Гісторыя — гэта настаўнік жыцця, выкладаць яе трэба на высокім узроўні, упэўнена сям’я Павадыровых

- 15:08Учительский дуэт

У гісторыкаў Павадыровых — педагогаў з Талачына — свая гісторыя жыцця ў лічбах: 37 гадоў педагагічнага стажу за плячыма кожнага, 38 гадоў сумеснага жыцця, 42 гады знаёмства. А яшчэ дзве дачкі і пяць унукаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Знаёмства на ўсё жыццё

Знаёмства Юрыя Павадырова і Таццяны Патоцкай пачалося на гістфаку Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта 1 верасня 1982 года.

— Седзячы на задняй парце ў першы дзень вучобы, я для сябе адразу адзначыў прыгажуню-першакурсніцу. А ўжо праз тры дні мы ўсім курсам адправіліся ў Жыткавіцкі раён на бульбу, дзе выдалася магчымасць пазнаёміцца бліжэй, — успамінае Юрый Уладзіміравіч. — Я там актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці, выступаючы з аднакурснікамі перад вяскоўцамі з тэатральнымі пастаноўкамі, песнямі, танцамі. За мной нават замацавалася мянушка Артыст.

Сустракацца маладыя лю­дзі пачалі прыкладна праз паўгода. Як аказалася, Таццяна ў дзяцінстве актыўна займалася спартыўнай гімнастыкай, выконвала праграму кандыдата ў майстры спорту і была перспектыўнай спартсменкай. У далейшым хацела стаць трэнерам. Аднак атрыманая на спаборніцтвах траўма перакрэсліла ўсе мары. Развітаўшыся з прафесійным спортам, дзяўчына пераключылася на любімы школьны прадмет — гісторыю, вырашыўшы стаць педагогам.

Пасля заканчэння першага курса маладых закаханых на цэлыя два гады разлучыла армія. Сувязнай нітачкай былі пісьмы. Першая магчымасць убачыцца выдалася толькі праз паўтара года.

— Наведаўшы бацькоў, адправіўся ў Гомель. Памятаю, купіў букет і запрасіў Таццяну ў рэстаран. Яна за гэты час неверагодна папрыгажэла, расквітнела. І я закахаўся ў яе з новай сілай. Гэта было ўзаемна, — у думках вяртаецца на чатыры дзесяцігоддзі назад Юрый Уладзіміравіч. — А пасля, на найбліжэйшых канікулах, Таня з сяброўкай адправілася на экскурсію ў Ленінград і адтуль наведала мяне пад Выбаргам.

Успаміны пра тое, як юная прыгажуня прабіралася ў вайсковую часць ракетных войскаў скрозь лясны гушчар па бетонцы на спадарожным бронетранспарцёры, сталі сямейным паданнем.

Вяселле студэнты згулялі праз год пасля вяртання Юрыя з войска, на яго роднай Талачыншчыне. Блізкім нявесты з Оршы, адкуль яна родам, да Талачына было рукой падаць. А яшчэ праз год іх чакала размеркаванне на першае рабочае месца.

У гады вучобы Юрый і Таццяна ўпэўніліся ў правільнасці выбранай прафесіі. На практыку яны адпраўляліся на раскопкі, а таксама працавалі важатымі ў піянерскім лагеры “Зорька” непадалёк Оршы.

— Самай незабыўнай для мяне была практыка, калі давялося раскопваць курганы і паселішчы VIII—IX стагоддзяў у Чачэрскім раёне Гомельскай вобласці. Было зроблена шмат знаходак: бранзалеты, скроневыя кольцы, медальёны, прасліцы. Нават знойдзена наўгародская брытва, — працягвае ўспамі­наць мой суразмоўнік. — Косці (астанкі людзей) мы беражліва затым перапахавалі. Калі робіш знаходку, міжволі ўяўляеш сябе чалавекам таго часу. Дадумваеш, як бы ты карыстаўся гэтымі ўпрыгажэннямі або аксесуарамі.

