Грунтавацца на даверы

- 9:01Актуально, Апошнія запісы

10 сакавіка ў Выдавецкім доме “Педагагічная прэса” прайшла прамая лінія з удзелам намесніка міністра адукацыі А.У.Кадлубая. У пачатку сустрэчы з дырэктарам выдавецкага дома і галоўным рэдактарам “Настаўніцкай газеты” В.А.Кнышавым вялася размова пра сённяшні стан сістэмы адукацыі і яе развіццё на перспектыву. Аляксандр Уладзіміравіч выказаў спадзяванне, што “Настаўніцкая газета” і надалей будзе настольным выданнем для нашых педагогаў і на старонках прафесійнай газеты, як і цяпер, будуць публікавацца злабадзённыя матэрыялы пра педагагічную грамадскасць, непасрэдна пра настаўнікаў і іх здабыткі.

Пытанні аб дзейнасці сістэ­мы адукацыі, функцыянаванні навучальных устаноў, прафесійнай арыентацыі, арганізацыі шостага школьнага дня, рабоце ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі, сістэме ацэньвання ведаў, правядзенні выпускных іспытаў гучалі ў тэлефонных званках, якія паступілі ў гэты дзень на прамую лінію.

Да канца навучальнага года застаецца не так многа часу, і бацькоў цікавіць, як сёлета будуць праводзіцца выпускныя экзамены, ці будзе ўвядзенне сумешчанага экзамену — выпускнога і ўступнага. Аляксандр Уладзіміравіч пацвердзіў, што плануецца ўвя­дзенне такога экзамену пасля 11 класа. Гэта патрабуе змянення здачы экзаменаў і пасля 9 класа. Але ў най­бліжэйшыя гады выпускная ў школах і ўступная кампанія ва УВА будзе праводзіцца па-ранейшаму.

Булінг у школе сёння рэальная з’ява, і бацькі пытаюцца, як ад яго абараніцца. Наколькі класны кіраўнік, педагог-псіхолаг могуць дапамагчы ў гэтым? Безумоўна, адзначыў намеснік міністра адукацыі, для таго, каб такія праявы, як булінг, не здараліся ў школе, трэба ствараць спрыяльнае асяроддзе для навучэнцаў, шукаць новыя, эфектыўныя  формы ўзаемадзеяння настаўніка, класнага кіраўніка, педагога-псіхолага з дзецьмі, якія будуць грунтавацца на даверы. Пры любой негатыўнай сітуацыі навучэнцы ў першую чаргу павінны звяртацца да класнага кіраўніка або да псіхолага.

Акрамя таго, дзейнічаюць сацыяльна-педагагічныя цэнтры, дзе працуюць вопытныя псіхолагі, гатовыя аказаць дапамогу. Бацькі, іх дзеці могуць туды звяртацца, каб атрымаць  параду. Гэта можна зрабіць і ананімна. На базе інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка нядаўна адкрыўся Рэспубліканскі  цэнтр псіхалагічнай дапамогі, у штат якога ўвайшлі навукоўцы, практыкі. Яны прызваны аказваць комплексную псіхалагічную падтрымку ўсім, хто да іх звяртаецца. Намеснік міністра адукацыі адзначыў, што сёння Міністэрства адукацыі знаходзіцца ў пошуку новых падыходаў у развіцці псіхалалагічнай службы ў сістэме адукацыі. З гэтай мэтай праводзіцца эксперыментальная работа, у ходзе якой будзе выпрацавана найбольш прымальная мадэль псіхалагічнай падтрымкі навучэнцаў.

 Цікавіла бацькоў і пытанне знаходжання вучняў пачатковых класаў у групах прадоўжанага дня. Былі нараканні на тое, што педагогі не імкнуцца цікава бавіць час з выхаванцамі, а абмяжоўваюцца толькі тым, што дазваляюць дзецям гуляць у сваіх мабільных тэлефонах. А.У.Кадлубай нагадаў, што дзейнасць груп прадоўжанага дня павінна кіравацца адпаведным палажэннем, распрацаваным галіновым міністэрствам. У ім рэгламентаваны пытанні харчавання, адукацыйнай дзейнасці, арганізацыі вольнага часу. Калі ёсць выпадкі, што прадстаўлены рэгламент не вытрымліваецца ў групе прадоўжанага дня, то трэба звяртацца да кіраўніцтва навучальнай установы, у тым ліку і ў выпадку выкарыстання дзецьмі мабільных тэлефонаў. На гэты конт ва ўстанове адукацыі павінны быць выпрацаваны адпаведныя лакальныя правілы.

У час прамой лініі прагучалі пытанні пра дзейнасць мала­дзёжных арганізацый, пошук новых падыходаў ва ўзаемадзеянні сям’і і школы. Не абышлося і без абмеркавання пытання пра сезонныя захворванні. Бацькі пыталіся, ці будуць яны ўплываць на дзейнасць устаноў адукацыі.

А.У.Кадлубай адзначыў, што адукацыйная галіна ў гэтым пытанні кіруецца прадпісаннямі Міністэрства аховы здароўя, і ад яго на гэты конт не паступала ніякіх указанняў.

— У нас няма высокага эпідэміялагічнага пад’ёму захворванняў, які б мог паўплываць на дзейнасць школ, — запэўніў намеснік міністра адукацыі. — Прымаць адпаведныя меры трэба толькі ў тым выпадку, калі ў навучальнай установе будзе больш як 30% тых, хто адсутнічае па прычыне хваробы.

Аляксандр Уладзіміравіч ­адзначыў, што ахова здароўя заўсёды была і застаецца ў цэнтры ўвагі сістэмы адукацыі. У перыяд павелічэння захворванняў кіраўніцтва навучальных устаноў павінна пашырыць кола аздараўленчых мерапрыемстваў і арганізоўваць іх на свежым паветры.


“Бацькоўскі ўніверсітэт” у якасці пілотнага праекта

— Ці плануецца ў найбліжэйшы час распрацоўка і прыняцце дакумента дзяржаўнага ўзроўню, у адпаведнасці з якім рэальна павышалася б адказнасць бацькоў за выхаванне дзяцей?

— Такія дакументы існуюць. Артыкулам 32 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь вызначана, што бацькі або асобы, якiя iх замяняюць, маюць права i абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца пра іх здароўе, развіццё і навучанне.

Адказнасць сям’і за дзіця таксама ўстаноўлена артыкулам 17 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці”.

Згодна з нормамі артыкула 65 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, сям’я абавязана садзейнічаць рэалізацыі правоў і законных інтарэсаў членаў сям’і, на яе ўскладаецца адказнасць за выхаванне і ўтрыманне дзяцей, іх абарону. У адпаведнасці з артыкулам 68 гэтага кодэкса, да асабістых немаёмасных правоў i абавязкаў бацькоў адносяцца выхаванне дзяцей, ажыццяўленне до­гляду і нагляду за імі.

У адпаведнасці з артыкулам 75 гэтага дакумента, бацькі ажыццяўляюць выхаванне дзяцей. Пад паняццем “выхаванне” маецца на ўвазе клопат пра фізічнае, духоўнае і маральнае развіццё дзяцей, пра іх здароўе, адукацыю і падрыхтоўку да самастойнага жыцця ў грамадстве.

Бацькі, апекуны, папячыцелі (законныя прадстаўнікі) нясуць адказнасць за неналежнае выхаванне і ўтрыманне дзяцей у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (артыкул 67 кодэкса).

Абавязкі законных прадстаўнікоў непаўналетніх дзяцей у частцы забеспячэння ўмоў для атрымання адукацыі і развіцця навучэнцаў, павагі гонару і годнасці іншых удзельнікаў адукацыйнага працэсу замацаваны артыкулам 35 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

Але нельга не пагадзіцца, што цэнтральнае месца ў выхаванні, фарміраванні светапогляду і маральных норм паводзін, жыццёвым самавызначэнні навучэнца займае сям’я. Перад установамі агульнай сярэдняй адукацыі сёння стаіць задача актывізаваць выхаваўчую дзейнасць сям’і, аказаць ёй неабходную сацыяльна-псіхолага-педагагічную падтрымку, надаць сямейнаму выхаванню мэтанакіраваны, грамадска значны характар. Вырашэнне дадзенай задачы прадугледжвае павышэнне эфектыўнасці ўзаемадзеяння сям’і і школы як найважнейшага складніка сучаснага працэсу выхавання.

З гэтай мэтай пашырана практыка правядзення абласных, раённых і гарадскіх бацькоўскіх сходаў, семінараў, круглых сталоў, канферэнцый з удзелам бацькоў па актуальных пытаннях выхавання. Эфектыўнымі формамі ўзаема­дзеяння з сям’ёй з’яўляецца дзейнасць савета ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, апякунскага савета, бацькоўскіх камітэтаў.

Адным са шляхоў павышэння эфектыўнасці выхавання дзяцей з’яўляецца гатоўнасць сучасных бацькоў да іх выхавання. І гэта зразумела. Ад таго, якую дапамогу і падтрымку бацькам у сямейным выхаванні можа аказаць школа, шмат у чым залежыць і якасць выхавання ў цэлым. У практыку работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўвайшлі разнастайныя формы і метады работы з бацькамі.

