Педагог, які добра валодае ІКТ
Магчымасці сучасных тэхналогій дазваляюць педагогу істотна павялічыць аб’ём вучэбнага матэрыялу, які можна выкласці на занятках, і садзейнічаюць замацаванню дзецьмі атрыманых ведаў. У той жа час педагог, які плануе прымяняць ІКТ у адукацыйным працэсе, павінен разумець, што эфектыўнасць выкарыстання сродкаў інфарматызацыі залежыць ад наяўнасці належнага тэхнічнага, метадычнага і арганізацыйнага забеспячэння.
Знакаміты індыйскі прафесар Сугата Мітра пры даследаванні чалавечага мозга назіраў за працэсам адукацыі з пункту гледжання вучонага. Яму належыць ідэя навучання дзяцей без удзелу настаўніка. Ён правёў эксперымент пад назвай “Дзірка ў сцяне”, які заключаўся ў тым, што ў адной са школ у Калькуце змяшчаўся камп’ютар, рабочая мова якога была англійская, прычым ні адзін з вучняў не валодаў гэтай мовай. Дзецям было дазволена свабодна выкарыстоўваць камп’ютар, а таксама гуляць у любыя гульні, якія толькі яны змогуць знайсці. Ужо праз тыдзень дзеці без старонняй дапамогі выходзілі ў інтэрнэт, гулялі ў гульні, знаходзілі інфармацыю, якая іх цікавіла, пераадольваючы не толькі моўны, але і тэхналагічны бар’ер. Эксперымент стаў адкрыццём сусветнага грамадства. Калі ў навуцы на працягу стагоддзяў бытавала меркаванне, што нічога немагчыма адкрыць, не валодаючы ведамі, то гэты эксперымент даказаў адваротнае. Адсюль можна было б зрабіць вынік: камп’ютар можа замяніць педагога. Але мы для сябе павінны зразумець галоўнае: звычайнага педагога заменіць педагог, які добра валодае ІКТ.Да 2020 года па Канцэпцыі інфарматызацыі сістэмы адукацыі, прынятай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, усе педагогі павінны асвоіць ІКТ. А фарміраванне адукацыйнага асяроддзя павінна стварацца на базе “воблачных” тэхналогій. Для ўстаноў адукацыі “воблачнае” асяроддзе дазволіць без дадатковых затрат выкарыстоўваць сучасныя праграмныя сродкі. Адпаведна будуць зніжаны затраты ўстаноў адукацыі на пабудову і суправаджэнне лакальных інфармацыйных сетак.
Выкарыстоўваючы ІКТ у сваёй дзейнасці, я выконваю санітарныя правілы і нормы, якія прад’яўляюцца да гэтага працэсу з улікам спецыфікі дашкольнай установы. Заняткі з выкарыстаннем ІКТ праводзяцца з дзецьмі старэйшага ўзросту 1—2 разы на тыдзень, максімальная аднаразовая працягласць работы на камп’ютары для іх не перавышае 10 хвілін. З мэтай прафілактыкі зрокавага стамлення ў дзяцей мэтазгодна праводзіць зрокавую гімнастыку.
Важнае значэнне мае правільны падбор камп’ютарных праграм, з улікам фізіялагічных і ўзроставых магчымасцей дзіцяці. Пры стварэнні камп’ютарных гульняў і дэманстрацыі прэзентацый, неабходных для работы з дашкольнікамі, улічваю іх індывідуальныя асаблівасці ўспрымання інфармацыі. Існуюць спецыялізаваныя і неспецыялізаваныя праграмы. Да спецыялізаваных адносяцца праграмы, распрацаваныя ў лабараторыях камандамі спецыялістаў. Такія прадукты будуць дорага каштаваць. Неспецыялізаваныя аўтарства не маюць, пры іх выкарыстанні педагог бярэ адказнасць толькі на сябе за іх выкарыстанне.
