Імгненні, спрасаваныя ў стагоддзе

- 11:14"Настаўніцкай газеце" — 70

У ліпені 1946-га газета расказала чытачам пра няпростыя ўмовы і высокія вынікі работы педагогаў Лёзненскай сярэдняй школы Віцебскай вобласці на прыкладзе работы маладой настаўніцы пачатковых класаў. Як далей склаліся лёсы Марыі Раманоўскай і Веры Котавай — яе калегі, імя якой таксама ўзгадвае аўтар? З чым сустракае ўстанова адукацыі новы навучальны год амаль праз сем дзесяцігоддзяў?

Старонкі аб’ёмістага летапісу, дзе занатаваны падзеі жыцця некалькіх пакаленняў педагогаў і іх вучняў, мы гарталі разам з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Лёзненскага райвыканкама Рыгорам Асіранам, дырэктарам сярэдняй школы № 1 гарадскога пасёлка Лёзна Ірынай Алет і загадчыцай школьнага музея народнай славы (дарэчы, аднаго з лепшых у рэспубліцы) Нінай Ціхаміравай. Адразу высветлілася: як і “Настаўніцкая газета”, установа адукацыі сёлета таксама адзначае юбілей — царкоўна-прыходская школа ў мястэчку Лёзне пры станцыі Шыбекіна адкрылася ў 1875 годзе. Колькі ж іх за стагоддзе было перажыта, знітавана ў гісторыю краю і краіны — імгненняў радасных і горкіх, адзначаных важнымі падзеямі і адданых карпатлівай штодзённай працы, шчаслівых мірных і апаленых полымем ваеннага ліхалецця… І ні пра адно не падумаеш звысоку, таму што самае непрыкметнае пры блізкім знаёмстве аказваецца незаменным, каштоўным, вартым самага ўважлівага разгляду і вывучэння.
Спачатку царкоўна-прыходская школа размясцілася ў новым драўляным аднапавярховым будынку. Праз 20 гадоў, калі ўстанова была пераўтворана ў народнае вучылішча, тут займалася ўжо больш за сто чалавек. А ў 1908 годзе пабудавалі мураваны двухпавярховы будынак, куды і перавялі вучылішча. Пасля заканчэння 6 класаў лепшым навучэнцам прапанавалася паступаць у настаўніцкую семінарыю, што паспяхова зрабілі першыя настаўнікі савецкай школы. Сярод іх значыцца і Вера Котава! Пасля рэвалюцыі 1917 года станцыя Шыбекіна была перайменавана ў станцыю Лёзна, народнае вучылішча — спачатку ў двухступеньчатую школу, потым — у сямігодку. Яе выпускнікі паступалі ў прэстыжныя тэхнікумы, педагагічныя, лётныя, марскія вучылішчы. Многія вучні ў далейшым знайшлі сябе ў педагогіцы, а некаторыя неўзабаве вярнуліся працаваць у родную школу, як і Марыя Раманоўская.
— Дзякуючы намаганням калектыву педагогаў-энтузіястаў пад кіраўніцтвам дырэктара Васіля Угалева, у 1933 годзе наша школа атрымала статус сярэдняй, а неўзабаве стала ў галіне ўзорнай, — расказала Ніна Ціхамірава. — Першы выпуск дзесяцікласнікаў адбыўся ў 1936 годзе. Даваенны перыяд быў вельмі яркі і плённы: у школе дзейнічалі чатырохгалосы хор, тэатральная студыя, танцавальны калектыў, пажарная дружына, праводзіліся ваенізаваныя шматдзённыя паходы. Многія старшакласнікі з’яўляліся чэмпіёнамі рэспублікі па лыжах, плаванні, парашутным спорце. Малодшая група хору неаднаразова выступала па рэспубліканскім радыё. На тэатральную пастаноўку “Дрыгва” прыязджалі Якуб Колас і Кандрат Крапіва, якія высока ацанілі работу рэжысёра-пастаноўшчыка п’есы Васіля Угалева і майстэрства ўсіх удзельнікаў спектакля. Рознабакова адораныя, выдатныя педагогі і кіраўнікі вучэбна-выхаваўчага працэсу здолелі згуртаваць настаўнікаў і вучняў у моцны калектыў і стварылі вельмі спрыяльную абстаноўку для раскрыцця талентаў кожнага з гэтага калектыву. Кожны педагог (ёсць усе падставы не сумнявацца, што і Вера Котава, і Марыя Раманоўская таксама) кіраваў пэўным гуртком (і не адным), раскрываючы індывідуальнасць і творчыя здольнасці кожнага вучня. Насычаная пазакласная работа не замінала настаўнікам вучыць, а дзецям добра і выдатна вучыцца: 95 працэнтаў выпускнікоў паступалі ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Не здарылася гэтага толькі з выпускам 1941 года: на другі дзень пасля выпускнога вечара пачалася Вялікая Айчынная вайна. Выпускнікі-мужчыны апошніх перадваенных гадоў, як і іх настаўнікі на чале з дырэктарам і завучам школы, пайшлі на фронт. Выжыць пашчасціла нямногім… Але школа працягвала існаваць, нягледзячы на тое, што фашысты зруйнавалі яе будынак. Яна жыла і змагалася: юнакі і дзяўчаты, якія толькі што скончылі 9 класаў, арганізавалі падпольную групу, наладзілі сувязь з партызанамі брыгады Данукалава, выконвалі з рызыкай для жыцця розныя заданні партызанскага атрада. З канца кастрычніка 1943 года ў вызваленым Лёзне ў адным з цудам ацалелых будынкаў па вуліцы Гагарына — тады яна называлася Бабінавіцкая — пачала дзейнічаць пачатковая школа, дырэктарам якой была прызначана Вера Котава.
