Іх цяпер убачыш часта па прылессях, каля хат…

- 12:00Краязнаўства

Шчыгол — птушка 2018 года

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” працягвае найважнейшую нацыянальную кампанію — публічныя ўшанаванні абранага сімвала года сярод нашых крылатых сяброў. У ролі птушкі-чараўніцы, своеасаблівай птушкі-феі, што пасяляецца не толькі ў казках, першымі пабывалі белы бусел, белая пліска, івалга, верабей дамавы, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка і шэраг іншых. А ганаровай птушкай 2018 года выбраны шчыгол, прадстаўнік вядомага сямейства ўюрковых. Плануецца правесці комплекс спецыяльных мерапрыемстваў, выпусціць паштовую марку і памятны медаль з выявай нашай прыгожай пеўчай птушкі. Штогадовы птушыны марафон заўсёды праходзіць з дзейснай падтрымкай вучняў гарадскіх і сельскіх школ, студэнтаў і настаўнікаў біялогіі, работнікаў лясной аховы.

Шчыгел, шчыглік невялічкі
Выжывае між завей,
Рост амаль як у сінічкі,
Але большы верабей.

Зімавальны від, аселы,
Дык у вырай не лятаў.
Белы лес і поплаў белы —
Выпаў снег на ледастаў…

Іх цяпер убачыш часта
Па прылессях, каля хат.
Апярэнне на кантрастах —
Белых, чорных фарбаў шмат.

Птушкі селі — от відочкі!
Шчыгел — важны фігурант.
Белаю палоскай шчочкі
Натапыраны, як бант.

Вочкі чорныя і вушкі,
Хвост і крыльцы — з чарнатой.
Падбароддзе, лоб у птушкі —
Плямкі чырвані густой.

Фон агульны светла-буры,
Дый пястрыны дзе-нідзе.
Не падзьмулі б толькі буры —
Шчыглік люб у чарадзе.

Разам у такой арцелі
Топчуць снегавы кілім.
Корм знайшлі, дык і запелі:
Шчэбет, пошчак — дзякуй ім!

Шчыгел не пяе на плоце,
На пустэчах, ці ў альсе.
Сядзе на слупах, на дроце —
Каб вышэй, каб чулі ўсе.

Тут ужо вадой расталай
Узламалі рэчкі лёд.
Рупная пара настала,
Скажам так: вясна — не мёд!

Птушкі лётаюць у пары,
Бо і ў іх уласны лёс.
Свіст і вэрхал у абшары —
Шчодры май цяплынь прынёс.

Дрэвы ўкрыліся лістотай,
Зелянеюць лес і дол.
Клён ці ясень? — вось турбота,
Птушкі швыркаюць наўкол.

Мох нясуць, лісток, пушынку
Ці любы прыдатны злом,
Ды пяюць жа безупынку
Што не дзіўна — ладзяць дом!

Сценкі змацаваны гладка,
Пухам высланы знутры.
Цуд-гняздо! А вось і кладка:
Пяць яечак, зрэдку — тры.

Сонца свеціць, ці залева,
Матка з кладкі не зляціць.
Гаспадар не кіне дрэва —
Будзе з долу корм насіць.

Высака гняздзечка ўсё-ткі —
Кружыцца ўжо галава.
Запішчалі ўнізе злёткі —
Вывадкаў звычайна два.

Ранні зазімак ці позні,
Спеў з птушынай чарады,
А шчыглоў і не адрозніш,
Дзе стары, дзе малады.

Шчыгол — невялікая чародная птушка, трапляецца па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Дзе загнездавала, там і зімуе. Колькасць адносна стабільная і ацэньваецца ў 180—200 тысяч пар. Шчыгол з характэрнай кантраснай афарбоўкай апярэння — адна з любімых птушак дзяцінства. У маёй палескай вёсцы Малыя Кругавічы першым зазімкам і пазней, у самыя халады, чародкі шчыглоў рэгулярна можна было бачыць на старасвецкай канаве, яшчэ на картах ВКЛ пазначанай як выток ракі Цны. Птушкі прыляталі сюды шумна — з пошчакам і шчэбетам, размяркоўваліся ў кронах высокіх алешын, карміліся і гэтак жа шумна знікалі. Мы, вясковыя хлапчукі, цэлымі днямі гойсаючы на замёрзлай канаве, заўсёды радасна віталі птушыныя чародкі і нават азартна дражнілі шчыглікаў дасціпным вершам, які, здаецца, самі ж і прыдумалі: “Шчыглік, шчыглік невялічкі // Вяжа дзюбкай рукавічкі. // Вельмі лютая зіма, // Рук жа ў шчыгліка няма. // Крыльцы вострыя, як шыльцы, // Дык не мёрзнуць тыя крыльцы”.