У мэтах удасканалення дзейнасці педагагічных калектываў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па аказанні сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі сем’ям у выхаванні дзяцей з 2020/2021 навучальнага года запланавана рэалізацыя рэспубліканскага праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”. У якасці пілотнага гэты праект пачаў ажыццяўляцца ў шэрагу навучальных устаноў з 1 лютага гэтага года.

Механізм рэалізацыі названага пілотнага праекта прадугледжвае наступныя мерапрыемствы: выбар тэм для дзейнасці “Бацькоўскага ўніверсітэта”, адбор форм і метадаў работы з улікам запытаў законных прадстаўнікоў навучэнцаў, спецыфікі рэгіёна, адукацыйнага асяроддзя ўстановы; распрацоўка зместу (падрыхтоўка матэрыялаў) у адпаведнасці з выбранымі тэмамі для правядзення мерапрыемстваў (пры ўдзеле абласных, Мінскага гарадскога інстытутаў развіцця адукацыі); асвятленне работы “Бацькоўскага ўніверсітэта” на сайтах установы адукацыі, абласных, Мінскага гарадскога інстытутаў развіцця адукацыі.

Пачынаючы з наступнага навучальнага года інфармацыйныя матэрыялы для правядзення “Бацькоўскага ўніверсітэта” будуць распрацоўвацца БДПУ імя Максіма Танка для трох ступеняў навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, дзе закладзены такія этапы, як “Маё дзіця — малодшы школьнік”, “Маё дзіця — падлетак”, “Маё дзіця — старшы школьнік”.

У рамках прапанаваных тэм адзін раз на чвэрць будзе праводзіцца мерапрыемства для бацькоў (бацькоўская канферэнцыя, агульнашкольны бацькоўскі сход, круглы стол і інш.) з удзелам зацікаўленых асоб. На працягу чвэрці таксама могуць праводзіцца іншыя мерапрыемствы для законных прадстаўнікоў навучэнцаў: пасяджэнні бацькоўскіх клубаў, трэнінгі, кансультацыі для бацькоў у шосты школьны дзень, у тым ліку ў рэжыме анлайн.

На наш погляд, рэалізацыя праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт” дазволіць на­даць рабоце з бацькамі сістэм­насць і мэтанакіраванасць, ахапіць інфармацыйна-асветніцкай дзейнасцю максімальную колькасць бацькоў на ўсіх ступенях навучання.


Новая форма выніковай атэстацыі

— Калі будзе ўведзена новая форма выніковай атэстацыі па завяршэнні навучання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі?

— Міністэрствам адукацыі распрацаваны новыя падыходы да правядзення выніковай атэстацыі. Лічым, што прапанаваныя падыходы будуць спрыяць незалежнай ацэнцы вынікаў вучэбных дасягненняў навучэнцаў. Нашы прапановы накіраваны ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Сёння пра тэрміны ўвядзення новых падыходаў казаць заўчасна. Пасля іх адабрэння, безумоўна, будзе дадзены час для падрыхтоўкі навучэнцаў да правядзення выпускных экзаменаў у новай форме.

Даведачна:

Прапануецца ў 9 класе выпускны экзамен па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Русский язык” праводзіць у форме пераказу, што дазволіць праверыць узровень сфарміраванасці камунікатыўных уменняў і навыкаў навучэнцаў (цяпер экзамен праводзіцца ў форме дыктоўкі). Форма правядзення выпускнога экзамену па вучэбным прадмеце “Матэматыка” застанецца ранейшай — кантрольная работа. Выпускны экзамен па вучэбным прадмеце “Гісторыя Беларусі” прапануецца перанесці з 11 класа ў 9 і праводзіць, як і раней, у вуснай форме.

У 11 класе прапануецца захаваць выпускныя экзамены па вучэбных прадметах “Беларуская мова” або “Русский язык”  на выбар навучэнцаў, прадмет “Матэматыка” трэба будзе здаваць усім навучэнцам. З улікам прапанаваных змяненняў у падыходах да ацэньвання вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання, а таксама ў мэтах памяншэння нагрузкі на навучэнцаў 11-х класаў прапануецца выпускны экзамен і цэнтралізаванае тэсціраванне па названых вучэбных прадметах сумясціць. Акрамя таго, плануецца, што навучэнцы 11-х профільных класаў будуць здаваць выпускны экзамен па вучэбным прадмеце “Замежная мова” ў вуснай форме.

— Ці плануецца абнаўленне кантрольна-ацэначных норм у адпаведнасці з абноўленай вучэбна-праграмнай дакументацыяй навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі?

— Нацыянальны інстытут адукацыі ў рамках навукова-даследчай дзейнасці распрацаваў Нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў па вучэбных прадметах ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі.

У 2019/2020 навучальным годзе распрацаваныя нормы праходзяць эксперыментальную апрабацыю ў асобных установах агульнай сярэдняй адукацыі, рэгіянальных інстытутах развіцця адукацыі.

У лютым гэтага года НІА правёў шэраг пашыраных семінараў па абмеркаванні вынікаў апрабацыі норм ацэнкі.

Канчаткова вынікі эксперымента бу­дуць падведзены ў маі на пасяджэнні экспертнага савета, дзе і будзе прынята рашэнне аб іх дапрацоўцы па выніках эксперымента або будуць дадзены рэкамендацыі да зацвярджэння іх Міністэрствам адукацыі і ўкаранення ў практыку. Цяпер Нацыянальным інстытутам адукацыі распрацоўваюцца кантрольна-вымяральныя матэрыялы з улікам кампетэнтнаснага падыходу ў абноўленых вучэбных праграмах па ўсіх вучэбных прадметах.

— Ці плануецца выпуск вучэбных выданняў, у прыватнасці, вучэбна-метадычнага комплексу “Мае першыя ўрокі” ў адпаведнасці з абноўленым зместам вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі?

— Адной з асноўных задач у сферы дашкольнай адукацыі з’яўляецца ўдасканаленне якасці дашкольнай адукацыі. Для яе рэалізацыі забяспечваецца распрацоўка і выпуск сучасных адукацыйных рэсурсаў для ўстаноў дашкольнай адукацыі з рускай (беларускай) мовай навучання і выхавання па адукацыйных галінах вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.

З мэтай рэалізацыі зместу адукацыйных галін “Дзіця і грамадства”, “Элементарныя матэматычныя ўяўленні”, “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”, “Падрыхтоўка да навучання грамаце” ў 2019/2020 навучальным годзе ажыццяўляецца выпуск вучэбных выданняў вучэбна-метадычнага комплексу “Мае першыя ўрокі”.

У яго склад уваходзяць ВМК “Свет, у якім я жыву” аўтараў А.Л.Давідовіч, А.І.Смолер, “Матэматычны калейдаскоп” аўтара І.У. Жытко, “Падарожжа ў свет правільнай гавор­кі” аўтараў А.Л.Давідовіч, В.Л.Пашко, “Род­ная мова” аўтараў Д.М.Дубінінай, Н.С.Стар­жынскай, “Падрыхтоўка да навучання грамаце” аўтара Н.С.Старжынскай.

Кожны вучэбна-метадычнага комплекс уключае ў сябе: вучэбна-метадычны дапаможнік для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі, у якім прадстаўлены канспекты заняткаў па адпаведных адукацыйных галінах вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі; вучэбны наглядны дапаможнік для ўстаноў дашкольнай адукацыі, які змяшчае ілюстрацыйны матэрыял да канспектаў заняткаў вучэбна-метадычнага дапаможніка; вучэбны дапаможнік для выхаванцаў старшых груп (ад 5 да 7 гадоў), які ўключае ілюстрацыйны матэрыял розных узроўняў складанасці (прадметныя і сюжэтныя ілюстрацыі, схемы, піктаграмы і інш.) для выканання выхаванцамі гульнявых заданняў, змешчаных у канспектах заняткаў вучэбна-метадычнага дапаможніка, самастойнай творчай дзейнасці дзяцей.

Змест вучэбна-метадычнага комплексу забяспечвае пераемнасць мэт і задач дашкольнай і І ступені агульнай сярэдняй адукацыі для рэалізацыі адзінай лініі развіцця на этапах дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.


Дзіцячы тэхнапарк на шляху адкрыцця

— Якія напрамкі інавацыйнай палітыкі будуць прыярытэтнымі ў сістэме адукацыі ў найбліжэйшыя 5 гадоў?

— Міністэрства адукацыі праводзіць планамерную работу па ўдасканаленні зместу агульнай сярэдняй адукацыі. З гэтай мэтай абноўлены вучэбныя праграмы, у адпаведнасці з якімі ажыццяўляецца распрацоўка і выданне вучэбных дапаможнікаў.

Абноўленыя вучэбныя праграмы прадугледжваюць разам з прадметнымі кампетэнцыямі фарміраванне ўмення працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі: хутка арыентавацца ў зменлівым інфармацыйным патоку, шукаць і здабываць інфармацыю, крытычна ацэньваць яе, аналіза­ваць, інтэрпрэтаваць і выкарыстоўваць для вырашэння пастаўленай задачы.

Новыя падручнікі, якія ўжо паступілі ў школы, істотна адрозніваюцца ад раней дзеючых якаснымі ілюстрацыямі, сучасным дызайнам, даступна выкладзеным матэрыялам, рознаўзроўневымі заданнямі, наяўнасцю спасылак на QR-код (графічнае адлюстраванне гіперспасылкі), які дазваляе атрымаць доступ да электронных адукацыйных рэсурсаў праз спецыяльны дадатак на электронным планшэце, мабільным тэлефоне. У бягучым навучальным годзе адукацыйны працэс па новых вучэбных праграмах арганізаваны ў 1—9-х класах. І далей работа па абнаўленні зместу адукацыі, распрацоўцы новых падручнікаў будзе працягнута.

Вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце па выяўленні і падтрымцы адораных навучэнцаў. У мэтах удасканалення сістэмы іх выяўлення і падтрымкі, развіцця ў гэтых навучэнцаў цікавасці да навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, імкнення да асобасных навуковых дасягненняў у 2021 го­дзе пачне працаваць Дзіцячы тэхнапарк, які будзе рэалізоўваць новую адукацыйную праграму дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі, а таксама шэраг іншых адукацыйных праграм, прадугледжаных Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Па гэтых праграмах сёння працуюць Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.

Плануецца развіваць такія напрамкі навучання, як аэракасмічныя тэхналогіі, інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі, лазерная тэхніка і тэхналогіі, біятэхналогіі, робататэхніка, “зялёная” хімія, нанатэхналогіі, энергетыка, машыны і рухавікі, інжынерная экалогія, архітэктурны і прамысловы дызайн.

Навучанне будзе ажыццяўляцца праз праектную дзейнасць, якая носіць міждысцыплінарны характар. Асаблівы акцэнт будзе зроблены на практычным складніку праграмы. Дзецям, якія будуць вучыцца ў Дзіцячым тэхнапарку, прадастаўляюцца магчымасці для развіцця іх творчых здольнасцей.

Камплектаванне педагагічнага складу Дзіцячага тэхнапарка будзе ажыццяўляцца з ліку высокакваліфікаваных педагогаў, якія маюць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Да адукацыйнага працэсу будуць прыцягвацца вядучыя навукоўцы, перспектыўныя маладыя вучоныя і спецыялісты ўніверсітэтаў, навукова-даследчых і прамысловых арганізацый.

Асобная ўвага сёння ўдзяляецца і STEM-адукацыі. Неабходна сістэматызаваць работу па гэтым напрамку, і з гэтай мэтай мы распрацоўваем канцэпцыю STEM-адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

 — Калі плануецца перагляд Інструкцыі аб расследаваннi i ўлiку няшчасных выпадкаў з навучэнцамі і выхаванцамі, зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 7 жнiўня 2003 г. № 58, у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі?

— Перагляд Інструкцыі аб расследаваннi i ўлiку няшчасных выпадкаў з навучэнцамі і выхаванцамі, зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 7 жнiўня 2003 г. № 58, стане магчымым адразу пасля прыняцця Ко­дэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ў новай рэдакцыі. Адначасова з гэтай інструкцыяй будуць абноўлены правілы бяспекі пры арганізацыі адукацыйнага працэсу па хіміі і фізіцы, распрацаваны аналагічныя правілы па біялогіі.

— Калі прыкладна будуць зацвер­джаны этычныя правілы педагагічных работнікаў?

— 1 сакавіка закончылася публічнае абмеркаванне этычных правіл педагагічных работнікаў. Цяпер гэты дакумент дапрацоўваецца ў адпаведнасці з заўвагамі і прапановамі, якія паступілі.

Міністэрства адукацыі распрацавала Тыпавыя правілы ўнутранага распарадку для навучэнцаў, у адпаведнасць з якімі з улікам спецыфікі канкрэтнай установы адукацыі прыведзены правілы ўнутранага распарадку ўстаноў адукацыі, распрацаваныя раней.

Пытанне аб распрацоўцы і ўкараненні ў практыку этычных правіл законных прадстаўнікоў цяпер не разглядаецца.


Змяненні і дапаўненні ў заканадаўства

— Ці магчыма ўнясенне змяненняў у інструкцыю № 73 ад 20 лістапада 2003 года па колькасным складзе ўдзельнікаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах?

— У 2019 годзе ў дачыненні да названай інструкцыі праведзены прававы маніторынг, падчас якога паступіў шэраг прапаноў па ўнясенні ў яе змяненняў і дапаўненняў. У выніку ў 2019 годзе інструкцыя аб правядзенні рэспубліканскай алімпіяды была абноўлена. Сярод прапаноў, якія паступілі ў час маніторынгу, прапановы аб змене колькаснага складу каманды па замежнай мове не было.

— Ці магчыма з базавага курса вучэбнага прадмета “Інфарматыка” выключыць раздзел па вывучэнні моў праграмавання і перанесці яго ў курс на павышаным i паглыбленым узроўні вывучэння гэтага прадмета?

— Вельмі своечасовае і актуальнае пытанне, паколькі Міністэрства адукацыі разам з Нацыянальным інстытутам адукацыі, настаўнікамі-практыкамі і іншымі зацікаўленымі актыўна працуюць над карэкціроўкай вучэбнай праграмы па інфарматыцы. Думаю, у найбліжэйшы час мы знойдзем аптымальны варыянт.

— Пунктам 13 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 снежня 2019 года № 22, якая ўступіла ў сілу з 1 студзеня 2019 года, вызначана, што “савет прафілактыкі разглядае акт абследавання ўмоў жыцця і выхавання дзіцяці (дзяцей), складае інфармацыю па выніках сацыяльнага расследавання і прымае адно з наступных рашэнняў: звярнуцца ў каардынацыйны савет для прыняцця рашэння аб прызнанні дзіцяці (дзяцей) у сацыяльна небяспечным становішчы; рэкамендаваць бацькам на працягу трох рабочых дзён звярнуцца за аказаннем сацыяльных паслуг па выкараненні цяжкай жыццёвай сітуацыі”. Гэта азначае, што савет прафілактыкі не прымае рашэнне аб прызнанні непаўналетняга ў сацыяльна небяспечным становішчы. У Палажэнні аб савеце ўстановы адукацыі па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі ад 27 лістапада 2017 года № 146, “савет прафілактыкі прымае рашэнне аб прызнанні непаўналетніх у сацыяльна небяспечным становішчы”. Узнікае супярэчнасць у практыцы прымянення гэтых дакументаў. Ці плануецца прывя­дзенне іх у адпаведнасць?

— У бягучым годзе па даручэнні Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці будзе праведзены прававы маніторынг пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 студзеня 2019 года № 22 “Аб прызнанні дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы”, па выніках якога будуць падрыхтаваны прапановы па ўдасканаленні заканадаўства ў пытаннях прызнання дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы, у тым ліку ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Палажэнне аб савеце ўстановы адукацыі па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, зацверджанае пастановай Міністэрства адукацыі ад 27 лістапада 2017 года № 146.

— У 2017—2019 гадах Міністэрствам адукацыі сумесна з зацікаўленымі ведамствамі праведзена вялікая работа па ўнясенні змяненняў у заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Нязменным засталося Палажэнне аб сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службе ўстановы адукацыі (іншай арганізацыі, індывідуальнага прадпрымальніка, якім, у адпаведнасці з заканадаўствам, прадастаўлена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць), зацверджанае пастановай Міністэрства адукацыі ад 25 ліпеня 2011 года № 116. Ці разглядаецца Міністэрствам адукацыі пытанне аб прывядзенні Палажэння аб сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службе ўстановы адукацыі ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам, якое рэгулюе дзейнасць спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы?

— Цяпер Міністэрства адукацыі прапрацоўвае пытанне аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у раздзел 2 “Спецыялісты” кваліфікацыйных патрабаванняў педагога-псіхолага выпуску 28 Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых, занятых у адукацыі, зацверджанага пастановай Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь ад 28 красавіка 2001 года № 53. Пасля прыняцця названых змяненняў Міністэрствам адукацыі будуць унесены адпаведныя змяненні і дапаўненні ў пастанову № 116.


Мультыборды атрымаюць новае праграмнае забеспячэнне

 — Згодна з Палажэннем аб сацыяльна-педагагічным цэнтры, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі ад 27 лістапада 2017 г. № 145, у са­цыяльна-педагагічных цэнтрах (СПЦ) функцыянуе структурнае падраздзяленне “Аддзел (сектар) прафілактыкі і комплекснай рэабілітацыі”. Аднак пры выкарыстанні тыпавых штатаў і нарматываў колькасці работнікаў СПЦ не ўлічана неабходнасць правядзення работы з непаўналетнімі, у дачыненні да якіх рэалізуецца праграма індывідуальнай прафілактычнай работы (пісьмо Міні­стэрства адукацыі ад 20 ліпеня 2018 г. № 05-01-21/6205/дс “Аб напрамку метадычных рэкамендацый па арганізацыі індывідуальнай прафілактычнай работы з навучэнцамі ва ўстановах адукацыі”), і непаўналетнімі, у дачыненні да якіх праводзяцца мерапрыемствы комплекснай рэабілітацыі (пастанова Савета Міністраў ад 27 чэрвеня 2017 г. № 487 “Палажэнне аб парадку комплекснай рэабілітацыі непаўналетніх, спажыванне якімі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, ужыванне алкагольных, слабаалкагольных напіткаў ці піва ўстаноўлены ў адпаведнасці з заканадаўствам”). Ці разглядаецца магчымасць унясення дапаўненняў і змяненняў у пастанову Міністэрства адукацыі ад 14 красавіка 2018 г. № 20 “Аб тыпавых штатах і нарматывах колькасці работнікаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра”?

