Галоўны дакумент — юным грамадзянам

- 11:31Інфармацыйная гадзіна

Штогод напярэдадні Дня Канстытуцыі ў нашай краіне ладзіцца Усебеларуская акцыя “Мы — грамадзяне Беларусі!”. Сёлета яна стартавала 10 сакавіка ў Палацы Незалежнасці, дзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў пашпарты лепшым 14-гадовым школьнікам. На наступны дзень акцыя прадоўжылася ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці, дзе галоўнымі героямі сталі 20 беларускіх падлеткаў з усіх рэгіёнаў краіны. Яны, нягледзячы на свой юны ўзрост, ужо дасягнулі пэўных поспехаў у вучобе, праявілі неардынарныя здольнасці ў творчых конкурсах, алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах. Свае першыя сінія кніжкі з залацістымі літарамі падлеткі атрымалі з рук кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Ігара Сергяенкі.

— Вы, сённяшнія школьнікі, прыехалі з розных рэгіёнаў краіны. Вы лепшыя ў вучобе, грамадскім жыцці, праяўляеце сябе ў спартыўных спаборніцтвах, конкурсах і нават квестах. Я ўпэўнены, што вы ганарыцеся сваёй малой радзімай і сваімі бацькамі. За вамі — будучыня нашай краіны, — звярнуўся Ігар Пятровіч да дзяцей. — Беларусь з кожным годам прырастае маладымі людзьмі, якім ёсць чым ганарыцца: сваёй краінай, бацькамі, пакаленнем вызваліцеляў — прадзедамі, якія заваявалі мірнае неба, свабоду, адстаялі незалежнасць краіны ў суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны.

Па словах Ігара Сергяенкі, сімвалічна, што акцыя праходзіць напярэдадні Дня Канстытуцыі. “Пашпарт — гэта не толькі дакумент, які пацвярджае асобу, гэта дакумент, які паказвае, што за вамі краіна і беларускі народ, — адзначыў ён у размове са школьнікамі. — Наперадзе ў вас цэлае жыццё. Пройдзе некалькі гадоў, вы ўсе станеце перад выбарам, куды ісці далей і кім ­стаць: інжынерам, вучоным, урачом, спартсменам або артыстам. Выбар прафесіі — гэта важны этап у жыцці, але, напэўна, не менш важна заставацца чалавекам і грама­дзянінам сваёй краіны, не зважаючы на званні і пасады”.

Віншуючы школьнікаў з уступ­леннем у дарослае жыццё, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта пажадаў ім быць мэтанакіраванымі, ісці далей, добра вучыцца, асвой­ваць новыя напрамкі, знайсці сябе ў жыцці, а таксама верыць у сябе і Беларусь.

Пасля ўрачыстай цырымоніі Ігар Пятровіч падзяліўся з журналістамі сваімі ўспамінамі пра тое, як ён атрымаў першы пашпарт на сваёй малой радзіме — Віцебшчыне. “Для мяне гэта быў асаблівы дзень. Я выдатна памятаю, як мяне прымалі ў піянеры ва ўрачыстай абстаноўцы, і як я пазней стаў камсамольцам. А атрыманне пашпарта стала наступным адказным этапам. Мы гэтак жа, вельмі асцярожна і ўсхвалявана, ставіліся да яго атрымання, бо гэта сапраўды своеасаблівая пуцёўка ў дарослае жыццё”, — адзначыў ён і нагадаў, што патрыятычная акцыя “Мы — грамадзяне Беларусі!” праводзіцца па ініцыятыве БРСМ з 2004 года, і за гэты час аб’яднала тысячы школьнікаў, якія затым скончылі УВА, знайшлі сябе ў жыцці і працягваюць спасцігаць новыя вышыні.

Першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Дзмітрый Варанюк, звяртаючыся да дзяцей, адзначыў: “Заўсёды памятайце, што кожная ваша перамога і справа ўвойдуць у скарбонку дасягненняў усёй нашай краіны. Сёння кожны з вас у падарунак атрымаў беларускі сцяг, які, думаю, зойме дастойнае месца ў вашых сем’ях, і разам з ім вы будзеце падарожні­чаць і наведваць мерапрыемствы, памятаючы пра сваіх бацькоў і сваю зямлю”.

Героямі ўрачыстасці сталі 20 выдатнікаў вучобы, актывістаў грама­дзянскіх маладзёжных арганізацый, пераможцаў і прызёраў рэспубліканскіх спаборніцтваў, конкурсаў, прадметных алімпіяд. Сярод іх — вучаніца 8 класа сярэдняй школы № 5 Гродна Аляксандра Дзмітрыева — пераможца школьных алімпіяд па фізіцы, геаграфіі, біялогіі і англійскай мове, абласных спаборніцтваў па карэйскім каратэ. “Мы атрымалі адзін з самых галоўных дакументаў у жыцці кожнага чалавека — гэта вельмі ганарова і адказна, мы пастараемся справай даказаць, што мы дастойныя грамадзяне роднай Беларусі. Сваім равеснікам жадаю заўсёды дасягаць пастаўленых мэт”, — сказала дзяўчына.

Пашпарт атрымала і вучаніца 8 класа сярэдняй школы № 59 Мінска Дар’я Малец — удзельніца рэспубліканскіх конкурсаў БРПА “СуперТройка” і “Запалі касцёр дабра”. Атрымаць свой першы галоўны дакумент з рук Ігара Сергяенкі выпаў гонар і васьмікласніку сярэдняй школы № 8 Скідзеля Дзмітрыю Мышко — пераможцу школьных алімпіяд па рускай мове і геаграфіі, прызёру спаборніцтваў па цяжкай атлетыцы. Ён прызнаўся: “Я ганаруся, што з усяго Скідзеля выбралі мяне для гэтай цырымоніі. А мае баць­кі ганарацца маімі поспехамі”.

Усебеларуская акцыя “Мы — грамадзяне Беларусі!”, прысвечаная Дню Канстытуцыі, праходзіць па ўсёй краіне з 10 па 15 сакавіка пад слоганам #раЗАм. За гэтыя дні больш як чатыры тысячы юных беларусаў атрымаюць галоўны дакумент з рук кіраўнікоў заканадаўчай і выканаўчай улады, грамадскіх дзеячаў і іншых заслужаных лю­дзей краіны. Так, учора, 13 сакавіка, у Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу яго старшыня Наталля Качанава павіншавала школьнікаў, а заўтра, у Дзень Канстытуцыі, фінал Усебеларускай акцыі адбудзецца ў Канстытуцыйным судзе з удзелам яго старшыні Пятра Міклашэвіча.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота БелТА.