Геніяльнасць і псіхіка

- 14:44Сацыяльны ракурс

Адсутнасць яркіх дасягненняў для былых вундэркіндаў — гэта заўсёды трагедыя

Урач-псіхіятр з больш як 35-гадовым стажам Кіра Мікалаеўна МЕЗЯНАЯ добра вядома нашым чытачам. Яе артыкул пра камп’ютарную залежнасць, надрукаваны ў “Настаўніцкай газеце” 14 студзеня 2016 года, меў шырокі розгалас. Многія настаўнікі ўзялі яго на ўзбраенне як карысную метадычную рэкамендацыю, неабходную для работы з падлеткамі.
Сёння Кіра Мікалаеўна прапаноўвае чытачам разам паразважаць пра феномен геніяльнасці. Акрамя таго, на фоне ўсеагульнай эйфарыі ад поспеху беларускага мабільнага дадатку “Маскарад” яна робіць спробу зазірнуць у глыб чалавечай псіхікі і паказаць, якімі праблемамі можа абярнуцца ў будучыні неабдуманае захапленне маскамі.

— Скажыце, Кіра Мікалаеўна, што адрознівае юных геніяў ад звычайных равеснікаў?
— Лічыцца, што чалавек можа рэалізаваць сябе ў той меры, у якой ён можа не думаць пра сябе. Таму адораныя дзеці з маленства праяўляюць дзіўную здольнасць да канцэнтрацыі ўвагі на пытанні, якое іх цікавіць, і нават свайго роду апантанасць. Для вялікіх дасягненняў важна адмовіцца ад мітусні.

У той жа час вядома, што імкненне да дасягненняў любой цаной дэфармуе асобу. Існуе меркаванне, што нават калі адораны чалавек па характары эгаістычны, пыхлівы, нават жорсткі, але пры гэтым разумны і ўмее перамагаць, то грамадства ўсё роўна выйграе ад плёну яго таленту. Аднак гэта не так. Леў Талстой лічыў, што “зоркі, якія ўспыхнулі ў атмасферы, атручанай ядам выключнасці і ганарыстасці, згасаюць”. Спалучэнне высокага інтэлекту з дэфармацыяй асобы спараджае толькі кар’ерыстаў ці людзей, якія могуць добра вырашаць пэўныя задачы. Напэўна, гэта нядрэнна, але, хутчэй за ўсё, творчасці тут не будзе.

— Верагодна, адораныя дзеці патрабуюць адмысловага стаўлення да сябе. Як павінны паводзіць сябе дарослыя, каб не выціснуць з іх усе сілы ў маленстве, каб яны не перагарэлі?
— Праблема адораных дзяцей у тым, што яны самі, а таксама навакольныя людзі надаюць занадта вялікае значэнне іх здольнасцям. Гэта выліваецца ў перакананне, быццам адоранае дзіця ўжо толькі дзякуючы гэтым здольнасцям лёгка, не прыкладаючы намаганняў, дасягне поспеху. У пачатковых класах, калі вучэбныя задачы няцяжкія, гэтая ілюзія як быццам бы пацвярджаецца. Аднак у сярэдняй школе, калі складанасць матэрыялу ўзрастае, дзеці могуць сутыкнуцца з няўдачамі, бо не прывыклі працаваць. У выніку іх вучэбныя дасягненні на працягу пэўнага часу застаюцца ніжэйшымі за сярэднія, а гэта прымушае настаўнікаў расчароўвацца ў іх здольнасцях і адмаўляцца ад стымулявання. Самі ж дзеці часта страчваюць цікавасць да навукі. Пры гэтым у хлопчыкаў нярэдка павышаецца агрэсіўнасць, а ў дзяўчынак — трывожнасць, якая можа праявіцца ў разнастайных псіхасаматычных сімптомах.

