Гарэць за ўсіх, хвалявацца за кожнага

- 8:35Настаўнік назаўжды, Суразмоўца, Суразмоўца

Мінула 100 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Цімафеевіча Дзямешкі — ганаровага грамадзяніна Маладзечна, першага дырэктара тады яшчэ сярэдняй школы № 6, якую ён узначальваў 32 гады. 

І застанецца памяць

“Без чалавечнасці не будзе вечнасці”, — сказаў вядомы беларускі пісьменнік Пімен Панчанка. Сцяпан Цімафеевіч Дзямешка заслужыў жыць у вяках, таму што быў чалавекам з вялікай літары: жыў на карысць людзям і Радзіме, сказанае падмацоўваў справамі, быў шчырым з сабой і з іншымі.

Сёння гімназія № 6 Маладзечна — даволі прэстыжная сярод жыхароў горада навучальная ўстанова, якая мае трывалыя традыцыі, згуртаваны творчы педагагічны калектыў. Але ці мог некалі падумаць маленькі сялянскі хлопчык, які нарадзіўся 7 красавіка 1922 года ў вёсцы Бушмін Талачынскага раёна Віцебскай вобласці, што нават праз 100 гадоў у сценах школы, якой ён літаральна аддасць сваё жыццё, будуць няспынна гучаць у яго адрас словы падзякі і пашаны.

— Вось я ўжо і сама пенсіянер, 38 гадоў — як адно імгненне. Вельмі ганаруся тым, што ў маёй працоўнай кніжцы толькі адзін запіс аб месцы работы. Упэўнена: вялізная заслуга ў гэтым майго першага дырэктара, які прывіў любоў менавіта да гэтай школы, калектыву, умацаваў упэўненасць у правільным выбары прафесіі, — успамінае настаўніца пачатковых класаў Таццяна Лявонаўна Талстая.

Сцяпан Цімафеевіч Дзямешка заслужыў жыць у вяках, таму што быў чалавекам з вялікай літары: жыў на карысць людзям і Радзіме, сказанае падмацоўваў справамі, быў шчырым з сабой і з іншымі.

Шчыра і сардэчна ўспамінаюць настаўніка і яго былыя навучэнцы, для якіх асоба дырэктара, педагога і проста чалавека, сябра таксама стала жыццевырашальнай. Ірына Расціславаўна Байтаз, якая ў 1992 годзе працягнула справу Сцяпана Цімафеевіча і стала другім дырэктарам школы, сёння ўрачыста заяўляе: 

— Заўсёды з любоўю і павагай  прыгадваю імя Сцяпана Цімафеевіча і настаўнікаў старэйшага пакалення, з якіх пачалася і я. Яны сфарміравалі маё крэда: прызнанне ўнікальнасці кожнага выхаванца і ўспрыманне школьнага калектыву як сям’і. Мой шчаслівы лёс пачаўся ў якасці вучаніцы менавіта ў гэтай школе. Калі я ўпершыню прыйшла ў 2 клас, мяне ўразіў маладжавы чалавек у шэрым касцюме, які замест трыдыцыйных слоў прывітання падкідваў дзяцей угору… Сцяпан Цімафеевіч быў не толькі таленавітым кіраўніком, якому ўдалося стварыць дружны, прафесійны і наватарскі калектыў. У старшых класах я пазнаёмілася з ім і як з цікавым настаўнікам гісторыі. Кожны яго ўрок быў цесна звязаны з жыццём, а шчырасць і павага да лю­дзей сталі прыкладам для маладога пакалення. Не дзіўна, што многія навучэнцы выбіралі менавіта прафесію педагога, а потым вярталіся ў родныя і дарагія сэрцу сцены. Так зрабіла і я. А дырэктар і мае калегі дапамаглі мне не толькі скончыць аспірантуру, але і паспяхова абараніць дысертацыю.

