Горад над Віцьбай

- 11:03Родная земля

Ці была б гісторыя Віцебска настолькі багатай, насычанай драматычнымі і гераічнымі старонкамі? Ці стаў бы Віцебск малой радзімай для цэлай плеяды знакамітых мастакоў, пісьменнікаў, навукоўцаў, военачальнікаў? Ці было б пабудавана ў Віцебску столькі велічных храмаў? Наогул, ці атрымаў бы Віцебск сваю мілагучную назву, калі б не… звілістая, нешырокая, маляўнічая Віцьба? Менавіта гэтую рачулку, згодна з легендай, упадабала княгіня Вольга і загадала ў Х стагоддзі ўзвесці на месцы яе ўпадзення ў Заходнюю Дзвіну горад — сённяшні абласны цэнтр, нашу паўночную сталіцу.

Мілагучныя назвы

Палата, Ашмянка, Аршыца, Віцьба… Гэтыя рачулкі вартыя самых узвышаных слоў. Пра іх маляўнічасць можна складаць вершы, іх выявы ўпрыгожаць любы твор мастацтва, нарэшце, на іх берагах можна цудоўна адпачыць ад жыццёвай мітусні. Ды што там маляўнічасць! Дзякуючы Палаце ў­знік Полацк, дзякуючы Ашмянцы існуюць Ашмяны, Аршыцы — Орша, а Віцебск сваёй мілагучнай назвай і ўзнікненнем абавязаны Віцьбе. У адрозненне ад старэйшых і больш паўнаводных родзічаў (Заходняй Дзвіны, Дняпра, Сожа, Прыпяці, Нёмана), малыя рэкі не так часта згадваюцца ў творах мастацкай літаратуры, на старонках газет і часопісаў, на прасторах інтэрнэту. Несправядліва? Канечне! Пра малыя рэкі трэба часцей гаварыць, пісаць, распрацоўваць уздоўж іх экскурсійныя маршруты, прыцягваць увагу грамадскасці да экалагічных праблем рачулак. Палата, Ашмянка, Аршыца, Віцьба і іх шматлікія браты і сёстры вартыя нашай увагі, ім патрэбны наш клопат.

Ад ракі да сажалкі

У пачатку лета жыхары Віцебска ўстрывожыліся: у цэнтры горада на Віцьбе загінула шмат рыбы. Спецыялісты растлумачылі гэта недахопам кіслароду, колькасць якога ў вадзе рэзка зменшылася падчас гніення ў спёку расліннасці. Пагоршыў сітуацыю і той факт, што рака за горадам практычна перасохла, новая вада не паступала і рэчка ў межах горада ператварылася ў вадаём са стаялай вадой. Камунальнікі абяцалі вырашыць праблему шляхам штучнай ачысткі русла пасля правядзення “Славянскага базару”. За ліпень і жнівень сітуацыя змянілася — дзякуючы даж­джам, узровень вады падняўся, яна стала больш чыстай. Але ці засталося актуальным пытанне ачысткі Віцьбы? Вось што думае кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Іхтыялогія” Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Георгій Арнольдавіч Шыбанаў:

“Любая рака валодае здольнасцю самаачышчэння. Калі паводка або працяглыя праліўныя дажджы, то ўзровень вады паднімаецца і ўвесь бруд зносіць уніз па цячэнні. Ці з’яўляюцца водарасці прычынай падзення ў спёку кіслароду? Наўрад ці. На колькасц­ь кіслароду ўплываюць пераважна глеевыя адкладанні. Імі якраз і багатая Віцьба. Глей чорны, антрацытавага колеру. Гэта сведчыць пра тое, што там ідуць безкіслародныя працэсы, выдзяляецца метан, серавадарод. У спякотнае надвор’е колькасць метану і серавадароду пераўзыходзіць колькасць кіслароду, што і выклікае мор рыбы. Але не толькі гэта з’яўляецца праблемай.

Г.А.Шыбанаў.

Актыўнае забруджванне пачалося пасля таго, як на Віцьбе пабудавалі плаціны. Рэчка, па сутнасці, ператварылася ў каскад вадаёмаў, сажалак. Пра гэта сведчыць, у прыватнасці, відавы склад рыб, што адлюстравана ў даследчых работах маіх выхаванцаў. Яшчэ гадоў 15 назад мы з вучнямі лавілі на Віцьбе тыповых рачных рыб — галаўня, яльца, нават печкура, які, дарэчы, з’яўляецца паказальнікам чысціні вады. Цячэнне было дастаткова бурлівым, вада была праточная. Пасля таго як пабудавалі плаціны, працэсы ўтварэння глею ўзмацніліся. Цяпер Віцьба — гэта некалькі вадаёмаў са стаялай вадой. Змяніўся склад рыб. Калі ў Віцьбе карась або ратан раней не сустракаліся, то цяпер іх даволі шмат, а некаторыя рыбакі гаварылі, што на вуду ім трапляўся нават карп. Пры наяўнасці плацін асвяжыць Віцьбу можа толькі павелічэнне воднага патоку. Іншая справа, як гэта зрабіць”.