— Штатная колькасць работнікаў сацыяльна-педагагічных цэнтраў (далей — СПЦ) у краіне па стане на 05.09.2019 складала 3264 штатныя адзінкі. Згодна з тыпавым штатам і нарматывам колькасці работнікаў СПЦ, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі ад 14.04.2018 № 20, штатная колькасць павялічылася на 175 штатных адзінак (па стане на 05.09.2018 складала 3089 штатных адзінак).

Дадаткова паведамляем, што, у адпаведнасці з падпунктам 2.5.4 пункта 2.5. пратакола пасяджэння Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці ад 20 лістапада 2019 г. № 2, аблвыканкамам, Мінгарвыканкаму даручана прыняць меры па захаванні структуры і штатнага раскладу сацыяльна-педагагічных цэнтраў з улікам асаблівасцей рэгіёна і з мэтай павышэння эфектыўнасці іх функцыянавання.

Такім чынам, лічым, што прынятыя меры па пашырэнні штатнай колькасці спецыялістаў СПЦ дастатковыя для аказання дапамогі непаўналетнім, у дачыненні да якіх прыняты рашэнні камісій па справах непаўналетніх аб правядзенні комплекснай рэабілітацыі.

—  Дзякуй за мультыборды, якія атрымалі ўстановы адукацыі. Хачацца ўдакладніць, у якія тэрміны чакаць пра­грамнае забеспячэнне для мультыбордаў, што паступілі ва ўстановы адукацыі ў 2019 годзе?

— Інтэрактыўная сэнсарная панэль мае пераўстаноўленую ліцэнзійную аперацыйную сістэму, з’яўляецца паўнавартасным устройствам для ўводу даных і якаснай візуалізацыі інфармацыі, мае выхад у інтэрнэт і можа эфектыўна выкарыстоўвацца на вучэбных занятках і ў пазаўрочнай дзейнасці. У педагога ёсць магчымасць ствараць сваю метадычную базу, захоўваючы ілюстрацыйныя матэрыялы (мультымедыйныя файлы, табліцы, дыяграмы, малюнкі з інтэрнэту, геаграфічныя карты і інш.), і адаптаваць іх для розных узроставых катэгорый.

На інтэрактыўных сэнсарных панэлях, якія паступаюць ва ўстановы адукацыі, знаходзіцца загружаны электронны адукацыйны рэсурс “Біялогія. 8 клас”. У 2020 годзе распрацоўваюцца інтэрактыўныя дыдактычныя матэрыялы па вучэбных прадметах “Геаграфія”, “Сусветная гісторыя”, “Гісторыя Беларусі”.

— Турніры і канферэнцыі ўваходзяць у пералік інтэлектуальных мерапрыем­стваў Міністэрства адукацыі. У сувязі з гэтым прапануем разгледзець пытанне аб павышэнні значнасці ўдзелу навучэнцаў у даследчай дзейнасці, гэта зна­чыць, вызваляць навучэнцаў, якія вынікова выступаюць на канферэнцыях рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, ад выпускных экзаменаў за перыяд навучання і выхавання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі, разгле­дзець пытанне аб залічэнні ва УВА краіны без уступных экзаменаў (дзе прафілюючым прадметам з’яўляецца прадмет даследавання). Так, напрыклад, у ліпені 2019 года ў Барселоне (Іспанія) праходзіў XI Міжнародны турнір юных матэматыкаў. У турніры прымалі ўдзел 15 каманд з 10 краін. Гонар Рэспублікі Беларусь адстойвалі 2 каманды (па 6 чалавек кожная). Па выніках турніру нашы навучэнцы заваявалі залатыя і сярэбраныя медалі. Падрыхтоўка да турніру ішла на працягу ўсяго каляндарнага года: навучэнцы сталі пераможцамі абласнога і рэспубліканскага турніраў юных матэматыкаў. Для таго каб правесці матэматычнае даследаванне і падрыхтаваць навукова-даследчыя работы, неабходна затраціць намаганні, час і здароўе не менш, чым пры падрыхтоўцы да выніковага ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе.

— Навучэнцы нашай краіны актыўна прымаюць удзел у інтэлектуальных спаборніцтвах, якія праводзяцца ў нас і за мяжой.

Значныя перамогі нашых навучэнцаў адзна­чаюцца дзяржавай. Так, сапраўды, ільготы пры залічэнні ва ўстановы вышэйшай адукацыі вызначаны пераможцам трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, праведзенай Міністэрствам адукацыі ў навучальным годзе, які завяршыўся ў год прыёму.

Без уступных выпрабаванняў ва ўстановы вышэйшай адукацыі залічваюцца асобы, якiя ўзнагароджаны на працягу апошніх двух гадоў на момант атрымання агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай адукацыі нагруднымі знакамі “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў i студэнтаў” і (або) “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы таленавiтай моладзi”.

Сярод лаўрэатаў спецыяльных фондаў — навучэнцы, якія маюць перамогі не толькі ў алімпіядным руху, але і пераможцы канферэнцый, конкурсаў, турніраў.

Такім чынам, заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадастаўлены льготы як пераможцам рэспубліканскіх алімпіяд, так і пераможцам конкурсаў работ даследчага характару (канферэнцый) навучэнцаў па вучэбных прадметах.

Што тычыцца турніраў, то трэба адзна­чыць, што турнір — гэта каманднае спаборніцтва і ацаніць уклад кожнага навучэнца даволі складана. Конкурсы работ даследчага характару, або навукова-практычныя канферэнцыі, як больш звыкла іх называць, — гэта даследаванне па адной тэме, няхай нават і тое, якое мае моцную міждысцыплінарную накіраванасць. Але нават гэтая міждысцыплінарнасць не дазваляе даць цэласнае ўяўленне пра веды навучэнца.


Навігатар для прафесійнага і асобаснага росту

Ці будзе разглядацца пытанне аб павелічэнні аплаты за класнае кіраўніцтва, бо існуючая аплата за правядзенне арганізацыйна-выхаваўчых гадзін (да 5 гадзін) не адпавядае колькасці рэальна затрачанага часу з улікам шостага школьнага дня?

— У інструктыўна-метадычным пісьме пра арганізацыю класнага кіраўніцтва ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі (дадатак 3 да Інструктыўна-метадычнага пісьма Міністэрства адукацыі “Асаблівасці арганізацыі выхаваўчай, ідэалагічнай і сацыяльнай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2018/2019 навучальным годзе”) вызначана, што настаўнік, які выконвае абавязкі класнага кіраўніка класа ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, прызначаецца загадам кіраўніка ўстановы адукацыі з ліку педагагічных работнікаў на перыяд навучання навучэнцаў ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі. Палажэнне аб класным кіраўніку класа распрацоўваецца ва ўстанове адукацыі і зацвярджаецца кіраўніком установы адукацыі па ўзгадненні з прафсаюзнай арганізацыяй, а таксама загадам кіраўніка ўстановы адукацыі зацвярджаюцца функцыянальныя абавязкі класнага кіраўніка, якія адлюстраваны ў названым пісьме. Змест выхавання ў класе рэалізоўваецца ў адпаведнасці з праграмна-плануючай дакументацыяй выхавання, праграмамі выхавання, зацверджанымі Міністэрствам адукацыі. Прыярытэтнымі напрамкамі ў выхаванні з’яўляюцца ідэалагічнае, грамадзянскае і патрыятычнае, духоўна-маральнае, полікультурнае, эканамічнае, эстэтычнае, экалагічнае, працоўнае і прафесійнае, сямейнае выхаванне, выхаванне культуры бяспекі жыццядзейнасці, псіхалагічнай культуры, культуры здаровага ладу жыцця і інш.

Арганізацыйна-выхаваўчая работа, якая праводзіцца класным кіраўніком у класе, ажыццяўляецца за межамі часу, які адво­дзіцца на правядзенне вучэбных заняткаў, і рэгламентуецца Інструкцыяй аб парадку вызначэння тарыфікуемых гадзін арганізацыйна-выхаваўчай работы і дадатковага кантролю вучэбнай дзейнасці навучэнцаў ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі ад 25 лістапада 2004 года № 70, з разліку 5 тарыфікуемых гадзін на адзін клас-камплект. Інфармацыйныя і класныя гадзіны таксама адносяцца да арганізацыйна-выхаваўчай работы класнага кіраўніка.

На пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі ў адным з выступленняў прагучала прапанова аб унясенні змяненняў у Інструкцыю № 70 аб аплаце гадзін арганізацыйна-выхаваўчай работы і выключэнні з пераліку аплаты за загадванне кабінетам, прышкольным участкам і іншыя віды работ, пераразмеркаваўшы гэтыя гадзіны ў бок педагогаў, якія выконваюць функцыі класнага кіраўніка, што дазволіць павысіць аплату працы класных кіраўнікоў. Другая прапанова: ураўнаваць аплату працы ўсім класным кіраўнікам з разліку 5 тарыфікуемых гадзін, дзе ўлічаны і шосты школьны дзень. Цяпер у Міністэрстве адукацыі прапрацоўваецца гэтае пытанне.

Тыпавыя штаты і штатныя нарматывы колькасці работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі зацверджаны 10 мая 2000 года. У цяперашнім штатным раскладзе не прадугледжаны стаўкі калькулятара, інспектара па кадрах і інш. Ці будзе пераглядацца штатны расклад устаноў дашкольнай адукацыі?

