Галоўная памылка – вылучэнне без рэальнай падтрымкі грамадства

- 13:49Выбары 2015

Галоўная памылка жадаючых стаць Прэзідэнтам – вылучэнне без рэальнай падтрымкі грамадства, адзначае сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

“Некаторыя ініцыятыўныя групы па колькасці не дацягвалі да ста членаў. Гэта значыць, што чалавек не мае рэальнай падтрымкі ў грамадстве, ён самавылучэнец. Хоць некаторыя і заяўляюць, што іх упаўнаважыў народ. Напэўна, гэты народ можна палічыць па пальцах дзвюх рук. Таму галоўная памылка ў тым, што яны вылучаюцца, не маючы рэальнай сацыяльнай падтрымкі”, – сказаў Мікалай Лазавік.
Паводле слоў сакратара ЦВК, многія грамадзяне, вылучаючыся ў кандыдаты ў прэзідэнты, задумваюцца аб сваіх амбіцыях за тыдзень да тэрмінаў падачы заявы. “Аб гэтым трэба думаць усё жыццё. Калі чалавек думае аб дабрабыце сваёй Айчыны і хоча дапамагчы ёй, ён у першую чаргу стараецца праявіць сябе не на самым высокім узроўні, а на пасадзе больш сціплай. Трэба спачатку зрабіць нешта карыснае для дзяржавы, дабіцца развіцця нейкага свайго праекта, зрабіць добрае для людзей, і толькі потым, абапіраючыся на падтрымку грамадзян, вылучацца на больш высокую пасаду. І не абавязкова Прэзідэнта: можа, спачатку дэпутата раённага або абласнога ўзроўню. Потым, зарэкамендаваўшы сябе сапраўдным дзяржаўным дзеячам, можна прэтэндаваць на самую высокую пасаду”, – лічыць прадстаўнік Цэнтрвыбаркама.
Мікалай Лазавік дадаў, што ў час кожнай выбарчай кампаніі з’яўляюцца людзі, якія хочуць або ўзняць свае асабістыя праблемы, або разрэкламаваць сябе. Былі выпадкі, калі вылучаліся артысты, прадпрымальнікі. У гэтым няма нічога заганнага. Такія былі заўсёды і ўсюды, адзначыў ён.