Для мяне як настаўніка-дэфектолага зацікаўленасць уяўляюць наступныя спецыялізаваныя праграмы: “Бачнае маўленне”, ІВМ, “Дэльфа-142” В.Я.Грыбавай, “Гульні для Тыгры” А.М., Е.В.Лізуновых, “Свет за тваім акном” В.І.Кукушкінай, беларуская праграма “Спецыяльныя адукацыйныя сродкі” А.А.Філіповіча. Асаблівую ўвагу заслугоўваюць праграмы MimioStudio, SMART Notebook для інтэрактыўных дошак, якія выкарыстоўваюцца многімі педагогамі ў нашым раёне.
Настаўнікамі-дэфектолагамі сярэдняй школы № 1 Ашмян Н.Я.Самойленка і Г.Б.Яхімовіч быў распрацаваны комплекс вучэбных гульняў па развіцці маўлення ў праграме MimioStudio. Іх работа атрымала высокую ацэнку на Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” у 2013 годзе, дзе заняла 2-е месца.
Настаўнікі-дэфектолагі Ашмянскага раёна на адным з першых метадычных аб’яднанняў у гэтым годзе вырашылі заняцца распрацоўкай і складаннем камп’ютарных гульняў па карэкцыі гукавымаўлення з выкарыстаннем гэтай праграмы. У цяперашні час існуе комплекс, які створаны з аўтарскіх гульняў па замацаванні вымаўлення розных гукаў.
Лічу, што выкарыстанне гатовых камп’ютарных праграм — гэта добра, але стварэнне ўласных прадуктаў (з улікам асаблівасцей кожнага выхаванца) намнога лепш. Пры іх стварэнні стараюся падбіраць такія заданні, каб дзіця не проста паўтарала за педагогам адказ або яго адгадала, але і прыйшло да адказу самастойна. Напрыклад, камп’ютарная гульня для аўтаматызацыі гукаў, створаная ў праграме MimioStudio, мае большы вучэбны патэнцыял, чым гульня, створаная ў праграме PowerPoint. Так, напрыклад, на слайдзе, зробленым у праграме MimioStudio, ёсць заданне: знайсці малюнак, у назве якога ёсць гук [ж]. Выхаванец мае магчымасць дакрануцца да малюнка самастойна і перацягнуць яго на патрэбнае месца, а ў выпадку няправільнага адказу становіцца зразумела, што заданне не выканана. Менавіта гэтая магчымасць павышае цікавасць дзіцяці да заняткаў і дапамагае хутчэй знайсці адказ. У іншых жа праграмах для выканання такога ж самага задання выхаванцу дастаткова проста адказаць на пытанне.
Для паспяховай дзейнасці ў нашай дашкольнай установе створаны віртуальны кабінет з блокамі заданняў для ўсіх педагогаў і спецыялістаў: па дыягностыцы, развіцці артыкуляцыйнай і мімічнай мускулатуры, заданні для зрокавай гімнастыкі, па замацаванні гукавымаўлення, навучанні грамаце, развіцці фанематычнага слыху і слыхавой увагі, фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў, па праграмных раздзелах “Чалавек і свет”, “Мастацтва” і г.д.
Так, напрыклад, пры правядзенні карэкцыйнай работы з дашкольнікамі, якія маюць парушэнні маўлення, адным з асноўных этапаў з’яўляецца развіццё фанематычнага слыху. Такія заданні выкарыстоўваюцца амаль на кожных лагапедычных занятках. Таму настаўніку-дэфектолагу патрэбна шмат гульняў і практыкаванняў па развіцці слыхавой увагі, якія сабраны ў блоку па развіцці фанематычнага слыху і слыхавой увагі. Ён цікавы не толькі настаўнікам-дэфектолагам, але і музычным кіраўнікам.
Прымяненне ІКТ не толькі павышае якасць маёй работы і карэкцыйна-адукацыйнага працэсу ў цэлым, але і істотна дапамагае зрабіць працэс навучання больш разнастайным, больш цікавым і інтэнсіўным.
Алена ЛЕВІНА,
настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 1 Ашмян.