Імкнуцца да дасканаласці і дапаўняць рэальнасць

- 10:54Адукацыйная прастора

Яўгенія Мікалаеўна Локун, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 3 Пінска Брэсцкай вобласці, пяты год працуе на ніве педагогікі. Аднак за такі адносна невялікі прамежак часу яна паспела паўдзельнічаць і заявіць аб сабе ў разнастайных прафесійных конкурсах.

Адзін з сакрэтаў поспеху ў тым, што маладая настаўніца працуе з задавальненнем і цікавасцю. Яўгенія адносіцца да шчаслівых людзей, якія раз і назаўсёды знайшлі любімую справу. Прафесію педагога яна выбрала па матуліным прыкладзе. Ёй заўсёды падабалася назіраць, як мама-выхавальніца дапамагала дзецям асвойваць новае і развівацца.

— Адзін за адным усе пазлікі склаліся ў карціну, — расказвае Я.М.Локун. — У мяне не было сумненняў наконт выбару прафесіі. Вызначыцца з прадметам таксама было нескладана. Яшчэ ў дзіцячым садку, калі мне было ўсяго два гады, я пачала вывучаць англійскую мову. З часам станавілася ўсё больш цікава. І ў пэўны момант я зразумела, што не ўяўляю жыцця без англійскай мовы і менавіта ёй хачу вучыць дзяцей у будучыні.

Скончыўшы школу з залатым медалём, Яўгенія стала студэнткай Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Англійская мова. Нямецкая мова”. На факультэце дзяўчына адразу трапіла ў тройку першакурснікаў з самымі высокімі баламі. Гэта была пэўная планка, якую варта было трымаць, бо ўжо тады Яўгенія вызначыла для сябе: для яе быць педагогам — значыць імкнуцца да дасканаласці і не баяцца цяжкасцей.

Студэнцкія гады пакінулі шмат прыемных успамінаў. Вучыцца было цікава. Ва ўніверсітэце Яўгенія па-новаму адкрыла для сябе англійскую мову як шматпланавую сістэму і з ахвотай разбіралася ў яе асаблівасцях. На трэцім курсе з нуля пачала вывучаць нямецкую мову.

Асабліва яскрава запомнілася педагагічная практыка, падчас якой трэба было весці ўрокі замежнай мовы. Нездарма кажуць, што Масква не адразу будавалася. Не ўсё атрымлівалася добра. Былі як паспяховыя ўрокі, так і не вельмі ўдалыя. Аднак Яўгенія раіць ні ў якім разе не засмучацца, калі нешта атрымалася не вельмі добра, а спакойна ўспрыняць гэта як каштоўны, неабходны вопыт і зрабіць для сябе высновы на будучыню.

— У любой справе майстэрства прыходзіць з часам, — разважае Я.М.Локун. — Не варта чакаць лёгкіх перамог. Трэба пастаянна развівацца, прыкладаць намаганні, не павярхоўна, а глыбока разбірацца ў сваіх памылках і недакладнасцях і ліквідаваць іх. Тады сітуацыя мяняецца, і ўсё атрымліваецца. Падобны падыход раней дапамагаў мне паспяхова вучыцца, а зараз — працаваць. Менавіта такія адносіны да любой справы імкнуся перадаць сваім вучням.

Скончыўшы універсітэт з чырвоным дыпломам і зноў жа трапіўшы ў лік студэнтаў з самымі высокімі баламі, учарашняя студэнтка прыступіла да працоўнай дзейнасці. Па размеркаванні яна адправілася ў Пагост-Загародскую сярэднюю школу імя славянскіх асветнікаў Кірылы і Мяфодзія, якая знаходзіцца ў Пінскім раёне. Выкладала тут нямецкую мову. Напачатку ў маладога спецыяліста было нямала пытанняў, якія не давалі спакою: як знайсці паразуменне з вучнямі розных класаў? Як праводзіць эфектыўныя ўрокі па мове, якую яна сама не так даўно асвоіла? Як уліцца ў калектыў? Аднак усе хваляванні аказаліся дарэмнымі. Асаблівых праблем не ўзнікла. Маладой настаўніцы было цікава вучыць дзяцей і паступова знаёміцца з імі бліжэй, і яны адказалі добрымі адносінамі і цікавасцю да замежнай мовы.

