Гатовы да ўзмацнення палітычнага дыялогу

- 10:41Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на садзейнічанне Еўрапейскага саюза стабілізацыі сітуацыі ва Украіне. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын.

“У нас ёсць з вамі агульная праблема, можна сказаць, бяда — Украіна. Я вельмі добра ведаю ўкраінскі народ і ўсё тое, што сёння адбываецца ва Украіне, гэты народ таго не заслужыў. Прайшлі прэзідэнцкія, парламенцкія выбары, важнае пытанне так ці інакш там вырашана — пытанне ўлады. У свой час Еўрапейскі саюз даў шмат абнадзейлівых сігналаў для гэтай брацкай для нас краіны і брацкага для нас народа. Я вас вельмі прасіў бы аказаць усялякае садзейнічанне стабілізацыі сітуацыі ва Украіне”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што разлічвае на гэта не толькі таму, што асабіста супера­жывае ўкраінскаму народу. “Справа ў тым, што гэтая праблема наша з вамі — мы, украінцы і вы жывём у адным рэгіёне. Гэты нарыў, гэты галаўны боль для Еўрапей­скага саюза трэба як мага хутчэй зняць. Таму я пераканаўча прашу вас, як бы ні было складана вам цяпер, едучы ў іншую краіну, перадаць гэты сігнал Еўрапейскаму саюзу: Украіна мае патрэбу ў падтрымцы”, — падкрэсліў беларускі лідар.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, ЕС нясе поўную адказнасць за падзеі, якія адбываюцца ва Украіне, бо ён у свой час прапанаваў ёй альтэрнатыву — пайсці на збліжэнне з Еўропай. “Украіна пайшла і арыентуецца на Еўропу, напэўна, цяпер больш, чым на Расію, Беларусь, ЕАЭС. Еўрапейскі саюз сказаў “А”, павінен сказаць “Б”, калі гаварыць адкрыта. Трэба дапамагчы ўкраінскаму народу”, — рэзюмаваў ён.

Беларусь гатова да ўзмацнення палітычнага дыялогу з Еўрапейскім саюзам, адзначыў у ходзе размовы з кіраўніком прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Няма сёння перашкод для таго, каб узмацняць дыялог не толькі па эканамічных, але і палітычных пытаннях. Беларусь да гэтага гатова. Давайце будзем у гэтым напрамку рухацца, не чакаючы якіх бы там ні было падзей: парламенцкіх  ці прэзідэнцкіх выбараў. Думаю, нашы адносіны важнейшыя за ўсялякія палітычныя кампаніі ў вас або ў нас”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў вялікі ўклад Андрэа Віктарын у развіццё адносін паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, падкрэсліўшы, што апошнія гады яны развіваюцца найбольш эфектыўна. “Я вам удзячны ад імя беларускага народа за гэты прамежак часу, які вы адпрацавалі і які быў вельмі пазітыўны ў нашых адносінах з Еўрасаюзам, — сказаў прэзідэнт. — Я вельмі спадзяюся, што на замену вам прыедзе дастойны чалавек. Я хачу пажадаць вам усялякіх поспехаў у Арменіі. Гэта дружалюбная да Беларусі краіна, у нечым вельмі падобная, таму вам лёгка будзе ўвайсці ў курс справы ў Арменіі. І не забывайце, што чатыры гады — гэта ўсё ж такі пэўны тэрмін у вашым жыцці, і ён звязаны з Беларуссю. Мы заўсёды будзем рады бачыць вас, тым больш для вас візы не патрэбны”.

Асобную ўдзячнасць Аляксандр Лукашэнка выказаў за фінансавую падтрымку, якую ЕС аказвае праектам у Беларусі, у тым ліку па развіцці інфраструктуры. “Гэта трэба будзе не толькі беларусам, але і еўрапейцам”, — падкрэсліў ён.

Андрэа Віктарын у сваю чаргу дадала, што за апошнія некалькі гадоў Бе­ларусі і Еўрапейскаму саюзу ўдалося наладзіць даверлівыя адносіны адно з адным. “Паміж намі адбываецца адкрыты дыялог як па палітычных тэмах, так і па эканамічных, а таксама па спецыфічных, асобных пытаннях, такіх як гандаль, мытныя пытанні і гэтак далей”, — адзначыла яна.

Як паведамлялася, у ліпені на пасаду кіраўніка прадстаўніцтва ЕС у Беларусі быў вылучаны начальнік упраўлення Расіі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Дзірк Шубель. Андрэа Віктарын накіруецца прадстаўляць інтарэсы Еўрасаюза ў Арменію.