Ілья Шалягейка ў 25-гадовым узросце ўзначаліў Хмелеўскую сярэднюю школу і на дасягнутым спыняцца не збіраецца

- 9:00Главная, Образование

Ілья Шалягейка ў 25-­гадовым узросце ўзначаліў Хмелеўскую сярэднюю школу Жабінкаўскага раёна і на дасягнутым спыняцца не збіраецца. І гэта нягледзячы на тое, што ён трапіў у педагогіку, як сам гаворыць, выпадкова. Але менавіта выпадак часам становіцца шчаслівым білетам у паспяховую прафесійную будучыню. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Падчас вучобы ў профільным хіміка-біялагічным класе ліцэя Жабінкі планаваў звязаць жыццё з медыцынай і працаваць правізарам, але жыццё распарадзілася інакш, аб чым зусім не шкадую, — прызнаецца Ілья Сяргеевіч.

З любімай хіміяй і біялогіяй ён не развітаўся назаўсёды: на біяфаку БрДУ імя А.С.Пушкіна спасцігаў біяэкалогію. Пасля заканчэння ўніверсітэта маладога настаўніка хіміі і біялогіі накіравалі па размеркаванні ў Быценскую сярэднюю школу Івацэвіцкага раё­на. Даволі далёка ад малой ра­дзімы, але юнака гэта не напужала.

— Тэарэтычных ведаў, атрыманых ва ўніверсітэце, хапала, а вось набыць практычны вопыт дапамагалі калегі, — гаво­рыць Ілья Шалягейка. — Дзякуючы іх усебаковай падтрымцы, прафесійнае станаўленне праходзіла даволі паспяхова, хаця і не без цяжкасцей. За плячыма каштоўны вопыт работы з дзецьмі-сіротамі з мясцовага дзіцячага дома, якія наведвалі школу. Шчыра кажучы, спачатку было складана выбудоўваюць з імі адносіны, але паступова ўдалося гэта зрабіць.

Праз 2 гады Ілья Сяргеевіч па сямейных прычынах вярнуўся на родную Жабінкаўшчыну, дзе ўладкаваўся ў альма-матар. Работу ў ёй сумяшчаў з вучобай у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “Дзяржаўнае кіраванне і права”.

— Другая вышэйшая адукацыя вельмі дапамагла не толькі на пасадзе сацыяльнага педагога, якім давялося папрацаваць у ліцэі Жабінкі, але і ў далейшай кіраўніцкай дзейнасці, — заўважае Ілья Шалягейка.

Праз некаторы час у мясцовым аддзеле па адукацыі прапанавалі ўзначаліць Хмелеўскую сярэднюю школу. Малады педагог успрыняў гэта з энтузіязмам, хаця пачынаць было вельмі цяжка з-за адсутнасці нават мінімальнага кіраўніцкага вопыту. 

— Давялося аператыўна ўнікаць у розныя нюансы новай работы, для чаго, бывала, затрымліваўся ў школе да позняга вечара і нават працаваў дома, — успамінае Ілья Сяргеевіч. — Добра разумеў, што ўсё прыходзіць з вопытам і не варта баяцца прасіць дапамогі. Па ўсіх не­зразумелых пытаннях звяртаўся да калег-дырэктараў і ў аддзел па адукацыі. Ніхто не адмовіў. Ды і педкалектыў сустрэў добразычліва, што надзвычай важна.  

За 4 гады малады дырэктар паступова ўвайшоў у курс новай справы і нават выпрацаваў шэраг правіл, якіх у абавязковым парадку прытрымліваецца ў сваёй дзейнасці.

— Па-першае, задачы, па­стаўленыя перад калектывам, павінны быць дакладнымі, выканальнымі і зразумелымі, каб падначаленыя выразна ўсведамлялі, што ад іх патрабуецца, — тлумачыць Ілья Шалягейка. — Па-другое, неабходна не толькі ўважліва выслухоўваць калег, але і чуць іх, наладжваць канструктыўны дыялог, дзякуючы якому можна пазбегнуць шматлікіх праб­лем.

Дырэктарская работа навучыла Ілью Сяргеевіча знаходзіць кампрамісы і выйсце з канфліктных сітуацый. У гэтай складанай навуцы вельмі дапамагло сямейнае выхаванне: яго бацькі займалі ў свой час розныя кіраўніцкія пасады і навучылі сына разумнаму і паважліваму падыходу да лю­дзей, розных па характары і жыццёвым лёсе.

— У навінку былі і гаспадарчая дзейнасць, і наладжванне супрацоўніцтва з шэфскімі арганізацыямі, — адзначае Ілья Шалягейка. — Каб разабрацца ва ўсім, спатрэбілася шмат часу. Але настойлівасць цалкам кампенсавала адсутнасць неабходнага вопыту. Дырэктарская пасада — выдатная пляцоўка для апрабацыі кіраўніцкіх ідэй і выпрацоўкі ўласнага стылю работы.

Малады кіраўнік заслужана карыстаецца аўтарытэтам сярод калег і бацькоў вучняў. Нядзіўна, што раённы аддзел па адукацыі прапанаваў яму паўдзельнічаць у адпаведнай намінацыі сёлетняга конкурсу “Педагагічны дэбют”, па выніках абласнога этапу якога ён атрымаў дыплом ІІ ступені.

Паспяховае выступленне ў прафесійным спаборніцтве Ілья Шалягейка лічыць каманднай заслугай аддзела па адукацыі, вучэбна-метадычнага кабінета і шматлікіх калег, якія ахвотна дапамагалі рыхтавацца да конкурсных выпрабаванняў.

— Дзякуючы ім стаў больш упэўненым у сабе, набыў каштоўны вопыт публічных выступленняў, упершыню правёў майстар-клас, а таксама пазнаёміўся з цікавымі калегамі, — расказвае Ілья Сяргеевіч, які з аптымізмам глядзіць у будучыню, звязаную з сістэмай адукацыі.

І няхай малады дырэктар толькі ў пачатку доўгага прафе­сійнага шляху, але яму ўжо ёсць чым ганарыцца: пад кіраўніцтвам Ільі Шалягейкі навучальная ўстанова, якую наведваюць усяго 80 дзяцей, атрымала летась статус “Зялёныя школы”, а сёлета — дыплом ІІІ ступені за рэалізацыю адпаведнага праекта на рэспуб­ліканскім узроўні.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