І гукі, і рухі, і легенда…

- 11:47"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Сёння ў рамках рубрыкі “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў” (сумесны праект Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і “Настаўніцкай газеты”) выпраўляемся ў Гуманітарны каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і знаёмімся з творчымі калектывамі гэтай установы адукацыі — пераможцам і прызёрамі Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці студэнтаў і навучэнцаў “АРТ-вакацыі — 2017”: інструментальным ансамблем “Новае гучанне” (кіраўнік Валерый Францавіч Станкевіч) — дыплом І ступені ў намінацыі “Ансамбль сучаснай музыкі”; танцавальным калектывам NS (кіраўнік Валерыя Уладзіміраўна Бяляк) — дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “Ансамбль спартыўнага танца”; чырлідарскай групай “Легенда” (кіраўнік Алена Іванаўна Курбанава) — дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Ансамбль спартыўнага танца”.

Каледж-музей і шчаслівыя навучэнцы

Выпраўляючыся ў камандзіроўку ў Гродна, я выдатна ведаў, што еду ў адзін з самых старажытных і прыгожых беларускіх гарадоў, як і тое, што ў будучым матэрыяле я не змагу не зрабіць хоць невялікі рэверанс у бок унікальнага спалучэння гісторыі і геаграфіі ў абліччы гэтага горада. Міжволі я ўжо завочна нават па-добраму зайздросціў навучэнцам Гуманітарнага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Гэтым маладым людзям, якія жывуць і вучацца побач з такімі выдатнымі помнікамі архітэктуры, як Барысаглебская царква (Каложа), Стары замак (замак Баторыя), касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар брыгітак, якія штодня могуць пераходзіць Нёман па Старым мосце і блукаць па вузкіх звілістых вулках-брукаванках, якія могуць ганарыцца тым, што ў іх горадзе правёў першыя гады жыцця самы вытанчаны, самы еўрапейскі з беларускіх літаратурных класікаў Максім Багдановіч (пакінем убаку сціплы факт яго нараджэння ў Мінску), якія, нарэшце, жывуць фактычна на мяжы з Еўропай сярэдневяковых замкаў і палацаў… Для мяне, як чалавека культурніцкіх і эстэтычных зацікаўленасцей па жыцці, навучэнцы Гуманітарнага каледжа ГрДУ ўжо апрыёры былі шчаслівымі людзьмі, паколькі маюць вышэйзгаданыя “прывілеі” ў адрозненне нават ад мінчан, хаця ў жыхароў сталіцы ёсць процьма іншых — менавіта сталічных — прывілей.

Але, едучы ў гродзенскі каледж, я не ведаў, што і сам ён мае вельмі багатую гісторыю, з’яўляецца адной са старэйшых устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі нашай краіны. Сваімі каранямі гісторыя каледжа сягае ў 1899 год, калі ў дзень стагадовых угодкаў А.С.Пушкіна быў закладзены будынак гарадскога вучылішча на колішняй вуліцы Сафійскай (цяпер гэта стары корпус каледжа па вуліцы Леніна). У розныя перыяды ў гэтым будынку дзейнічалі вучылішча, жаночая гімназія, школа, а з 1939 года тут размясцілася Гродзенскае педагагічнае вучылішча Міністэрства асветы БССР, якое праз гады, перажыўшы розныя статусы і афіцыйныя назвы, у 2009 годзе нарэшце канчаткова аформілася як Гуманітарны каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

З 1944 года, калі пасля акупацыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі Гродзенскае педвучылішча ўзнавіла сваю работу, Гуманітарны каледж ГрДУ падрыхтаваў звыш 14 тысяч педагогаў, якія працуюць ва ўстановах сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай, дашкольнай і дадатковай адукацыі. Сярод выпускнікоў каледжа ёсць нямала выдатных дзеячаў мастацтва, кіраўнікоў розных інстытуцый. Многія з іх узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Сёння ў каледжы ажыццяўляецца падрыхтоўка па 6 спецыяльнасцях: “Музычная адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”, “Фізічная культура”, “Турызм і гасціннасць”, “Дакументальнае і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання”, “Дызайн (графічны)”. Ва ўстанове навучаецца больш за тысячу чалавек на дзённай і завочнай форме навучання, педагагічны калектыў налічвае звыш 100 чалавек, сярод якіх ёсць кандыдаты навук і выдатнікі асветы.