Першымі рабочымі месцамі маладых сталі ўстановы адукацыі Талачынскага раёна. Юрый Уладзіміравіч, перавёўшыся на завочнае навучанне, прыступіў да работы ў сельскай школе рабочага пасёлка Усвіж-Бук. А праз два гады — у сярэдняй школе № 2 Талачына. Першым працоўным месцам Таццяны Яўгенаўны стала 1-я талачынская сярэдняя школа, дзе яна працуе і сёння.

Крок за крокам у прафесіі

За доўгія гады ў прафесіі муж і жонка прайшлі шлях ад маладога спецыяліста да настаўніка вышэйшай катэгорыі. Юрый Уладзіміравіч працаваў настаўнікам гісторыі, грамадазнаўства, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Яму даводзілася ўдзельні­чаць у раённым конкурсе “Настаўнік года”. Разам муж і жонка перамагалі ў спаборніцтве “Лепшая сям’я года”. Праўда, як прызнаўся педагог, конкурсы ён не вельмі любіць, у адрозненне ад жонкі, якая цалкам аддаецца як працэсу падрыхтоўкі, так і ўдзелу. Сярод педагагічных дасягненняў Таццяны Яўгенаўны — перамогі ў раённых конкурсах “Лепшы класны кіраўнік” (двойчы), “Настаўнік года”, “Клас года”.

— Удзел у конкурсах — гэта справа сур’ёзная і ў той жа час трывожная. Мой удзел у іх быў прадыктаваны хутчэй за ўсё адказнасцю за гонар школы. Конкурсы патрабуюць сабранасці, творчасці, псіхалагічнай устойлівасці. Ты атрымліваеш новы вопыт, новыя веды, што спрыяе далейшаму прафесійнаму росту. Перамагаць заўсёды прыемна, але, мабыць, гэта не галоўнае, — дзеліцца Таццяна Павадырова.

Наша прафесія не любіць, калі стаіш на месцы. Трэба пастаянна рухацца наперад, тады і настаўніцкі аўтарытэт утрымаецца.

Доўгі час Таццяна Яўгенаўна актыўна займаецца падрыхтоўкай алімпіяднікаў. Некалькі гадоў назад яе вучаніца Дар’яна Міклушова стала пераможцай абласной алімпіяды па гісторыі і атрымала дыплом II ступені на заключным (рэспубліканскім) этапе. Гэта быў вялікі сумесны поспех настаўніцы і вучаніцы, да якога яны ішлі не адзін год.

— Да Дар’яны я больш уважліва прыгледзелася, ка­лі яна вучылася ў 7 класе. Дзяўчынка, якую зусім не прыцягвала гісторыя старажытнага свету і сярэднявечча, раптам праявіла цікавасць да гісторыі новага часу. Мы сталі займацца ў пазаўрочны час, вывучалі дадатковую літаратуру, праходзілі алімпіядныя заданні, — расказвае педагог, як пачыналася ўзыходжанне да школьнага алімпу. — У 9 класе Дар’яна не заняла прызавога месца на абласным этапе, затое стала працаваць больш старанна і ўжо ў 10 класе была другой на вобласці. Умеючы і жадаючы вучыцца, яна паставіла сабе мэту ўвайсці ў тройку лепшых на рэспуб­ліканскім этапе і праз год змагла дасягнуць яе.

Гаворачы пра сістэму пад­рыхтоўкі матываваных дзяцей да алімпіяды, кіраўнік метадычнага аб’яднання раёна Таццяна Павадырова адзначае, што наладжвала гэтую сістэму гадамі:

— Гісторыя — гэта велізарны пласт інфармацыі, пачынаючы з першабытных часоў і заканчваючы сучаснасцю. Дзіця, якое інакш чым дарослы ўспрымае храналогію падзей, трэба навучыць разумець і сістэматызаваць велізарны паток звестак. Акрамя таго, школьніка трэба наву­чыць эфектыўным прыёмам самастойнай работы і пастарацца данесці, што для дасягнення высокіх вынікаў неабходна ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты і вельмі шмат займацца. Важна таксама наладзіць узаемадзеянне з бацькамі вучня.

