Глядзець вачыма некалькіх навук, каб прымаць правільныя рашэнні

- 9:22Кампетэнтна

Усё часцей навукоўцы і работадаўцы свету гавораць аб запатрабаванасці міждысцыплінарных, ці канвергентных, спецыялістаў, інакш кажучы, людзей, якія для прыняцця пэўнага рашэння могуць сінтэзаваць веды з розных навук. Пры гэтым хтосьці будзе сам дасканала разбірацца ў некалькіх дысцыплінах, а хтосьці навучыцца абагульняць рэкамендацыі і перасцярогі сваіх калег, выказаныя падчас абмеркавання. Прычым калег, якія прадстаўляюць далёка не сумежныя сферы.
Па шляху такой падрыхтоўкі пайшоў і вядучы ўніверсітэт краіны. З 2012 года ў БДУ стаў выкладацца міждысцыплінарны курс “Асновы інфармацыйных тэхналогій”. Унікальнасць яго заключаецца ў тым, што студэнты гуманітарных спецыяльнасцей “Сацыялогія”, “Паліталогія” і “Філасофія” асвойваюць яго на матэрыяле навуковай плыні XXI ст., якая пранізвае ўсю сучасную навуку, сінергетыкі. Аўтарам гэтага курса з’яўляецца Святлана Мікалаеўна Сірэнка, кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі БДУ. З ёй мы і сустрэліся, каб пагутарыць як пра сучасныя тэндэнцыі ў навучанні студэнтаў, так і непасрэдна пра аўтарскі курс.

— Cвятлана Мікалаеўна, скажыце, калі ласка, чаму менавіта зараз актыўна сталі гаварыць аб неабходнасці падрыхтоўкі міждысцыплінарных спецыялістаў.
— Праблема міждысцыплінарнасці моцна звязана як з развіццём навукі, так і з абвастрэннем глабальных праблем чалавецтва. Вырашыць гэтыя праблемы ў рамках адной дысцыпліны не ўяўляецца магчымым. Менавіта згаданы падыход падразумявае аналіз сітуацыі з розных пазіцый. Дзякуючы яму, можна атрымаць прагноз наступстваў тых ці іншых дзеянняў і знайсці найбольш удалы выхад з праблемы.
Міждысцыплінарны падыход улічвае нават тое, што нязначныя змяненні ў зыходных даных могуць прывесці да незваротных наступстваў. Узгадаць хаця б так званы “эфект матылька”, адкрыты Лорэнцам, і яго знакаміты артыкул “Ці можа ўзмах крылаў матылька ў Бразіліі выклікаць тарнада ў Тэхасе?”. Матэматык і адначасова метэаролаг, ён сачыў за надвор’ем з дапамогай камп’ютарнай мадэлі, прадстаўленай даволі простай сістэмай ураўненняў. Лорэнц са здзіўленнем выявіў, што нязначныя акругленні доўгага шэрага лічбаў даюць надзвычай розныя вынікі. Гэтае адкрыццё перакрэсліла думку аб тым, што заўсёды падобнае мінулае гарантуе падобную будучыню.Дарэчы, пра многіх навукоўцаў свету можна сказаць, што яны валодалі міждысцыплінарным мысленнем. Узгадаю вядомага савецкага і расійскага вучонага нязменнага вядучага навукова-папулярнай праграмы “Відавочнае — неверагоднае” Сяргея Пятровіча Капіцу. Фізік па адукацыі, ён быў кампетэнтны ў цэлым шэрагу дысцыплін. Ён расказваў пра вынаходствы з розных сфер, уздымаў розныя праблемы навукова-тэхнічнага прагрэсу.
Такім чынам, ідэя міждысцыплінарнасці проста не магла не праявіць сябе ў сферы адукацыі. Праўда, па сваёй сутнасці яна не новая. І раней гаварылі аб неабходнасці развіваць міждысцыплінарныя сувязі паміж прадметамі як у школе, так і ва ўніверсітэце, аднак зараз яна загучала па-новаму.