Вось ужо шосты год тут ажыццяўляецца праект “Каледж-музей”, дзякуючы якому педагагічнаму і навучэнскаму калектывам каледжа ўдаецца звязаць у адно ўсе этапы станаўлення і развіцця ўстановы з ХІХ па ХХІ стагоддзе. Праца ў рамках праекта праводзіцца ў розных кірунках (пошукавая дзейнасць на аснове матэрыялаў багатага архіва каледжа, даследаванне жыцця і творчасці славутых выпускнікоў і інш.), але найперш кідаецца ў вочы, як толькі апынаешся ў сценах гэтай установы адукацыі, адмысловая музеефікацыя (мемарыялізацыя) самой яе прасторы: асобных аўдыторый, кабінетаў-лабараторый, калідораў, рэкрэацый з безліччу гісторыка-культурных артэфактаў, сярод якіх жывуць і вучацца навучэнцы.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце каледжа Ірына Аляксандраўна Махалёва ласкава правяла для мяне азнаямляльную экскурсію па ўстанове, і кожны крок тут абяцаў адкрыццё і не падманваў у сваіх абяцаннях. Вось тое, што я пабачыў літаральна за нейкія паўгадзіны экскурсіі (за шматкроп’ямі схаваю свае охі і ахі захаплення).

Кабінет рускай мовы і літаратуры, аформлены ў гонар Аляксандра Пушкіна, з бюстам паэта, які быў падораны ўстанове яшчэ ў момант закладкі ў 1899 годзе, потым некуды знік на сорак гадоў, а пасля вайны якімсьці містычным чынам “знайшоўся” ў прыватнай калекцыі аднаго з гарадзенцаў і быў вернуты каледжу…

Кабінет дзелавой дакументацыі і дысцыплін спецыяльнага цыкла як сведчанне таго, што ў 1918—1920-х гадах у каледжы размяшчалася жаночая гімназія, выхаванкі якой актыўна займаліся дабрачыннасцю, вызначаліся акуратнасцю, выхаванасцю і адказнасцю, часта станавіліся сакратарамі ў дзяржаўных установах (тут можна ўбачыць касцюм “сакратаркі” той эпохі, друкарку, шматлікія дакументы)…

Кабінет арганізацыі турызму і дысцыплін спецыяльнага цыкла з дзвюма калонамі пасярод: некалі ў перапынках паміж заняткамі і пасля заняткаў навучэнкі жаночай гімназіі заходзілі ў гэты пакой, а каля калон стаялі класныя дамы, якія сачылі за тым, каб дзяўчаты прыгожа рухаліся, правільна трымалі паставу, гутарылі паміж сабой не на вулічным слэнгу, а ўстойлівымі зваротамі з лексікону вышэйшага грамадства…

Кабінет сацыяльна-гуманітарных навук, аформлены як рабочы кабінет афіцэра Чырвонай Арміі і прысвечаны найперш падзеям Вялікай Айчыннай вайны, з акцэнтам на лёсы двух герояў гродзенскага падполля, навучэнцаў з першага набору настаўніцкіх курсаў 1939 года Мікалая Мікалаевіча Слатвінскага (1922—1942) і Вольгі Іосіфаўны Соламавай (1920—1944)… Сцены ў гэтым кабінеце з прабоінамі ад снарадаў часоў вайны…

Кабінет культуры Беларусі з дыхтоўнай этнаграфічнай экспазіцыяй — куфрам канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, тагачаснымі аўтэнтычнымі ручнікамі, народнымі касцюмамі, прадметамі народнага побыту…