Прыхільнасць шчыглоў да чорнаальховых дрэвастояў зразумелая, калі нагадаць, што гэтыя шустрыя зерняедныя птушкі з расліннай ежы аддаюць перавагу насенню вольхі, лопуху, палыну. Мусіць, невыпадкова ў шчыглоў вострая і даволі моцная ў аснове дзюбка: трэба з сілай разбіваць сухія альховыя шышачкі, вылушчваць з цвёрдых шкарлупін зярняткі іншых раслін.

У суровы зімовы час невялікім гуртам, па 5—10 асобін, у пошуках корму вандруюць каля жылля, па выганах і пустках, не мінаюць леташнія кветнікі, агароды. Ужо напрадвесні зімовыя чародкі распадаюцца на пары “па інтарэсах”, а іх найпершы клопат — пошук гнездавых участкаў. Гняздуецца шчыгол у самых нечаканых месцах: уздоўж аўтастрад, на гарадскіх ускраінах, але найчасцей засяляе акультураныя ландшафты пры ўмове, што яны мяжуюць з лугамі, шырокімі аселіцамі, пералескамі. Для пабудовы гнязда выбірае дуб, клён, ясень, таполю — дрэвы шыракалістыя, асабліва ахвотна гняздуецца на конскім каштане. Такая прыхільнасць птушкі тлумачыцца тым, што буйное лісце прыкрывае птушанят у непагадзь, засланяе ад гарачага сонца.

Будаўніцтва гнязда пачынаецца не раней, калі прыйдзе сапраўднае майскае цяпло і лясы пакрыюцца зялёнай лістотай. Птушкі дружна носяць на аблюбаванае дрэва тонкія карэньчыкі, сухія сцяблінкі, пер’е, мох, раслінны пух, бяросту і шмат чаго іншага, напрыклад, сінтэтыку — капронавыя ніткі, вату, шпагат. У такі адказны момант шчыглы радасна і натхнёна пяюць — яно і нядзіўна: будуюць жа дом і сабе, і птушанятам! Затое і гняздо зроблена выдатна: шчыльна пераплецены карэньчыкі і сцяблінкі, усе часткі збудавання перавіты павуцінкай. Нездарма шчыгол належыць да сямейства ўюрковых. У яго нават і само гняздо прымацавана на канцы ніжніх гарызантальных галін дрэва — атрымліваецца нешта накшталт гушкалкі для маленькай сямейкі.

Латок у гняздзе клапатліва высланы раслінным пухам, а кладку, звычайна з пяці яец, выседжвае матка. Да сваёй сяброўкі гаспадар сям’і ў адказны перыяд праяўляе належную ўвагу: здабывае корм, надоўга не пакідае гнездавое дрэва. Потым ужо, калі вылупяцца птушаняты, абедзьве птушкі разам прыносяць ім ежу, прычым у рацыён цяпер трапляюць і насякомыя, розныя жучкі і павукі. Вывадак пакідае гняздо праз два тыдні, а бацькі падкормліваюць злёткаў яшчэ 7—8 дзён. Маладыя не разбягаюцца ад гняздоўя, збіраюцца ў невялікія чародкі па 10—20 асобін і вандруюць паблізу ў пошуках корму. Ахвотна наведваюць мясцовыя вадапоі, мясціны з ручаямі, канавы. Як правіла, у шчыглоў за лета бывае два вывадкі. З надыходам зімовых халадоў суровае, нялёгкае жыццё як у маладых, так і ў старых птушак пачынаецца па новым крузе.

Віктар ГАРДЗЕЙ,
пісьменнік.