Год інфарматызацыі чакае сістэму адукацыі Гомельшчыны

- 15:19Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Абласная жнівеньская нарада работнікаў устаноў адукацыі Гомельскай вобласці прайшла ў рамках тэмы “Роля і задачы сістэмы адукацыі ва ўмовах інфармацыйнага развіцця грамадства”. Для ўдзелу ў нарадзе з’ехалася каля тысячы педагагічных работнікаў рэгіёна.У яе рабоце прынялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Анатольевіч Богуш, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Алег Леанідавіч Барысенка, намеснік старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Аляксандравіч Прывалаў, а таксама старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Аляксандравіч Бойка. Для ўдзелу ў нарадзе прыбыло каля тысячы педагагічных работнікаў з усіх раёнаў вобласці і Гомеля.

Удзельнікі педагагічнага форуму наведалі выставу, дзе былі прадстаўлены мультымедыйныя лінгафонныя кабінеты, лічбавыя лабараторыі для правядзення шырокага спектра даследаванняў, дэманстрацый, лабараторных работ, універсальныя інтэрактыўныя панэлі з мноствам дадаткаў для адукацыі, міні-камп’ютары з убудаванымі мультымедыйнымі праектарамі, монаблокі, планшэты і іншая мікрапрацэсарная тэхніка.
Шырокую цікавасць у наведвальнікаў выставы выклікалі праекты, распрацаваныя педагогамі вобласці і прызнаныя лепшымі на рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” (універсальны сродак інтэрактыўнага навучання школьнікаў інтэрнэт-партал “Веб-школа” — аўтар настаўнік фізікі і інфарматыкі Грабаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Гомельскага раёна К.А.Дземусёў, дапаможнік па гісторыі Беларусі настаўніка гісторыі сярэдняй школы № 2 Рагачова імя В.М.Калеснікава В.В.Краўчанка, вучэбная праграма “Музычныя астравы” настаўніцы музыкі Брылёўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна В.М.Міхальцовай.
Па традыцыі, якая ўжо склалася, у пачатку нарады адбылася дэманстрацыя відэафільма “Летапіс падзей 2013/2014 навучальнага года”, які нагадаў прысутным найбольш значныя фрагменты з жыцця сістэмы адукацыі вобласці.
Першы намеснік міністра адукацыі В.А.Богуш і старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў А.Л.Барысенка, якія выступілі на нарадзе, адзначылі, што сістэма адукацыі вобласці па многіх напрамках знаходзіцца на лідзіруючых пазіцыях. Так, паспяховымі ў мінулым навучальным годзе былі выступленні навучэнцаў Гомельшчыны на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, а таксама рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання нашы выпускнікі займаюць другое месца сярод абласцей рэспублікі. Высока адзначаны дасягненні ў сферы спецыяльнай адукацыі. Вызначаны пытанні, над якімі трэба працаваць: дэфіцыт месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі “крокавай даступнасці”, прафілактыка падлеткавай злачыннасці і наркаманіі і інш.

Начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама С.І.Парошын падвёў вынікі мінулага навучальнага года. Вызначаючы тэндэнцыі і перспектывы развіцця галіны, Сяргей Іванавіч аб’явіў 2014/2015 навучальны год годам інфарматызацыі сістэмы адукацыі вобласці і адзначыў: “Першарадным для нас застаецца пытанне павышэння якасці адукацыі, якая залежыць у першую чаргу ад высокакваліфікаванага, граматнага, аўтарытэтнага педагога, які ўмее перадаць свае веды навучэнцу. Сёння для пашырэння пастаўленых задач мы маем высокакваліфікаваны педагагічны склад: звыш 50% педагогаў устаноў дашкольнай, 95% агульнай сярэдняй і 96% прафесійна-тэхнічнай адукацыі маюць вышэйшую адукацыю. Вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю — 52%, 70% і 47% адпаведна, 15 настаўнікам прысвоена катэгорыя “настаўнік-метадыст”. Але дыплом аб вышэйшай педагагічнай адукацыі не з’яўляецца знакам роўнасці якасці работы настаўніка. Таму сур’ёзную ўвагу ўдзяляем і павінны ўдзяляць у далейшым пытанням павышэння прафесіяналізму педагогаў”.
Для павышэння ўзроўню прафесіяналізму настаўнікаў па ініцыятыве і пры падтрымцы старшыні аблвыканкама Уладзіміра Андрэевіча Дворніка вобласць актыўна выкарыстоўвае такую форму зносін з педагогамі, як відэаселектарныя нарады, якія праводзяцца ў студыях аблвыканкама, райвыканкамаў. Гэта цудоўная магчымасць напрамую даносіць патрабаванні да работы настаўнікаў, абазначаць актуальныя задачы, прадстаўляць лепшы вопыт, адказваць на хвалюючыя пытанні. За тры навучальныя гады праведзена 45 такіх нарад па рознай тэматыцы, 27 з іх — па пытаннях арганізацыі вучэбнай дзейнасці непасрэдна з педагогамі.
Метадычнымі службамі вобласці прыкладаюцца намаганні для таго, каб змяніць вектар дзеяння ўсіх метадаб’яднанняў з тэарэтычных разважанняў на арганізацыю практычнага (у тым ліку і сеткавага) узаемадзеяння педагогаў па розных напрамках дзейнасці, будаваць работу ў адпаведнасці з заяўкамі педагогаў, зыходзячы з аналізу адукацыйнай сітуацыі ў канкрэтным раёне, установе.
Другая не менш важная задача, якая стаіць перад органамі кіравання адукацыяй рознага ўзроўню, установамі адукацыі, — абнаўленне наяўнай тэхнікі. На гэтыя і іншыя мэты ў Праграмах развіцця агульнай сярэдняй адукацыі, прафесійна-тэхнічнай адукацыі грошы запланаваны, але іх недастаткова. Неабходны вельмі прадуманы падыход да гэтай работы. Магчыма, больш прадукцыйна будзе накіраваць сродкі на набыццё інтэрактыўнай дошкі ці індывідуальных электронных прылад (нэтбукаў, планшэтаў), электронных сродкаў навучання для прадметных кабінетаў.