Цэлы паверх, адведзены пад кабінеты дакладных прадметаў (інфарматыкі, матэматыкі, фізікі, астраноміі, хіміі, геаграфіі і інш.), з мноствам разнастайнай сучаснай тэхнікі і ў саміх кабінетах, і ў калідоры. А ў самым пачатку калідора, нібыта на п’едэстале, высіцца кінапраектар КПТ-2, зроблены ў 1962 годзе ў Белгарадзе. Такіх у свеце сёння засталося толькі тры экзэмпляры: тут, у гродзенскім каледжы, у самім Белгарадзе і ў… Канах, перад уваходам у славуты кінацэнтр… Усе мы ведаем гэты праектар па застаўцы Канскага кінафестывалю, а навучэнцы гродзенскага каледжа бачаць яго кожны дзень ужывую…

Кабінеты музычных і мастацкіх дысцыплін з рарытэтнымі музычнымі інструментамі і яскравымі мастацкімі творамі, адрэстаўрыраванымі і створанымі навучэнцамі ў наш час…

Імянныя кабінеты славутых выпускнікоў каледжа — Чэслава Выджыцкага, якога мы ведаем як Чэслава Немена, Леаніда Захлеўнага, Уладзіміра Кандрусевіча, Валерыя Іванова і многіх іншых яркіх дзеячаў музычнага мастацтва і педагогікі…

Дырэктар Гуманітарнага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Наталля Аляксандраўна Ваўковіч: “Мы добра разумеем: сёння ўжо не трэба даказваць, што ў школе, дзіцячым садзе, на прадпрыемстве ці фірме, як ніколі, патрэбны спецыялісты не толькі з якаснымі ведамі ў прафесійнай галіне, але і з высокім узроўнем інтэлекту, камунікатыўнымі навыкамі і шырокім спектрам творчых здольнасцей. Адпаведна, адукацыйная прастора нашага каледжа будуецца такім чынам, каб навучэнцы набывалі не толькі прафесійныя веды і ўменні ды здольнасць паспяхова канкурыраваць на рынку працы, але пражывалі цікавае і творчае студэнцкае жыццё.

Адным з удалых, на наш погляд, рэалізаваных педагогамі і навучэнцамі каледжа праектаў з’яўляецца музычны спекталь па матывах аднайменнай рок-оперы Эндру Лойд Уэбера “Ісус Хрыстос — суперзорка”. Значнасць гэтага праекта заключаецца не толькі ў духоўна-маральным і культурным выхаванні, але і ў тым, што такая сумесная работа вучыць адказнасці, кансалідацыі намаганняў, фарміруе навыкі пераадолення ўласных комплексаў і стварае сітуацыю поспеху.

Мы вельмі ганарымся патрыятычнай акцыяй “Памяць”, якую па традыцыі праводзім у ноч з 21 на 22 чэрвеня ў парку імя Жылібера. Ля Вечнага агню мы ўспамінаем нашых бессмяротных герояў і падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Усё дзейства заснавана на літаратуры, музыцы, танцы і тэатры. Гэтыя мастацкія сродкі дапамагаюць нашым навучэнцам лепш зразумець усю глыбіню трагізму і вышыню чалавечага духу, якія былі ў аснове нашай Вялікай Перамогі.

Педагогі і навучэнцы каледжа вядомы дзякуючы сваім творчым дасягненням не толькі ў Гродне, Беларусі, але і за мяжой. Работы нашых навучэнцаў займалі годнае месца ў экспазіцыі на “Днях беларускай культуры ў Маскве”. Харавыя калектывы каледжа “Гародня” і “Вяснянка” здзіўлялі сваім бліскучым выкананнем гледачоў у Расіі, Польшчы, Германіі, Англіі, Італіі і іншых краінах. А разам з гэтымі сталымі калектывамі нас не могуць не радаваць і іншыя, у прыватнасці, інструментальны ансамбль “Новае гучанне”, танцавальны калектыў NS і чырлідарская група “Легенда”, якія паспяхова выступілі на мінулым Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці студэнтаў і навучэнцаў “АРТ-вакацыі”.