— Цяпер прапрацоўваецца пытанне аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у пастанову Міністэрства адукацыі ад 10 мая 2000 года № 17 “Аб зацвярджэнні тыпавых штатаў і штатных нарматываў колькасці работнікаў дашкольных устаноў”. Кваліфікацыйныя патрабаванні да пасады выхавальнік дашкольнай адукацыі вызначаны Кваліфікацыйным даведнікам пасад служачых (пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 28 красавіка 2001 года № 53).

Для работы на пасадзе выхавальнік дашкольнай адукацыі ў рознаўзроставых групах дашкольных цэнтраў развіцця дзіцяці, групах для дзяцей ва ўзросце ад 4 да 7 гадоў, у групах інтэграванага навучання і выхавання для дзяцей ва ўзросце ад 3 да 8 гадоў, у спецыяльных групах для дзяцей ад 3 да 8 гадоў устаноў адукацыі, якія рэалізоўваюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі, адукацыйную праграму спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі, патрабуецца наяўнасць у работніка вышэйшай адукацыі па профілі “Педагогіка” (напрамак “Педагогіка дзяцінства”) ці па профілях “Педагогіка” (напрамкі “Педагогіка падлеткавага і юнацкага ўзросту”, “Педагогіка агульнаўзроставая”), “Педагогіка. Прафесійная адукацыя” (напрамак “Прафесійная адукацыя”, група спецыяльнасцей “Навуковая і педагагічная дзейнасць”) і перападрыхтоўка па кірунку “Педагогіка дзяцінства” без прад’яўлення патрабаванняў да стажу работы.

Забяспечваць якасны адукацыйны працэс, у тым ліку ў названых узроставых групах, павінны высокаадукаваныя і высокакваліфікаваныя спецыялісты, здольныя да прафесійнага росту і прафесійнай мабільнасці ва ўмовах глабалізацыі і развіцця новых тэхналогій, якія адказваюць патрэбам інавацыйнай эканомікі і прынцыпам устойлівага развіцця.

Разам з тым пры недахопе кваліфікаваных спецыялістаў такога ўзроўню на пасады служачых у парадку выключэння наймальнік можа прызначыць (прыняць на работу) асоб, адукацыя і (або) стаж работы якіх не адпавядае патрабаванням, прадугледжаным кваліфікацыйнымі характарыстыкамі адпаведнай пасады, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам (пункт 12 Агульных палажэнняў Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых, зацверджанага пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 2 студзеня 2012 года № 1). Пры гэтым улічваюцца ўзровень і профіль (напрамак) адукацыі работніка, яго спецыяльнасць і кваліфікацыя, спецыяльныя веды і дзелавыя якасці, вопыт работы па адпаведным напрамку дзейнасці, ініцыятыўнае і творчае стаўленне да работы і іншыя фактары.

У якасці гэтых фактараў можа служыць педагагічны профіль атрыманай работнікам адукацыі.

На сёння для павышэння ўзроўню матэматычнага развіцця навучэнцаў пачатковых класаў распрацаваны праграмы факультатыўных заняткаў, напрыклад, “Падарожжа ў краіну Займальнай матэматыкі” (3—4 класы), “Ма­тэматычная вясёлка” (1—4 класы), “Развіццёвыя лагічныя задачы” (1—4 класы), “Рашэнне тэкставых задач” (1—4 класы), “Элементы логікі” (1—4 класы). Праграмы, вучэбныя дапаможнікі для навучэнцаў і педагогаў распрацаваны на рускай мове. Ці могуць гэтыя праграмы і вучэбна-метадычныя комплексы выкарыстоўвацца педагогамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання?

— Вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў з’яўляюцца тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі і вызначаюць мэты і задачы факультатыўных заняткаў, іх змест, час, адведзены на іх правядзенне, рэкамендуемыя формы і метады навучання і выхавання.

Патрабаванні да распрацоўкі дадзеных тэхнічных нарматыўных прававых актаў адзіныя для ўстаноў адукацыі з рускай і беларускай мовай навучання.Такім чынам, вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў, вучэбна-метадычныя комплексы, выдадзеныя на рускай мове, могуць быць выкарыстаны ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання.

Цяпер Міністэрства адукацыі сумесна з Нацыянальным інстытутам адукацыі пераглядае існуючыя вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў і будзе паступова зацвярджаць абноўленыя вучэбныя праграмы як на рускай, так і на беларускай мовах.

Ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі прадугледжана вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні, пачынаючы з 8 класа. У мэтах навукова-метадычнай падтрымкі адукацыйнага працэсу на Нацыянальным адукацыйным партале размешчаны дадатковыя матэрыялы для вывучэння вучэбных прадметаў на павышаным узроўні. Ці плануецца на аснове гэтых матэрыялаў выдаць падручнікі па прадметах, якія вывучаюцца на павышаным узроўні, як гэта зроблена па прадмеце “Замежная мова”?

— Выданне падручнікаў для навучэнцаў 8—9-х класаў, якія вывучаюць вучэбныя прадметы на павышаным узроўні, не плануецца. Задача вырашаецца праз наяўнасць у вучэбных дапаможніках рознаўзроўневых заданняў і практыкаванняў, праз электронныя адукацыйныя рэсурсы, тым больш што ў 8—9-х класах аб’ём вучэбнага часу для вывучэння на павышаным узроўні вызначаецца самастойна ўстановай, і ён можа адрознівацца і на гадзіну, і на дзве. Таму на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі гэта не­мэтазгодна. Акрамя таго, НІА грыфуе і выдае мноства дыдактычных матэрыялаў, зборнікаў заданняў і г.д. На трэцяй ступені падручнікі выдаюцца з электроннымі дадаткамі для вывучэння прадметаў на павышаным узроўні.

Чым абумоўлена плануемае ўкараненне ў адукацыйную практыку прафесійна-кваліфікацыйнага стандарту педагога?

— У сучасным грамадстве практычна ў любой дзейнасці асаблівая ўвага ўдзяляецца менавіта этычным аспектам працы, бізнесу, творчасці. І ў першую чаргу гэта тычыцца паняцця прафесійнай этыкі.

Этычныя правілы педагогаў — гэта звод агульных патрабаванняў, што прад’яўляюцца да прадстаўнікоў педагагічнай прафесіі незалежна ад займаемай імі пасады ў рамках сваёй дзейнасці і з улікам асаблівага характару гэтай працы. Гэта звод фармальных і нефармальных прынцыпаў, якім павінен адпавядаць кожны педагог, звод маральных арыенціраў і якасцей. Гэта рамачны дакумент, у якім вызначаюцца асноўныя патрабаванні да кваліфікацыі педагога.

Педагагічная этыка ўлічвае як асаблівую важнасць спецыялістаў гэтага профілю для грамадства ў цэлым, так і адмысловы характар працы, які прадугледжвае ў большасці выпадкаў узаемадзеянне менавіта з дзецьмі. У рамках педагагічнай этыкі разглядаецца дапушчальнасць і недапушчальнасць пэўных дзеянняў з боку педагогаў, прычым у рамках этыкі закранаюцца пытанні не толькі паводзін і дзеянняў настаўніка на працы, але і дзеянняў педагога ў нерабочы час у публічным і нават непублічным асяроддзі.

Крытэрыі фарміравання этычных правіл педагагічных работнікаў заснаваны на палажэннях Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама на агульнапрызнаных маральных прынцыпах, традыцыях нацыянальнай культуры і нацыянальнай сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Канцэпцыя і змест этычных норм педагогаў былі апублікаваны для шырокага абмеркавання на сайце Міністэрства адукацыі. У выніку атрымалася сфарміра­ваць псіхалагічную гатоўнасць да ўвядзення прафесійнага стандарту ў значнай часткі педагогаў, якія ўспрымаюць яго як адказ на выклікі часу.

Такім чынам, этычныя нормы педагогаў — гэта своеасаблівы навігатар прафесіянала, які закліканы дапамагчы кожнаму педагогу выбудаваць індывідуальную траекторыю прафесійнага і асобаснага росту.

Мы жывём у век лічбавых тэхналогій. Інтэрнэт даўно стаў неад’емнай часткай жыцця новага пакалення. На жаль, відавочна, што нашы дзеці амаль перасталі чытаць кнігі, недастаткова добра ўмеюць выказваць свае думкі. Як вы думаеце, што неабходна, каб сучасная моладзь была адукаванай не толькі ў фармаце лічбавых тэхналогій?

— Дэбаты на тэму, якая яна, сучасная моладзь, былі заўсёды. Ці можна казаць, што маладыя людзі горшыя ці лепшыя, чым старэйшае пакаленне?

Вядома, сучасны свет мяняецца, а з ім мяняецца і цяперашняе, новае пакаленне. Ёсць у нашай моладзі шмат плюсоў і мінусаў. Старэйшым заўсёды будзе здавацца, што яны былі іншымі: больш высакароднымі, ветлівымі, добрымі, адукаванымі, больш любілі чытаць і г.д.

Старэйшае пакаленне лічыць маладых несамастойнымі, людзьмі, якія не маюць сямейных каштоўнасцей, не шануюць кнігі, не ўдзяляюць належнай увагі адукацыі і самаадукацыі. Ці так гэта на самай справе? Шмат можна гаварыць пра сучасную моладзь. Хтосьці іх лае, а некаторыя, наадварот, ганарацца тым, што маладыя людзі не падобныя на папярэдняе пакаленне.

