…І дзесяць запаведзей на скрыжалях

- 17:05Год гістарычнай памяці

Год гістарычнай памяці
Працягваем праект“ Крыніцы зямлі беларускай (пачатак у нумары за 4 студзеня).

Крыніца “Усіхсвяцкая” знаходзіцца на тэрыторыі храмавага комплексу паміж белакаменным храмам у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі, у Мінску на перасячэнні вул.Каліноўскага і Усіхсвяцкай.

Побач з крыніцай — бронзавая статуя старазапаветнага прарока Майсея, што высякае сваім посахам ваду са скалы (у гэтым асаблівая сэнсавая нагрузка крынічнага комплексу). Другой рукой прарок паказвае на скрыжалі запавету, дадзенага Богам людзям. Дзесяць запаведзей Божых на скрыжалях выкананы на розных мовах — пачынаючы ад старажытнагрэчаскіх да сучасных, для ўсіх народаў. Вышыня статуі — 4,5 метра.

Перад статуяй прарока Майсея абсталявана купель з прыступкамі, у якую мінчане і госці сталіцы апускаюцца на свята Вадохрышча. Асвячаюць ваду тут традыцыйна 18 студзеня вечарам. Апусціцца ў вадохрышчанскую купель можна будзе да вечара 20 студзеня.

Справа ад крынічнага комплексу знаходзіцца царква, асвечаная ў гонар Святой Жывапачатковай Тройцы. Храм будаваўся тры гады. У архітэктурных адносінах Троіцкая царква ўяўляе сабой драўляны храм у рэтраспектыўна-рускім стылі.

Злева ад крынічнага комплексу знаходзіцца храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі. Ён узведзены як даніна павагі тым, хто аддаў жыццё за Радзіму не толькі на палях бітваў, але і ў тыле. Першы камень у падмурак храма-помніка ў 1991 годзе заклаў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ.

Перад статуяй прарока Майсея — купель з прыступкамі, у якую апускаюцца на свята Вадохрышча.

Побач з закладным каменем знаходзіцца першы ў Беларусі помнік Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Алексію ІІ. Свяцейшы Патрыярх быццам замёр, сузіраючы прыгажосць храма-помніка, узведзенага па яго благаславенні.

У 1996 годзе пры ўдзеле Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта тут была закладзена капсула з памятнай граматай з заклікам да нашчадкаў, а ў 2005 годзе пачалося актыўнае будаўніцтва.

Храм-помнік упершыню расчыніў свае дзверы 2 ліпеня 2010 года напярэдадні Дня Рэспублікі. У крыпце храма з царкоўнымі і воінскімі ўшанаваннямі былі пахаваны астанкі невядомых салдат трох войнаў — Айчыннай 1812 года, Першай і Другой сусветных. У сценах крыпты знаходзяцца 54 нішы для зямлі з месцаў бітваў і трагедый, дзе пралілася кроў нашых суайчыннікаў. Кожны можа прыйсці сюды, запаліць свечку ад непагаснай лампады, агонь у якой прывезены ад Гроба Гасподняга, і памаліцца аб сваіх родных і блізкіх.

Першы з трох прыдзелаў храма-помніка, прыдзел у гонар Адсячэння галавы Іаана Хрысціцеля, або Прадцечанскі, быў асвечаны 19 снежня 2010 года.

14 кастрычніка 2015 года, у дзень Пакрова Прасвятой Багародзіцы, асвечаны другі прыдзел храма-помніка ў гонар іконы Божай Маці “Заспакой мой смутак”.

Храм-помнік стаў самым вялікім у Беларусі царкоўным будынкам. Вышыня яго — 80 м. Ён унесены ў спіс турыстычных аб’ектаў сталіцы.

Алена ХАРАШЭВІЧ.