І педагог, і мама

- 12:50Сацыяльны ракурс

Маці-настаўніца, якая выкладае ў свайго дзіцяці матэматыку ці літаратуру, — гэта асобная гісторыя і, як часта бывае, не надта радасная, асабліва для дзіцяці. Тут ужо не скажаш, што не паспеў урок вывучыць ці што дамашняе заданне назаўтра не задавалі. Кантроль усюды — і дома, і ў школе. І ўвогуле немагчыма разняволіцца — трэба ж заўсёды быць прыкладам для класа. А вось калі мама — педагог дадатковай адукацыі, то гэта зусім  іншая справа! Тут ужо больш пераваг. Гэта і сумесны адпачынак, і рэлакс, і больш шчырыя зносіны паміж маці і дзіцем, і магчымасць заняцца агульным хобі. Сёння мы ў гасцях у такіх творчых мам, любімая прафесія якіх стала галоўным захапленнем іх дзяцей.

В.У.Раманюк.

Аб’яднаныя майстэрняй

Вольгу Уладзіміраўну Раманюк калегі-педагогі ведаюць як кіраўніка ўзорнай студыі дэкаратыўна-пракладной творча­сці “Крынічка” ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, а калегі-майстры — як мастака-кераміста пад мастацкім псеўданімам Teklja. Гэтае амаль забытае беларускае імя каля 13 гадоў дае ёй імпульс адраджаць традыцыі, якія большасць людзей пакідае для кніг па мастацтвазнаўстве мінулых стагоддзяў.

“Першы раз, як і многія дзеці, я паспра­бавала ляпіць у дзяцінстве летам у вёсцы. Мы з сябрамі знайшлі гліну, і было вялікай нечаканасцю, што з яе ўдалося зляпіць фігурку. У мяне тады атрымаўся вослік, яко­га я проста высушыла на сонцы і паставіла на паліцу. Той мой вослік, канечне, не захаваўся, але я дагэтуль памятаю тое неверагоднае пачуццё, калі ты сваімі рукамі ствараеш нешта новае, — дзеліцца Вольга Уладзіміраўна і дадае: — Гэтую радасць мне асабліва прыемна бачыць цяпер у вачах маіх навучэнцаў”.

Так радасць ад адчування гліны ў руках стала для маёй гераіні жыццёвай патрэбай. Керамікай яна зацікавілася ў гуртку на апошніх курсах мастацкага вучылішча імя А.К.Глебава, дзе асноўнай яе спецыя­лізацыяй быў жывапіс. У Акадэмію мас­тацт­ваў яна паступала ўжо на аддзяленне керамікі.

Пошукі сябе ў творчай дзейнасці былі ў мастачкі простымі і натуральнымі. Пачалося ўсё з плітак. Потым былі талеркі, кубкі і іншае кухоннае начынне. Мастачка стварае і кераміку для інтэр’ера, упрыгажэнні. І ўсё яна аздабляе прыроднымі сюжэтамі. Роспіс — галоўнае захапленне маёй гераіні. На яе вырабах, як жывыя, пырхаюць матылькі, птушкі, распускаюцца кветкі, лісточкі, пупышкі.

У Вольгі Уладзіміраўны ёсць свая майстэрня, займацца ў якой так падабаецца яе маленькай дачушцы. Яна з нара­джэння бачыла маму за работай і спрабуе тварыць сама.

“У творчасці адлюстроўваецца самае важнае, патаемнае і нават неўсвядомленае. Таму сумесныя заняткі збліжаюць, даюць магчымасць лепш зразумець сваё дзіця, — гаворыць Вольга Уладзіміраўна. — Праз вобразы і сімвалы дзіця паказвае навакольным, чым жыве, што яго хвалюе”.

Акрамя ўласна мастацкіх амбіцый, не менш важным для Вольгі Уладзіміраўны стала настаўніцтва. Калі дачка пайшла ў першы клас, маці зрабіла свае першыя педагагічныя спробы — у ролі кіраўніка студыі керамікі ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Там і працуе пяты год.

Хто яна ў першую чаргу — мастачка-педагог ці маці, Вольга Уладзіміраўна не бярэцца вызначаць: “Гэта шчыльны сімбіёз, бо педагагічная дзейнасць творчая. Я лічу, што педагогу важна развівацца само­му, каб адчуваць творчую хвалю ў дзіцяці, бачыць у ім творчы пачатак. Таму стараюся балансаваць недзе пасярэ­дзіне — паміж педагогам мамай. І я ў сваёй дзейнас­ці адчуваю ўзаемадапаўняльнасць гэтых дзвюх іпастасей”.

