Гукалі вясну

- 11:22Навіны рэгіёнаў

У Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі сабраліся фальклорныя дзіцячыя калектывы, каб прадэманстраваць сваю адданасць народным традыцыям. Тут адбыўся абласны этап Рэспубліканскага конкурсу фальклорных калектываў “Шчаслівы той, хто продкаў з чыстым сэрцам паважае”.

— У конкурсе прынялі ўдзел 19 творчых калектываў, у абласны фінал былі адабраны тры, — расказвае загадчык аддзела па арганізацыі вольнага часу палаца творчасці Святлана Дзямешчык. — Кожны калектыў прадставіў па дзве праграмы. Напэўна, час правядзення конкурсу вызначыў і тое, што ўсе прадставілі абрад “Гуканне вясны”.

Кожны калектыў прадэманстраваў асаблівасці гэтай традыцыі ў сваёй мясцовасці, але былі прадстаўлены і традыцыйныя элементы абраду — завязванне стужачак на дрэвах, падкідванне на абрусе булачак-жаваранкаў, спевы.

Узорны фальклорны калектыў “Васілёчкі” Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі аб’ядноўвае дзяцей розных узростаў. Кіраўнік калектыву Тэрэса Адамовіч расказвае, што дзеці з задавальненнем займаюцца народнай творчасцю і вельмі любяць выступаць перад гледачамі, ім цікава даведвацца пра народныя традыцыі і ўсведамляць, адкуль яны прыйшлі, якія карані звязваюць іх з продкамі.
На конкурсе “Васілёчкі” прадставілі яшчэ абрад “Калядкі”. Фальклорны гурт “Забаўлянка” з Ладзеніцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна паказаў свята “Вялічка”, а фальклорны гурт “Талака” з гімназіі № 7 Гродна ўвасобіў вельмі складаны абрад “Дзяды”.

Усе калектывы прадставяць Гродзенскую вобласць у фінале Рэспубліканскага конкурсу фальклорных калектываў. А дыплом І ступені абласнога этапу атрымалі “Васілёчкі”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.