Дзяцінства на Лучосе

У адрозненне ад Віцьбы працэсы самаачышчэння ў Заходняй Дзвіне ідуць больш актыўна. А вось самая чыстая ў межах горада рака, як паказваюць даследаванні юных іхтыёлагаў, — гэта Лучоса. Лучоса — рака дзяцінства Георгія Арнольдавіча. Шматлікія летнія світанні, праведзеныя на Лучосе з вудай, у многім вызначылі прафесійны выбар нашага суразмоўцы. Падводны свет стаў не проста захапленнем, а справай жыцця. І ўжо амаль 20 гадоў сваю любоў да родных рэк Георгій Арнольдавіч перадае навучэнцам. На Лучосе лавіць рыбу — адно задавальненне. Нават дзяўчынкі, якія ніколі не трымалі ў руках вуду, становяцца заядлымі рыбакамі. Лучоса багатая рыбай. Па словах педагога, тут сустракаюцца нават такія рэдкія віды, як рыбец.

“Рака з’яўляецца ўлюбёным месцам адпачынку гара­джан. Асаблі­ва павялічваецца ўздзеян­не чалавека на Лучосу ў летнія месяцы. Рэчка хутка рэагуе на ўзнікненне неспрыяльных фактараў і рознага роду забруджванняў. Метадамі біяіндыкацыі Маера і Мікалаева былі выяў­лены ступені антрапагеннага ўздзеяння на Лучосу ў межах Віцебска. У 2015 годзе мы правялі адбор проб у межах горада і для параўнання зрабілі аналагічны адбор за горадам. У выніку выявілі, што, згодна з метадам Мікалаева, у Віцебску — вада 3 класа чысціні, за горадам — 2 класа. Пры гэтым трэба ўлічваць, што 1 клас чысціні вод па Мікалаеву — гэта асабліва чыстыя вадацёкі, напрыклад, горныя ручаі. Дадзеная работа можа быць выкарыстана для распрацоўкі прыродаахоўных мера­прыемстваў і інфармавання насельніцтва Віцебска пра неабходнасць зніжэння шкодных уз­дзеянняў на Лучосу”, — падзяліўся Георгій Арнольдавіч.

Від на Заходнюю Дзвіну і Дабравешчанскую царкву.

Казачная прыгажосць

Вернемся да Віцьбы. Менавіта на яе берагах узнік, развіваўся, спазнаваў перыяды заняпаду і росквіту прыгажун Віцебск. Каля берагоў Віцьбы знаходзяцца галоўныя архітэктурныя дамінанты горада — Свята-Успенскі сабор, Свята-Уваскрасенская царква, будынак былой ратушы. Акрамя таго, тут захаваўся куточак старога Віцебска, будынкі, якія не зніклі ў віхуры часу. Берагі Віцьбы выдатна падыходзяць для прагулак. Камусьці падабаецца раён Пушкінскага маста, іншым — парк культуры і адпачынку імя Фрунзэ. Асабліва любяць адпачываць у парку навучэнцы і педагогі гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава, тэрыторыя якой мяжуе з паркам. Дарэчы, навучэнцы менавіта гэтай установы адукацыі і даследуюць разам з Георгіем Арнольдавічам Шыбанавым стан Віцьбы. Калі ў раёне Пушкінскага маста Віцьба, умоўна кажучы, гістарычная (працякае амаль ля падножжа храмаў, старых будынкаў), то ў парку імя Фрунзэ яна казачная, таямнічая, з вялізнымі дрэвамі на берагах, жнівеньскім ранішнім туманам.

Паварот на вуліцу Талстога.

Нездарма ўздоўж Віцьбы настаўніцай біялогіі сярэдняй школы № 29 Віцебска імя В.В.Піменава Ірынай Генадзьеўнай Бядарык (педагог, дарэчы, з’яўляецца аўтарам вучэбнага дапаможніка па біялогіі для 8 класа) распрацаваны маршрут экалагічнай сцяжыны. Падобныя маршруты створаны ў многіх установах адукацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска па ініцыятыве начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Андрэя Генадзьевіча Пахолкіна.

