Гісторыя павінна вучыць

- 9:00Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв’ю галоўнаму рэдактару расійскага часопіса “Национальная оборона” ваеннаму эксперту Ігару Каротчанку.

У размове былі абмеркаваны вынікі праведзенага нядаўна пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, асноўны змест і напрамкі развіцця інтэграцыі Беларусі і Расіі.

Блок пытанняў датычыўся ўнутранага парадку дня ў Беларусі — аналіз падзей мінулага года, работа над змяненнямі Канстытуцыі і падрыхтоўка да маючага адбыцца рэферэндуму, эпідэміялагічная сітуацыя і пытанні лячэння людзей. Улічваючы тэматычную накіраванасць часопіса, размова таксама ішла аб развіцці ваенна-прамысловага комплексу Беларусі, супрацоўніцтве ў гэтым плане з Расіяй.

Вострая і актуальная цяпер тэма — міграцыйны крызіс.

Кіраўнік дзяржавы адрэагаваў на абвінавачанні краін Захаду адносна Беларусі на фоне ўзрастаючага міграцыйнага крызісу:

— Я баюся, каб гэтае супрацьстаянне на граніцы з-за мігрантаў не прывяло да нейкай вострай фазы. Гэта ж глеба для правакацый. Любую правакацыю можна ўчыніць. Я ўжо сваіх ваенных папярэджваю: акуратна, хлопцы, глядзіце!

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на прыёмы адносна мігрантаў, якімі карыстаюцца сілавікі на баку Еўрасаюза:

— Мы не страляем паверх галоў, як робяць яны. Нашы верталёты над імі не лятаюць. Што значыць на вышыні 20—30 метраў праляцеў верталёт — там здзімае гэтых дзяцей, людзей. Іх запалохваюць проста… Вось іх аблічча.

Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што ў сучасным свеце брацца за зброю — смерці падобна:

— І тым больш у цэнтры Еўропы. І тым больш з Беларуссю. Тут жа заўсёды на гэтым кавалку зямлі ў цэнтры ўсе войны разгортваліся, адсюль усё пачыналася. Што, гісторыя нічому не вучыць?..

— Змагацца сёння супраць мігрантаў “Леапардамі” (танкамі. — Заўвага БелТА.)? Вы мне прабачце. Мы з вамі, людзі ваенныя, разумеем, што такое сёння весці вайну з гэтымі няшчаснымі людзьмі на граніцы Польшчы, дапусцім, з Беларуссю і выстаў­ляць калоны танкаў. Зразумела, што гэта нейкая трэніроўка або шантаж.

Паводле слоў беларускага лідара, Беларусь гэтаму спакойна супрацьстаіць:

— Мы не задзіраемся, як некаторыя ў Расіі пішуць і нашы збеглыя там з імі. Таму што мы ведаем, што калі, не дай бог, мы дапусцім якую-небудзь памылку, то гэта адразу ж уцягне ў гэты вір Расію. А гэта найбуйнейшая ядзерная дзяржава. Я не вар’ят. Я выдатна разумею, да чаго гэта можа прывесці. Таму ніякага тут няма гераізму — “схапіў аўтамат і пайшоў на польскую граніцу” (дарэчы, дзе я служыў у свой час пагранічнікам) — не, ні ў якім разе. Мы разумеем, мы ведаем сваё месца. Але мы на калені не станем.

Прэзідэнт Беларусі таксама расказаў аб дзеючай у Еўрасаюзе мафіёзнай структуры па арганізацыі транзіту мігрантаў:

— Едуць людзі, ідуць на граніцу. Вось яны ўчора, гэта ўпершыню было, амаль 2 тысячы, а можа, крыху больш, сканцэнтраваліся ў розных месцах — у Мінску, у лясах… Іх падвезлі туды. Гэты транзіт забяспечваюць людзі: там у самалёт пасадзяць, самалёт сюды прыляціць, тут іх возьмуць, на граніцу адвязуць, цераз граніцу перавядуць, і там іх прымаюць ужо свае — палякі, немцы, украінцы. І ўсё за грошы.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў нападкі на Беларусь жаданнем адцягнуць увагу ад сваіх уласных праблем у краінах Еўрасаюза:

— Унутры Польшчы, Літвы… Вазьміце і Германію сёння — так званы транзіт улады. Вазьміце Вялікабрытанію, Францыю… У іх жа праблем вельмі шмат. Мы побач з імі не стаялі. Народ там незадаволены. А як гэта мікшыраваць і нівеліраваць? Трэба аб’явіць кагосьці ідыётам, падонкам, нягоднікам, які нападзе заўтра на тую ж Польшчу. Ды мы ніколі не збіраліся і не збіраемся нападаць на Польшчу. Нам дай бог уладкаваць тэрыторыю, якая ў нас ёсць.

Кіраўнік дзяржавы лічыць абсалютна нелагічнымі патрабаванні з боку Захаду, каб Беларусь нейкім чынам стрымлівала патокі мігрантаў:

— Вы ўвялі супраць мяне санкцыі, супраць беларусаў. Вы пайшлі на гібрыдную вайну супраць Беларусі (СМІ, эканоміка, палітыка, ужо да ваеннага, бяспекі, дабраліся). І вы, нягоднікі, вар’яты, хочаце, каб я вас абараняў, ад мігрантаў у тым ліку?

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на сітуацыю вакол дагавора аб рэадмісіі, які быў заключаны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, але ў далейшым скасаваны з-за парушэнняў з боку ЕС. Хаця паток мігрантаў значна вырас: калі раней за год праз Беларусь маглі прайсці ў ЕС каля 80 чалавек, то цяпер, паводле даных еўрапейскіх структур, больш за 2 тысячы ў суткі.

— Дамовіліся, заключылі дагавор. Па гэтым дагаворы яны павінны былі пабудаваць у нас месцы знаходжання людзей, якіх мы па рэадмісіі забяром. І ўвёўшы супраць нас санкцыі, яны ўсё гэта кінулі і не фінансуюць, не будуюць гэтыя так званыя лагеры, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Яны парушылі, яны выйшлі з гэтага дагавора. Я да гэтага не маю ніякіх адносін. Бя­гуць — няхай бягуць. Як гэта я іх сабе вярну і анклавы тут ствару? У мяне і так праблем хапае.

Мігрантам сёння даводзіцца звед­ваць на сабе жорсткія метады еўрапейскіх сілавікоў, абыякавасць і бесчалавечныя адносіны. На такія факты і звярнуў увагу беларускі лідар:

— Адзін з польскіх кіраўнікоў нядаўна заявіў: “У нас каля 200 чалавек забітых мігрантаў”. Гэта не адзін-два чалавекі, а каля 200! Чаму пра гэта свет не ведае? Чаму праваабаронцы ў Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША маўчаць? Чаму яны маўчаць? Чаму туды нават прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі не пускаюць палякі? Абвясцілі закрытую зону і нікога на граніцу не пускаюць.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дапамогу мігрантам аказваюць простыя беларусы, прыносячы прадукты харчавання, ваду, цёплыя рэчы:

— Так, дапамагаюць. І дзякуй богу. Таму што мы — беларусы.

Па матэрыялах БелТА
падрыхтавала Кацярына РУМЯНЦАВА.