Час быў галодны і халодны (асабліва, па ўспамінах відавочцаў, зімы 1943—1944 і 1944—1945 гадоў), класы — рознаўзроставыя, многія вучні сядзелі за самаробнымі сталамі ў салдацкіх абмотках і абгарэлых гімнасцёрках. Былі і з баявымі ўзнагародамі! Аднак насуперак цяжкасцям у навучэнцаў было вельмі моцнае імкненне да навукі: большасць выпускнікоў, як і да вайны, паспяхова станавіліся студэнтамі УВА. Старшакласнікі нарыхтоўвалі дровы, працавалі на палях, разбіралі руіны, высаджвалі дрэвы, і пры ўсім гэтым зноў на вышыні былі спорт і мастацкая самадзейнасць. Нягледзячы на неймаверныя цяжкасці, на адсутнасць падручнікаў, сшыткаў, ручак, алоўкаў, Лёзненская сярэдняя школа (пасля вайны яе калектыў узначаліў Сцяпан Талай) развівалася, назапашвала каштоўны вопыт, прырастала новымі традыцыямі. Адной з іх стала сустрэча выпускнікоў.
— У настаўнікаў быў высокаінтэлектуальны багаж, і яны перадавалі яго навучэнцам. І калі сустракаешся з гэтымі вучнямі, проста дзівішся іх эрудыцыі. У 2 класе ўжо стаяў глобус, вісела карта Савецкага Саюза, паўшар’яў свету. Дзеці добра ведалі імёны Аляксандра Неўскага, Мініна і Пажарскага, Суворава — у падручніку па роднай мове пра іх былі цудоўныя артыкулы. Ведалі на памяць назвы ўсіх савецкіх рэспублік, буйныя замежныя краіны, сталіцы — гэта ўсё ў 3 класе. А зараз ці кожны дзевяцікласнік зможа ўпэўнена іх пералічыць? У Веры Котавай быў выдатны почырк, каліграфічны — на той час асаблівае значэнне надавалася чыстапісанню, — узгадала гутаркі з выпускнікамі Ніна Ціхамірава. — Яна вельмі цёпла, прыязна ставілася да кожнага вучня, нібы да ўласнага дзіцяці.
— Вера Фёдараўна актыўна займалася грамадскай работай, была завадатарам мноства цікавых і карысных спраў. Марыя Герасімаўна ў прафесійнай дзейнасці больш канцэнтравалася на выкладанні вучэбных прадметаў — і па якасці ведаў яе навучэнцы нязменна былі сярод лепшых у школе, — падзялілася ўспамінамі Тамара Алейнікава, малодшая калега Веры Котавай і Марыі Раманоўскай, якая працавала поруч з абедзвюма настаўніцамі.
…У 1946 годзе 23 класы школы туліліся ў дзясятку розных прыстасаваных памяшканняў у розных будынках. Здаралася, у халодны сезон вучні везлі з сабой на ўрокі дровы для абагрэву класа, у настаўнікаў, як і ў Марыі Раманоўскай, часам не было нават самаробнага стала і крэсла, іх проста не было куды паставіць… А ў 1952-м установа адукацыі адсвяткавала наваселле. У новым двухпавярховым узведзеным па тыпавым праекце будынку па вуліцы Леніна былі абсталяваны кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі, бібліятэка, спартыўная зала. Старшакласнікі вывучалі аўтасправу і трактар, працавалі ў вытворчых майстэрнях.
Міналі гады, паступова павялічвалася колькасць вучняў і настаўнікаў. У 70-я гады ўстанова працавала ў 2 змены, а пачатковыя класы нават у 3. Школа проста не ўмяшчала ўсіх навучэнцаў, і вось у новым мікрараёне пачалося ўзвядзенне новага трохпавярховага будынка. У 1978 годзе ён расчыніў свае дзверы.
