І зноў бліскучая перамога

- 20:17Якасць адукацыі

У міжнародным конкурсе “Мова без меж”, які праводзіўся ў дыстанцыйным фармаце з 9 лістапада па 25 снежня, перамагла настаўніца рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Іна Рычардаўна Віннік. Журы асобна адзначыла конкурсную работу настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Скідзеля Наталлі Іванаўны Чаркес.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел больш за 500 педагогаў з 11 краін свету (Грузіі, Арменіі, Беларусі, Малдовы, Азербайджана, Кыргызстана, Украіны і інш.). Яны былі арганізаваны ў межах гранта, што фінансуецца за кошт субсідый, выдзеленых на рэалізацыю мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё рускай мовы, а таксама ведамаснай мэтавай праграмы  “Навукова-метадычнае, метадычнае і кадравае забеспячэнне навучання рускай мове і мовам народаў Расійскай Федэрацыі”.

Па словах арганізатара конкурсу, старшыні навукова-адукацыйнага саюза “Роднае слова”, члена Савета па рускай мове пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі Канстанціна Дзеравянкі, мэта конкурсу — абмен вопытам і ведамі, распаўсюджванне педагагічнага вопыту лепшых настаўнікаў рускіх школ краін СНД, павышэнне грамадскага і прафесійнага статусу настаўнікаў, выяўленне і падтрымка таленавітых педагогаў, якія валодаюць сучаснымі, у тым ліку аўтарскімі, методыкамі выкладання, што павышаюць матывацыю навучэнцаў да вывучэння рускай мовы і літаратуры.

Спаборніцтвы праходзілі ў два этапы. На першым этапе ўдзельнікі конкурсу прадстаўлялі візітную картку ў фармаце відэазвароту, эсэ на прапанаваную тэму (“Самае галоўнае, чаму я хачу навучыць дзяцей”, “Я магу зрабіць школу лепшай”, “Сакрэты прафесійнага поспеху”, “Малады настаўнік. Што далей?”, “Ці лёгка быць педагогам” і інш.), відэазапіс паказальнага ўрока працягласцю 10—20 мінут, дзе павінны быць фармулёўка тэмы ўрока, тлумачэнне новага матэрыялу, замацаванне (дарэчы, форма правядзення ўрока вызначалася ўдзельнікам самастойна з улікам магчымасцей рэгіёна ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй), а таксама аўтарскія вучэбна-метадычныя матэрыялы, якія адлюстроўваюць заяўленую тэму. У залежнасці ад мэты, задач, якасці і значнасці конкурсная работа магла ўяўляць сабой распрацоўку ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў, метадычны дапаможнік, апісанне прыёмаў педагагічнай тэхнікі, дыдактычныя распрацоўкі, дыягнастычныя матэрыялы і інш. Работы ацэньваліся па такіх крытэрыях, як актуальнасць падыходаў да вырашэння задач выкладання на рускай мове, адпаведнасць зместу выбранай тэме, знач­насць і разнастайнасць матэрыялаў, сістэмнасць работы па вырашэнні комплексу задач навучання, практычная каштоў­насць прадстаўленых матэрыялаў, эфектыўнасць прапаноўваемай методыкі, тэхналогіі. 

Па выніках адборачнага этапу членамі журы былі вызначаны лепшыя конкурсныя работы, аўтары якіх атрымалі магчымасць прыняць ­удзел у фінале конкурсу — гэта 12 настаўнікаў. Сярод іх тры педагогі з Беларусі: Іна Рычардаўна Віннік, настаўніца рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна, Наталля Іванаўна Чаркес, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Скідзеля Гродзенскай вобласці, і Ларыса Генрыхаўна Лапкоўская, настаўніца рускай мовы і літаратуры мёрскай сярэдняй школы № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я.А.Тамко.

