Гімназія-каледж збірае сяброў

- 11:54Навіны рэгіёнаў

Навучэнцы Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў чарговы раз даказалі, што яны не толькі таленавітыя, але і міласэрныя. Гатоўнасць прыйсці на дапамогу, праявіць спачуванне, не застацца абыякавымі да чужой бяды — менавіта гэтыя каштоўныя якасці чалавечай душы праявілі гімназісты, прыняўшы ўдзел у дабрачынным канцэрце “Гімназія-каледж збірае сяброў”.

Мерапрыемства прайшло ў навучальнай установе падчас Старога Новага года. Акрамя прадстаўнікоў гарадской выканаўчай улады і грамадскіх аб’яднанняў, у канцэрце прынялі ўдзел пасол Японіі ў Беларусі Такунага Хірокі, віцэ-прэзідэнт міжнароднай асацыяцыі музычных школ Con Anima, дырэктар прэстыжных міжнародных фестываляў і конкурсаў член Міжнароднай канфедэрацыі акардэаністаў Сподрыс Качанс (Латвія).

Замежныя госці акцэнтавалі ўвагу на цесным супрацоўніцтве з Магілёўскай гімназіяй-каледжам і ўмацаванні культурных сувязей. Яны ацанілі і высокі выканальніцкі ўзровень навучэнцаў. Так, Сподрыс Качанс падкрэсліў, што выхаванцы згаданай установы адукацыі рэгулярна прывозяць перамогі з латвійскіх музычных конкурсаў, бо талент і працавітасць магілёўскіх дзяцей даўно заваявалі павагу за межамі Беларусі.

Таксама сярод запрошаных гасцей былі дзеці з сацыяльна-педагагічнай установы адукацыі “SOS — дзіцячая вёска Магілёў”. Ім усім былі ўручаны навагоднія падарункі ад навучэнцаў гімназіі-каледжа.

Сіламі выкладчыкаў і выхаванцаў каледжа была падрыхтавана яскравая музычная праграма, якая пагрузіла гледачоў у непаўторную атмасферу светлых і радасных зімовых свят. Прысутныя атрымалі асалоду ад твораў кампазітараў розных эпох, пачулі любімыя мелодыі, якія на працягу многіх дзесяцігоддзяў асацыіруюцца з Новым годам і Калядамі. На сцэне выступілі як сольныя выканаўцы, так і творчыя калектывы.

Па словах запрошаных, канцэрт атрымаўся разнастайным і яркім. Навучэнцы каледжа нікога не пакінулі абыякавым, настолькі адказна, эмацыянальна і прафесійна пражывалі на сцэне кожны музычны твор.

У рамках канцэрта госці і ўдзельнікі свята далучыліся да дабрачыннага марафону “Сагрэем дзіцячыя сэрцы”, арганізатарам якога традыцыйна выступіла Магілёўскае абласное аддзяленне РГА “Беларускі дзіцячы фонд”.
Сабраныя сродкі накіраваны на дапамогу дзецям-сіротам, якія знаходзяцца пад апекай, дзецям-інвалідам, хворым дзецям, дзецям з малазабяспечаных, шматдзетных і няпоўных сем’яў, дзіцячым дамам сямейнага тыпу і іншым установам, дзейнасць якіх накіравана на падтрымку дзяцей і сем’яў.

Па словах дырэктара ўстановы адукацыі Аляксандра Яўгенавіча Курсакова, удзел у такіх маштабных дабрачынных акцыях выхоўвае ў падрастаючага пакалення лепшыя якасці. Менавіта таму ў каледжы пастаянна праводзяць розныя дабрачынныя і валанцёрскія мерапрыемствы, далучаюцца да іншых сацыяльных праектаў. Напрыклад, напярэдадні Новага года педагогі і навучэнцы павіншавалі з надыходзячымі святамі маленькіх пацыентаў Магілёўскага дзіцячага хоспіса і перадалі ім у якасці падарункаў ахвяраванні і прадметы першай неабходнасці.