— Няўжо ў будучыні кожны спецыяліст будзе міждысцыплінарным? Ці магчыма такое ўвогуле?
— Пакуль аб гэтым рана гаварыць. Аднак калі мы дыскутуем адносна таго, якога выпускніка хочам бачыць, то заўважаем, што ядро міждысцыплінарных кампетэнцый павінна быць сфарміравана ў кожнага. Сюды ўваходзяць, напрыклад, праектна-даследчыя, агульнанавуковыя, інфармацыйныя кампетэнцыі, кампетэнцыі асобаснага росту, а таксама веданне гуманітарных тэхналогій.
Да таго ж пры вырашэнні прафесійнай задачы міждысцыплінарны падыход праяўляецца па-рознаму. Можна, напрыклад, збіраць для абмеркавання міждысцыплінарныя каманды. Аднак у камандзе абавязкова павінен быць чалавек шырокіх поглядаў, які для прыняцця рашэння абагульняе і сінтэзуе меркаванні кожнага спецыяліста.
Існуе іншы варыянт — падрыхтоўка спецыялістаў, якія разбіраюцца ў некалькіх дысцыплінах, прычым не сумежных. Для прыкладу возьмем навукоўцаў, якія займаюцца праблемамі штучнага інтэлекту. Для таго каб працаваць у гэтай сферы, трэба быць знаёмым з фізіялогіяй, разбірацца ў праграмаванні і электроніцы. Такая комплексная падрыхтоўка вядзецца на факультэце нана-, бія-, інфармацыйных і кагнітыўных тэхналогій у Маскоўскім фізіка-тэхнічным інстытуце.

— Міждысцыплінарнае навучанне ахоплівае многія краіны. Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна аб такой падрыхтоўцы за мяжой.
— Такія прыклады ёсць як у Расіі, так і ў Еўропе і ЗША. У Расіі такім па сваёй сутнасці з’яўляецца навучанне на факультэце нана-, бія-, інфармацыйных і кагнітыўных тэхналогій Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута, пра які я ўжо гаварыла. Тое самае можна сказаць і пра падрыхтоўку магістраў па праграме “Гуманітарная інфарматыка” ў Томскім дзяржаўным універсітэце, і пра міжфакультэцкія курсы ў МДУ, якіх налічваецца ажно 150.
Што да Еўропы, то там таксама назіраюцца змены. Раней вельмі распаўсюджанай была падрыхтоўка I-shaped, інакш кажучы, вузкіх спецыялістаў. Зараз работадаўцы зацікаўлены ў кадрах, якія ўмеюць разглядаць праблему ў комплексе і граматна ставіць задачы перад спецыялістамі іншых кірункаў. Таму там пераходзяць да падрыхтоўкі Т- shaped спецыялістаў. Яны, акрамя глыбокіх спецыяльных ведаў, валодаюць скразнымі: уменнем крытычна і сістэмна мысліць, уменнем працаваць у камандзе і г.д.
Цікавы вопыт і амерыканскіх STEAM-школ (ад англ. scіence, technology, engіneerіng, art і mathematіcs — “прыродазнаўчыя навукі, тэхналогіі, інжынерыя, мастацтва (дызайн) і матэматыка”). Першапачаткова яны задумваліся як STEM-школы, без складніка творчасці. Аднак стала зразумелым, што найбольш прадукцыйным з’яўляецца спалучэнне кампетэнцый спецыяліста ў прыродазнаўчанавуковых дысцыплінах і стылю мыслення дызайнера ці мастака. Гэта штосьці кшталту навучання ў беларускай школе робататэхнікі для школьнікаў і студэнтаў.
Паказальнай у гэтым рэчышчы з’яўляецца думка дырэктара Курчатаўскага інстытута члена-карэспандэнта РАН Міхаіла Кавальчука аб тым, што ў найбліжэйшы час актуальным можа стаць стварэнне адукацыйных праграм, якія не спецыялізуюць студэнтаў (як гэта адбываецца зараз пасля 2—3 курса), а, наадварот, інтэгруюць іх для сумеснага навучання ў міждысцыплінарных галінах. Гэта значыць, што пасля асваення студэнтамі розных спецыялізаваных прадметаў іх могуць аб’ядноўваць у патокі для далейшага навучання.