Стэрэатып аб абмежаванасці сучаснай моладзі сыходзіць у мінулае. Сярод сучасных дзяўчат і хлопцаў шмат крэатыўных, творчых, думаючых нестандартна, кемлівых і дапытлівых, якія хутка асвойваюць навінкі тэхнічнага прагрэсу, шмат вандруюць, маюць шырокае і разнастайнае кола зносін. У напрамку смелых ідэй і незвычайнай іх падачы моладзь істотна апярэджвае дарослых. Усё больш і больш маладых людзей імкнецца павысіць свой інтэлектуальны ўзровень. Па дарозе на вучобу або працу вельмі часта можна бачыць людзей, якія чытаюць кнігі або слухаюць аўдыякнігі. Прычым слухаюць даволі сур’ёзную літаратуру. Адкрываецца вялікая коль­касць кафэ і клубаў, дзе збіраецца моладзь, каб абмеркаваць новыя прэм’еры фільмаў і тэатральных пастановак. У кафэ часта можна ўбачыць на паліцах кнігі, якія чытаюць падлеткі і школьнікі, пакуль п’юць каву.

Але не будзем забываць, што юнага чалавека фарміруе не толькі школа, але і сям’я, асяроддзе і ён сам. Таму ад таго, якое будзе асяроддзе, у якім нарадзіўся, жыў, развіваўся, меў зносіны малады чалавек, якую атмасферу стварылі бацькі, педагогі, яго старэйшыя сябры, наколькі сам малады чалавек імкнецца сфарміраваць сябе як асобу, будзе залежаць, якім ён будзе грамадзянінам і патрыётам.


Патрабаванні пры правядзенні заняткаў фізічнай культурай

— У адпаведнасці з пастановай Міністэрства спорту і турызму ад 31 жніўня 2018 г. № 60 “Аб зацвярджэнні Правіл бяспекі правядзення заняткаў фізічнай культурай і спортам”, заняткі па фізічнай культуры ва ўстанове дашкольнай адукацыі мае права право­дзіць кіраўнік фізічнага выхавання, да якога прад’яўляюцца наступныя патрабаванні: вышэйшая (сярэдняя спецыяльная) адукацыя па спецыяльнасцях у сферы фізічнай культуры і спорту або вышэйшая адукацыя па профілях “Педагогіка. Прафесійная адукацыя” і перападрыхтоўка па спецыяльнасцях у сферы фізічнай культуры і спорту без прад’яўлення патрабаванняў да стажу работы. Цяпер шэраг работнікаў, прынятых на гэтую пасаду да ўступлення ў сілу названай пастановы, не адпавядаюць квалiфiкацыйным патрабаванням. Як вы лічыце, ці можа на гэтым этапе як выйсце са становішча быць вызначаны перыяд, на працягу якога будуць прыняты меры па прывядзенні ў адпаведнасць кадравага складу кіраўнікоў фізічнага выхавання?

— Патрабаванні да бяспекі, стварэння ўмоў па ахове здароўя, папярэджання траўматызму адносяцца да асноўных патрабаванняў пры правядзенні заняткаў фізічнай культурай. Гэтыя патрабаванні ўтрымліваюцца ў шэрагу нарматыўных прававых актаў: Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Санітарных нормах і правілах “Патрабаванні для ўстаноў дашкольнай адукацыі” (пастанова Міністэрства аховы здароўя ад 25 студзеня 2013 г. № 8), Інструкцыі аб парадку арганізацыі і кадравым забеспячэнні фізічнага выхавання навучэнцаў (пастанова Міністэрства адукацыі ад 14 чэрвеня 2018 г. № 55), Правілах бяспекі правядзення заняткаў фізічнай культурай і спортам (пастанова Міністэрства спорту і турызму ад 31 жніўня 2018 г. № 60).

У адпаведнасці з гэтымі правіламі, у выпадку адсутнасці кіраўніка фізічнага выхавання, інструктара па лячэбнай фізкультуры заняткі па адукацыйнай галіне “Фізічная культура” (“Адаптыўная фізічная культура”), спартыўна-масавыя, фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы пры атрыманні дашкольнай адукацыі, спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі не праводзяцца. Разам з тым заняткі па фізічнай культуры ва ўстановах дашкольнай адукацыі з’яўляюцца толькі адным са сродкаў фізічнага выхавання. Фізічнае выхаванне выхаванцаў пры атрыманні дашкольнай адукацыі ажыццяўляецца не толькі ў хо­дзе правядзення заняткаў па фізічнай культуры, але і ў працэсе разнастайных відаў дзейнасці, у тым ліку  фізкультурна-аздараўленчай работы ў рэжыме дня (ранішняя гімнастыка, рухавыя гульні і фізічныя прак­тыкаванні на прагулцы, фізкультурная мінутка і інш.), актыўным адпачынку (фізкультурны вольны час, фізкультурныя святы, дні здароўя і інш).

Пры прыёме на работу на пасаду “Кіраўнік фізічнага выхавання” неабходна кіравацца кваліфікацыйнай характарыстыкай гэтай пасады, якая змяшчаецца ў выпуску 28 Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых “Пасады служачых, занятых у адукацыі”, зацверджанага пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 28 красавіка 2001 г. № 53. Паколькі ў зададзеным пытанні гаворка ідзе пра работнікаў, з якімі кантракт ужо заключаны, гэта значыць на момант заключэння кантракту работнік па сваіх характарыстыках адпавядаў патрабаванням наймальніка, то ў такім выпадку наймальнік павінен прымяняць норму пункта 9 Агульных палажэнняў Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых, зацверджаных пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 2 студзеня 2012 г. № 1, — накіраваць работнікаў для асваення імі зместу адукацыйнай праграмы перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, якія маюць вышэйшую (сярэднюю спецыяльную) адукацыю.

Патрабаванняў аб звальненні работніка падчас асваення ім зместу адукацыйнай праграмы перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, якія маюць вышэйшую (сярэднюю спецыяльную) адукацыю, дзеючым заканадаўствам не ўстаноўлена, таму вызначаць асобны пераходны перыяд не­мэтазгодна.

— Ці будуць распрацаваны новыя нарматыўныя дакументы па рэгламентацыі дзейнасці груп прадоўжанага дня? (Палажэнне аб групе прадоўжанага дня было распрацавана ў 2011 годзе.)

— Парадак дзейнасці груп прадоўжанага дня ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, рэгулюецца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Палажэннем аб групах прадоўжанага дня ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі ад 28 ліпеня 2011 г. № 201.

Прапаноў аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у гэтае дзеючае палажэнне ад педагагічных работнікаў не паступала. Таму аб’ектыўнай неабходнасці распрацоўкі новага палажэння цяпер няма.

— Ці будзе разглядацца пытанне вяртання ставак кіраўнікоў музеяў і музейных пакояў, бо ў цяперашні момант толькі кіраўнікі народных музеяў ва ўстановах адукацыі могуць працаваць на стаўку?

— Штатная адзінка ў структуру народнага музея ўведзена пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 чэрвеня 2006 года № 733 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку прысваення музеям статусу “народны”, перыядычнага пацвяр­джэння і пазбаўлення іх гэтага статусу”.

Музеі ўстаноў адукацыі адносяцца да дзяржаўных музеяў. Асноўныя палажэнні, якія рэгулююць іх дзейнасць, замацаваны ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб культуры (артыкул 19. Музейная справа).

На сёння артыкулам 162 Кодэкса Рэспуб­лікі Беларусь аб культуры замацавана абавязковае патрабаванне наяўнасці штатнай адзінкі музейнага работніка. На падставе пункта 2.5 пастановы Міністэрства адукацыі ад 24 красавіка 2013 г. № 22 “Аб тыпавых штатах і нарматывах колькасці работнікаў асобных устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі” кіраўнікі ўстаноў адукацыі маюць права ўносіць змены ў структуру, найменне пасад служачых (прафесій рабочых) устаноў адукацыі ў межах штатнай колькасці, разлічанай у адпаведнасці з тыпавымі штатамі і нарматывамі колькасці, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам. Пры гэтым найменне пасад (прафесій) уводзіцца ў адпаведнасці з Агульнадзяржаўным класіфікатарам Рэспуб­лікі Беларусь АКРБ 006-2009 “Прафесіі рабочых і пасады служачых”, зацверджаным пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 22 кастрычнiка 2009 г. № 125.


Педагогіка дзяцінства

— Адной з ключавых фігур, якія ўплываюць на фарміраванне асобы дзіцяці,з’яўляецца класны кіраўнік. Ва ўстановах адукацыі не вучаць, якім яму быць. На ваш погляд, якімі асобаснымі і прафесійнымі якасцямі павінен валодаць настаўнік, які выконвае функцыі класнага кіраўніка?

— Я не зусім згодны, што ва ўстановах вышэйшай адукацыі будучых педагогаў не рыхтуюць да работы класнымі кіраўнікамі. У педагагічных УВА ўсе студэнты  вывучаюць псіхалогію, методыку выхаваўчай работы, што з’яўляецца асновай класнага кіраўніцтва.

