І немагчымае магчыма

- 12:15Сацыяльны ракурс

У свяце, што адбылося ў сталічным тэатры-караоке “Багема”, удзельнічалі 70 хлопчыкаў і дзяўчынак з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу з розных рэгіёнаў краіны. Канечне, іх сустракалі Дзед Мароз і Снягурка, Панда, а яшчэ — алень! Не казачны персанаж, а сапраўдная жывёла з заапарка “Сірын”, прычым жадаючыя маглі пакатацца на алені, што і рабілі з вялікім задавальненнем.

Чакала гасцей і святочная праграма, якую падрыхтавалі ўдзельнікі творчай майстэрні разнажанравага вакалу “Трыумф-арт”, а таксама конкурсы, гульні, спаборніцтвы, карагоды, творчыя майстар-класы ад валанцёрскага клуба “СЛОН” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, іншыя забавы.

Дабрачынная навагодняя акцыя Беларускага дзіцячага фонду будзе праходзіць ва ўсіх абласцях і раёнах Беларусі да 10 студзеня 2017 года. Так, у Мінску члены грамадскай арганізацыі разам з валанцёрамі, артыстамі, казачнымі персанажамі наведаюць дзіцячае аддзяленне РНПЦ псіхічнага здароўя, дзіцячае апёкавае аддзяленне гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, дзіцячае траўматалагічнае аддзяленне 6-й гарадской клінічнай бальніцы, Рэспубліканскі дзіцячы кардыялагічны цэнтр РНПЦ “Кардыялогія”, завітаюць з падарункамі і віншаваннямі па іншых адрасах.

І, як заўсёды, акцыю падтрымліваюць сябры БДФ. Падарункі для хлопчыкаў і дзяўчынак дапамаглі падрыхтаваць замежнае прадпрыемства “Цэптар Інтэрнацыянал”, ААТ “Чырвоны харчавік”, “Чырвоны мазыранін” і інш. У навагоднія святы для кожнага малога немагчымае становіцца магчымым.

Марына ХІДДЖАЗ.