— Сёння ў школу па веды прыйдуць больш за 700 навучэнцаў. Як і ўсе ўстановы адукацыі Лёзненшчыны, мы поўнасцю гатовы да пачатку 2015/2016 навучальнага года, — паведаміла Ірына Апет, — што, у сваю чаргу, азначае: падрыхтоўка школы да наступнага навучальнага года стартавала! Прафесійны і творчы рост педагогаў і вучняў, удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы — паступовы і бесперапынны працэс, і ў гэтым напрамку нас заўсёды падтрымліваюць органы кіравання адукацыяй, раённы выканаўчы камітэт, нашы дэпутаты, грамадскія арганізацыі, прадпрыемствы. За 5 апошніх гадоў мы замянілі практычна ўсе старыя вокны на сучасныя ПВХ, правялі капітальны рамонт спартыўнай залы і сталовай, большасці санвузлоў.Дзякуючы ініцыятыве дэпутата Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Алега Жынгеля, месяц назад мы адкрылі 2 лінгафонныя кабінеты. Нашы настаўнікі стараюцца актыўна прымяняць ІТ-тэхналогіі пры вывучэнні замежнай мовы, працуюць па спецыяльных развіццёвых праграмах, зацверджаных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Метадычная тэма школы ў 2014/2015 навучальным годзе была зададзена як “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыйнай практыцы школы”: праз ІКТ, сродкамі такіх тэхналогій мы ставілі за мэту стварэнне больш спрыяльных умоў для праяўлення і раскрыцця творчых здольнасцей усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Але дагэтуль урокі з прымяненнем ІТ-тэхналогій праходзілі ў кабінеце інфарматыкі, што непазбежна звязана з пэўнымі арганізацыйнымі цяжкасцямі, у прыватнасці ў складанні раскладу. Цяпер усе магчымасці мультымедыя будуць у распараджэнні настаўнікаў замежнай мовы і вучняў на кожным уроку. Зараз у нас адкрыўся новы сучасны кабінет фізікі. Плануецца, што профільныя класы ў школе будуць працаваць па напрамках “фізіка і матэматыка”, “руская і англійская мова” і “хімія і біялогія”.
Прышкольная тэрыторыя ўстановы нагадвае батанічны сад. Супадзенне? Невыпадковае. На працягу некалькіх гадоў па просьбе дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Папкова дапамогу школе па пытаннях азелянення і добраўпарадкавання аказвае Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі. Задачу дэпутат паставіў сур’ёзную: аформіць тэрыторыю так, як ні ў кога, стварыць своеасаблівы эталон для ўсёй рэспублікі.
— Супрацоўнікі сектара ландшафтнай архітэктуры і фітадызайну галоўнага батанічнага сада краіны стварылі адпаведны праект. Пасля яго зацвярджэння завіравала праца! Вялікую яе частку мы выканалі сваімі сіламі — тым больш значным атрымаўся вынік, — не хавала задавальнення намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Паўлава. — Мінулай восенню да нас прыехалі прадстаўнікі батанічнага сада і высадзілі каля 400 раслін. Цяпер на ўчастку толькі рэдкіх відаў хваёвых некалькі, а яшчэ ружовыя, барвовыя, белыя, фіялетавыя рададэндраны, мноства кветкавых. РУП “Інстытут пладаводства” прадаставіў нам саджанцы пладова-ягадных культур. У мінулым годзе мы далі заяўку і далучыліся да сеткі беларускіх зялёных школ, а з новага навучальнага года працуем ужо як абласная эксперыментальная пляцоўка па гэтым напрамку.
— Сярод выпускнікоў школы № 1 многа вядомых людзей: прафесараў і дацэнтаў, дыпламатаў і заслужаных артыстаў, дыктараў радыё і тэлебачання, генералаў, палітычных дзеячаў, генеральных дырэктараў буйных устаноў, членаў Саюза пісьменнікаў, запатрабаваных у народнай гаспадарцы прафесіяналаў, добрасумленных працаўнікоў, адданых патрыётаў сваёй краіны, — падкрэсліў Рыгор Асіран. — Я з цікавасцю азнаёміўся з артыкулам, напісаным пра гэтую ўстанову 69 гадоў назад. Сакрэт прафесійнага поспеху педагога аўтар бачыць найперш у любові — да дзяцей, роднай зямлі і сваёй школы. Настаўнік не баіцца цяжкасцей, змагаецца з імі і перамагае, ставіць перад сабой высокія мэты і дасягае іх і такім чынам дае сваім прыкладам навучэнцам дастойны арыенцір паводзін, фарміруе асобу актыўную і творчую. Мне прыемна адзначыць, што такі прафесійны стандарт стаў для педагогаў школы абавязковай адзнакай, традыцыяй. Ад усёй душы жадаю, каб яна працягвалася і далей.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.