Гаспадараць робаты

У Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці прайшоў беларускі этап Сусветнай алімпіяды робатаў (World robot  Olympiad — WRO-2014). Наша краіна ўпершыню ўдзельнічае ў такім маштабным спаборніцтве ў сферы робататэхнікі, і яе будуць прадстаўляць Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і Школа робататэхнікі. У беларускім этапе алімпіяды прымае ўдзел каля 100 юных робататэхнікаў ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў з самых розных рэгіёнаў краіны.

Сусветная алімпіяда па робататэхніцы бярэ свой пачатак з 2004 года, калі каманды школьнікаў з усяго свету сустрэліся ў Сінгапуры, каб пака-заць свае ўменні і навыкі ў галіне канструявання і праграмавання мабільных робатаў. З таго часу Сусветная алімпіяда праводзіцца кожны год, і па выніках мінулага года было зарэгістравана каля 19 тысяч каманд з 48 краін. Сёлета да іх далучылася каманда Беларусі.
Развіццё робататэхнікі стала вядучым праектам у дзейнасці новастворанай установы — Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, стратэгічнай мэтай якога стала далучэнне дзяцей і моладзі нашай краіны да сферы высокіх тэхналогій, выяўленне і падтрымка юных талентаў, фарміраванне прафесійнага самавызначэння ў раннім узросце, усвядомленага прафесійнага выбару і скіравання нашай моладзі на атрыманне інжынерных спецыяльнасцей.
— Сёння ў шэрагу ВНУ існуюць спецыяльнасці, якія звязаны з робататэхнікай, але ў большасці выпадкаў не адбываецца папярэдняй арыентацыі школьнікаў на працяг навучання ў гэтым кірунку, — зазначае дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей Міхайлавіч Сачко. — Многія абітурыенты імкнуцца трапіць менавіта на тыя спецыяльнасці, якія звязаны з інфармацыйнымі тэхналогіямі, не прадугледжваючы ўсіх магчымасцей робататэхнікі. Між тым гульні ў робаты, канструяванне і вынаходніцтва ўласцівы большасці сучасных дзяцей. Такім чынам, у нас сёння з’явілася магчымасць і наспела неабходнасць у бесперапынным навучанні ў сферы робататэхнікі. Запоўніць прабел паміж дзіцячымі захапленнямі і сур’ёзнай універсітэцкай падрыхтоўкай дазволіць вывучэнне робататэхнікі праз рэалізацыю праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У гэтым навучальным годзе пачата апрабацыя такіх адукацыйных праграм у галіне робататэхнікі.
Як расказаў намеснік дырэктара цэнтра Аляксандр Гаўрылавіч Серада, разам з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі і Школай робататэхнікі Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці вядзе актыўную работу па стварэнні інавацыйных пляцовак па ўкараненні ў адукацыйны працэс дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі найноўшых тэхналогій і робататэхнікі. “Белтэлекам” плануе забяспечыць бясплатным доступам да інтэрнэту і тэхнічным аснашчэннем сем інавацыйных пляцовак у цэнтрах тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.
Інжынер-праграміст лабараторыі робататэхнікі Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці С.Г.Кулакоў расказаў, што лабараторыя адкрыта нядаўна, але ўжо набыла вялікую папулярнасць сярод маладых людзей. Навучанне ў лабараторыі вядзецца з выкарыстаннем метадычных прыёмаў, спецыяльна распрацаваных для развіцця і засваення ў дзяцей тэхнічнага канструявання і мадэлявання. С.Г.Кулакоў займаецца распрацоўкай метадычных праграм для навучання навыкам робататэхнікі навучэнцаў малодшых і старшых класаў.
— Перш-наперш мы імкнёмся развіваць у нашых выхаванцаў творчае мысленне і жаданне вынаходзіць, — зазначае Сяргей Генадзьевіч. — І калі гэтыя рысы сфарміруюцца ў іх характары, то ў далейшым свае ўменні і навыкі яны змогуць выкарыстаць як у прафесійнай дзейнасці, так і ўвогуле ў жыцці. Удзельнікі беларускага фіналу алімпіяды павінны былі выканаць заданні па зборцы і праграмаванні робатаў, каб сабраныя канструкцыі і механізмы змаглі выконваць канкрэтныя заданні. Свае ўменні і навыкі каманды дэманструюць у дзвюх катэгорыях — асноўнай і творчай. У асноўнай катэгорыі выступаюць малодшая ўзроставая група, якая выконвае заданне “Ракета”, і сярэдняя ўзроставая група, якая выконвае заданне “Спадарожнік”. Як бачна, абодва заданні прысвечаны касмічнай тэме, але па ўзроўні складанасці істотна адрозніваюцца. Так, удзельнікі конкурсу малодшай узроставай групы ствараюць робата стандартных памераў і праграмуюць яго на аперацыю па зборцы ракеты з трох частак рознага колеру. Адметна, што ўсе часткі будучай ракеты на саміх спаборніцтвах размешчаны ў тым парадку, які не прадказальны для робата. Сабраная за адпаведны час ракета павінна быць адпраўлена ў космас.
