дакументаў) уступілі ў сілу і выконваюцца.

“Упэўнены, сённяшняя сустрэча на­дасць дадатковы імпульс двухбаковым адносінам, напоўніць іх новым практычным зместам”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Умацаванне гандлёва-эканамічных сувязей з’яўляецца галоўным пытаннем у беларуска-ўзбекістанскіх адносінах, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“За гады незалежнасці Узбекістан зрабіў якасны прарыў у дыверсіфікацыі нацыянальнай эканомікі, створаны новыя галіны: аўтамабілебудаванне, нафтагазахімія, вытворчасць сельгастэхнікі. Беларусь гатова пашыраць супрацоўніцтва з Узбекістанам на эканамічным напрамку, у тым ліку шляхам рэалізацыі сумесных інвестыцыйных праектаў”, — сказаў Аляксандр Лукашэн­ка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што апошнія гады тавараабарот паміж краінамі значна расце, але ўсё яшчэ не адпавядае існуючаму патэнцыялу. “Мы можам істотна павялічыць аб’ём гандлю. Больш за тое, мы лічым тавараабарот пад $200 млн, а на самай справе ён, калі ўлі­чыць пасрэднікаў, аж паўмільярда — розніца ў два з лішнім разы. Трэба навесці парадак, — падкрэсліў ён. — Гэта тычыцца не толькі беларускага экспарту, але і імпартных паставак з вашай краіны. Попыт на ўзбекскія бавоўнавае валакно, пражу, фрукты і іншыя тавары ў нашай краіне вельмі высокі”.

У мінулым годзе ў час візіту Прэзідэнта Беларусі ва Узбекістан бакі дамовіліся стварыць некалькі малочнатаварных ком­плексаў з прыцягненнем беларускіх праектных і будаўнічых арганізацый. Планавалася ўкамплектаваць іх беларускай тэхнікай. Цяпер удалося стварыць толькі адно сумеснае прадпрыемства ў Ташкенцкай вобласці, яго сузаснавальнікам выступіла ААТ “Здравушка-мілк”.

“Трэба гэтыя тры праекты завяр­шыць і пабудаваць малочныя перапрацоўчыя прадпрыемствы, каб мы маглі гандля­ваць не толькі ва Узбекістане, але і ў суседзяў, у прыватнасці, у Афганістане, — сказаў Аляксан­др Лукашэнка. — Напэўна, у нас ёсць невялікія праблемы з фінансаваннем гэтых праектаў. Тут і мы павінны паглядзець на гэтыя аб’екты, і, я думаю, Шаўкат Мірамонавіч, вы пасля гэтага візіту таксама абмяркуеце гэтыя пытанні. Мы падрыхтавалі ўжо план-графік паставак ва Узбекістан 1,5 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы ў 2019—2020 гадах. Мы ні на Венгрыю, ні на Еўропу не арыентуемся. Мы пабудуем комплексы і паставім сваю жывёлу, каб у вас было потым з каго запатрабаваць за вынік”.

Прэзідэнт з задавальненнем адзначыў інтэнсіўнае супрацоўніцтва ў галіне фармацэўтыкі. Бакі рэалізоўваюць тры сумесныя праекты на тэрыторыі Узбекістана: вытворчасць камплектаў дыялізатараў і дыялізных магістралей для хворых, якія пакуту­юць на нырачную недастатковасць, выпуск антыбіётыкаў, а таксама антысептычных і дэзынфіцыруючых сродкаў. Прапрацоўваецца пытанне стварэння адзінай вытворчай пляцоўкі холдынга “Белфармпрам” ва Узбе­кістане.

Яшчэ адной перспектыўнай сферай узаемадзеяння, на думку беларускага боку, з’яўляецца лёгкая прамысловасць. Беларусь традыцыйна закупляе ва Узбекістане значныя аб’ёмы баваўнянай пражы, трыкатажнага палатна, адзення. “Аднак і беларускія прадпрыемствы мо­гуць экспарта­ваць штучныя тканіны, трыкатаж, гарсэтныя, панчошна-шкарпэтачныя вырабы. Нашы фабрыкі пастаўляюць тканіны і тэкстыльную галантарэю для сілавых структур дзяржаў СНД. Мы зацікаўлены наладзіць больш цеснае ўзаемадзеянне з Узбе­кістанам”, — заявіў прэзідэнт. У прыклад ён прывёў работу па арганізацыі на ўзбекістанскай тэрыторыі выпуску абутку і футра з аўчыны холдынга “Марка”.

Перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва Аляксандр Лукашэнка таксама назваў ІТ-сектар. Ён адзначыў, што ў Беларусі паспяхова ствараюцца інфармацыйныя сістэмы ў сферах дзяржаўнага кіравання, транспарту, фінансава-крэдытнай дзейнасці, айчынныя кампаніі даказалі сваю канкурэнтаздольнасць на сусветным рынку. “Мы прапануем рэалізаваць ва Узбе­кістане праекты па ўкараненні аўтаматызаванай сістэмы ўліку прыроднага газу з выкарыстаннем беларускага праграмнага забеспячэння і лічыльнікаў газу, па мадэрнізацыі і аўтаматызацыі газаразмеркавальнай і газатранспартнай сетак. Калі будзе падтрымка гэтым праектам, мы гатовы пачаць іх практычную прапрацоўку”, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Шаўкат Мірзіёеў у сваю чаргу адзначыў, што адносіны паміж краінамі асабліва дынамічна развіваюцца ў апошнія гады. “Безумоўна, вырашальную ролю ў гэтым адыгрывае рэгулярны дыялог на вышэйшым узроўні і наша цвёрдая палітычная воля. Вынікі вашага, Аляксандр Рыгоравіч, мінулагодняга візіту ва Узбе­кістан сталі сапраўды прарыўнымі ва ўсіх напрамках. Зададзены новыя арыенціры далейшага практычнага супрацоўніцтва. Галоўнае — удалося стварыць спрыяльную атмасферу для ўсебаковага пашырэння даверных і ўзаемавыгадных адносін, — сказаў ён. — Мы многае зрабілі за апошнія некалькі гадоў, аднак патэнцыял і магчымасці для нашай будучай работы велізарныя”.

Прэзідэнт Узбекістана запэўніў, што ў найбліжэйшы час будзе абноўлена дарожная карта супрацоўніцтва дзвюх краін, каб замацаваць у ёй канкрэтныя даручэнні па вырашэнні праблемных пытанняў, якія абмяркоўваліся ў час яго візіту. У прыватнасці, гэта тычыцца выдзялення зямельнага ўчастка для арганізацыі сэрвіснага цэнтра абслугоўвання трактароў МТЗ, своечасовых разлікаў і фінансавання сумесных праектаў.

Паводле яго слоў, прадукцыю прамысловых гігантаў Беларусі, такіх як БелАЗ, МАЗ, МТЗ, ва Узбекістане добра веда­юць, яна з’яўляецца высакаякаснай і запатрабаванай. “Нам таксама ёсць што прапанаваць вам. Міжурадавай камісіі неабходна глыбока прааналізаваць гандлёвыя патокі і падрыхтаваць канкрэтныя прапановы, за кошт чаго мы можам у найбліжэйшыя гады павялічыць тавараабарот у разы, — падкрэсліў Шаўкат Мірзіёеў. — За два гады аб’ём тавараабароту вырас амаль у 4 разы. Тэмпы, вядома, уражваюць. Разам з тым важна задзейнічаць усе рэзервы і дасяг­нуць збалансаванасці ўзаемнага гандлю”.