Гуманітарны каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы з’яўляецца надзейным гарантам інтэлектуальнага, духоўна-маральнага і культурнага выхавання моладзі. Мы бачым сваю місію ў тым, каб фарміраваць і развіваць ініцыятыўную і крэатыўную асобу, прафесіянала высокай пробы, канкурэнтаздольнага ў рэгіёне і краіне, чалавека, адданага свайму народу і сваёй дзяржаве”.

З густам і досціпам перапрацаваныя пад навучэнскую тэматыку плакаты савецкай эпохі ў пераходах паміж карпусамі… Напрыклад, “На ўроках не балбачы!” з пазнавальнай жанчынай рабоча-сялянскага паходжання, якая строга прыкладае ўказальны палец да вуснаў…

Гэтых шматкроп’яў, магчыма, тут і зашмат, але цяжка не пагадзіцца з адным з асноўных выхаваўча-педагагічных прынцыпаў, якім кіруюцца ў Гуманітарным каледжы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы: “Чалавека выхоўвае тое, што яго акружае”. А акружае навучэнцаў каледжа, як ужо ведае чытач, матэрыялізаваная, прафесійна музеефікаваная і разам з тым жывая гісторыя. Гэта не навязлівая ілюстрацыя, а менавіта жывая гісторыя. Іх гісторыя (бо тут жа, ва ўсіх гэтых музеефікаваных кабінетах, маладыя людзі і вучацца), гісторыя іх роднай установы адукацыі, гісторыя іх роднага горада і роднай краіны. З самага першага свайго кроку, зробленага ўжо на ганку каледжа, якому ўжо больш за сто гадоў, з моманту падачы дакументаў на паступленне, з першага патаемнага жадання на “Лесвіцы жаданняў” гродзенскія навучэнцы аказваюцца пагружанымі ў гэты гісторыка-культурны кантэкст і, калі хочаце, у адметную карпаратыўную культуру асобна ўзятай установы адукацыі. Вучыцца не проста ў каледжы, а менавіта ў каледжы-музеі, мець гэты гісторыка-культурны кантэкст, так бы мовіць, заўсёды ў сябе пад рукой, а не вышукваць яго ў інтэрнэце, у абстрактных і прышлых здалёк ідэях ці яшчэ дзе-небудзь, мець гэткую апору, каркас, па-англійску кажучы, framework для ўсіх сваіх пачынанняў — гэта, здаецца, ужо і ёсць шчасце для маладога, нацэленага на прафесійны і творчы рост чалавека. А калі ў цябе “пад рукой” яшчэ і амаль тысячагадовая Каложа са спаконвечным Нёманам… то гэта шчасце ўдвайне. Таму я і вынес у загаловак гэтай часткі сваіх нататак з Гродна два ўзаемазвязаныя канцэпты: каледж-музей і шчаслівыя навучэнцы.