У дзіцячых работах Вольга Раманюк найбольш цэніць непасрэдны погляд, унікальнасць ідэі. “Я люблю і зусім не баюся тых момантаў, калі дзіця прыходзіць на заняткі і не хоча ляпіць па тэме, а проста месіць гліну, нешта думае, думае, і раптам пачынае паяўляцца новы, зусім нечаканы вобраз. Гэта больш каштоўна, чым пры­трымлівацца праграмы. Я баюся свайго ўплыву — як мастачкі — на дзіця. Я хачу раскрыць яго асабісты погляд, яго кірунак. У дзяцей узнікае жаданне зрабіць нешта такое, што зрабіла я. Канечне, я не магу гэта забараніць, але для кожнага дзіцяці, мастака для развіцця важная толькі асабістая гісторыя. Бо як толькі пачынаецца перайманне, капіраванне, прыпыняецца самаразвіццё. Да творчасці гэта мае вельмі аддаленае дачыненне. Аўтарства ёсць аўтарства, і ў дзіцячай творчасці яго таксама ніхто не адмяняў. У кожнага павінна быць сваё ўласнае бачанне”.

У той жа час мастачку пужае развіццё ў сучасным рэчышчы — без аглядкі на традыцыі продкаў.“Традыцыі цяпер важныя як ніколі і ў кераміцы, і ў ткацтве, і ў любым ві­дзе народнай творчасці, бо ў іх закла­дзены коды, якія нас фарміруюць. Гэта сфар­міраваныя стагоддзямі сімвалы, формы, якія праз візуальнае, тактыльнае ўспрыманне расказваюць дзіцяці на неўсвядомленым ўзроўні, хто яно. І ў гэтым плане я лічу, што прыклад традыцыйнай керамікі ці іншага промыслу вельмі карысна капіра­ваць. Таму цяпер стараюся больш расказваць дзецям пра гэта. Калі гэтага не зрабіць зараз, то потым для іх гэта будзе ўвогуле нязведаны сусвет. У маім дзяцін­стве яшчэ быў дом бабулі, прабабулі, у якім я магла адчуць, у тым ліку і тактыльна, сувязь паміж пакаленнямі. Сярод маіх навучэнцаў рэдкасць захаваныя сямейныя ся­дзібы са старым посудам, посцілкамі, ручнікамі. Таму мая задача — аднавіць гісторыю пра асаблівасці рэгіянальнай керамікі, пра тое, якой яна была на радзіме ў іх продкаў. Так кераміка становіцца тым самым мосцікам паміж часамі, пакаленнямі. І якраз праз капіраванне такіх узораў і аднаўляецца разарваная сувязь”, — гаво­рыць В.У.Раманюк.

Сёння Вольга Уладзіміраўна і 11-гадовая Аліса часта сустракаюцца разам у майстэрні. Для іх гэта самы камфортны фармат. “Гэтыя заняткі дапамагаюць найлепш зразумець сваё дзіця, яго перажыванні, трывогі. Дзіця, асабліва маленькае, можа і не ўмець яшчэ агучыць тое, што яго турбуе, а часам яно нават і не ўсведамляе гэта, а праз творчасць пачынае выяўляцца гэтая ідэя, думка. Мы часта выязджаем з Алісай на веласіпедах у парк на пленэры, каб памаляваць з натуры. Я на сабе адчуваю, наколькі гэта аб’ядноўвае. Гэта і элемент падарожжа, і прыгоды, і агульнае, такое важнае для сям’і, захапленне”.

Л.А.Федаровіч.

Вучыцца ў прыроды

Людміла Антонаўна Федаровіч, кіраў­нік аб’яднанняў на інтарэсах “Пясочныя гісторыі” і ўзорнай студыі мастацкай творчасці “Флорадызайн” Гродзенскага дзяр­жаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі, пераканана, што лепшы мастак і педагог — прырода, і яе спасці­жэнне — галоўная філасофія жыцця. Таму заняткі са сваімі навучэнцамі яна пачынае на прыродзе, дзе яны збіраюць прыродныя матэрыялы, натхняючыся імі на творчасць.

Пачалося ўсё з пясочнага малявання. Людміла Антонаўна купіла спецыяльны стол з падсветкай, пясок і па вечарах і начах асвойвала гэты кірунак па відэароліках. Потым стала прыдумваць і свае ўласныя тэхнікі.

“Звычайна пясочнае маляванне выкарыстоўваецца як тэрапія ў псіхалогіі, таму я напісала сваю праграму “Пясочныя гісто­рыі”. На занятках даю магчымасць дзецям пагуляць у пяску. Прычым гэты кірунак у мяне ідзе ў звязцы з флорадызайнам. Бо, на мой погляд, у сучасных дзяцей кароткае дзяцінства, ім не хапае часу нагуляцца. Пясок і прыродныя матэрыялы блізкія дзецям, але найчасцей яны прысутнічаюць толькі ў раннім дзяцінстве, і пазней дзецям не хапае часу задумацца, як прыходзіць восень, прыгледзецца, як мяняецца прырода, лісточкі, кветкі, падумаць, што з іх можна зрабіць. Напрыклад, да Дня маці дзеці стваралі з прыроднага матэрыялу партрэты сваіх мам. Гэта, да таго ж, псіхалагічная работа, накіраваная на развіццё асобы, уда­сканаленне маўлення, уяўлення.