Праз два гады Я.М.Локун вярнулася ў родны Пінск і ўладкавалася настаўніцай англійскай мовы ў сярэднюю школу № 3. Хутка зарэкамендавала сябе як творчы, крэатыўны педагог, які з цікавасцю спрабуе нешта новае. У пазамінулым навучальным годзе вырашыла паспрабаваць свае сілы ў абласным конкурсе “Малады настаўнік Брэстчыны” і ў выніку заваявала дыплом І ступені. Таксама ў скарбонцы Яўгеніі Мікалаеўны дыплом удзельніка гарадскога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” за 2019/2020 навучальны год. А ў мінулым годзе з калегай Святланай Аляксандраўнай Шыкалай і вучаніцай 11 “А” класа Настассяй Лісоўскай далучыліся да конкурсу “Першыя крокі ў навуку” і атрымалі дыплом ІІ ступені на гарадскім этапе.

Яўгенія Мікалаеўна імкнецца стаць яркай, рознабаковай асобай, бо лічыць, што прафесія абавязвае да гэтага. Для сябе яна выбрала нестандартны дэвіз — Building Bridges (у перакладзе з англійскай мовы — наводзячы масты). Тым самым ёй хочацца падкрэсліць важную думку: у нашым сучасным, хуткім інфармацыйным грамадстве ўжо практычна немагчыма ведаць нешта адно, займацца толькі нечым вузканакіраваным. Само жыццё дыктуе, што ўсё ўзаемазвязана, неабходна думаць і дзейнічаць міжпрадметна, шукаць і выкарыстоўваць сувязі паміж з’явамі.

— Безумоўна, я пакуль не чараўнік, а сама толькі вучуся, пастаянна адкрываю для сябе нешта новае, імправізую, — дзеліцца Я.М.Локун. — На сваіх уроках рэгулярна выкарыстоўваю гульнявую тэхналогію. Яна дапамагае забяспечыць узаемныя зносіны ўсіх вучняў і матывуе моўную дзейнасць. Да таго ж заўважыла, што ў выніку павышаецца творчы патэнцыял дзяцей, яны вучацца знаходзіць інфармацыю і карыстацца ёй у самых разнастайных сітуацыях. Асабліва часта праводжу лексічныя гульні, якія накіраваны на запамінанне новай лексікі: “Знайдзі пачатак і канец слова”, “Кракадзіл”, “Апошняя літара” і інш.

Маладая настаўніца не ўяўляе сваіх урокаў без інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, у тым ліку выкарыстоўвае элементы дапоўненай рэальнасці. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Сацыякультурны партрэт Рэспублікі Беларусь” прапанавала адзінаццацікласнікам стварыць праект і аформіць яго ў выглядзе буклета з дапоўненай рэальнасцю. Спачатку вучні без энтузіязму ўспрынялі такое заданне. Аднак варта было размеркаваць ролі, падрыхтаваць чарнавы варыянт буклета, і дзеці захапіліся новымі магчымасцямі па выкарыстанні дапоўненай рэальнасці. І працэс работы, і вынік усіх парадавалі. Быў створаны буклет, які складаецца з друкаваных старонак, на якіх змешчаны шматлікія назвы і кароткія апісанні беларускіх краявідаў. Пры навядзенні камеры планшэта ці тэлефона на экране можна пабачыць дадатковую інфармацыю пра кожны аб’ект: тэксты, фотаздымкі або відэа.

Яўгенія Мікалаеўна паспявае быць не толькі настаўніцай, захопленай сваёй справай. Вучні ведаюць і ганарацца тым, што яна яшчэ і неабыякавы чалавек, зааваланцёр, намеснік дырэктара па сувязях з грамадскасцю арганізацыі па абароне жывёл “Адданасць сябру”. У гэтай сферы дзейнасці таксама ёсць поспехі. Так, нядаўна давялося прыняць удзел у конкурсе сацыяльных праектаў SocialWeekend. У выніку ўдалося выйсці ў фінал і атрымаць грант на адкрыццё антыкафэ “Пёсокафе DogHut”. Адным словам, калі ў чалавека ёсць жаданне рабіць нешта добрае і патрэбнае, усё абавязкова атрымліваецца.

Таццяна ШЫМКО.