— Менавіта Сцяпан Цімафеевіч па­ўплываў на мой выбар прафесіі, і я паступіла на гістарычны факультэт Белдзярж­універсітэта. Разам з маім аднакласнікам Сяргеем Крапівіным, які стаў журналістам, мы часта зрывалі ўрокі: задавалі правакацыйныя пытанні, а настаўнік у сваю чаргу падтрымліваў “гульню”. З задавальненнем расказваў пра ўсё, аб чым пыталіся, але на другім уроку ў Сцяпана Цімафеевіча было шмат пытанняў і да нас, — успамінае Наталля Палтавец, старшы навуковы супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея.

А вось у Святланы Чыжыкавай, выпускніцы сярэдняй школы № 6, старшыні раённай арганізацыі Беларускага фонду міру, таксама ёсць кранальны ўспамін:

— Яшчэ трэцякласніцай мяне выклікалі ў кабінет дырэктара — чарговае даручэнне па самадзейнасці, якой захаплялася. Пакуль чакала Сцяпана Цімафеевіча, выпадкова разбіла хрустальную вазу. Плакала наўзрыд! Тым часам зайшоў дырэктар. Не, ён зусім не
ўшчуваў мяне, толькі абняў і сказаў: “Светачка, гэтая ваза павінна была калі-не­бу­дзь
разбіцца. Яна разбілася сёння, не плач”.

Жыццё натхняе на пошук

Добры, спагадлівы і чулы, крэатыўны і мэтанакіраваны — такім застаўся ў памяці калег і вучняў гэты чалавек. Адкуль ён чэрпаў натхненне і сілы? Напэўна, з самога жыцця, якое, дарэчы, часцей “біла”, чым “гладзіла”. Яшчэ ў дзяцінстве Сцяпан Цімафеевіч застаўся без бацькі, які паехаў на заробкі на Кубань і там загінуў. Удосталь прыйшлося адчуць гаркавы смак нішчымніцы: вучыўся пры лучыне, але не здаўся, атрымаў сямігадовую адукацыю, падлеткам друкаваўся ў мясцовай газеце, у 1938 годзе паступіў у Аршанскі чыгуначны тэхнікум. Толькі, здаецца, стаў на ногі, як новая бяда зноў разбурыла ўсе планы на жыццё. У гады Вялікай Айчыннай вайны С.Ц.Дзямешка ўдзельнічаў у партызанскім руху. У складзе брыгады “Гроза”, якая з 1942 года дзейнічала ў Талачынскім раёне, удзельнічаў у баявых аперацыях, быў разведчыкам. Шмат мог расказаць пра вайну, але не любіў успамінаць крывавыя падзеі.

С.Ц.Дзямешка ніколі не здаваўся, бо ведаў, што за плячыма былі людзі: калегі-аднадумцы, вучні, іх бацькі.

Сын, Аляксандр Сцяпанавіч, падзяліўся рэдкімі ўспамінамі Сцяпана Цімафеевіча: “Аднойчы бацька з таварышамі вярталіся з разведкі і натрапілі на засаду: і немцы, і мясцовыя паліцаі. Ворагі загадалі здавацца і ўзялі разведчыкаў на прыцэл. Бацька імгненна адрэагаваў: скокнуў пад каня і кінуўся бегчы пад жывёлінай. Ворагі стралялі. Бацька выжыў, а што сталася з таварышамі, не расказваў… А яшчэ аднойчы ляжаў з запаленнем лёгкіх у партызанскім лазарэце, які хутка пачалі бамбіць немцы. Зямлянку заваліла. Бацька страціў прытомнасць, а калі ачуняў, было цёмна і бязлюдна. Прыйшлося ісці ў адной бялізне, абяссіленаму, два кіламетры да найбліжэйшай вёскі”.

