ГрАІРА: інстытут 4.0

- 10:00Навіны рэгіёнаў

Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі за дасягненне высокіх паказчыкаў, прафесіяналізм і значны ўклад у развіццё адукацыі рэгіёна занесены на абласную Дошку гонару. Такое рашэнне прынята Гродзенскім аблвыканкамам па выніках работы ГрАІРА ў 2020 годзе. Лаўрэат прэміі аблвыканкама за дасягненні ў галіне якасці, дыпламант прэміі ўрада Рэспублікі Беларусь, сёння гэтая ўстанова адукацыі мадэлі “Інстытут 4.0”, якая будуе работу на аснове прынцыпу міжведамаснага і міжінстытуцыянальнага ўзаемадзеяння, рэалізуе сваю місію з дапамогай Стратэгічнай канцэпцыі самарэалізацыі педагога ў бесперапыннай адукацыі. Што ўяўляе сабой мадэль “Інстытут 4.0”, у якіх кірунках працуе ўстанова адукацыі, у чым сакрэт поспеху сярод педагогаў рэгіёна і якія перспектывы далейшага развіцця, расказала рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Святлана Сяргейка.

— Наша ўстанова адукацыі ўжо другі год укараняе мадэль “Інстытут 4.0” і працуе ў чатырох напрамках. Інстытут — гэта ўстанова дадатковай адукацыі дарослых, якая, па-першае, павышае кваліфікацыю спецыялістаў усіх катэгорый з мэтай іх самарэалізацыі ў прафесійнай дзейнасці; па-другое, праводзіць навуковыя даследаванні ў галіне гуманітарных навук, распрацоўвае і выкарыстоўвае інавацыйныя метады адукацыі; па-трэцяе, стварае спрыяльныя ўмовы суб’ектам адукацыі рэгіёна для іх удзелу ў конкурсным руху шляхам метадычнага суправаджэння; па-чацвёртае, прыцягвае дадатковыя фінансавыя рэсурсы для забеспячэння сваёй дзейнасці.

Адукацыйны працэс

Укараненне ў практыку мадэлі “Інсты­тут 4.0” дазволіла ГрАІРА стаць інстытутам новай фармацыі, дасягнуць значных вынікаў.

Павялічылася варыятыўнасць адукацыйных праграм. Так, у 2020/2021 навучальным годзе рэалізавана 209 адукацыйных праграм і 225 адукацыйных мерапрыемстваў, якімі ахоплена больш за 12 тысяч педагогаў. Упершыню павышэнне кваліфікацыі арганізавана для ідэалагічных работнікаў вобласці.

Удалося стаць больш мабільнымі ў выбары зместу і структуры павышэння кваліфікацыі спецыялістаў. У 2020 годзе распрацавана больш за 30 новых адукацыйных праграм ПК, у тым ліку з выкарыстаннем ІКТ. Гэта новая форма павышэння кваліфікацыі (вочная і дыстанцыйная адначасова), якая прыдумана і ўпершыню рэалізавана ГрАІРА ва ўмовах пандэміі, а затым гэты вопыт перанялі іншыя інстытуты краіны. Таксама ў час пандэміі інстытут стварыў віртуальную школу — адукацыйны партал з урокамі і дадатковымі заданнямі па кожным з іх ва ўсіх класах і па кожным прадмеце ў чацвёртай чвэрці, а таксама з тэставымі заданнямі. Гэтая ідэя стала асновай для стварэння Міністэрствам адукацыі адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу. Адкрыта школа бяспекі, у якой штотыдзень праводзяцца заняткі з удзелам супрацоўнікаў сілавых структур. Слухачамі школы бяспекі толькі за першае паўгоддзе сталі больш за 2,5 тысячы чалавек.