Не трэба баяцца быць на ўзроўні дзіцяці ці баяцца ў гонцы за выкананымі работамі забыць пра псіхалагічны стан дзіцяці, пра яго страхі. Напрыклад, у мяне быў хлопчык, які баяўся быць навідавоку і ўсе першыя заняткі сядзеў пад сталом. Дакладней, мы сядзелі разам. Можна, канечне, устанавіць для ўчарашняга дашкольніка правілы і патрабаваць іх выканання. Але навошта? Кожны з нас быў дзіцем і таксама пад сталом любіў рабіць сабе “домік” і там хавацца. Мы з ім перанеслі ў яго домік пясочны стол, уключылі падсветку і там малявалі ў пяску, смяяліся, размаўлялі. Паступова страх зносін прапаў і ён далучаўся да нас у класе, па-за сваім “домікам”. Гэта не школа, дзе больш строгіх правіл. Ва ўстановах дадатковай адукацыі дзеці павінны мець магчымасць быць сабой, тварыць і нават часам вытвараць. Не трэба дзяцей перакручваць. У іх і так шмат часу ідзе на вучобу, а часу на тое, каб разняволіцца, спыніцца, не застаецца. І якраз мы, педагогі дадатковай адукацыі, павінны яго для дзіцяці знахо­дзіць”.

Шмат часу Людміла Антонаўна ста­раецца праводзіць і са сваёй дачкой, 11-клас­ніцай Ангелінай. Разам яны не толькі на занятках, але і вечарамі за дамашнім пясочным сталом, па выхадных — на вуліцы, у садзе, агародзе. У дзяўчынкі ёсць свой кветнік, які яна стварыла і даглядае, там жа збірае кветкі на букеты. У доме ёсць традыцыя: з вясны да позняй восені ставіць у вазу букет свежых кветак.

“З дачкой мы гэтае лета правялі ў лесе, на лузе, дзе збіралі матэрыялы для работ. Сёлета прынялі ўдзел ва Усерасійскім між­народным конкурсе, прысвечаным 75-год­дзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мы з ёй прачыталі гісторыі жанчын-лётчыц, якіх называлі начнымі ведзьмамі, і пра тое, як яны сваімі авіяподзвігамі ўзні­малі дух салдат. Мы з дачкой стварылі з кветак самалёт у памяць пра тых жанчын, як сімвал іх гісторыі”, — гаворыць Людміла Антонаўна.

Дарэчы, для яе важна адчуваць сувязь з дзецьмі не толькі па кірунку заняткаў. Напрыклад, яны часта разам абмяркоўваюць музыку, творчасць музычных гуртоў, папулярных сярод моладзі, і нават разам гля­дзяць іх канцэрты.

“Для мяне якраз дзеці — рухавікі прагрэсу. Дзякуючы ім, я спазнаю шмат новага, — расказвае педагог. — Але ў той жа час, калі бачу, што захапленне можа быць небяспечным, я не адмаўляю яго, а імкнуся павярнуць у бок пазітыву. Напры­клад, дзеці любяць фільмы са страшэннымі монстрамі і стараюцца ў сваіх пясочных работах іх адлюстраваць. Паступова дабаўляю да іх новых герояў — фею, анёлаў, якія пакрысе пачынаюць мяняць сюжэт нашых “Пясочных гісторый”, і ў разрэз з фільмамі апакаліпсіс не наступае, а, як належыць, дабро перамагае зло”.

Мацярынскі вопыт педагога цікавы і мамам яе навучэнцаў, якія часам просяць у яе парад, як зрабіць зносіны са сваімі дзецьмі больш адкрытымі. Тут Людміла Антонаўна часта дзеліцца сваім уласным, сямейным вопытам. Напрыклад, расказвае, што ў іх дома ёсць вялізная “Скрынка дзяцінства”, дзе захоўваюцца ўсе падарункі, якія Ангеліна з маленства дарыла бацькам.

“Час ад часу мы адкрываем гэтую скрын­ку і пераглядваем яе вырабы, успамінаем перажытыя разам святы, глядзім, як мяняліся, развіваліся творчыя ўменні дзіцяці. Да гэтага я заклікаю і бацькоў сваіх навучэнцаў. Самае шкоднае, што можна зрабіць, — выкінуць дзіцячую работу ці пакі­нуць яе валяцца непатрэбнай. Таму мы стараемся рабіць практычныя рэчы — упакоўку для цукеркі, якую дзіця можа пада­рыць маме ці браціку, святочную кампа­зіцыю. Мы імкнёмся захоўваць традыцыі, рабіць інтэр’ерныя ўпрыгажэнні, аздабленні для сервіроўкі да кожнага свята — Каляд, Новага года, Вялікадня і інш. На­прык­лад, хутка пачнём рабіць навагоднюю кампазіцыю, якую дзеці паставяць у навагоднюю ноч на стол”, — гаворыць Людміла Антонаўна.

Відавочна, такое спалучэнне  — мама і педагог — дапамагае не толькі быць бліжэй да свайго дзіцяці, але і лепш разумець навучэнцаў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Міхаіла ІСАЧАНКІ і з архіва В.У.Раманюк.