“Віцьба павінна быць годным упрыгажэннем горада. Яна адносіцца да катэгорыі малых рэк, але для нашага горада гэта асаблівы вадаём, паколькі ён даў назву Віцебску. На Віцьбе ў межах горада былі запруды, будаваліся млыны, узровень вады ў рацэ заставаўся высокім, а шырыня ракі ў асобных месцах дасягала больш за 50 м. Дастаткова сказаць, што яшчэ ў 40—50-я гады на Віцьбе ў парку імя Фрунзэ была лодачная станцыя. Потым запруды разбурыліся, вада спала, і рака заўважна абмялела. У 70—80-я гады праводзіліся ачышчальныя работы па аздараўленні Віцьбы і яе поймы ў межах горада. Былі ліквідаваны смеццевыя звалкі на берагах ракі і ў яе пойме. Па хімічным скла­дзе вада ў Віцьбе ў асноўным адпавядае санітарным нормам, аднак бактэрыяльнае забруджванне застаецца высокім. Адбываецца гэта ў тым ліку і таму, што падчас дажджоў і раставання снегу ў раку з тэрыторыі горада змываецца шмат арганічных рэчываў і нафтапрадуктаў. Патрэбны работы па ачыстцы русла ад металу, старой ціны, кустоўя”, — лічыць Ірына Генадзьеўна.

З любоўю да Віцебска…

Страчанае і адноўленае

Прагуляцца па беразе Віцьбы і палюбавацца помнікамі архітэктуры, храмамі Віцебска запрашае кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Краязнаўства” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Галіна Рыгораўна Новак. Як падзялілася педагог, для яе Віцебск адметны ў першую чаргу сваімі храмамі. “Шкада толькі, што многія з іх былі разбураны ў мінулым стагоддзі. Добра памятаю той момант, калі ў 60-я гады бурылі экскаватарамі Дабравешчанскую царкву, помнік архітэктуры ХІІ стагоддзя. Аскепкі чырвонай цэглы разляталіся нібыта кроплі крыві. Асабліва мне шкада будынкаў па вуліцы Леніна, на якой прайшло маё дзяцінства і юнацтва. Сучасны выгляд гэтай вуліцы зусім іншы. Добра, што храмы аднаўляюцца, а будынкі мінулых эпох узяты пад ахову дзяржавы”, — падзялілася Галіна Рыгораўна.

Г.Р.Новак знаёміць з храмамі роднага горада.

“У горадзе залатых купалаў” — так называецца экскурсійны маршрут, распрацаваны навучэнкай Валерыяй Зыбінай пад кіраўніцтвам Галіны Рыгораўны. Інфармацыя для маршруту была ўзята з даведніка “Віцебская епархія. Манастыры, храмы і прыходы”. Выкарыстоўваліся таксама артыкулы з перыёдыкі ў абласной бібліятэцы. Сістэматызаваны матэрыял у форме экскурсійнага маршруту па гістарычным цэнтры Віцебска прапаноўваецца навучэнцам сярэдняга звяна. Аўта­ры спадзяюцца, што работа будзе шырока выкарыстоўвацца ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі, стане карыснай навучэнцам і педагогам, якія цікавяцца гісторыяй храмаў Віцебска. Падчас экскурсіі, разлічанай на 2 гадзіны, можна даведацца пра гісторыю Дабравешчанскай царквы і царквы Святога Аляксандра Неўскага, Свята-Духава жаночага манастыра, Свята-Уваскрасенскай царквы, духоўнай семінарыі, Свята-Успенскага кафедральнага сабора.

Юны краязнавец Дзмітрый Пятроўскі з даследчымі работамі.

Пачынаецца экскурсія з пло­шчы Тысячагоддзя (тэрыторыя былога Ніжняга замка), якая атрымала сваю назву ў 1974 годзе падчас святкавання 1000-гадовага юбілею горада. Тут знаходзіцца самы старажытны з дзеючых храмаў горада — Дабравешчанская царква. Большасць археолагаў адносіць яе з’яўленне да сярэ­дзіны XII стагоддзя. У адрозненне, напрыклад, ад полацкіх будынкаў, віцебская царква пабудавана з плінфы і каменю. Адшліфаваныя каменныя блокі выкананы ў адзін-два рады, потым ідуць два-тры рады плінфы, а затым зноў рады камянёў. Такая змяшаная тэхніка муроўкі сведчыц­ь пра наяўнасць у Віцебску зусім іншых, чым у Полацку, будаўнічых традыцый. Узводзіўся храм, хутчэй за ўсё, з удзелам візантыйскіх майстроў. Вялікую мастацкую каштоўнасц­ь уяўлялі фрэскавыя роспісы. На жаль, яны не захаваліся. Адноўлены храм у 1998 годзе.