Яшчэ адзін аспект: 27% устаноў дашкольнай, 93% устаноў агульнай сярэдняй і 100% прафесійна-тэхнічнай адукацыі маюць шырокапалосны выхад у інтэрнэт. Установам неабходна знаходзіць магчымасць падключэння бесправадной сеткі на аснове тэхналогіі wi-fi. Вопыт такой работы ўжо ёсць у гімназіі Рагачова, Грабаўскім ВПК Гомельскага раёна, Сцепскай сярэдняй школе Жлобінскага раёна. Акрамя таго, кожнаму кіраўніку варта ўзяць на кантроль пытанне стварэння сайтаў, іх абнаўлення і напаўнення. Іх пакуль маюць усе ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, 18% устаноў дашкольнай, 70% агульнай сярэдняй адукацыі.
Тэма інфарматызацыі адукацыйнага працэсу прагучала ў выступленнях дырэктара Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання Г.В.Казлова і настаўніка фізікі і інфарматыкі Грабаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Гомельскага раёна К.А.Дземусёва. Па словах выступоўцаў, выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій садзейнічае павышэнню эфектыўнасці адукацыйнага працэсу і якасці падрыхтоўкі спецыялістаў.
Закончылася пленарнае пасяджэнне ўручэннем педагогам і кіраўнікам сістэмы адукацыі ўзнагарод і прэмій Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскага аблвыканкама, Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў.
Распараджэннем старшыні Гомельскага абласнога камітэта за эфектыўную арганізацыю рамонтных работ, выкананых гаспадарчым спосабам, аддзелам адукацыі, спорту і турызму Рэчыцкага, Чачэрскага райвыканкамаў і адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля выдзелена ад 1,5 да 1,7 млрд рублёў. Мазырскаму прафесійнаму ліцэю геалогіі, сярэднім школам № 57 Гомеля і № 5 Рагачова на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы выдзелена па 300 млн руб., па 200 млн рублёў — яслям-саду № 51 Гомеля, Асташкавіцкаму вучэбна-педагагічнаму комплексу Светлагорскага раёна.

Па выніках работы ў 2013/2014 навучальным годзе пераходныя вымпелы і дыпломы ва ўрачыстай атмасферы атрымалі пераможцы абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы: Ціхініцкі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці Рагачоўскага раёна, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Званочак” Гомеля, Сімоніцкая сярэдняя школа Лельчыцкага раёна, сярэдняя школа № 14 Мазыра, гімназія Светлагорска, Мазырскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Рэчыцкі дзяржаўны педагагічны каледж, аддзелы адукацыі, спорту і турызму Ельскага, Рагачоўскага і Мазырскага райвыканкамаў.
Спецыяльнымі прызамі ўпраўлення адукацыі “За асаблівы ўклад у развіццё сістэмы адукацыі Гомельскай вобласці” на нарадзе ўзнагароджаны кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, якія аказваюць значную матэрыяльную падтрымку ўстановам адукацыі вобласці: агракамбінат “Паўднёвы” Гомельскага раёна, КЖУП “Уніком” Жлобінскага раёна, саўгас-камбінат “Зара” Мазырскага раёна, ААТ “Звязда” Чачэрскага раёна, ААТ “Гомельбудматэрыялы”.
За плённае супрацоўніцтва падзякай упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама адзначаны дырэктар тэлерадыёкампаніі “Гомель” С.Г.Яўрасава, старшыня Жлобінскага райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу П.І.Пушкоў, кіраўнік ААТ “Русаўтапром” І.І.Мінгазаў.
Музычнае прывітанне творчых калектываў навучэнцаў і педагагічных работнікаў вобласці стала завяршальным акордам жнівеньскай нарады.

Святлана СТОРАЖ,
начальнік вучэбна-метадычнага аддзела гуманітарных дысцыплін ГАІРА.