Грамадства дапаможа пажылым людзям у рэалізацыі іх патэнцыялу

- 10:54Інфармацыйная гадзіна

Нацыянальную стратэгію ў інтарэсах пажылых людзей плануецца распрацаваць у Беларусі. НДІ працы Мінпрацы і сацабароны пачне распрацоўку дакументаў у 2019 годзе, паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак.

“У адных краінах ёсць дарожныя карты, у іншых — нацыянальныя стратэгіі. Мы для сябе разглядаем магчымасць распрацоўкі нацыянальнай стратэгіі ў інтарэсах пажылых людзей. У гэтай рабоце будуць задзейнічаны ўсе зацікаўленыя дзяржаўныя органы: Мінпрацы і сацабароны, міністэрствы аховы здароўя, адукацыі, інфармацыі, фінансава-эканамічныя органы краіны, што забяспечыць міжведамаснае, міжсектаральнае ўзаемадзеянне ў працэсе прыняцця рашэнняў. Безумоўна, дакумент будзе распрацоўвацца на аснове актуальнага дэмаграфічнага прагнозу”, — расказаў Аляксандр Румак.

Паводле яго слоў, стратэгія павінна прадугледжваць меры па рэалізацыі патэнцыялу пажылых людзей, задавальнення іх патрэбнасцей у розных сферах жыцця. “Дасягненне пажылога ўзросту не азначае, што кожны чалавек спыняе сваю прафесійную дзейнасць. Мы ведаем з практыкі, што шмат пенсіянераў прадаўжаюць актыўна працаваць, таму што яны вельмі карысныя для сваіх калектываў, паколькі валодаюць вялікім прафесійным вопытам. У пажылых людзей ёсць жаданне рэалізоўвацца ў прафесійнай сферы, і мы павінны такія механізмы прадугледзець, каб людзі, нягледзячы на ўзрост, маглі прадоўжыць сваю дзейнасць. Гэта і стварэнне спрыяльнага сацыяльнага асяроддзя для жыццядзейнасці, каб пераадолець стэрэатыпы, што пажылы чалавек можа толькі сядзець дома і піць чай. Сёння пажылыя імкнуцца да авалодання сучаснымі інфармацыйнымі камунікацыямі, да зносін, таму стратэгія павінна прадугледзець гэтыя магчымасці”, — адзначыў намеснік міністра.