Героі Вялікай Перамогі

- 15:20Актуально, Апошнія запісы, Рознае

З 3 па 11 мая па ўсёй краіне праходзіць Рэспубліканская патрыятычная акцыя БРСМ “Дзякуй за Перамогу!”. Менавіта гэтыя словы напісаны на чырвоных зорках, якія сталі сімвалам праекта і адлюстроўваюць сувязь пакалення герояў Перамогі з моладдзю. У знак удзячнасці і павагі да гераічнага мінулага ўдзельнікі акцыі ўпрыгожылі такімі зоркамі дзверы дамоў і кватэр, дзе жывуць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Стужкі з такімі значкамі прышпілілі на лацканы пінжакоў ветэранаў падчас святочных мерапрыемстваў.

У гэтыя дні ва ўсіх куточках Беларусі гучаць віншаванні і пажаданні ў адрас ветэранаў, у рамках акцыі праходзяць вахты памяці, мітынгі, творчыя фестывалі, конкурсы патрыятычнай песні, маладзёжныя форумы, канцэрты, круглыя сталы, сустрэчы пакаленняў, ток-шоу, тэатральныя пастаноўкі. Моладзь дорыць падарункі, аказвае пасільную дапамогу па гаспадарцы. Адным з самых яркіх мерапрыемстваў акцыі стаў студэнцкі праект “Героі Перамогі”, які праводзіўся па ініцыятыве актывістаў пярвічнай арганізацыі БРСМ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (гістарычнага факультэта і Інстытута журналістыкі) пры падтрымцы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

На працягу трох апошніх гадоў летам студэнты дапамагалі музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пераязджаць у новы будынак, 10 студэнтаў працавалі ў складзе ІТ-атрада і пераводзілі дакументы музея з папяровых носьбітаў у электронны фармат. Тады і нарадзілася ідэя праекта. Студэнты Антон Лойка і Антон Купчын знайшлі шмат цікавай інфармацыі пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, герояў Савецкага Саюза — ураджэнцаў Беларусі. Яны загарэліся расказаць пра іх падрабязней у інтэрнэце, выпусціць прома-прадукцыю, каб інфармацыя не засталася толькі на музейных паліцах. Менавіта яны першымі пачалі пошукава-даследчую работу ў архівах і фондах музея па вывучэнні біяграфій і гераічных подзвігаў. Да гэтай работы далучыліся яшчэ некалькі студэнтаў універсітэта. За гэты час ім удалося знайсці новую ці малавядомую інфармацыю пра дзясяткі ветэранаў. Новыя абліччы, новыя лёсы “Герояў Перамогі” знайшлі сваё адлюстраванне ў серыі плакатаў і календароў.

“У гонар гэтых людзей названы вуліцы гарадоў не толькі ў Беларусі, але па ўсіх краінах былога Савецкага Саюза, іх імёны носяць школы, вучылішчы, каледжы, ім устаноўлены помнікі. Але чым далей, тым менш вядомымі становяцца гэтыя імёны, — гаворыць Сяргей Клішэвіч, выпускнік БДУ, каардынатар праекта, спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама. — Часта маладыя людзі ведаюць, у гонар каго названа іх вуліца, але чым ён быў знакаміты, не ведаюць. А іх трэба памятаць. Напрыклад, імя Пятра Антонавіча Акуцыёнка носіць вуліца ў Лоеве (Гомельская вобласць), занесена ў Кнігу народнай славы Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці за гераізм, фарсіраванне Дняпра і паспяховае замацаванне плацдарма на яго беразе. Барыс Львовіч Хігрын, абараняючы пасёлак Бялынічы Магілёў-скай вобласці застаўся ў жывых адзін з усяго саставу і сам знішчыў чатыры варожыя танкі, чым спыніў прасоўванне ворага. Яго імя носяць вуліцы ў Оршы і Бялынічах. Многія ветэраны аддалі сваё жыццё, прыкрываючы таварышаў, многія даказалі, што калі трэба абараніць Радзіму, то і адзін у полі воін”.

Уся інфармацыя, якую ўдалося знайсці, змешчана на сайце саюза моладзі. Работу студэнты БДУ не прыпынілі і пастаянна дадаюць новую інфармацыю.

 

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Сяргея ІВАНІСЕНКІ.