Актавая зала

Безумоўна, праект “Каледж-музей” — гэта галоўнае, але не адзінае, што вызначае выхаваўча-культурную дзейнасць Гуманітарнага каледжа ГрДУ. Пра тое, якой бачыцца місія гэтай установы яе кіраўніцтву, у тым ліку ў плане эстэтычнага выхавання і культурнага развіцця навучэнцаў, і якімі дасягненнямі тут можа пахваліцца каледж, мне расказала яго дырэктар Наталля Аляксандраўна Ваўковіч (глядзіце побач устаўку з яе словамі). Але я і на свае вочы мог пабачыць, акрамя музейных, яшчэ мноства і іншых фішак — сведчанняў высокага ўзроўню агульнай культуры гэтай установы адукацыі. Чаго вартая толькі, напрыклад, “Лесвіца жаданняў”, на якую 1 верасня, паводле найноўшай міфалогіі каледжа, абавязкова павінны ўзысці першакурснікі і загадаць жаданне! Або стыльна аформлены маладзёжны клуб-кавярня (на месцы былой сталовай), або не менш стыльная канферэнц-зала, або сучасная спартыўная зала, або ўтульная і кампактная актавая зала… Дарэчы, апошняя — яркі прыклад разумнага падыходу адміністрацыі каледжа да асваення мэтавых грашовых сродкаў. Пры абнаўленні і рамонце актавай залы тут клапаціліся найперш не пра бляск і вонкавыя “навароты”, а пра яе функцыянальнасць, пра тыя рэальныя магчымасці, якімі маглі б скарыстацца навучэнцы. Дзесьці нават і сэканомілі, напрыклад, на рамах са штучнага багету для палотнаў, якія вісяць у фае перад уваходам (хаця яны і не глядзяцца як штучныя!), але затое набылі суперсучасную гукавую і светлавую апаратуру, прафесійную барабанную ўстаноўку, абсталявалі репетыцыйныя пакоі асобна для вакалістаў і асобна для інструменталістаў. Актавая зала — гэта ўсё-такі ў вялікай ступені твар, а можа быць, нават і сэрца каледжа з багатымі традыцыямі музычнай адукацыі.

Ва ўсякім разе твар гэты сёння прыгожы і дагледжаны, а сэрца б’ецца ўпэўнена, па-маладому. У гэтым я мог пераканацца асабіста на прысвечаным Дню маці канцэрце, які ладзіўся ў Гуманітарным каледжы ГрДУ 14 кастрычніка ў рамках выязнога пасяджэння прэзідыума Беларускага саюза жанчын. Я мог напоўніцу пачуць і ўбачыць усе акустычныя магчымасці і светлавыя эфекты, на якія здольная сёння абноўленая актавая зала каледжа, атрымаўшы неверагодную асалоду ад выступлення на ёй творчых калектываў установы. І — о, цуд! — у адным з апошніх канцэртных нумароў разам з народным хорам “Вяснянка” на сцэне я ўбачыў намесніка дырэктара каледжа па выхаваўчай рабоце Ірыну Аляксандраўну Махалёву, якая яшчэ нейкую гадзіну таму праводзіла для мяне экскурсію. Яна саліравала, выконваючы разам з хорам кампазіцыю Adiemus сучаснага брытанскага кампазітара і дырыжора Карла Джэнкінса. Як я потым даведаўся, гэта зусім не рэдкасць, калі Ірыну Аляксандраўну (яна ў свой час закончыла музычна-педагагічны факультэт БДПУ, валодае цудоўным сапрана і сёння актыўна займаецца прафесійнымі спевамі, ладзіць гарадскія і абласныя музычныя мерапрыемствы, сама піша для іх сцэнарыі) можна ўбачыць на сцэне разам з навучэнцамі. І сама яна мне потым прызналася: “У творчай, канцэртнай дзейнасці вельмі важную ролю адыгрывае ўласны прыклад. Гэты прыклад заразлівы. І калі навучэнцы бачаць, што на чале іх стаіць прафесіянал, натуральна, яны і самі імкнуцца падцягваць сваю планку да прафесійнага ўзроўню. Я наогул лічу, што, перш чым патрабаваць нешта ад некага, трэба самому быць на вышыні”.

Тады ж, на канцэрце, я пабачыў і пачуў і тыя творчыя калектывы каледжа з ліку прызёраў “АРТ-вакацый”, з кіраўнікамі якіх потым пазнаёміўся асабіста…

“Легенда”