— Давайце зараз звернемся да беларускіх рэалій. Святлана Мікалаеўна, раскажыце, калі ласка, што ўяўляе сабой распрацаваны вамі міждысцыплінарны курс “Асновы інфармацыйных тэхналогій”. Не так лёгка ўявіць гуманітарыяў, якія ствараюць мадэлі з’яў на камп’ютары.
— Адразу адзначу, што курс па інфармацыйных тэхналогіях існаваў і раней. Аднак змест яго быў надзвычай традыцыйным. Студэнты вучыліся афармляць рэфераты і курсавыя, будаваць дыяграмы ў праграме Excel, працаваць з базамі даных, рабіць пошук у інтэрнэце. Развіваў ён толькі камп’ютарную граматнасць.
На занятках, распрацаваных мной, моладзь часта выконвае лабараторныя работы па праблематыцы ўстойлівага развіцця з элементамі камп’ютарнага мадэлявання і сінергетыкі — міждысцыплінарнага навуковага напрамку, які вывучае працэсы самаарганізацыі ў сістэмах рознай прыроды (механічных, біялагічных, сацыяльных), узаемныя пераходы дынамічнага хаосу і парадку.

Хто не разумее нічога, акрамя хіміі, той і яе разумее недастаткова.

Георг Крыстаф Ліхтэнберг.

У якасці прыкладу прывяду гульню, якую я прапаноўваю студэнтам. У кожнай клетцы поля фарматам 4х4 размешчаны стрэлкі, якія глядзяць у любым з васьмі напрамкаў: уверх, уніз, управа, улева, у чатырох напрамках па дыяганалі — як больш падабаецца. Ім мы задаём правілы лакальнага ўзаемадзеяння: стрэлка павінна прыняць напрамак той, на якую глядзіць. Калі стрэлка глядзіць на знешні бок поля, у думках поле трэба звярнуць у абаранак, каб выявіць, які напрамак трэба прыняць. Дзесьці праз 8 крокаў стрэлкі будуць глядзець альбо ў ад зін бок, альбо адна на адну. Калі часам адна стрэлка і выбіваецца, то яна цыклічна перамяшчаецца ў адным напрамку.
Такое заданне ілюструе, як простае правіла лакальнага ўзаемадзеяння можа прывесці першапачатковы хаос да такой упарадкаванай сістэмы. Стрэлкі, якія глядзяць у адзін бок, можна параўнаць з тым, што часта мы слухаем аднолькавую музыку, глядзім аднолькавыя фільмы, падобна апранаемся. Стрэлкі, якія глядзяць адна на адну, нагадваюць футбольных балельшчыкаў дзвюх каманд. Гэтае заданне яскрава выяўляе тое, што часам нам дастаткова выхаваць лакальныя правілы ўзаемадзеяння і сістэма сама будзе ўпарадкоўвацца без знешніх уздзеянняў.
Падчас праходжання міждысцыплінарнага курса “Асновы інфармацыйных тэхналогій” студэнты звяртаюцца і да праграмы GeoFlow, бясплатнага дадатку да Microsoft Оffice 2013, дзе працуюць з рэальнымі статыстычнымі данымі па выкідзе шкодных рэчываў у атмасферу. Візуалізуюць іх і супастаўляюць, напрыклад, з паказчыкамі захворванняў, каб выявіць, якая сувязь існуе паміж імі. Такім чынам, студэнты-гуманітарыі вучацца аналізаваць падзеі, выяўляць залежнасці паміж імі. Камп’ютар становіцца інструментам, з дапамогай якога яны могуць генерыраваць гіпотэзы і правяраць іх. Магчыма, якая-небудзь з іх акажацца прадукцыйнай.

— Святлана Мікалаеўна, напэўна, у Беларусі ёсць і іншыя прыклады міждысцыплінарных курсаў?
— Безумоўна, такія прыклады ёсць. Аднак міждысцыплінарны курс “Асновы інфармацыйных тэхналогій” адрозніваецца ад іх тым, што ён заснаваны на сінергетычным падыходзе. У гэтым яго асаблівасць.
Так, для магістрантаў БДУ праводзіцца спецкурс “Педагогіка і псіхалогія вышэйшай школы”. На ім спецыялісты ў розных галінах аб’ядноўваюцца ў каманды для вырашэння пастаўленых задач. З гэтага года ў раскладзе заняткаў на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ з’явіцца спецкурс “Бізнес і сацыяльная інфарматыка”, які таксама будзе пабудаваны на міждысцыплінарнай аснове. Ідэя міждысцыплінарнасці рэалізавана і ў некаторых дысцыплінах, якія выкладаюцца ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

— Вялікі дзякуй вам за змястоўную размову!

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.