Этапы жыццёвага шляху чалавека:

1) Латэнтны (0—7 гадоў).
2) Дэманстратыўны (7—15 гадоў).
3) Этап выраўноўвання (15—25 гадоў). Чалавек, грунтуючыся на сваіх здольнасцях, павінен выйсці на новую сцежку творчасці. Пасля гэтага адбываецца стабілізацыя або ў прадукцыйным творчым жыцці, або ў дэпрэсіі ад разбітых надзей, або сыход у ілюзіі.
4) Этап творчасці або дэпрэсіі характарызуецца надзвычай выяўленай палярызацыяй. Колішнія вундэркінды рэдка ідуць па шляху сярэдняга поспеху. Адсутнасць яркіх творчых дасягненняў амаль заўсёды азначае для іх асабістую трагедыю.

Акрамя таго, вядома, што многія адораныя і проста добра паспяваючыя вучні пакутуюць на перфекцыянізм — абвостранае імкненне да дасканаласці. Да гэтага іх штурхаюць чаканні сям’і. Зразумела, сама па сабе арыентацыя на высокі вынік вартая толькі хвалы. Але будучы абвостранай да крайнасці, яна прыводзіць да непрымання любых памылак, якія з’яўляюцца неад’емным элементам вучэбнага працэсу (а вучымся мы ўсё жыццё). Страх перад імі спараджае высокую трывогу і глыбокае эмацыянальнае няшчасце. Дзецям навязваецца ўстаноўка на абавязковы поспех, высокі вынік, калі любая магчымая памылка расцэньваецца як параза.

— У якім узросце ўжо яскрава можа праявіцца адоранасць?
— Ёсць “ранняя” і “позняя” адоранасць. Да першай адносіцца вялікая плеяда вядомых людзей: В.А.Моцарт, І.Мечнікаў, В.Гюго, М.Мусаргскі, Д.Шастаковіч і інш. У той жа час выбітны разумовы патэнцыял многіх вядомых людзей доўгі час заставаўся незаўважаным навакольнымі. Напрыклад, М.Капернік, І.Крылоў, Т.Эдысан, А.Эйнштэйн… Найбольш часта раннія таленты выяўляюцца ў мастацтве і асабліва ў музыцы. Амаль усе вядомыя навукоўцы, хто заявіў пра сябе да дваццаці гадоў, былі матэматыкамі: Лейбніц, Паскаль, Ньютан…

Біёграфы выбітных людзей вылучаюць наступныя характэрныя рысы:
 90% — высокі інтэлект, дапытлівасць, яны задаюць шмат пытанняў, імкнуцца вылучыцца;
 75% — рана пасталелі, не па гадах развітыя і разумныя, адрозніваюцца маральнасцю, крытычнасцю, прамалінейнай сумленнасцю, сур’ёзнасцю;
 90% — настойлівыя, з моцнай воляй і ярка выяўленым імкненнем да высокіх дасягненняў;
 75% — руплівыя працаўнікі, добра пераносяць адзіноту і адрозніваюцца цвёрдасцю, экспрэсіўныя, адкрытыя духоўнаму вопыту і фантазіям.

— Што адбываецца з псіхікай чалавека, калі па нейкіх прычынах яго талент не прыносіць чаканага плёну?

— Вядома, што здольнасць чалавека да пазнання мае абмежаванні, таму для здаровага пазнання неабходны дыферэнцыяцыя складанага знешняга свету, яго схематызацыя і спрашчэнне. Іншая справа — творчасць. У ёй нельга нават спадзявацца на спрашчэнне. Так, Сальвадор Далі ў кнізе “Дзённік аднаго генія” пісаў, што адоранасць — гэта патэнцыял, здольнасць у далейшым стаць талентам у дарослага чалавека, які можа ўнесці ўклад у культуру або гісторыю. А вундэркінд не толькі валодае патэнцыялам, але ўжо ў раннім узросце дэманструе выдатныя дасягненні, праўда, не значныя культурна. Талент дзіцяці-вундэркінда можа быць названы інфантыльным. Трагічнае расчараванне чакала многіх вундэркіндаў, якія не змаглі развіць у сабе другасны, дарослы, талент.

Гутарыла
Галіна СІДАРОВІЧ.