Колькі б ні спрачаліся пра тое, якім павінен быць ідэальны класны кіраўнік або якім хочуць яго бачыць дзеці, існуе пэўны стандарт, які трывала сфарміраваўся. Да яго ў ідэале павінен імкнуцца кожны настаўнік, калі любіць сваю працу і гатовы прысвяціць ёй жыццё. Гэта значыць, павінен вало­даць цэлым наборам станоўчых якасцей, пра якія ён не проста расказвае дзецям, а кожны дзень дэманструе іх сваімі паводзінамі.

У дзейнасці класнага кіраўніка арганічна спалучаюцца ідэалагічная, выхаваўчая, арганізацыйная і адміністрацыйная функцыі.

Класны кіраўнік — гэта той чалавек, які павінен умець пагасіць канфлікт, вырашыць справядліва ўзнікшую спрэчку і зрабіць гэта віртуозна, каб нікога не пакрыўдзіць, не раніць, не пакiнуць цяжкі след у душы.

Класны кіраўнік — гэта той, хто не пакіне ў цяжкую хвіліну, пакажа правільны шлях, дапаможа прыняць дакладнае рашэнне. Класны кіраўнік — най­бліжэйшы выхавальнік і настаўнік навучэнцаў.

Паколькі класны кіраўнік павінен быць прыкладам для пераймання, то яго знешняе аблічча іграе вялікую ролю. Гэта, вядома ж, строгі стыль адзення, акуратнасць ва ўсім, у тым ліку ў дзеяннях і словах.

Класны кіраўнік — гэта і настаўнік-прадметнік, таму прафесія настаўніка прадугледжвае не толькі дасканалае веданне свайго прадмета, але і шырокі кругагляд, уменне адказаць дзіцяці на любое пытанне, нават калі яно і не звязана з непасрэднай дзейнасцю. Хтосьці і сапраўды валодае ўсімі гэтымі якасцямі, а камусьці трэба імкнуцца да дасканаласці. Але робяць гэта толькі тыя, хто па-сапраўднаму любіць сваю прафесію і працуе па поклічы сэрца.

— Якія актуальныя напрамкі развіцця дашкольнай адукацыі вы бачыце з улікам выклікаў сучаснасці і глабальнай лічбавізацыі?

— Тэма “Будучыня дашкольнай адукацыі ў эпоху лічбавізацыі” апошнім часам стала вельмі папулярнай і часта гучыць у той ці іншай інтэрпрэтацыі. Нягледзячы на тое, што лічбавізацыя сёння толькі прыватны выпадак іншых працэсаў, цікавасць да тэмы зразумелая: яна тычыцца асноў чалавечага жыцця. Сёння ўстанова дашкольнай адукацыі ўспрымаецца не проста як месца, куды бацькі могуць адправіць сваё дзіця на той час, калі яны заняты на працы, а як рэсурс развіцця грамадства, дзе закладваюцца асновы станаўлення актыўнага, ініцыятыўнага чалавека. У сусветнай практыцы адукацыя сёння ўспрымаецца як патрэба, неабходная для чалавека на працягу ўсяго жыцця. Такі падыход прымушае мяняць сіс­тэму ў цэлым, і ў першую чаргу стартавую, дашкольную адукацыю. Важнасць гэтай праблематыкі знайшла адлюстраванне ў задачах, асноўных напрамках і прыярытэтах дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі, вы­значаных Канцэптуальнымі падыходамі да развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2020 года і на перспектыву да 2030 года. Асноўнымі задачамі да­школьнай адукацыі ў Канцэптуальных падыходах пазначаны павышэнне даступнасці да­школьнай адукацыі, удасканаленне якасці дашкольнай адукацыі, забеспячэнне здароўезберагальнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Механізм рэалізацыі пастаўленых задач да 2020 года ўключае пашырэнне шматфункцыянальнай сеткі ўстаноў да­школьнай адукацыі ўсіх форм уласнасці; карэкціроўку зместу вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі і адукацыйных стандартаў дашкольнай адукацыі з улікам прынцыпу пераемнасці; забеспячэнне індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі адукацыйных паслуг для дзяцей дашкольнага ўзросту; распрацоўку і выпуск сучасных, у тым ліку электронных, адукацыйных рэсурсаў для ўстаноў дашкольнай адукацыі з рускай (беларускай) мовай навучання і выхавання па адукацыйных галінах вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі; навукова-метадычнае забеспячэнне дашкольнай адукацыі па пытаннях фарміравання здаровага ладу жыцця і бяспекі жыццядзейнасці.

На перспектыву да 2030 года ў якасці асноўных задач прадугледжана стварэнне нацыянальнай сістэмы ацэнкі якасці дашкольнай адукацыі (распрацоўка і апрабацыя інструментарыю ацэнкі якасці дашкольнай адукацыі); павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў, у тым ліку праз павелічэнне колькасці  педагагічных работнікаў, якія ма­юць адукацыю па кірунку “Педагогіка дзяцінства”; удасканаленне здароўезберагальнага працэсу.

У 2019/2020 навучальным годзе адукацыйны працэс ва ўстановах дашкольнай адукацыі ажыццяўляецца згодна з абноўленым зместам вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Зацверджаны адукацыйны стандарт, абавязковы для прымянення ва ўстановах адукацыі (а таксама іншых арганізацыях, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якім у адпаведнасці з заканадаўствам прадастаўлена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць), што рэалізоўваць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі. Ён вы­значае патрабаванні да зместу вучэбна-праграмнай дакументацыі адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі, тэрміны атрымання адукацыі, арганізацыю адукацыйнага працэсу, узровень падрыхтоўкі выхаванцаў.

У найбліжэйшай перспектыве (2020—2021 гг.) запланавана распрацоўка электроннай інфармацыйнай сістэмы ў мэтах упарадкавання працэдуры прадастаўлення месца ва ўстанове дашкольнай адукацыі, электронных адукацыйных рэсурсаў па адукацыйных галінах вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.

Штогод абнаўляецца і папаўняецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў дашкольнай адукацыі: у 2019/2020 навучальным годзе на 26% павялічылася колькасць інтэрактыўных дошак, на 9,7% — колькасць камп’ютарных класаў. 55% камп’ютараў ва ўстановах дашкольнай адукацыі маюць выхад у інтэрнэт, а агульная іх колькасць павялічылася на 6%. Пры гэтым каля 8% камп’ютараў даступныя для выкарыстання выхаванцамі. 94% устаноў дашкольнай адукацыі маюць адрас электроннай пошты, 76% — вэб-сайты ў інтэрнэце.

— Ці бачыце вы неабходнасць узмацнення псіхалагічнага складніка на ўсіх ступенях адукацыі? Ці разглядаецца магчымасць увядзення факультатыўных заняткаў, дзякуючы якім у навучэнцаў будуць фарміравацца навыкі псіхалагічнай самарэгуляцыі, адаптацыі ў дзіцячым калектыве, соцыуме на ўсіх узроставых этапах?

— Беларускім дзяржаўным універсітэтам распрацаваны праект праграмы факультатыўных заняткаў “Асновы псіхалогіі” для навучэнцаў 7—9 і 10—11 класаў, які цяпер знахо­дзіцца на ўзгадненні ў Міністэрстве адукацыі.

   — Як вы ставіцеся да безадзнакавага навучання ў пачатковай школе?

— Кантроль і ацэнка вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў пачатковай школы заўсёды ма­юць месца ў працэсе навучання, незалежна ад таго, у якіх формах яны прымяняюцца. Кантроль ажыццяўляецца з мэтай вызначэння ўзроўню і аб’ёму засваення вучэбнага матэрыялу дзецьмі.

Прымяненне безадзнакавага ацэньвання па вучэбных прадметах “Выяўленчае мастацтва”, “Музыка”, “Фізічная культура і здароўе”, “Працоўнае навучанне” выклікана тым, што вучэбныя дасягненні па гэтых вучэбных прадметах звязаны з праяўленнем у вучняў творчасці, спецыяльных здольнасцей, якія могуць істотна адрознівацца ў дзяцей.

Адмаўленне ад выкарыстання адзнак у працэсе навучання вучняў 3 і 4 класаў па вучэбных прадметах “Музыка”, “Выяўленчае мастацтва”, “Фізічная культура і здароўе”, “Працоўнае навучанне” абумоўлена неабходнасцю фарміравання ўнутранай матывацыі да навучання, а таксама развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў.

У параўнанні з безадзнакавым ацэньваннем, выкарыстанне адзнак дае ў некаторай ступені больш абагульненае ўяўленне аб вучэбных дасягненнях навучэнца. Таму яно выкарыстоўваецца пазней, у 3—4 класах, калі навучэнцы ўжо ў стане асэнсаваць гэтую абагульненасць і зразумець, што паўплывала на ўзровень адзнакі.

Выстаўленне адзнак падразумявае прытрымліванне дакладным крытэрыям, дазваляе вучню прагназаваць узровень сваіх дасягненняў. Такім чынам, яно дысцыплінуе і выразна акрэслівае ўзровень дасягненняў па вучэбных прадметах, вызначаны вучэбнымі праграмамі і адукацыйнымі стандартамі, прывучае да рэфлексіі вынікаў вучэбнай дзейнасці.

 У выніку ўвядзенне безадзнакавага навучання ў 3—4 класах па іншых вучэбных прадметах, акрамя названых вышэй, не мае дастатковых падстаў пры ўмове захавання адзнакавага ацэньвання ў 5 класе і не плануецца Міністэрствам адукацыі.