Пасля вайны неабходна было адбудоўваць жыццё нанава і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. У 1953 годзе Сцяпан Цімафеевіч Дзямешка скончыў Мінскі педагагічны інстытут (гістарычны факультэт). Пачаткам педагагічнай дзейнасці стаў 1959 год. Лёс закінуў Сцяпана Цімафеевіча ў Маладзечанскі раён, дзе ён працаваў спачатку ў якасці настаўніка Радашковіцкай сярэдняй школы, а 12 ліпеня 1960 года ўзначаліў педагагічны калектыў сярэдняй школы № 6 Маладзечна. На той момант гэта быў ужо вопытны чалавек, які ведаў цану адказнасці, умеў працаваць з калектывам, а самае галоўнае, меў на сваім рахунку невычарпальны запас новых і крэатыўных ідэй. Сярэдняя школа № 6 была адной з першых у рэспубліцы школ новага тыпу з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы і першай навучальнай установай у Маладзечне, у якой асвойваліся новыя праграмы навучання і формы выхаваўчай работы. 

Школа з’яўлялася апорнай у вобласці па ўкараненні ліпецкага метаду навучання. Таксама  яна стала эксперыментальнай базай па пераходзе на трохгадовае навучанне ў пачатковай школе, і гэты эксперымент у выніку быў прызнаны паспяховым.

Навучанне англійскай мове ў той час адбывалася ва ўмовах адсутнасці маўленчага асяроддзя. Сцяпан Цімафеевіч прыклаў нямала намаганняў для вырашэння гэтай праблемы. Так, па ініцыятыве педагагічнага калектыву і падтрымцы дырэктара было вырашана стварыць школьны тэатр на англійскім рэпертуары, здымаць вучэбныя фільмы, некаторыя прадметы (геаграфія, гісторыя) нават выкладаліся на англійскай мове. Дырэктар С.Ц.Дзямешка неаднаразова наведваў мясцовы радыёзавод “Спадарожнік”, прасіў аказаць дапамогу ў адкрыцці лінгафоннага кабінета. У выніку пры падтрымцы настаўнікаў і бацькоў у школе быў створаны першы ў краіне лінгафонны кабінет англійскай мовы па чарцяжах, дасланых у школу Міністэрствам адукацыі СССР.

Школа пад кіраўніцтвам С.Ц.Дзямешкі была двойчы ўдзельніцай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. За паспяховы ўдзел у ВДНГ школа была
ўзнагароджана дыпломам III ступені, а 17 са­кавіка 1976 года Сцяпан Цімафеевіч атрымаў ордэн Леніна.

За свой працоўны шлях Сцяпан Цімафеевіч атрымаў шмат узнагарод і падзяк, у тым ліку ордэн Славы III ступені (1949), ордэн Леніна (1976), ордэн Айчыннай вайны II ступені (1987), медалі “За адвагу” (1965), “Партызан Айчыннай вайны” (1950), “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945” (1946), “Выдатнік народнай асветы”(1966), “Заслужаны настаўнік Беларускай ССР” (1968), “Выдатнік асветы СССР” (1975). Але самай важнай падзякай, непадуладнай часу, з’яўляецца добрая памяць навучэнцаў, калег і родных.

Быць прыкладам

Нягледзячы на шматлікія перашкоды, С.Ц.Дзямешка ніколі не здаваўся, бо ведаў, што за плячыма былі людзі: калегі-адна­думцы, вучні, іх бацькі. Пачуццё адказнасці і клопату пра іншых не давала спыніцца ні на хвіліну. У многім выключны Сцяпан Цімафеевіч і супрацоўнікаў падбіраў таленавітых, дзёрзкіх, неабыякавых да лёсу моладзі. Калектыў быў адзі­най сям’ёй: ра­зам радаваліся і разам гарэлі за справу, за вынік.  А яшчэ былы дырэктар любіў паўтараць: “Бацькі — гэта сіла”. Абачлівы педагог і кіраўнік разумеў, што за моладдзю — будучыня. 

Сцяпана Дзямешкі не стала 13 красавіка 2002 года. Сёння яго імя ўшаноўваецца новым пакаленнем. У 2003 годзе, напярэдадні Дня Перамогі, на будынку сярэдняй школы № 6 (дарэчы, зараз гэта ўжо гімназія) з’явілася мемарыяльная дошка. 

Наталля РАК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 6 Маладзечна.