Гісторыя чырлідарскай групы “Легенда” пачалася роўна год назад, у кастрычніку 2016 года, калі ў каледж на сустрэчу з навучэнцамі, якія займаюцца па спецыяльнасці “Фізічная культура”, прыйшоў славуты беларускі спартсмен прызёр Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра Іван Ціхан. Навучэнцам 3 курса, у якіх выкладала фізічную культуру Алена Курбанава, захацелася паказаць знанаму госцю, што іх інтарэсы не абмяжоўваюцца толькі спортам, а што яны здольныя і на творчасць са спартыўнымі, акрабатычнымі элементамі. Гаворка ў прынцыпе ішла не пра што іншае, як чырлідынг, і Алена Іванаўна горача падтрымала гэтую ідэю. Усё прайшло на ўра, спадабалася і Івану Ціхану, і Алене Курбанавай, і, безумоўна, самім навучэнцам. Гэтак спантанна і нечакана сфарміраваная каманда чырлідынгу каледжа на гэтым не спынілася, для выступлення на конкурсе “Мы лепшыя!”, які штогод праводзіцца ў гэтай установе, у той першы “ціханаўскі” нумар былі дададзены новыя элементы, што было высока адзначана журы конкурсу. Каманда пад кіраўніцтвам Алены Курбанавай атрымала дыплом “За лепшы танцавальны нумар”. Тады ж нарадзілася і назва калектыву — “Легенда”. А потым было паспяховае выступленне на “АРТ-вакацыях”, на гарадскіх і абласных мерапрыемствах. Заняткі чырлідынгам у адной камандзе неверагодным чынам з’ядналі навучэнцаў і іх выкладчыцу, і гэта пры тым, што ўсе яны вельмі розныя: сярод удзельнікаў “Легенды” ёсць чэмпіён свету і Еўропы па скачках на батуце, навучэнцы, якія гуляюць і трэніруюцца ў футбольным клубе “Нёман”, а сама Алена Іванаўна — майстар спорту па дзюдо. Сваім калегам, якія хацелі б стварыць свае каманды чырлідынгу ва ўстановах адукацыі, Алена Іванаўна раіць звяртаць увагу на тры асноўныя рэчы — жаданне, якое павінна ісці ад саміх навучэнцаў (як гэта і было ў выпадку “Легенды”), бяспеку ўдзельнікаў, пра якую павінен паклапаціцца найперш выкладчык, і прыгажосць. “Чырлідынг — гэта спорт і мастацтва адначасова. Прыгожа трэба нават прызямляцца, скачучы з вялікай вышыні, на якой робіцца стойка”, — дадае Алена Курбанава.

NS

Кіраўнік танцавальнага калектыву NS і выкладчык жывапісу Гуманітарнага каледжа ГрДУ Валерыя Бяляк расказвае, што захапілася танцам у раннім дзяцінстве, калі ў 5 гадоў мама аддала яе на заняткі бальнымі танцамі. Ужо ў 6 гадоў Валерыі захацелася танцаваць больш дынамічныя танцы, і яна патрапіла ў танцавальны калектыў “Калейдаскоп”, у якім пратанцавала 10 гадоў. У 16-гадовым узросце, як і многія падлеткі, захапілася сучасным дансінгам, у складзе калектыву “Спадчына” пачала займацца стылем “хіп-хоп”, а паралельна яшчэ і чырлідынгам. Але ў жыцці Валерыі з дзяцінства было і іншае, не менш моцнае захапленне мастацтвам, жывапісам, а таму пасля заканчэння гродзенскага ліцэя № 1 з мастацкім ухілам яна паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт на мастака-педагога, спецыяліста па камп’ютарнай графіцы.

Зрэшты, танец усё роўна не выходзіў з сэрца Валерыі, і студэнткай 3 курса ГрДУ яна стварыла ўласны танцавальны калектыў NocommentS, з якім у якасці адначасова кіраўніка і ўдзельніка пачала ўдзельнічаць у танцавальных конкурсах, станавілася прызёрам розных спаборніцтваў і фестываляў. Калі пасля размеркавання пачала выкладаць жывапіс у Гуманітарным каледжы ГрДУ, сюды, у каледж, перанесла і брэнд NocommentS (з 2016 года калектыў, паводле сусветнай тэндэнцыі скарачэння назваў, стаў называцца NS).