— Дамашняя работа вучняў з’яўляецца вельмі важнай складовай часткай працэсу навучання і выступае адной з істотных форм яго арганізацыі. Між тым некаторыя педагогі і баць­кі гавораць аб навучанні без дамашніх заданняў, паколькі яны, на іх думку, не прыносяць ніякай карысці і толькі перагружаюць дзяцей. Іншыя выказваюцца аб неабходнасці арганізацыі дамашняй работы, пачынаючы з 1 класа. Ці зменіцца пазіцыя Міністэрства адукацыі ў дачыненні да таго, што ў 1 класе нельга задаваць дамашняе заданне?

— Першы год навучання ў школе найбольш важны для адаптацыі дзіцяці ў новых для яго сацыяльных умовах, фарміравання станоўчага стаўлення да навучання. Настаўнік на занятках арганізоўвае працэс навучання, выбіраючы аптымальныя метадычныя прыёмы для таго, каб вучэбная дзей­насць дзіцяці працякала паспяхова. Забяспечыць такое ж суправа­джэнне першакласніка пры выкананні дамашніх заданняў, калі навучэнец толькі вучыцца арыентавацца ў падручніку, знахо­дзіць у сшытку патрэбны радок, не з’яўляецца магчымым.

Выкананне дамашніх заданняў прадугледжвае высокую ступень самастойнасці навучэнца. У яго павінны быць сфарміраваны хаця б першапачатковыя ўменні самаарганізацыі і самакантролю, вопыт работы з вучэбным дапаможнікам і сшыткам. На працягу першага года навучання дзеці вучацца самастойнаму ўспрыманню і выкананню заданняў у класе.

Акрамя таго, арганізацыя навучання без дамашніх заданняў дазваляе пазбавіць першакласнікаў неабходнасці насіць у партфелі кожны дзень падручнікі.

— Ці плануюцца змяненні ў адукацыйным працэсе пры рэалізацыі адукацыйных праграм устаноў адукацыі, зыходзячы з аналізу атрыманых вынікаў удзелу ў даследаванні РІSА-2018?

— Трэба разумець, што даследаванне якасці адукацыі PISA з’яўляецца толькі інструментам, які дазваляе выявіць асаблівасці развіцця сістэмы адукацыі і вывучыць характар адукацыйных дасягненняў вучняў. Тым самым спецыялісты атрымліваюць важную інфармацыю для развіцця адукацыі. Ключавы напрамак развіцця адукацыі ў свеце — фарміраванне функцыянальнай пісьмен­насці. PISA якраз дапамагае выявіць функцыянальную пісьмен­насць 15-гадовых вучняў.

У Рэспубліцы Беларусь навуковыя і адукацыйныя мерапрыемствы, звязаныя з рэалізацыяй кампетэнтнаснага падыходу, практыкаарыентаванасцю зместу і метадаў навучання, дасягненнем навучэнцамі не толькі прадметных, але і метапрадметных і асобасных вынікаў, сістэмна праводзяцца з 2015 года.

З 2015/2016 навучальнага года ажыццяўляецца паэтапнае абнаўленне зместу агульнай сярэдняй адукацыі: якасна абноўлены адукацыйныя стандарты, вучэбныя планы і праграмы, вучэбныя і вучэбна-метадычныя дапаможнікі. Ажыццяўляецца падрыхтоўка новых вучэбных дапаможнікаў па ўсіх вучэбных прадметах для ўсіх класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх рэалізуюцца патрабаванні кампетэнтнаснага падыходу, прадугледжаны заданні, накіраваныя на фарміраванне функцыянальнай пісьменнасці. Распрацаваны і ўкаранёны ў адукацыйны працэс дапаможнікі па фарміраванні і ацэнцы прадметных кампетэнцый (ужо выдадзена серыя “Кампетэнтнасны падыход” для 1—9 класаў).

З 2017/2018 навучальнага года праводзяцца рэспубліканскія кантрольныя работы па вучэбных прадметах, якія арыентаваны ў тым ліку на ацэнку функцыянальнай пісьменнасці навучэнцаў. У прыватнасці, у 2019/2020 навучальным го­дзе ажыццяўляецца вывучэнне ўзроўню сфарміраванасці чытацкай пiсьменнасцi ў вучняў 8 класа.

Ключавой задачай з’яўля­ецца ўдасканаленне прафесійнай падрыхтоўкі настаўнікаў і ўзбраенне іх неабходным вучэбна-метадычным забеспячэннем, што ў комплексе дазволіць вывесці якасць беларускай адукацыі на ўзровень сучасных патрабаванняў. На найбліжэйшую перспектыву ў рамках навуковых даследаванняў на 2021—2025 гады (дзяржаўная праграма навуковых даследаванняў, галіновая навукова-тэхнічная праграма) запланаваны распрацоўка стратэгічных напрамкаў і механізмаў удасканалення адукацыі ў мэтах раскрыцця патэнцыялу асобы для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, навукова-метадычнае забеспячэнне фарміравання функцыянальнай пісьменнасці навучэнцаў у адукацыйным працэсе ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, а таксама ў працэсе падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагогаў у сферы фарміравання функцыянальнай пісьменнасці навучэнцаў.


Профільныя класы адкрываюцца пры наяўнасці запытаў навучэнцаў

— Ці будзе выдавацца вучэбны дапаможнік па прадмеце “Фізічная культура і здароўе” ў сувязі з тым, што рэспубліканская алімпіяда па гэтым вучэбным прадмеце ўключае ў сябе тэарэтычны тур?

— Распрацоўка вучэбнага дапаможніка па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” не можа быць абумоўлена наяўнасцю тэарэтычнага тура ў алімпіядзе па дадзеным вучэбным прадмеце. Пытанні тэарэтычнага тура алімпіяды ў большай ступені арыентаваны на агульныя веды аб найважнейшых спартыўных падзеях, алімпійскім руху, спартыўных дасягненнях, здаровым ладзе жыцця і да т.п. Дадзеную інфармацыю можна запазычыць са сродкаў масавай інфармацыі, што дазволіць пашырыць кругагляд удзельнікаў алімпіяды.

Вучэбны дапаможнік па вучэбным прадмеце падразумявае работу з ім у класе, што ў сваю чаргу скароціць час на заняткі навучэнцаў фізічнымі практыкаваннямі.

Цяпер Міністэрствам адукацыі не разглядаецца пытанне аб выданні вучэбнага дапаможніка па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”.

— Ці будуць унесены змяненні ў нарматыўную прававую базу па пытаннях навучання дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра?

— У праект новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі ўнесены змяненні і дапаўненні, якія тычацца пытанняў навучання і выхавання дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра.

У прыватнасці, у новай рэдакцыі дакумента прадугледжаны патрабаванні да напаўняльнасці груп і класаў для навучэнцаў з расстройствамі аўтыстычнага спектра, распрацоўка вучэбных планаў для дадзенай катэгорыі навучэнцаў ва ўстановах спецыяльнай адукацыі, у тым ліку індывідуальных вучэбных планаў.

Пасля ўступлення ў сілу новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі будуць прыняты адпаведныя нарматыўныя прававыя акты.

— Выкладанне вучэбных дысцыплін на павышаным узроўні патрабуе і наяўнасці адпаведных вучэбных выданняў. Ці плануецца ў найбліжэйшай перспектыве выданне новых вучэбных дапаможнікаў для вучняў, якія навучаюцца ў профільных класах?

— Цяпер ажыццяўляецца выданне вучэбных дапаможнікаў (базавы і павышаны ўзроўні) для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з электронным дадаткам для павышанага ўзроўню.

— Ці ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі будуць створаны класы з вывучэннем прадметаў на павышаным узроўні? І ці будзе гэта абавязковым?

— У мэтах стварэння роўных умоў для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі і павышэння якасці адукацыі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ўсіх відаў маюць магчымасць адкрыцця класаў (груп) з вывучэннем асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні, улічваючы інтарэсы навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў.

Міністэрствам адукацыі ніколі не ставілася задача адкрываць профільныя класы ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі. Галоўнай мэтай была і ёсць якасць выкладання вучэбных прадметаў. Таму профільныя класы адкрываюцца пры наяўнасці запытаў навучэнцаў (іх бацькоў), адпаведнай матэрыяльнай базы ва ўстанове адукацыі і забяспечанасці кваліфікаванымі кадрамі.

— Ці разглядаецца магчымасць унясення змяненняў у вучэбную праграму па вучэбным прадмеце “Руская мова”? Магчыма, неабходна дабавіць раздзел “Работа з тэкстам”.

— У змесце навучання рускай мове ва ўстановах адукацыі прадугледжана авалоданне навучэнцамі моўнымі, маўленчымі ведамі і ўменнямі пры рэалізацыі маўленчай і камунікатыўнай кампетэнцый. Работа з тэкстам на ўроку рускай мовы ажыццяўляецца настаўнікам пры рабоце са стылістычнымі, фанетычнымі, марфалагічнымі, сінтаксічнымі і арфаграфічнымі рэсурсамі мовы. Гэтыя мэты дасягаюцца педагогам у працэсе выкарыстання розных відаў дзейнасці.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Адказы на пытанні, якія паступілі на прамую лінію па электроннай пошце, будуць надрукаваны ў “Настаўніцкай газеце” ў наступных нумарах.