Хакейная сталіца

- 10:37Спартыўныя падзеі

Маладзёжная сталіца — 2019 на чатыры дні стала хакейнай сталіцай. З 18 па 21 сакавіка лядовая арэна Оршы прымала фінальныя матчы рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у дывізіёне “А” (тут выступаюць каманды з гарадоў, дзе ёсць крытыя лядовыя пляцоўкі) малодшай узроставай групы (2005—2007 г.н.).

У выніку напружаных лядовых баталій перамогу заваявала каманда “Мядзведзь” Маскоўскага раёна Мінска, якая ў паядынку за 1-е месца абыграла салігорскі “Шахцёр” з лікам 2:1. Такім чынам, трыумф сталічных каманд на “Залатой шайбе” працягваецца ўжо шосты год. “Грыфоны”, “Беркут”, “Мядз­ведзь”, “Партызан” — гульцы менавіта гэтых дружын узнімалі над сабой падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання галоўны трафей турніру — вялізны кубак.

Яшчэ адна мінская каманда (“Грыфоны” з Цэнтральнага раёна) стала ўладальніцай бронзавых медалёў, абыграўшы ў матчы за 3-е месца “Прынёманскіх ястрабаў” з Кастрычніцкага раёна Гродна (7:2). Дарэчы, “Грыфоны” сталі сёлета пераможцамі дывізіёна “А” ў старшай узроставай групе (2002—2004 г.н.), калі падчас XV Каляднага турніру аказаліся мацнейшымі ў фінале за горацкіх “Сокалаў” (10:3). У матчы за 7-е месца ў малодшай узроставай групе івацэвіцкі “Вымпел” абыграў “Гомель” з лікам 6:2. 5-е месца заваявала каманда “Міраж” з Горак (4:2 — і на 6-м месцы засталася “Паўночная сталіца” з Віцебска).

Кожная з каманд, якія ўдзельнічалі ў фінальных матчах, несумненна, можа ганарыцца сваім выступленнем, паколькі трапіць у фінал было няпроста. У гэтым годзе ў спаборніцтвах дывізіёна “А” абедзвюх узроставых груп прыняў удзел 4581 хакеіст з 300 каманд. Заваяваць нават 8-е месца — гэта, пагадзіцеся, значнае дасягненне.

У гэтыя дні хакейную эстафету ад Оршы прымаюць Бабруйск і Жлобін, дзе з 22 па 28 сакавіка праходзяць фінальныя спаборніцтвы “Залатой шайбы” ў дывізіёне “Б” (тут выступаюць каманды з гарадоў і раёнаў, якія не маюць крытых лядовых каткоў). “Настаўніцкая газета” будзе ўважліва сачыць за лядовымі баталіямі, арганізатарамі якіх з’яўляюцца Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, БРСМ, Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнцкі спартыўны клуб, дзіцяча-юнацкі клуб па хакеі “Залатая шайба”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота БелТА.