Хто ў лесе гаспадар

- 11:40Адукацыйная прастора

На некалькі дзён Полацк стаў горадам лесарубаў: тут упершыню прайшоў Міжнародны лясны фестываль прафесійных скілзаў. Гукавым аздабленнем мерапрыемства стаў роў бензапіл, які змяняўся гучнымі апладысментамі.

Фестываль арганізавалі і правялі ў філіяле БДТУ Полацкім дзяржаўным лясным каледжы, які актыўна развівае сувязі з установамі аналагічнага профілю ў розных краінах. Навучэнцы кале­джа нярэдка паспяхова ўдзельнічалі ў міжнародных турнірах па сваіх прафесійных кампетэнцыях. Так, нядаўна на спаборніцтвах па прафесіі вальшчык лесу ў Латвіі навучэнка Вікторыя Усманава ў абсалютным заліку была трэцяй. Такіх перамог нямала. Наспела жаданне правесці спаборніцтвы і на роднай зямлі, так нарадзілася ідэя, увасабленнем якой стаў не проста конкурс, а цэлы фестываль.

Варта адзначыць, што такое мерапрыемства праводзіцца ўпершыню ў Беларусі. Раней аналагічныя спаборніцтвы ладзіліся толькі для прафесіяналаў — работнікаў лясгасаў. Фестываль у Полацку дазволіў паспаборнічаць у прафесійным майстэрстве навучэнцам устаноў адукацыі, якія вядуць падрыхтоўку па спецыяльнасцях лясной гаспадаркі.

Удзел у мерапрыемстве ўзялі прадстаўнікі чатырох краін. Латвію прадстаўляла каманда Огрскага ляснога тэхнікума, Літ­ву — Каўнаскага ляснога каледжа, Эстонію — Лууаскай школы лясной гаспадаркі. З Расіі прыехалі навучэнцы Петразаводскага і Пушкінскага лесатэхнічных тэхнікумаў. Гонар нашай краіны абаранялі юніёры Міністэрства лясной гаспадаркі, каманды Барысаўскага дзяржаўнага лесаагратэхнічнага прафесійнага кале­джа, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа.

Галоўнай падзеяй фестывалю сталі спаборніцтвы за тытул “Лесаруб-2019”. У барацьбу ўключылася больш за 50 канкурсантаў. Праводзілася  спаборніцтва па правілах міжнародных турніраў.

Безумоўна, самым відовішчным стала заданне “Валка лесу”. Канкурсантам трэба было падпілаваць дрэва вышынёй 18 метраў так, каб яно пры падзенні трапіла дакладна ў спецыяльныя вароты, памер якіх не большы за метр. Гэта, а таксама яшчэ чатыры выпрабаванні, і дапамагло вызначыць, хто ж у лесе гаспадар.

У індывідуальным заліку сярод юнакоў лідарам стаў Анры Ток­ман з Эстоніі. Наш зямляк Міхаіл Паповіч, прадстаўнік Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа, апынуўся на трэцім месцы.

Нягледзячы на тое, што прафесія лесаруба здаецца даволі суровай і няпростай, паспяховымі ў ёй могуць быць і жанчыны. Гэта робіць відавочным выступленне ў конкурсе дзяўчат. У індывідуальным заліку лідарства нікому не аддала палачанка Юлія Івашчанка, яшчэ адна прадстаўніца Полацкага каледжа — Вікторыя Усманава — стала трэцяй.

У камандным заліку перамогу святкаваў Полацкі лясны каледж, на другім месцы — госці з Латвіі, на трэцім — каманда з Эстоніі.

Фестываль прапанаваў удзельнікам яшчэ адно цікавае спаборніцтва — падарожжа па экалагічнай лясной сцежцы. Камандам неабходна было за адну гадзіну і дзесяць мінут прайсці шлях даўжынёй тры кіламетры і выканаць заданні на 10 станцыях. Канкурсанты вызначалі без інструментаў, колькі кубаметраў бярвенняў спілавана і які дыяметр спілу аднаго дрэва, пазнавалі лясных жывёл па рагах, капытах, чарапах, а па драўняных грыбах — дрэвы, на якіх яны выраслі. Трыумфатарамі на экалагічнай сцяжыне сталі гаспадары — навучэнцы Полацкага ляснога каледжа.

Фестываль даў магчымасць зацікаўленым юнакам і дзяўчатам праявіць свае таленты, стаў прафарыентацыйным мерапрыемствам, прыцягнуўшы ўвагу запрошаных гледачоў-школьнікаў да лясных прафесій. А яшчэ фестываль адкрыў новыя перспектывы для ўстаноў адукацыі нашай краіны. Як паведаміла Таццяна Хадасевіч, кіраўнік практыкі і выкладчык спецыяльных дысцыплін Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа, мерапрыемства такога ўзроўню, як гэты лясны фестываль, — адзін з важных крокаў да ўступлення ў Саюз еўрапейскіх лясных школ. Гэта аўтарытэтная арганізацыя, у склад якой сёння ўваходзіць 21 краіна, праводзіць самыя прэстыжныя міжнародныя спаборніцтвы для будучых работнікаў лесу. Фестываль у Полацку прадэманстраваў, што ўстановы адукацыі нашай краіны здольны праводзіць мерапрыемствы самага высокага ўзроў­ню. Арганізатары фестывалю спадзяюцца, што праз некалькі гадоў Еўрапейскі чэмпіянат лясных школ пройдзе ў Беларусі.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены Полацкім дзяржаўным лясным каледжам.