Педагогі сталі замацоўвацца ў сістэме адукацыі рэгіёна: больш як 72 працэнты маладых спецыялістаў засталіся працаваць. Гэта вынік планавай мэтанакіраванай работы. Напрыклад, інстытутам сумесна з галоўным упраўленнем адукацыі аблвыканкама і абкамам галіновага прафсаюза распрацавана стратэгічная праграма “Прапедэўтычная падтрымка прафесійнага станаўлення маладых педагогаў”. Яна рэалізуецца на чатырох узроўнях, дзе адбываецца ўплыў на веды, уменні, эмоцыі і каштоўнасці моладзі. Прапануюцца мэтавыя адукацыйныя праграмы, майстар-класы, семінары-практыкумы, накіраваныя на вырашэнне выяўленых праблем і цяжкасцей маладых педагогаў. Працуе школа маладога педагога, педагагічная студыя “Схаваныя скарбы”. Праводзіцца міжнародны фестываль “Прызванне — педагог”. Створана віртуальная кніга гонару маладых спецыялістаў. Уручаецца прэмія “Паспяховы старт”. Маладыя педагогі актыўна ўключаюцца ў конкурсны рух, праектную і інавацыйную дзейнасць. Гэта дазволіла, па-першае, запусціць унутраны механізм маладых спецыялістаў, які стаў каталізатарам іх прафесійнага станаўлення і самарэалізацыі, а па-другое, пабудаваць персанальную стратэгію прафесійнай дзейнасці маладога педагога, удасканалення яго асобасных якасцей, развіцця прафесійных кампетэнцый на аснове самапазнання, самаідэнтыфікацыі і самаарганізацыі.

Павысілася канкурэнтаздольнасць дадатковай адукацыі дарослых у сусветнай адукацыйнай прасторы. ГрАІРА рэалізуе міжнародную дзейнасць у рамках дагавораў аб супрацоўніцтве з 12 замежнымі інстытутамі і арганізацыямі, актыўна супрацоўнічае з вядучымі ўстановамі адукацыі Расіі, Казахстана, Украіны, Польшчы, Літвы, Малдовы, Ізраіля і іншых краін. Педагогі інстытута праходзяць стажыроўкі за мяжой, а для чытання лекцый і правядзення майстар-класаў у Гродне прыцягваюцца вядучыя спецыялісты, у тым ліку замежныя. Арганізуюцца адукацыйныя праграмы павышэння кваліфікацыі для замежных слухачоў: магістрантаў, аспірантаў, дактарантаў.

Метадычнае суправаджэнне сістэмы адукацыі

Укараненне мадэлі “Інстытут 4.0” дазволіла ГрАІРА стаць магутным саюзнікам пры распрацоўцы навуковых і метадычных асноў адукацыі, коўч-кансультантам па пытаннях самарэалізацыі асобы ў прафесійнай дзейнасці.

Распрацоўка і ўкараненне ўпершыню ў Беларусі Стратэгічнай канцэпцыі самарэалізацыі педагогаў у бесперапыннай адукацыі дазволіла інстытуту выбудаваць сістэмную метадычную работу па чатырох праграмах, кожная з якіх рэалізуецца на чатырох узроўнях.

Першая праграма: павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі. З навучэнцамі класаў педагагічнай накіраванасці і настаўнікамі, якія выкладаюць факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, праводзяцца педагагіяда і навуковая алімпіяда, педагагічны экспрэс і педагагічны форум. Працуюць лагер “ПрафСТАРТ” і профільны педагагічны клуб.

Аналагічнае сістэмнае метадычнае суправаджэнне ажыццяўляецца інстытутам у дачыненні да навучэнцаў аграрных класаў і педагогаў, якія выкладаюць факультатыў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Гэтая работа ў 2019 годзе Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання адзначана ганаровай граматай.

Другая праграма: прапедэўтычная падтрымка прафесійнага станаўлення маладых педагогаў. Інстытутам выбудавана сістэмная работа з кожнай катэгорыяй маладых педагогаў.

Трэцяя праграма: суправаджэнне прафесійнага развіцця і самаразвіцця педагогаў на працягу ўсяго жыцця. У гэтым кірунку інстытут выпрацаваў шматвектарную стратэгію. Для педагогаў, чыя прафесійная самарэалізацыя праз вучэбную дзейнасць — найважнейшая асобасная характарыстыка, асаблівы акцэнт зроблены на забеспячэнні пераемнасці ў фарміраванні прафесійных кампетэнцый педагогаў па арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў і рабоце з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі. Эфектыўнасць пацверджана вынікамі выступлення ў 2020 годзе каманд Гродзенскай вобласці на інтэлектуальных конкурсах і алімпіядах: лепшы вынік сярод усіх абласных каманд і Мінска па суадносінах колькасці ўдзельнікаў да колькасці заваяваных дыпломаў (52 %), перамога ў рэспубліканскай алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці, 2-е агульнакаманднае месца і 5 дыпломаў у асабістым першынстве ў алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, дыплом II ступені рэспубліканскага турніру юных матэматыкаў.