На другім этапе конкурсу фіналісты ў рэжыме відэаканферэнц-сувязі прадставілі членам аргкамітэта і журы свае аўтарскія адукацыйныя тэхналогіі. Эксперты ў жывой гутарцы змаглі задаць пытанні канкурсантам, ацаніць іх выступленні і вызначыць пераможцу. За кожнае конкурснае заданне налічваліся балы, а пераможцу вызначалі па іх колькасці. Дарэчы, журы мела права выставіць дадатковыя балы за арыгінальную ідэю і крэатыўнасць пры апісанні і прэзентацыі методыкі.

—  Ідэя правядзення конкурсу актуальная і своечасовая. Было прадстаўлена шмат творчых, цікавых праектаў з выкарыстаннем разнастайных метадаў і прыёмаў, якія садзейнічаюць развіццю творчага патэнцыялу вучняў, якаснаму асваенню практычных навыкаў. Усе работы вельмі розныя па форме, структуры і змесце, цяжка было ацаніць талент, працу творчых людзей, —  адзначыла старшыня аргкамітэта конкурсу, кандыдат педагагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Федэральнага інстытута развіцця адукацыі РАНГіДС Наталля Авалуева.

Па выніках конкурсных выпрабаванняў пераможцай спаборніцтваў аднадушна была прызнана Іна Віннік.

— На конкурс я прадставіла апісанне сіс­тэмы арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў “НИ Дня без НИД”. На працягу 20 гадоў я займаюся гэтым пытаннем. У рабоце знайшлі  адлюстраванне ўрокі фарміравання даследчыцкіх кампетэнцый школьнікаў, супрацоўніцтва з УВА, фрагменты калектыўнага партфоліа, дзе размешчаны дыпломы, фотаздымкі дзяцей, якія перамаглі ў канферэнцыях і конкурсах даследчай дзейнасці, статыстыка з 2002 года (114 маіх выхаванцаў удзельнічалі ў конкурсах даследчай дзейнасці і заваявалі 99 дыпломаў), спектр канферэнцый, у якіх мы прымалі ўдзел. Я напісала эсэ на тэму “Самае галоўнае, чаму я хачу ­навучыць дзяцей”. Таксама быў адзняты і прадстаўлены на суд журы ўрок развіцця мовы ў 11 класе  на тэму “Выразныя магчымасці марфалогіі” — па фарміраванні эмацыянальнага ін­тэлекту, — расказвае Іна Рычардаўна. — Гэта быў мой 41-шы конкурс і 36-я перамога. Шчыра скажу, што ў снежні з-за няпростай эпідэміялагічнай абстаноўкі і заканчэння чвэрці мне фізічна было вельмі складана ўдзельнічаць у ім. І калі б не мой характар, мабыць, адмовілася б. Перамога не была чакаемай. Усе ўдзельнікі — дастойныя канкурэнты, моцныя сапернікі. Я добра ведаю беларускіх калег, цудоўных настаўнікаў Ларысу Генрыхаўну Лапкоўскую, Наталлю Іванаўну Чаркес, неаднаразова ўзаемадзейнічала з некаторымі замежнымі педагогамі. Больш моцныя эмоцыі адчула, калі выйшла менавіта ў фінал. Я вельмі ўдзячна маім вучням за дапамогу і падтрымку. Дарэчы, журы ўразілі мае ўзаемаадносіны з дзецьмі на ўроку, што вельмі прыемна.

Перамога ў конкурсе — гэта добры прыклад як для маіх калег, так і для вучняў. Бо мы іх заахвочваем удзельнічаць у алімпіядах, конкурсах і іншых мерапрыемствах. Удзел і перамога ў конкурсе далі ўсведамленне таго, што я, навучаючы дзяцей, іду правільным шляхам, і натхнілі мяне на новыя пачынанні.

Пераможцу конкурсу чакае імянны дыплом і грашовы прыз. Фіналісты спаборніцтваў будуць узнагароджаны дыпломамі лаўрэатаў і каштоўнымі падарункамі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.