Цяпер Таццяна Яўгенаўна гадуе новую змену. Яна вядзе гурток “Краязнаўства”, які наведваюць юныя аматары гісторыі. Ёсць група матываваных старшакласнікаў, якія дадаткова вывучаюць матэрыял, працуюць з алімпіяднымі заданнямі і рыхтуюцца паказаць сябе восенню на алімпіядзе. Дадатковыя тэмы для вывучэння, алімпіядныя заданні, іншую неабходную інфармацыю педагог скідвае ў групу “Алімпіяда” ў Viber.

А Юрый Уладзіміравіч са сваімі падапечнымі шмат займаецца даследчай дзейнасцю:

— Я вяду ў школе аб’яднанне па інтарэсах “Гістарычнае краязнаўства”, дзе мы з выхаванцамі праводзім гістарычныя даследаванні, займаемся праектнай дзейнасцю, збіраючы і публікуючы матэрыялы, звязаныя з мінулым і сучаснасцю нашага горада і раёна. У Год гістарычнай памяці ў нашай сярэдняй школе № 2 імя М.П.Лугоўскага быў створаны калідор памяці, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне і яе героям. Тут ёсць стэнд, прысвечаны франтавікам Талачыншчыны, якія сталі ўдзельнікамі парада Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве. Ёсць стэнды пра настаўнікаў-франтавікоў і пра піянераў-герояў. Цэнтральная частка гістарычнай экспазіцыі прысвечана памяці Мікалая Пятровіча Лугоўскага, чыё імя носіць установа.

Юныя аматары гісторыі пад кіраўніцтвам педагога даследавалі жыццё і подзвігі як ураджэнцаў Талачына, так і тых герояў-франтавікоў, хто загінуў на Талачыншчыне, абараняючы і вызваляючы Радзіму. Сярод іх, напрыклад, лётчык-выпрабавальнік двойчы Герой Савецкага Саюза Сцяпан Паўлавіч Супрун, чый самалёт быў збіты каля вёскі Манастыры Талачынскага раёна.

Сярод нядаўніх праектаў, якія прымалі ўдзел у міжнародных канферэнцыях у Мінску, — “Ураджэнцы Казахстана ў партызанскім руху на тэрыторыі Талачыншчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны” і “Без тэрміну даўнасці. Генацыд беларускага народа”.

Праводзячы ў школах тыдні гісторыі, муж і жонка імкнуцца зрабіць іх яркімі, цікавымі і запамінальнымі: ладзяць інтэлектуальныя конкурсы і рыцарскія турніры, касцюміраваныя балі і тэатральныя пастаноўкі, запрашаюць ансамбль старадаўняй музыкі “Друцічы” з мясцовай школы мастацтваў.

Педагогі ўпэўнены, што гісторыя — гэта настаўнік жыцця і выкладаць гэты прадмет трэба заўсёды на высокім узроўні, паколькі ён вучыць думаць, разважаць, аналізаваць і выносіць урокі з мінулага. Як сваіх дзяцей і ўнукаў, так і сваіх вучняў гэты настаўніцкі дуэт вучыць паважаць сябе і іншых, быць адказнымі за свае ўчынкі і рашэнні, з разуменнем ставіцца да пачуццяў і перажыванняў іншых людзей, займацца любімай справай ці палюбіць тое, што робіш, ставіць мэты і распрацоўваць планы для іх дасягнення, умеючы прымаць новыя выклікі.

Летам у доме Павадыровых, калі збіраюцца ўсе ўнукі, шумна і весела. На невялікім агародзе муж і жонка вырошчваюць усё самае неабходнае. Пры гэтым у задавальненні падарожнічаць педагогі сабе не адмаўляюць. Сёлета пабывалі ў Санкт-Пецярбургу, дзе наведалі сваякоў і налюбаваліся прыгажосцю горада з багатай гісторыяй. Любімае захапленне Юрыя Уладзіміравіча — аўтамабілі і ўсё, што з імі звязана. А Таццяна Яўгенаўна зай­маецца алмазнай вышыўкай.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара і з архіва сям’і