Сёння ў NS займаюцца 32 навучэнцы каледжа (пераважна будучыя дызайнеры, у якіх выкладае Валерыя Уладзіміраўна, але таксама і іншых спецыяльнасцей). Сярод дасягненняў за апошнія чатыры гады — прызавыя месцы на такіх міжнародных спаборніцтвах і фестывалях-конкурсах, як Spring Cup, Dance Fantasy, MEGADANCE, “Стыль-dance”, “Агонь танца” на “Славянскім базары ў Віцебску” і інш. На шчаслівых для калектыву “АРТ-вакацыях — 2017” NS паказалі нумар “На рынгу” (сучасная харэаграфія з элементамі хіп-хопа і спецыяльнымі ўстаўкамі на тэму бокса).

“Фішка нашага калектыву — здзіўляць, рабіць нешта незвычайнае, — гаворыць Валерыя Уладзіміраўна. — І калі глянуць на нашы танцы, якія мы рабілі на працягу існавання калектыву, яны заўсёды мелі нейкую неардынарную задумку і канкрэтную тэматыку, блізкую моладзі (“Школа”, “Выдатніцы”, “Егіпет”, “На рынгу” і інш.). Мы заўсёды стараемся не адставаць ад танцавальнай моды, але пры гэтым захоўваць і свой твар. А для мяне асабіста NS — гэта вялікая танцавальная сям’я (я ж не толькі педагог для ўдзельнікаў калектыву, але і сябар) і магчымасць творчага самавыяўлення (мне неверагодна цікавыя ўсе праявы творчасці). Хто я больш — мастачка ці танцорка? Гэтае пытанне не перастае мяне непакоіць з таго моманту, як я паступіла вучыцца на мастака. І я да гэтага часу не магу сказаць, што нешта люблю больш, а нешта менш. Для мяне ма-стацтва і танец гэта абсалютна раўназначныя, аднолькава любімыя і важныя рэчы, якія, дарэчы, маюць шмат агульнага — у самой пластыцы, на нейкім унутраным узроўні самаадчування творцы. І, шчыра кажучы, я не хачу, каб калі-небудзь перада мной паўстаў гэты выбар — паміж жывапісам і танцам”.

“Новае гучанне”

За плячыма ў кіраўніка інструментальнага ансамбля “Новае гучанне” (самае яркае адкрыццё “АРТ-вакацый — 2017” у намінацыі “Ансамбль сучаснай музыкі”) Валерыя Францавіча Станкевіча — Гродзенскае музычнае вучылішча і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (дыплом выкладчыка па класе баяна і кіраўніка аркестра, ансамбля), выкладанне ў Ваўкавыскім каледжы ГрДУ, ігра ва ўласным гурце ў стылі ska punk і вось ужо некалькі гадоў працы выкладчыкам у Гуманітарным каледжы па класах баяна, акардэона, фартэпіяна і гітары. Уласна кажучы, з прыходам Валерыя Францавіча ў гродзенскі каледж і пачынаецца адлік яго творчых поспехаў як кіраўніка ансамбля, бо раней, у Ваўкавыску, дзе ён таксама кіраваў інструментальным калектывам, была спроба прабіцца на абласны тур “АРТ-вакацый” 2011 года, якая не ўвянчалася поспехам; прычыны — няўдалы рэпертуар, банальнае гучанне і інш. Высновы з урокаў таго фіяска былі зроблены, і калектыў, які Валерый Станкевіч узначаліў ужо ў сценах гродзенскага каледжа, атрымаў нават сімвалічную назву “Новае гучанне” як сведчанне рашучага павароту да эксперымента, пошуку новых гукавых інтэрпрэтацый для інструментаў (баяна, акардэона, цымбалаў, флейты, скрыпкі, домры), спроб сыграць на іх творы, першапачаткова напісаныя для іншых інструментаў і нават у іншых жанрах. Як вынік, у 2013 годзе выступленне калектыву на “АРТ-вакацыях” з музычным нумарам з кінафільма “Піраты Карыбскага мора” (дарэчы, у незвычайным візуальным вобразе — у фраках і цяльняшках) было адзначана рэспубліканскім журы дыпломам ІІІ ступені, што яшчэ больш пераканала Валерыя Станкевіча ў неабходнасці працягваць эксперыментаваць з гучаннем і музычным матэрыялам і надалей.

