Гульня ў Алімпійскія гульні, ці Як прывіць дзецям любоў да спорту

- 11:37Навіны рэгіёнаў, Рознае

Цікавы падыход да папулярызацыі актыўнага і здаровага ладу жыцця ў дзяцей паказалі педагогі гомельскага ясляў-сада № 73. Тут прайшло спартыўнае мерапрыемства, прысвечанае Алімпійскім гульням 2016 года.

Вучым дзяцей

Простыя і звыклыя спартыўныя спаборніцтвы паміж камандамі дашкалят педагогі ператварылі ў нешта больш значнае. Вядома, што алімпійскі рух мае свае даўнія традыцыі і кожныя гульні пачынаюцца з пэўных рытуалаў. Усё гэта прымянілі на садаўскім мерапрыемстве: урачыстая частка пачыналася з сімвалічнага агню, алімпійскіх кольцаў, гімна, вынасу сцяга сваёй краіны. Магчыма, дарослым гэта падаецца прымітыўным, але ж для дзетак гэта нешта чароўнае, тым больш што на свята да іх завітаў алімпійскі чэмпіён па дзюдо заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь Ігар Макараў. Сярод дашкалят знайшоўся яго сапраўдны паклоннік. Хлопчык таксама займаецца дзюдо і марыць трапіць у адкрытую Ігарам Віктаравічам школу, каб дасягнуць у будучым такіх жа вынікаў.


Спартсмены — людзі асаблівыя, яны ведаюць, што таленты трэба шукаць якраз у дашкольных установах, бо менавіта з такіх маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак можна вырасціць змену. Разам з алімпійскім чэмпіёнам на мерапрыемства ў яслі-сад былі запрошаны таксама выкладчык Гомельскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву заслужаны трэнер СССР па скачках на батуце Вольга Асіпенка, намеснік дэкана факультэта фізічнай культуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Сяргей Іваноў. І ніхто з іх не адмовіўся. Больш за тое, прыйшлі яны з падарункамі для дзетак і прэзентацыяй для дарослых, знаёмілі з рознымі відамі спорту, якія развіваюцца на Гомельшчыне, расказвалі аб спартыўных школах і трэнерах.

У аснове ўсяго спартыўнага мерапрыемства, зразумела, былі спаборніцтвы. Каманды выхаванцаў старшай групы “Зубраняты” і “Рысяняты” спрабавалі перамагчы адна адну ў конкурсах. Мерапрыемства было насычана і творчымі нумарамі. Дашкаляты чыталі вершы аб розных відах спорту, танцавалі, выконвалі гімнастычныя эцюды. Спрытныя, шпаркія, зацікаўленыя, дзеці з радасцю дэманстравалі свае здольнасці пад пільным наглядам Таісіі Мікалаеўны Кісялёвай, кіраўніка фізічнага выхавання.

Зразумела, у гэтых дзіцячых спаборніцтвах не было пераможцаў і пераможаных. Кожны ўдзельнік атрымаў свой запаветны медаль з рук Ігара Макарава.

— Мы плануем і далей развіваць супрацоўніцтва з факультэтам фізічнай культуры Гомельскага дзяржуніверсітэта і вучылішчам алімпійскага рэзерву, — падзялілася намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці гомельскага ясляў-сада № 73 Святлана Нарскіна. — А сённяшнія спаборніцтвы будзем лічыць уводнымі заняткамі ў цэлую серыю мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю актыўнага і здаровага ладу жыцця ў дзяцей і развіццё алімпійскага руху.

Якраз Святлана Мікалаеўна з’яўляецца непасрэдным арганізатарам і натхняльнікам такой формы работы. Гэтай задумай яна дзялілася са мной раней і нарэшце пачала справу. Няма сумненняў, што садаўскія алімпійскія гульні паступова будуць абрастаць новымі ідэямі, а спартыўны напрамак ва ўстанове добра прыжывецца.

Вучымся самі

Яшчэ большую значнасць мерапрыемству надаў семінар-практыкум для кіраўнікоў фізічнага выхавання ўстаноў дашкольнай адукацыі Гомеля пад назвай “Формы работы кіраўніка фізічнага выхавання па далучэнні дашкольнікаў да ідэй алімпійскага руху”, прапанаваны метадыстамі па дашкольным выхаванні гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета. Чаму б не сумясціць два тэматычныя мерапрыемствы і не толькі назапасіць тэарэтычных ведаў, але і паглядзець на практыцы, як можна арганізаваць дашкалят з дапамогай спартыўных спаборніцтваў?!


— Мы ставілі сваёй задачай павысіць прафесійную кампетэнтнасць кіраўнікоў фізічнага выхавання, акцэнтаваць іх увагу на тым, што ідэі алімпійскага руху як першыя крокі да алімпійскай адукацыі — гэта частка дзяржаўнай палітыкі ў фарміраванні прыярытэтаў, накіраваных на захаванне здароўя нацыі, — расказала метадыст арганізатар семінара-практыкуму Наталля Шкудрова. — Сёння ў нас ёсць лепшы вопыт, і мы яго паказалі на прыкладзе ясляў-сада № 73.

Завяршэннем семінара стала рэфлексія дня пад назвай “Парады будучым алімпійцам”. Метадыст Н.У.Шкудрова правяла апытанне ўдзельнікаў адносна тэматыкі мерапрыемства, вынікі якога дапамогуць карэкціраваць работу кіраўнікоў фізічнага выхавання.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.