Для педагогаў, зацікаўленых у прафесійнай самарэалізацыі, класных кіраўнікоў інстытут арганізаваў абласную школу спецыялістаў органаў кіравання адукацыяй, метадыстаў раённых вучэбна-метадычных кабінетаў, якія курыруюць выхаваўчую работу, выпрацаваў метадычныя рэкамендацыі па прафілактыцы негатыўных праяў у маладзёжным асяроддзі, упершыню правёў абласны фестываль творчых лабараторый класных кіраўнікоў “Разам да поспеху!”, забяспечыў навукова-метадычнае суправаджэнне апрабацыі рэспубліканскага праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт” у Гро­дзенскай вобласці.

Для педагогаў-псіхолагаў, педагогаў сацыяльных арганізаваны круглагадовы марафон паспяховых практык, мэтавыя праграмы павышэння кваліфікацыі, дыстанцыйны конкурс “Флэш-алімпік”, выяўлены найбольш кампетэнтныя спецыялісты для арганізацыі настаўніцтва. Упершыню на форуме інстытута праведзены практыкум па фарміраванні навыкаў канструктыўных зносін у трыядзе педагог — навучэнец — бацька.

Шмат зроблена для педагогаў, якія імкнуцца да рэалізацыі інавацыйных і эксперыментальных ініцыятыў, укараняюць ІКТ у адукацыйны працэс. Як вынік, 67 устаноў адукацыі Гродзеншчыны, якія завяршылі эксперыментальныя і інавацыйныя праекты ў 2019 годзе, прызнаны АПА найбольш паспяховымі і рэкамендаваны для шырокага выкарыстання ў сферы адукацыі. Адкрыта школа інфармацыйна-камунікацыйнай дасведчанасці. Створана віртуальная школа, дзе размешчана звыш 1000 відэаўрокаў для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Чацвёртая праграма: кіраванне станаўленнем і развіццём кіруючых кадраў у сістэме адукацыі. Школа педагагічнага лідара, клуб “Перспектыва” і стажыроўкі для маладых кіраўнікоў, асацыяцыя кіраўнікоў, форум і дыстанцыйны прафесійны конкурс для кіраўнікоў — толькі некаторыя прыклады работы ў гэтым кірунку.

Навукова-даследчая дзейнасць

Укараненне ў практыку мадэлі “Інстытут 4.0” дазволіла ГрАІРА стаць надзейным партнёрам на навуковай арэне. Інстытут распрацаваў, навукова абгрунтаваў і ўкараніў Стратэгічную канцэпцыю самарэалізацыі педагогаў у бесперапыннай адукацыі (аўтар С.А.Сяргейка). Вядзецца актыўная работа над дысертацыйнымі і кафедральнымі даследаваннямі. Толькі ў першай палове 2021 года іх вынікі надрукаваны ў 2 манаграфіях, 6 вучэбна-метадычных выданнях, 128 артыкулах, атрымана 27 актаў укаранення. У інстытуце выдадзена 11 работ і 3 нумары навукова-метадычнага часопіса “Веснік адукацыі. Гродзенскі рэгіён”. Рэалізуецца эксперыментальны праект па апрабацыі мадэлі развіцця гатоўнасці педагогаў да фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці вучняў у міжкультурным адукацыйным асяроддзі.

Камерцыялізацыя

Інстытут стаў моцным рэгіянальным у­дзельнікам новай эканомікі. Пашыраны рынак спажыўцоў паслуг. Інстытут стаў цікавы не толькі педагогам, але і дзяржаўным служачым, ідэолагам, работнікам АПК, спецыялістам УВА і проста жыхарам вобласці. Адкрыты цэнтр пескатэрапіі, камунікатыўны цэнтр, кансультацыйны пункт па рэалізацыі міжнароднай праектнай дзейнасці і многае іншае.

Паслядоўнае ажыццяўленне мер, закладзеных у Стратэгічнай канцэпцыі, дазваляе ГрАІРА паспяхова вырашаць задачы дадатковай адукацыі дарослых, будаваць эфектыўныя партнёрскія адносіны з іншымі інстытутамі, установамі, ведамствамі не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ГрАІРА.