“АРТ-вакацыі” ў 2015 годзе ансамбль “Новае гучанне” быў вымушаны прапусціць па аб’ектыўных прычынах (актавая зала каледжа была зачынена на рамонт, і магчымасці паўнацэнна рэпеціраваць проста не было). А ў 2017 годзе, як ужо ведае чытач, ансамбль Валерыя Станкевіча на “Арт-вакацыях” зноў выбухнуў — на гэты раз з кампазіцыяй Smells like teen spirit з рэпертуару гурта Nirvana, але з абсалютна новым гучаннем вядомай кабейнаўскай тэмы.

Загадчык аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі НЦМТДіМ Алена Сяргееўна Лаўрыновіч: “Інструментальны ансамбль “Новае гучанне” пад кіраўніцтвам Валерыя Францавіча Станкевіча ўнікальны сваім арыгінальным рэпертуарам і адметнымі аранжыроўкамі, незвычайнай гармоніяй гучання народных, сімфанічных і электронных інструментаў у адной асобна ўзятай кампазіцыі, самой магчымасцю іх спалучэння. В.Ф.Станкевіч валодае высокім прафесіяналізмам, музыкальнасцю, адчуваннем густу і творчай смеласцю. Гэтыя яго якасці дазваляюць яму ператвараць самыя нечаканыя рашэнні і ідэі ў бліскучыя інструментальныя творы. А вы сыгралі б “Нірвану” на цымбалах?”

Сёння ў складзе “Новага гучання” Валерыя Станкевіча акардэон, баян (на іх іграе сам Валерый Францавіч, хаця можа падыграць, калі хто-небудзь з удзельнікаў захварэе, і на любым іншым інструменце, акрамя флейты і скрыпкі), двое цымбалаў, дзве флейты, дзве скрыпкі, тры гітары (акустычныя і электрычныя вар’іруюцца), бас-гітара, домра-бас і звышсучасная драм-устаноўка, падораная калектыву каледжам у якасці ўзнагароды за перамогу на “АРТ-вакацыях”. Калектыў па-ранейшаму пастаянна эксперыментуе і з гучаннем, і з рэпертуарам (навучэнцы пад кіраўніцтвам Валерыя Францавіча іграюць такія розныя рэчы, як звышпапулярнае сёння Despacito, кампазіцыі з рэпертуару Beyonce, System of a Down, нават Пугачовай… І можна не сумнявацца, што калектыў не спыніцца ў сваім творчым пошуку, у імкненні рабіць цікавыя, блізкія моладзі рэчы. Балазе ў гэтым пераконвае і адзін з пунктаў крэда Валерыя Станкевіча: “За што б ты ні браўся ў працы з навучэнцамі, трэба першай справай знайсці з імі агульную мову, пранікнуцца той музыкай, якую слухаюць яны, зразумець яе. Іграць сёння “Мой адрас не дом і не вуліца” ім, відавочна, будзе нецікава. Але калі ўжо прапаноўваць ім для выканання нейкія рэчы з папулярных у старэйшых пакаленняў, то даць магчымасць ім сыграць іх так, як ім хочацца. У іх гучанні. Мы не баімся дадаваць нават у самыя традыцыйныя музычныя тэмы элементы рэпа, постхардкора, цяжкога метала… Сённяшнія маладыя людзі вельмі розныя, слухаюць розную музыку, па-рознаму ствараюць свае вобразы, нехта ходзіць з пірсінгам, нехта — з тунэлямі, нехта — з татуіроўкамі… Ну што ж, яны вось такія. Але трэба паважаць гэтую разнастайнасць і свабоду выбару. Кожны ўнікальны ў сваёй душы”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з архіва Гуманітарнага каледжа
Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.