Заданне для ўдзельнікаў сярэдняй узроставай групы прадугледжвае стварэнне робата-спадарожніка, які будзе рухацца па арбіце і збіраць касмічнае смецце ў выглядзе няспраўных спадарожнікаў. Складанасць праекта ў тым, што пасля збору смецця робат-спадарожнік павінен выйсці на іншую арбіту, дзе рухаецца арбітальная станцыя, састыкавацца з ёю і выгрузіць сабранае касмічнае смецце на борт станцыі. Адным з самых спрытных аказаўся на спаборніцтве робат, створаны Мікалаем Чарнёнкам, навучэнцам сярэдняй школы № 2 Заслаўля, і навучэнцам гімназіі № 61 Мінска Аляксеем Быкавым. Хлопцы ўжо даўно займаюцца робататэхнікай і ні разу не пашкадавалі аб выбраным занятку. Абодва мараць звязаць сваё далейшае жыццё з робататэхнікай на прафесійнай аснове і паступіць у ВНУ.
У творчай катэгорыі спаборніцтва ўдзельнікі рыхтуюць праекты па тэмах “Робаты і космас” і “Arduino: Робаты і жывая прырода”, у рамках якіх каманды павінны стварыць робатаў з дэталей LEGO на касмічную тэму і прадэманстраваць іх работу на мікрапрацэсарнай платформе Arduino, якая дазваляе вызначыць кіслотнасць глебы, тэмпературны рэжым з дапамогай віртуальнага кіравання.
Тэмай жывой прыроды былі ахоплены многія ўдзельнікі. Быў прадстаўлены робат-аўтамабіль, аснашчаны фота- і відэакамерамі, які здольны праводзіць здымкі наваколля і шэраг іншых механізмаў, запраграмаваных на ахову і даследаванне жывой прыроды. А вось Андрэй Бабкоў, удзельнік спаборніцтва з Оршы, вядомы як стваральнік веламабіля, здольнага збіраць смецце на вуліцы, і які стаў прызёрам на міжнародных спаборніцтвах, на гэтым конкурсе паказаў свайго робата ў выглядзе чарапашкі.
Каманда Алены Пятроўны Хадкевіч, настаўніцы хіміі сярэдняй школы № 19 Оршы, вядомая ў нашай краіне і за яе межамі. Яе ўдзельнікі прадстаўлялі свае вырабы на многіх спаборніцтвах і выставах. Асаблівых вынікаў дасягнулі навучэнцы ў праекце, звязаным з выкарыстаннем бальсы — самай лёгкай драўніны. Навучэнскія вырабы атрымалі самыя высокія ацэнкі на міжнародных спаборніцтвах. Хутка ў школе будзе адкрыта лабараторыя робататэхнікі, якая дазволіць пашырыць творчыя магчымасці навучэнцаў. Рэалізацыя такога напрамку не абышлася без актыўнага ўдзелу дырэктара школы Людмілы Віктараўны Шапавалавай. Дапамогу ўстанове ў стварэнні новых праектаў аказваюць вядучыя прадпрыемствы горада, грамадскасць, органы кіравання.
На беларускі фінал алімпіяды выхаванцы школы прывезлі сваіх робатаў для ўдзелу ў творчай катэгорыі спаборніцтва, і ніводны выраб навучэнцаў не застаўся без увагі.
— У нашай школе вельмі многа навучэнцаў, якіх можна назваць прыроджанымі робататэхнікамі, — расказвае Алена Пятроўна Хадкевіч. — Напрыклад, Іван Фурсаў зрабіў робата, які кантралюе кармленне ката, а робат Андрэя Бабкова вызначае тэмпературны рэжым вады.
— Мы два гады наведваем школьны гурток і з задавальненнем займаемся робататэхнікай, — расказваюць хлопцы. — Гэты занятак вельмі цікавы, але і патрабуе кожны раз новых ведаў, новай інфармацыі, а значыць, мы не можам стаяць на месцы, інакш сучасныя тэхналогіі нас абгоняць. Мы пастаянна займаемся ўдасканаленнем таго, што ўжо ўмеем і ведаем, і імкнёмся да новага, а таму шмат чытаем, вывучаем іншы вопыт, вядзём даследчую работу. Усё гэта дапамагае нам паказваць добрыя вынікі на спаборніцтвах.