Два храмы — адзін лёс

А цяпер загадка: гэты храм адноўлены ў наш час і, нібыта белы лебедзь, узносіцца над Віцебскам. Нехта адкажа, што гэта Свята-Успенскі сабор, і будзе мець рацыю. Нехта скажа, што гэта Свята-Уваскрасенскі храм, і таксама дасць правільны адказ. Два храмы, нібыта дзве грацыёзныя птушкі, распасцерлі свае крылы-вежы над звілістай Віцьбай і шырокай Дзвіной. А пачаўся гэты незвычайны палёт яшчэ ў XVIII стагоддзі, калі на сродкі віцебскага купца Мікалая Смыка на скрыжаванні сучасных вуліц Талстога і Суворава быў пабудаваны храм. Ён уражваў вытанчанасцю форм і ліній, багатым дэкорам фасадаў. Пры будаўніцтве храма была парушана традыцыя размяшчэння галоўнага фасада на ўсход. Зроблена гэта было з мэтай больш удалай забудовы Рыначнай плошчы. У архітэктурны комплекс плошчы ўваходзілі таксама ратуша (сёння ў будынку, пачатак узвядзення якога адносіцца да 1775 года, размяшчаецца абласны краязнаўчы музей) і будынак касцёла Святога Антонія, на месцы якога цяпер фантан. У 1926 го­дзе Свята-Уваскрасенскі храм быў аднесены да помнікаў архітэктуры БССР, але нават гэта не выратавала яго ад разбурэння. У 1936 годзе храм узарвалі. У 2008 годзе ён адноўлены.

Каля будынка былой ратушы.

Велічнай і адначасова трагічнай з’яўляецца і гісторыя Свята-Успенскага сабора. Яго ў­звядзенне ў стылі позняга барока пачалося ў 1743 годзе на высокім месцы каля вусця Віцьбы. Спачатку ён узво­дзіўся як касцёл, з 1791 года — праваслаўны храм. У 1872 годзе пасля наведвання сабора тагачасны міністр народнай асветы Талстой сказаў епархіянальнаму архітэктару: “Навучыцеся будаваць храмы так проста, лёгка, прыгожа і велічна, як пабудаваны гэты храм!” У 1936 годзе храм узарвалі. У 2000 годзе пачаліся аднаўленчыя работы, якія былі ўрачыста завершаны на свята Дабравешчання ў 2011 годзе.

Помнік князю Альгерду.

“На занятках аб’яднання па інтарэсах “Краязнаўства” мы з дзецьмі вывучаем гісторыю, архітэктурна-планіровачнае развіццё Віцебска, гераічнае мінулае і культурную спадчыну. Навучэнцы наведваюць музеі, здзяйсняюць экскурсіі, сустракаюцца з цікавымі людзьмі, працуюць з архіўнымі дакументамі і навукова-папулярнай літаратурай, выконваюць даследчыя і творчыя работы, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах. Спачатку юныя краязнаўцы вучацца складаць генеалагічнае дрэва, малююць сямейны герб, расказваюць пра сямейныя традыцыі, захапленні, рэліквіі. Значную ўвагу на далейшых занятках удзяляем вывучэнню гісторыі вуліц, плошчаў, выдатных архітэктурных мясцін горада. Акрамя экскурсіі “У горадзе залатых купалаў” распрацаваны “Архітэктурныя брыльянты Віцебска”, “Страчаная спадчына”. Абавязкова вывучаем старонкі ваеннага мінулага, у першую чаргу Вялікай Айчыннай вайны. Плённай была праца па тэме “Знайсці і абясшкодзіць!”, прысвечаная адной з малавывучаных старонак нашай гісторыі — размініраванню Віцебшчыны ў 1944—1945 гадах. Мы сустрэліся з байцамі Асаавіяхіма, запісалі іх успаміны. Сабраны матэрыял можа выкарыстоўвацца як на ўроках гісторыі, так і на факультатыўных занятках, выхаваўчых мерапрыемствах”, — паведаміла Галіна Рыгораўна.

На вуліцы Леніна.

Жыцця вытокі

Полацк, Ашмяны, Орша, Віцебск… Ці ўзніклі б гэтыя гарады, ці далі б яны свету сваіх знакамітых ураджэнцаў, калі б не маленькая Палата, Ашмянка, Аршыца, нарэшце, Віцьба? Нешырокія, звілістыя рачулкі не проста ўпрыгожваюць нашу зямлю, яны з’яўляюцца стваральнікамі яе гісторыі, сведкамі станаўлення гарадоў, іх узлётаў і заняпадаў, іх слаўнага мінулага і не менш слаўнай сучаснасці. Пакуль жыве Віцьба, будзе жыць і Віцебск!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.