— Сапраўды, калі нашы дзеці знаходзяць сабе любімы занятак, то гэта заўсёды прыводзіць да агульнага поспеху, — разважае Вера Аляксандраўна Гвоздзь, выкладчыца Школы робататэхнікі на базе сярэдняй школы № 161 Мінска. — Міжволі дзеці становяцца больш дысцыплінаванымі, адказнымі, яны імкнуцца да ўдасканалення. Так, напрыклад, робататэхніка — гэта не толькі захапляльны і відовішчны занятак, ён развівае творчае мысленне, матэматычныя здольнасці дзяцей, у іх расце дух спаборніцтва, імкненне перамагаць, здзіўляць і ператва-рыць сваю мару ў рэальнасць.
Вера Аляксандраўна з захапленнем расказала пра сваіх выхаванцаў, якія толькі пайшлі ў школу, але ўжо актыўна праяўляюць цікавасць да тэхнічнай творчасці. Напрыклад, малодшакласнік Максім Буракоў замахнуўся на машыну часу і марыць яе стварыць у самы бліжэйшы час. У беларускім этапе Сусветнай алімпіяды ўдзельнічаюць шмат сталічных школьнікаў і ў заданні па стварэнні ракеты паспяхова дэманструюць свае вырабы. Так, Арцём Марчанка і Алексей Ліхадзіеўскі зрабілі такіх паслухмяных робатаў, якія дакладна, па-майстэрску вывелі ракеты на арбіту.
Уладзімір Уладзіміравіч Белавусаў з Брэста прыехаў на алімпіяду разам са сваім сынам Ціханам. Хлопчык вучыцца толькі ў чацвёртым класе сярэдняй школы № 15 Брэста, але ўжо мае вопыт у работатэхніцы. На спаборніцтве ён разам з бацькам удзельнічае ў творчай катэгорыі і дэманструе робата, які сам малюе.
— У робататэхніцы нас больш за ўсё прыцягвае не само стварэнне робата, а яго праграмаванне, — расказвае Уладзімір Уладзіміравіч. — Удыхнуць у яго інтэлект — вось што самае захапляльнае ў гэтым занятку.
Пасля выканання ўсіх заданняў беларускага этапу алімпіяды былі вызначаны пераможцы. Дыпломы I ступені ў асноўнай катэгорыі (малодшая ўзроставая група) атрымалі навучэнцы гімназіі № 37 Мінска Сцяпан Кабіценка і Карына Цыўля. Дыпломы II ступені ўручаны навучэнцам гімназіі № 12 Мінска Кацярыне Угланавай і Аляксандру Яфімчыку. Уладальнікамі дыпломаў III ступені сталі Мікіта Касінскі з сярэдняй школы № 24 Мінска і Ілья Дзяўга з гімназіі № 40 Мінска.
У сярэдняй узроставай групе дыпломы I ступені заваявалі Аляксей Лявонаў, навучэнец гімназіі № 31 Мінска, і Дзмітрый Яцкевіч з гімназіі № 174 Мінска. Уладальнікамі дыпломаў II ступені сталі Данііл Лознер з гімназіі № 50 Мінска і Амір Тамарылаеў, навучэнец сярэдняй школы № 203 Мінска. Дыпломамі III ступені ўзнагароджаны навучэнцы гімназіі № 40 Мінска Максім Бянчук і Ігар Залеўскі.
Па выніках спаборніцтваў у творчай катэгорыі (тэма “Робаты і космас”) дыпломамі I ступені ўзнагароджаны Мікалай Якубаў з гімназіі № 12 Мінска і Захар Кот з гімназіі № 10 Мінска. Дыплом II ступені атрымаў Аляксандр Красоўскі, навучэнец гімназіі № 10 Мінска. У творчай катэгорыі па тэме “Аrduino: Робаты і жывая прырода” дыплом I ступені атрымаў Максім Масальскі, студэнт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Дыплом II ступені — у Ціхана Белавусава з сярэдняй школы № 15 Брэста. Дыпломы III ступені ўручаны Андрэю Бабкову, навучэнцу сярэдняй школы № 21 Оршы, і Івану Фурсаву з сярэдняй школы № 19 Оршы.
Пераможцы беларускага этапу алімпіяды будуць удзельнічаць у яе фінале, які адбудзецца ў Сочы ў лістападзе. Чакаецца, што туды прыедзе больш за 400 каманд з 50 краін свету. У сёлетніх спаборніцтвах каманды-ўдзельніцы будуць спаборнічаць у такіх катэгорыях, як футбол робатаў, робатрафік і іншыя.

Ала КЛЮЙКО.